Страница 17 из 25
— Навешаў я раз добры такі кукан шчупачкоў i прычапіў за кармой. Дык што ты думаеш? Усе паўцякалі праз горла найбольшага...
Госць у тон яму дадае:
— А найбольшы, раней чым таксама ўцячы, крыкнуў: «Хадзяін, вазьміце вяровачку!» I тады ўжо нырнуў.
Бяззубы мясцовы рыбак, што сядзіць на вёслах, ажно адкінуўся назад,— смяецца ціхім, справядлівым рогатам.
Адзін сынок, дый той у горадзе. Летам старому бацьку яшчэ сяк-так — на сонцы пасядзіць, карову папасе. A зімой занясло двор снегам — роўна ca студняй. Рэдка хто зойдзе, сядзіш адзін, як воўк.
У кухні, дзе цяплей, на стале мармыча рэпрадуктар. Дзед ляжыць на печы і слухае. Перадаюць нейкую казачку для дзяцей. Разышліся ў тым радыё раптам сабакі брахаць, гусі гегаць, куры кудахкаць... Дзед ведае — гэта артысты. Рагоча да слёз:
— А каб на вас нечага, каб на вас!..
I ўсё цяплей на душы.
Рыбакі вярнуліся з начнога лову. Стомленыя, няголеныя, вялыя, яны чакаюць каля рыбгасаўскага магазіна; хутка павінны прывезці хлеб. Возьмуць i пойдуць дахаты, у недалёкую вёску.
У магазіне дачніцы купляюць капчоную сяляву. Спынілася праезджая легкавая машына. Яшчэ адна дама ўзяла. Пакаштавала:
— Ах, любата!.. Дайце яшчэ кілаграм.
І ўсміхнулася да рыбакоў, якія бліжэй за парогам:
— Гэта я мужу, ён у нас мяса не есць.
Малады, загарэлы рыбак, прыгажун,— нібы знаёмы з дамачкай, нібы нават бачыў таго яе мужа:
— А чаго ж ён у вас так i тоўсты?
— Ну што вы, таварыш, ён хворы.
— Цукровая хвароба,— спачувальна ўздыхае хлапчына.
Харошы і здаровы, грубаваты рогат.
Заслужаны чалавек прыехаў у родную вёску.
Спраўная, хітраватая маладзічка, пляменніца, просіць у яго за малодшага брата. Сяк-так закончыў вячэрнюю школу, валочыцца толькі.
— Каб гэта яго, дзядзька Валодзя, у фельчарскую хоць?..
Вядома, дзядзька — абы захацеў — прапіхне.
Ды ён вось абедае i расказвае Ганначцы прытчу:
— Сабраліся раз яўрэі, мужчыны, i вырашылі добра выпіць на свае кучкі. Каб танней абышлося, надумаліся прыкаціць у сінагогу бочку i кожны раз, прыходзячы маліцца, прыносіць кожны па шклянцы віна. Вось і падумаў адзін бедны Янкель: «А што там вельмі пазначыцца, калі я ўлію адну-другую шкляначку вады?» I стаў прыносіць ваду. Прыйшлі тым часам кучкі, адкрылі хлопцы бочку, а там — адна вада!.. Ты мяне зразумела?
Відаць, зразумела. Маўчыць.
У перапоўненым вясковым клубе — таварыскі суд. Злавілі самагоншчыка.
Худы, насаты дзядзька, па мянушцы Албанец, сядзіць збоку, у якасці падсуднага. Старшыня суда — п'яніца-брыгадзір; члены суда — сябры падсуднага па чарцы — участковы i бухгалтар.
— Адказчык, вы давяраеце складу суда?
Ківок галавой i невыразнае:
— Угу.
У зале — выбух рогату.
Пасля бухгалтер просіць:
— Таварыш старшыня суда, можна задаць адказчыку пытанне?
— Можна,— з не меншай важнасцю адказвае брыгадзір.
— Адказчык Піліповіч,— урачыста звяртаецца бухгалтер да Албанца,— скажыце суду, дзе вы ўзялі апарат?
У зале — зноў выбух рогату. Хто чуў, а хто i сам бачыў, як пазаўчора адказчык з членам суда, гэтым самым бухгалтарам, адвозілі на хутар усю самагонную тэхніку.
Прыгавор: Піліповічу— найвышэйшая мера — дзесяць рублёў штрафу.
Абедалі ў Албанца.
Суд — па форме.
Скупому, калі ён быў яшчэ пастушком, дакучалі на пашы: «Дай дзічкі ўкусіць!..» I не даваў. А кавалерам быўшы, выйдзе з дому на вуліцу з кветкай. Вахлак, а вяргіню трымае, Аднойчы суседняя дзеўка, каб трохі разварушыць яго, схапіла гэтую кветку, дык ён ажно кінуўся біцца: «Аддай!..»
