Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 65 из 66

ПРЫЗНАЮСЯ

Сорак шэсць гадоў — гэта больш за ўсё жыццё Кузьмы Чорнага, ледзь не ўдвая больш за пражытае Максімам Багдановічам...

У жніўні восемдзесят восьмага пераглядаю свае запісы з ліпеня сорак другога. Учора пераглядаў, а сёння, ідучы, як штодня, у вёску на ўсходзе сонца, успамінаў учарашнюю рабочую раніцу, тыя даўнія запісы, думаў, што адкрываць самога сябе — прыемна. Як быццам не проста ўспамінаеш забытае, a глядзіш на самога сябе збоку, на таго, што не быў яшчэ ні сівым, ні стомленым, для каго было ўсё наперадзе.

«Пішу — як жыву». Пра перажытае ў вайну i ў палоне я напісаў нямала. Тут i адзіны мой, як гаворыцца, раман, i цыкл апавяданняў, i адступленні-фрагменты ў іншых апавяданнях i эсэ, i лірычныя мініяцюры. Лепш ці горш, але зроблена.

А пачыналася так:

«Задумаў гэтую працу яшчэ з першых дзён у палоне. Думаў аб ёй увесь час. Дома — таксама. Устрымаўся часова ад Мішавай парады — рабіць не запіскі, а цыкл апавяданняў. А цяпер, абдумваючы «Чалавек сабе ідзе...», зноў падумаў, што мне, з маёй слабой сюжэтнасцю, цяжка будзе выблытацца ў гэтым цыкле апавяданняў, з якіх дагэтуль жыве толькі «Арманд» i пара пачаткаў. A ўепаміны-запіскі пойдуць лягчэй, i тыя апавяданні, што мяркую зрабіць, будуць у цэлай кнізе (а што за радасць — цэлая кніга!). як устаўкі, якія легка вымаць, калі зойдзе патрэба. Раздзелы (як у «Пятры Першым» А. Талстога, вялікія, прыблізна 20) будуць знаменаваць важный змены майго жыцця ў палоне. Падраздзелы — аб важнейшых эпізодах, каб пазбегнуць дробязнасці, а даць мастацкімі абразкамі. У літаратуры такога яшчэ не было, тым больш у нашай.

...Кіруюся наступным:

«Личные переживания, впечатления — это всегда интересно». «Прожил жизнь и сознайся». «Но писать надо так, чтобы стыдно было диктовать». «Будьте искренни в своих произведениях и пишите только о важном и нужном. Ведь талант — это искренность» (Л. Н. Толстой).

Трохі наіўна: дата, 30.VII.42,— няхай сабе, але ж яшчэ i месца — Загор'е... А як заўвагу дадам, што апавяданне «Чалавек сабе ідзе...» самастойна не выклявалася, увайшло потым у эсэ «Родны кут», а другое, «Арманд», гэта «Чатырох i прыганяты», у цыкле «Ты мой найлепшы друг»; палонны француз Ружэ спачатку называўся там Армандам.

Запіс, які цяпер не без прыемнасці працытаваўся, зроблены быў, як прыпіска, у канцы не першага накіду плана кнігі ўспамінаў, якая, як штосьці асобнае, не была напісана. У тыя гады, 1942-1943, напісаны былі, калі гаварыць толькі пра ваенную тэму, дзве аповесці, з якіх праз дваццаць гадоў зроблены «Птушкі i гнёзды». На подступах да гэтай «кнігі адной маладосці» я, вядома, перачытваў не толькі рукапісы аповесцей — пераглядаў таксама i ўсе намёткі планаў. Пасля чаго прайшло зноў нямала гадоў, больш за чвэртку стагоддзя, што мне, аднак, не перашкодзіла цяпер убачыць сябе маладога здалёк.

Зразумелы мне сёння i суровы, горкі папрок, які напрошваецца сам: на дваццаць пятым годзе жыцця, у такі вырашальны час айчыннай i сусветнай гісторыі рана было спыняцца ды азірацца на перажытае. Партызанскі pyx у нашых мясцінах пачаўся з вясны i лета сорак другога года, некаторыя мае равеснікі i будучыя сябры былі ўжо ў лесе або збіраліся туды. А я пісаў, мне ўсё думалася, што я не маю права адкладаць. У сшытках, купленых i самаробных, з мала прыдатнай паперы. Алоўкам i пяром. Летнім будзённым дасвеццем, пакуль ісці ў поле, позняй асенняй i зімовай ноччу, завесіўшы саламянымі матамі невялікія вокны старое хаты.

У самы напружаны час работы над аповесцю «Жывое i гніль» (у «Птушках i гнёздах» яна ўвайшла ў другую аповесць, «Гнёзды за дымам») ноччу я не пачуў за вокнамі чужое хады, не заўважыў, што мату прыпаднялі за рог... Пачуў я толькі ўжо стук у шыбу i голас: «А ну адчыняй!..» Перш чым выйсці ў сенцы, я прывычна змахнуў свой сшытак i аловак у шуфляду стала, гэтай шуфлядай павернутага, як для большай бяспекі, да сцяны. Але хавацца было ўжо позна. «Што пісаў?! — грозна спыталася незнаемая дзеўка ў портках i з вінтоўкай. — А ну даставай, дзе схаваў!..» Дастаў i пачаў растлумачваць. А яна загадала i пачытаць. Выбраў найбольш адпаведны кавалак, чытаю. Старонка, дзве, i вось дзябёлая госця, стоячы над сталом, абарвала мяне: «Усё гэта хяр-ня! Хадзем, паможаш нам сабраць аўса».

