Страница 24 из 25
— Пахудзелі.
Напрадвесні яшчэ ўсё то лядок, то брудны снег, то лужыны, то голая зямля. Снег пад нагамі трымаецца, а ступіш на зямлю — так i зачэрпаеш лапцем гразі...
Але неба ўжо вясёлае. З прасветлінамі ў хмарах, хаця i халоднае.
Два хлопчыкі ідуць за мамай з вёскі ў вёску, па палявой дарозе.
Маці нясе пад пахай скрутак шарачку, загорнуты ў хустку. Высокая і дужая, яна маўчыць, ідзе шырока і цягавіта, нібы ў ярме сваёй удовінай долі. Тая ж маці, што толькі паўгода таму назад, калі мёртвы бацька ляжаў яшчэ на ложку, a ў хаце былі сама ды малыя — кідалася ад стала да парога i, нема галосячы, ірвала жменямі валасы. Адна, твар у твар са сваім неабдымным горам... Ды вось жыве, гаспадарыць. Толькі i радасці — дзеці. Андрэй і Мішка. Не скажаш, што горшыя, чым у добрых людзей. І вучацца ўжо абодва, i дружаць. Троxi, вядома, распусныя, трэба глядзець...
— Вы ўжо хоць там, у хроснага, не выскаляйцеся лішне,— кажа яна, не азіраючыся.— Трэба харошымі быць, каб усе хвалілі.
— Што ж мы, сабакі — выскаляцца?— адказвае большы, Андрэй.
— Ну, ты глядзі ў мяне! З цябе, нябось, усе свечкі i загараюцца!..
Андрэеў хросны, дзядзька Maкар, кравец. Малы, гарбаценькі, з вялікай галавой, Порткі суконныя, шырозныя — ажно ў зборкі пайшлі. У высокіх валенках, аж ногi не гнуцца.
Толькі хлопчыкі з мамай увайшлі ў яго хату, устаў з-за машыны, пачаў:
— Лізавета Іванаўна, кума! Андрэйка, хроснічак мой ненаглядны! Мішка!.. Сіроткі мае, чым жа вас ласаваць, чым сустракаць?..
I — эх! — заківаўся, замітусіўся па хаце. Кошык з бульбай кашкануў валенкам пад палок, лап'ё, што ляжала на лаве, шпурнуў у запечак... А хата, хата ў яго!.. Цёмная, нізкая, ток пабіла на ямы...
— Не прастарэкуй ты лішне, Макар. Садзіся вось ды шый.
— А як жа ты, Лізаветка,— ты ж нешта прынесла?
— Паспею. Дай хоць адсапціся.
— Сядзь, дарагая, сядзь. Сагрэй бяседай сэрцайка. Яно ж і спяваецца: «Ах, божа ж мой, адзінога мая, прападае ўся работа мая!..»
Хросны сеў за машыну, заварушыў вялізнымі валенкамі на рашотцы, i першы цуд яго беднай хаціны — магутны «Зінгер» — загаманіў.
Мішка спачатку, цікаўна застыўшы, сачыў, як скача-гуляе блішчасты шпянёк, як круціцца белая шпулька. А потым — усё адно i тое ж, адно i тое ж... I ён пачаў патроху ныць:
— Мама, хадзем дадому... Мама...
— Паспееш. І дыхнуць з-за вас няма калі.
— Яны сумуюць, Лізаветка. Вось я вам, хлопцы, нештачка дам.
Хросны ўзяў зэдлік, паставіў пад бэлькай i цяжка ўзлез на яго: спачатку каленьмі, а потым ужо... Хата ў яго даўнейшая: упоперак бэлек яшчэ адна бэлька паложана — трам. Хросны сігануў рукой за гэты трам і дастаў адтуль другі цуд свае хаты — кнігу!.. Абабіў з яе пыл аб шырачэзныя порткі, абабраў рукой павуцінне, падаў бліжэйшаму, Андрэю.
— Яшчэ ў горадзе мне падарылі. Хадзяін, у якога я вучыўся шыць. Дзяцей мне госпад не дае, дык вось яна тут і ляжыць.
У кнізе той цацкі — ну, як жывыя!..
На перша й старонцы — зямлянка, градкі капусты, а на парозе стаіць сабе вожык.
На задніх лапках, у сіняй камзэлі, у чырвоных портках сa шлейкамі, у выступках. Пакурвае люльку, глядзіць на грады, i вось-вось скажа: «П-пых!»
— Цікні,— шапнуў Мішку Андрэй.— Мой хросны!
І абодва яны аж зайшліся ад ціхага смеху.
— Ты, Андрэйка, чытай. Ты ж старэйшы. Бо гэта харошая кніжка. «Жыў сабе, быў сабе дзядзя Ёж...»
А яны рагаталі, як дурні.
Пасля пачалася прымерка.
Хросны раскаціў на стале шарачак i аберуч пагладзіў яго.
— Роўненькі, гладзенькі... Шоўк! Залатыя ручкі ў цябе, кумачка...
— От, мерай ты, Макар. Каторая пара.
— І паабедаеце, госцікі дарагія, у мяне. Пасоля з картопляй — чым багат, тым і рад. Прынцэсы мае няма: пайшла ўчора да цёшчы. Сам наварыў.
Ён узяў пакамечаны сшытак, разгарнуў яго і, жмурачыся, пачаў выводзіць тупым алоўкам:
лізавецін. мішка. пятровіч. Штаны.
