Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 16 из 64

Кухарка, калі яна добра наесца, калі яе так напасеш, што і клубоў не відно, ужо здалёк, да брамы падыходзячы, стане і зараве. Маму кліча з даёнкай. А мама, калі яна дома і чуе, адгукаецца: «Іду ўжо, іду!..» Сырадой быў, вядома, смачны і сам па сабе. Калі ж яго не з конаўкі, а ў міску наліць, накрышыць туды чорствага хлеба або палажыць тварагу, дык гэта ўжо будзе — ну!.. Біць масла ў бойцы-стаўбуне — работа была нудная і найчасцей мая. Толькі смятана, што выступае з бойкі, добра ліжацца з пальца. Спачатку густая, потым усё радчэйшая і, нарэшце, з крупінкамі масла. І смачна, і перамога — збілася! Добрая луста хлеба са свежым кіславаценька-мяккім на смак, зверху пасоленым маслам, які-небудзь Рабінзон або Чычыкаў — дачытваць іх жуючы,— плата на месцы і такая шчодрая!..

І вось Кухарцы нашай нядобра...

Прыйшоў я да тое бабы, пра хату яе дапытаўшыся, а баба стаіць каля печы. Я павітаўся і расказаў, як мне было загадана, што да чаго. У печы гарыць, а баба, старая ўжо, босая, ногі чарнейшыя, чым у мяне, аберуч абаперлася на гаршчэшнік, рожкамі ўніз, і глядзіць мне ў самыя вочы. І пакуль гаварыў, і калі ўжо кончыў. Відаць, таксама гіпноз. Глядзела, глядзела, а потым правай рукой пацягнула-зачэрпала з носа і ляпнула перад сабой, на няроўны, нямецены ток. Ледзь не пад ногі мне — цэлым курыным зліўкам.

— Добра,— сказала пасля такое кропкі,— Я солі дам. Паможа.

Ці памагло або як памагло — не памятаю. Бо толькі тым ляпам мой паход у памяці і канчаецца.

І другое.

Тады я ўжо быў дзецюком, калі да старэйшага брата зноў прычапілася рожа і мне прыйшлося везці яго да шаптухі, у іншую вёску.

Там ужо баба была не старая, даволі гладкая. Вёскі нашы амаль суседнія, можна сказаць, што ведалі ўсе пра ўсіх калі не ўсё, дык вельмі многа. На мужыку сваім яна ездзіла, казалі, уссеўшы адразу пасля вяселля. У вочы яму, як быццам і не злуючы: «Усё ж сяло, усенечкія людзі ведаюць, што ты дурны!..» А то і пры некім: «Усё ж сяло пра яго...» А ў чалавека толькі і граху, што рахманы, маўчун. І работнік на ўсё, пры пані сваёй — і на бабскае. Натура ў бабы — не жыве, а толькі прыглядаецца, тапырыцца, чакаючы нападу немаведама ад каго, ад чаго, абараняецца, забягаючы без прычыны ды без патрэбы паперад.

Але гіпноз у яе быў лісліва-ласкавенькі. Шаптала, загаворвала яна не талопячыся, а з заплюшчанымі вачыма. І так, як заяц можа спаць з раскрытымі, яна з заплюшчанымі бачыла ўсё. Не толькі тое, як ты ўсміхаешся, але і што ты думаеш, і што ты будзеш думаць заўтра.

Спачатку яна пашаптала над хворым, тады над кавалкам кужалю, які я прывёз, пасыпала кужаль жытняй мукой, знізу абвязала братаў чырвоны, распухлы твар тым палатном, зноў расчулена ды ўрачыста пашаптала, заплюшчыўшы вочы, і з той самай лісліва-хітранькай усмешкай, з якой сустрэла нас, не вытрымала, сказала мне на «вы»:

— Што ж вы прыехалі да мяне? Вы ж у гэта не верыце.

— А я не прыехаў, я брата прывёз.

Ці толькі так я сказаў, ці яшчэ што — добра не помніцца. Бо ў памяці найлепш жыве галоўнае, як я, малодшы, дома захутваў на сем год старэйшага ў доўгі кажух, як памагаў яму, амаль зусім бездапаможнаму, сесці, прылегчы ў санях-вазку, як спяшаўся па белай, ціхай дарозе, як рады быў, што дрэвы тады стаялі ў нейкай святочна-чысценькай шэрані...

Адно было вельмі даўно, другое таксама даўно.

А зусім нядаўна, не ў колішняй вёсцы, а ў сённяшнім горадзе, з «гіпнозам» трапілася і такое.





Добры хлопец, замучаны яшчэ студэнцкай язвай, перабраўшы ўсялякі ратунак, апытаў недзе «дзіва-жанчыну», што таксама памагае. Прыляцела яна ажно з поўдня, ледзь не адтуль, дзе з'явілася легендарная Зора, што лечыць як быццам толькі па вельмі высокаму класу. Гэтая Зора, другая, нічога за лячэнне не бярэ. Нават можа пакрыўдзіцца, калі памкнешся плаціць. Так папярэдзіў добры хлопец, спачатку па тэлефоне, а потым і пры сустрэчы.

Па дабраце сваёй ён запрасіў не толькі мяне. Калі я прыйшоў да яго, там ужо людзі былі. Хто знаёмы, з кім ён мяне цішком пазнаёміў, а каму я толькі кіўнуў, павітаўшыся, як у царкве якой, святочна-ўрачыста. У бакавым пакоі, за дзвярыма, лячэнне ўжо ішло.

Неўзабаве і я дачакаўся чаргі.