У партызанах я спатыкаў яе, у пасляваенным Мінску зямлячка нават аднойчы звярнулася да мяне па вельмі нялёгкай сямейнай справе. Аднак ні разу не загаварылі мы пра тую праверку, на якую яна, безумоўна, мела права i павінна была яе зрабіць. З некім іншым магло б атрымацца інакш, нават i з партызанам якім, ужо не кажучы пра паліцаяў. Цікава толькі i дагэтуль, штб я, на думку яе, мог тады пісаць — каму? пра што? — i як ёй было зразумець гэта адразу?

Маладая наіўнасць (ці як тут сказаць?) i рызыка, небяспека, на якую ішлося, цяпер часамі, у горкія хвіліны разлікаў з мінулым, успрымаюцца як палёгка. У іншых краінах, скажам, у Польшчы, такое лічылася i лічыцца таксама барацьбой...

Тыя даўнія запісы планаў i творчых разваг пераглядаў я ўчора не так сабе.

«Птушкі i гнёзды» даваліся мне нялёгка, не з адйаго прыступу, i шлях ад рукапісу да кнігі, цераз часопісную публікацыю, быў такі, што часамі сумота бярэ. Не толькі ад успаміну пра цяжкасці вымушаных «дапрацовак», але i пра страты, якія панесены, якія трэба было б, наколькі мага, вярнуць, паправіць.

Вясною семдзесят трэцяга, у іншым свеце, пасля шматлюднага мітынгу гамбургскіх абаронцаў міру, мне прыгадалася, як Валодзя Караткевіч гаварыў «з грубаватай шчырасцю», што свой раман пасля публікацыі ў «Полымі» я для кнігі пагоршыў. «Пакуль што не бачу гэтага», — напісана-надрукавана мною. A ўжо тым часам пачынаю i задумвацца... Алесь Адамовіч пісаў, а гаварыў мне яшчэ выразней, што ў кніжным варыянце рамана, паддаючыся рознага часу рэдактарам, я перастараўся з «рэвізіяй» сваіх юнацкіх талстоўска-пацыфісцкіх поглядаў.

Ох, рэдактары, цэнзары, крытыкі!.. А перш за ус.ё — дакор самому сабе: залішне легка я ішоў на тыя «дапрацоўкі». Была, вядома, i ўпар. тасць у адстойванні свайго, аднак было яе, відаць, замала. A быў жа яшчэ i давер да шчырасці, кампетэнтнасці некаторых сяброў, таксама ў нечым i залішні...

Аповесці «На Быстранцы» i «Апошняя сустрэча» абедзве з нялёгкім лесам, добра-такі прыпс.аваныя рэдактарамі i самім аўтарам, я давёў да жадання ладу для чатырохтомніка, у шэсцьдзесят шостым. «Птушкі i гнёзды», апроч самай першай «рэдактуры», двойчы яшчэ з асаблівым стараннем скубліся ў рускіх выданнях: у семдзесят чацвёртым, няхай сабе ў цэйтноце «застойнага перыяду», а то ж i праз дзесяць гадоў, што асабліва прыкра, бо перад самым прыходам палёгкі з правам на большую свабоду слова. I вось трэба правіць, вяртаць панесеныя страты. I так няпроста гэта — блытацца ў варыянтах, з не заўсёды надежным, найбольш дакладным бачаннем i цэлага, i «дробязей», са страхам перад новымі стратамі...

А тут яшчэ час ад часу вяртаецца думка, што, можа, яно i найлепш было б — не раман, а жывыя, непасрэдныя ўспаміны?..

Як думалася тады ўжо, цэлае, немалое жыццё таму назад, калі я, у тыя чыста, шчасліва хвалюючыя раніцы i ночы майго свабоднага ўступлення ў найраднеі.шы свет, аказваецца, ведаў, у чым мая слабасць, a ў чым большая пэўнасць.

Кніга, якую цяпер раблю, у якую пішу i гэта, па сутнасці, можна сказаць, пачалася тады. I тое, што я вярнуўся да даўняй задумы з большай яснасцю, з большай тэматычнай шырынёй i з адпаведным правам на падвядзенне вынікаў, сёння пераклікаецца са зразумелым ужо i тады, з блізкім ужо i на пачатку «прожил жизнь и сознайся».

Дарэчы, у тым запісе сорак другога года выказванні Льва Мікалаевіча я прыводзіў з розных прачытаных кніг. Потым я тое «сознайся» замяніў чамусьці на «расскажи». Магчыма, так яно ў Яго гучала ў іншым месцы. Буду рады сустрэць гэта недзе яшчэ раз, у адзіна дакладным гучанні. Што справы ў галоўным не зменіць.

А цяпер, яшчэ раз дарэчы, прыемна было купіць нядаўна кнігу ўспамінаў Пабла Нэруды з іменна такой змястоўнай, «талстоўскай» назвай: «Прызнаюся: я жыў».