Тады прыгнуўся ca сваім «сантыметрам» да Мішкавых портак.
— Ага,— схамянуўся ён, адагнуўшыся.— А як жа будзем шыць: бручкі абыкнавенныя ці з засланкай?
— Ат, бручкі-шмучкі! Жартачкі — кавалеры! З засланкай Ды з нагруднікам. Абодвум.
— Даўжыня: семдзесят два,— сказаў i запісаў хросны.— Подшаг,— шапнуў ён і, адной рукой прыціснуўшы канец «сантыметра» ў Мішкавым куточку, другой рукой павёў «сантыметр» да лапцей.
Сам ён, хросны, маленькі i так, а сагнецца — дык і зусім. А за ім стаіць Андрэй, Разгарнуў тую кнігу на першай старонцы, дзе вожык у портках, i — зараза! — падморгвае. Мішка надзьмуўся як сіла мага i маўчыць. Ды тут падвёў сам хросны. Ён цяжка адагнуўся i, з натугі:
— П-пых!
Хлопчыкі пырхнулі смехам.
I мама здагадалася, нарэшце, што тут да чаго. Забрала кнігу, крутанула Андрэя за вуха, а кнігу, нават не стаўшы на зэдлік, палажыла на трам.
Хросны маўчаў, зачырванеўшыся.
Ды хлопцам брыдка было нядоўга.
Трэцім цудам старэнькай хаціны — з падпечка раптам выйшаў чорна-пярэсты голуб. Чубаты. А на шыі i валляку Miгцела, пералівалася ад хады сінявата-чырвона-зялёнае хараство. Знайшоў саломінку і горда павалок пад печ.
Хлопцы заціхлі заварожана: ці выйдзе зноў?..
— Яечкі панеслі,— з усмешкай, ціха сказаў, зусім ужо добры, хросны.— Чуеце, як ён брукуе? А гэта — яна. Так душэўна... А я вам, хлопчыкі, парачку дам. I прывучыць скажу як. О, чуеце?..
Потым елі «пасолю з картопляй». I харошым, разумным хацелася быць, але дзе ж тут набудзеш?.. У хроснага лыжкі драўляныя i круглыя, як жалудовыя місачкі. А на канцах чаранкоў— яшчэ i бульбачкі нейкія. Смешна! Ну, ды гэта яшчэ нішто... Бо вось ён, стары ўжо дзядзька Макар, трымае лыжку так, што тая бульбачка тырчыць у яго паміж пальцаў... Аж мама не вытрывала:
— Што ты мне гэтай хвігай тыцкаеш пад нос?
Хросны зірнуў на руку, здагадаўся i, чырвоны ад смеху, які спачатку хацеў стрымаць, прашаптаў:
— Сорак другi год так свянчуся... Ніяк не адвыкну...
І ад душы зарагатаў,
А з ім разам, вядома, i хлопцы.
Нават i мама, што так даўно не смяялася. Чацвёрты цуд!..
Мароз i сонца. У клетках гараць вясёлай чырванню снегіры, таўкуцца шэрыя чачоткі, як сонечныя зайчыкі скачуць па пруціках шчыглы. Шмат галубоў. Непаэтычна неяк, груба гавораць пра ix галубятнікі,— нібы гэта ў ix сапраўды толькі гандаль, а не паэзія.
Самае незвычайнае, што я ўбачыў там, на птушыным рынку, за ўсе гады:
Хлопчык доўга стаяў, любаваўся, прыцэньваўся, пасля купіў чачотку,— па грашах,— адышоўся трохі з натоўпу i выпусціў яе з рукі. Глядзеў услед. Нават пасля таго, як знікла...
У міжгароднім аўтобусе. За маёю спіной малы гаворыць з бабуляй:
— А чаму ў цябе такі ногаць вялікі?.. Бабка, пагладзь маю ручку, пагладзь!..
Якая ж бездань паміж гэтай чыстай душой i нячыстай рукой яго бабы, нядаўна скінутай з пасады старшыні калгаса! «За злоўжыванне службовым становішчам...»
Стаім у мястэчку. Піжоністы рыжы сабака сядзіць на асфальце, на самай сярэдзіне шашы. А хлопчык непакоіцца, ледзь не да слёз:
— Цюцьку машына зарэжа!.. Бабка!..
Не адчуеш так поўна i непасрэдна.
А шчэбет ягоны — амаль непаўторны, бо ён не паддаецца перадачы словамі дарослага.
Думаў пра абнаўленне душы самай высокай паэзіяй — паэзіяй маленства. Безліч граняў гэтай паэзіі, як безліч сонечных промняў i пырскаў расы ў гэтых промнях.
Адпяваюць старога Навума. У хаце, дзе ўжо спявалі — па радыё — і Робсан, і Казлоўскі, i Ларэці, гудзе старэнькі поп, а дзве пеўчыя цягнуць, калісьці прыгожымі галасамі, пра «житейское море» i «тихое пристанище».
I ўсё гэта гучыць як не з гэтага, не з нашага свету.
А потым — ціхая паўза, і з сяней, таксама забітых людзьмі, чуецца голас малога, з бацькавых рук:
— А дзе мой дзед Аюм?
І па людзях-суседзях, што ведаюць малога Коліка, які вельмі сябраваў з нябожчыкам, пайшоў ціхенькі, толькі ў думках, смяшок.