Жанчына тая была ўжо крыху ў гадах, аднак узяць гіпнозам, чаго добрага, яшчэ магла б. Чарнявая, паўнаватая, як гаворыцца, «аб сабе», з адкрытым дабрадушным тварам і чорнымі, вялікімі вачыма. Здалося, што цыганка, а потым яна пра сябе тое-сёе сказала. І што «зусім не цыганка», і што лячэнне яе — па дзеду, які многім дапамог, і што вучонаму брату не падабаецца яе новы занятак. А ў яе гэта — радасць, калі чалавеку паможа.

— І вам памагу. Пройдзе ўсё. Нават тут жа, адразу адчуеце, як палягчэе.

Гаварылася гэта ва ўтульным пакойчыку, з паліцаю кніг, пісьмовым сталом і вялікім светлым акном, за якім далёка ўнізе і яшчэ далей у тры бакі распасціралася стракатая панарама гарадской ускраіны.

Жанчына пачала лячыць. Я быў ласкава пасаджаны на крэсле, мне было сказана пра нічога не думаць. Яна стала перада мной, лёгкімі, плаўнымі жэстамі малых далоней з рухавымі пальцамі без манітора зводдаль сілуэціла мяне ўсяго ад галавы да ног, ад ног да галавы, то адну хворую нагу, то зноў усяго, і шаптала, шаптала... Гледзячы сваімі чорнымі, вялікімі зусім упэўнена і вельмі ж неяк прастадушна ды прыязна.

Ад гэтай прыязнасці, да таго ж, як запэўніў мой малады сябар, поўнасцю шчырай, бескарыслівай, мне было... проста прыемна. І не шкада, што прыехаў сюды, згадзіўся на тэлефонную прапанову без веры, што гэта паможа, толькі з цікавасці і таму, што здалося няёмкім добраму хлопцу адмовіць.

Гэта — не ўсё, што я адчуў, успомніў за тыя хвіліны, калі я павінен быў пра нічога не думаць.

Згадаўся жнівень сорак чацвёртага, камандзіроўка ў Мінск, наогул першая ў маім жыцці службовая камандзіроўка. Прыехаў я са свайго гарадка не адзін, а з таварышам, я — часовы рэдактар, ён — сакратар раённай газеты. Час быў, пахадзілі па горадзе, зайшлі ў цырульню, што прытулілася ў нейкім бараку каля цагляных руінаў. Таварыш сеў першы і здзівіў мяне сваёю просьбай да маладой жанчыны: «Перш за ўсё, дарагая, памыем галаву». Ён быў старэйшы, гарадскі, бывалы, з акружэнцаў, а мне, вясковаму, галаву мылі толькі ў маленстве, маці, а то ўсё сам. Таварыша потым галілі, рабілі яму масаж. А я тым часам рыхтаваўся ў думках да такое ж поўнае раскошы. Гэта цяпер паняцце «камандзіроўка» звязана з другім паняццем — аўтобус, цягнік, самалёт. А тады мы доўга чапалі пешкі ў той бок, дзе сталіца, пакуль з нас не злітаваўся нейкі выпадковы грузавік. Спачатку поту было на спёцы, потым пылу ў кузаве, і памыцца вельмі хацелася. Да таго ж яшчэ я быў малады, клопат жаночых рук, спрытных, пакуль яна мыла ды паласкала маю чупрыну, і пяшчотных, калі рабіла масаж, успрымаўся з затоеным хваляваннем.

Цяпер, у сябравым пакойчыку, рукі «дзіва-жанчыны» не дакраналіся да мяне, аднак яны і здалёк хвалявалі, паводзілі на ўспаміны. Не толькі інтымныя — больш, адпаведна ўзросту, бывала-мудрыя, ці што.

Згадалася маленькая, асобная палата ў далёкім чарнаморскім санаторыі, скручаны радыкулітам... зноў жа друг, даўні, надзейны, нашмат старэйшы за мяне.

Два месяцы перад гэтым ён аўдавеў, цяжка, замкнута перажываў сваю адзіноту, і мы, бліжэйшыя сябры, угаварылі яго паехаць са мной. Бо і яму палячыцца таксама трэба было, хоць ён пра гэта спачатку і гаварыць не даваўся. Восем год панскай турмы, уся вайна ў пяхоце, разведчыкам, жонка доўга хварэла, самому ўжо зусім пад семдзесят, а ён: «Клін клінам трэба выбіваць». Пакупаўся халодным ранкам (хай сабе поўдзень, але ж канец кастрычніка), і аблажыў яго востры радыкуліт.

Санаторныя медсёстры — таксама ў белым, як і бальнічныя, аднак на курорце людзі менш лечацца, больш адпачываюць, да таго ж яшчэ не заўсёды па ўзросту молада. І сёстры гэтыя не вельмі ўмеюць і не надта любяць даглядаць таго, каму раптам заняможацца па-сапраўднаму. Мой друг быў чалавек вясёлы, любіў прыязна жартаваць, знаёміцца, пра гэта ўжо ведаў і медперсанал. А як скруціла яго, дык толькі сёй-той са знаёмых заходзіў, асабліва калі непагодлівы дзень. Сёстры мяняліся, аднак іх клопат пра хворага быў аднолькава лёгка-казённы, яны ўсё больш з паперкамі ды ледзь не з пазяханнем каля тэлефона. Разоў колькі заходзіў доктар, таксама па-дзяжурнаму канстатаваў наяўнае, пра сёе-тое пытаўся, сяк-так абнадзейваў. А чалавек ляжаў ды курчыўся ў старым спартыўным касцюме, ноччу адзін у сваёй адзіночцы, а перад усімі, хто заходзіў, паказваючы свой аптымізм, штодня ўсё з меншым падабенствам.