Спакойны, целюкаваты дзядзька, які вярнуўся з вайны паранены ды з ордэнам i медалямі, расказвае ў гасцях:
— Перакусіў я ў Міры, еду дахаты лежачы. I здаецца, што гэта Масква, а я з бальніцы выпісаны, іду сабе па вуліцы, прадукты на дарогу палучаць...
Вуліца доўгая, доўгая, доўгая!.. А потым конюх штурхае: «Уставай, завала п'яная, а то з возам у адрыну закачу!..»
Бабка з кошыкам. Кошык абвязаны.
Малады зладзяйчук пільнаваў яе на вакзале, сесці ёй памог, a толькі цягнік крануўся — выхапіў кошык i пабег.
Паўза.
Потым з акна паказалася бабка:
— Еж, еж на здароўе, сынок!
У кошыку быў хрэн. Не цёрты, карэньчыкі.
Таўкачаваты дзяцюк з багатай хаты. Гадоў пад сорак, а яшчэ ўсё кавалер. Многа сватаўся, скрозь адмаўлялі. Нарэшце адна згадзілася, але... адмовіўся ён сам.
— Чаму?
— Дурная. Бо за мяне адразу йдзе.
Калгасны брыгадзір расказвае, пасварыўшыся з гультаём, што вельмі доўга запрагаў:
— Быў такі парабак у папа, што сам ніколі не ўставаў, а поп яго будзіў. А неяк сам устаў. «А мой жа ты Зміцерка!» — узрадаваўся поп. А той: «Нічога, бацюшка, я сваё нацягну абуванейкам!..»
Стары вясковы байдун, што любіць кнігі, расказвае:
— Ішлі раз Пушкін, Лермантаў i яшчэ адзін, каб паглядзець, каб было пра што пісаць. А насустрач ім едзе цар Петр (не Пётр, а Петр) i Сталыпін. Сталыпін кажа: «Давай спытаемся, чаму таўстадумы пехатой ідуць».— «Лепш ты ix не чапай»,— кажа Петр. А Сталыпін не вытрываў i спытаўся. Дык Пушкін кажа яму: «Бо цар усіх аслоў саноўнікамі парабіў, няма на кім ездзіць». А Петр Сталыпіну: «А што, маць тваю, не казаў — не чапай!..»
— Нажыў я, браце, напільнік!..— кажа пра сваю бабу дзядзька. Худы, падчапісты, шапялявы.
— Чаму ж напільнік, а не рашпіль? — пытаецца другі, чырванашчокі рагатун.
— Зуб у яе мяльчэйшы, усё бярэ.
Вясковыя начлежнікі ў гарадскога земляка, што частуе ix вельмі ж, падла, па-панску:
— Добра з дарогі чаю папіць...
Гэта — адзін. А другі, не менш сур'ёзна:
— Дзіва што! Чай — гэта ж самая лепшая пішч!..
П'яны нарачанскі рыбак расказвае пра зяця-крамніка, што ён—баязлівец. Ішоў па лесе з грашыма, запынілі «нейкія смаркачы», напалохалі — аддаў, а сам цяпер захварэў на сухоты.
— Які ж ты пасля гэтага беларус? — абураецца цесць перад выпадковымі слухачамі.— Даруйце маю няскромнасць i дурату, але, як быўшы ў разведцы мікалаеўскай арміі, я лічу, што мясцовы наш беларус павінен быць такі. З куста гавораць: «Я воўк, я цябе з'ем».
А ён павінен адказаць: «Калі ты воўк, дык я леў, і я не баюся цябе!..» А то што!..
Студэнты праходзяць у клініцы практыку. Хворым не вельмі падабаецца быць аб'ектамі назіранняў. Раз, другі, і нарэшце старому абрыдзела. Разбурчаўся перад урачом:
— Глядзець — няхай сабе глядзяць, а свае гіяграфіі больш расказваць не буду!..
На сямейным застоллі малады гасладар, вясёлы калгасны шафёр, расказвае гасцям пра свае пчолы:
— Паабсякаюць яны трутням крылы — ляжаць тыя ўхаджоры, як збанкі. А раней як ж а ix хораша запрашалі туды!.. От дзе, браточкі, наша мужчынская доля!..
Стары рыбак, пад чаркай, раіць маладому дачніку:
— Калі, не дай бог, што здарыцца, дык не бяры ты, браток, удавы. Ведае яна, зараза, усе ходы і выхады!.. Бяры лепш зноў маладую.
Старшыні калгасаў у раённай цырульні. Адзін сядзіць ужо намылены, другі чакае чаргі.
Намылены:
— Федзьку Капусніка мы вывучылі на баяніста.
З чаргі:
— Ну i колькі ж ён вам дае на сто гектараў ворыва?
Дама-ўрач, прыкметна закаханая сама ў сябе, вальсуе ў доме адпачынку, лёгка i важна носячы вакол кавалера свой здаровы, выдатна вядомы ёй арганізм.
Хлопец танцуе не толькі культурна, але і скульптурна,— без усякага выразу твару, з аднастайна i нудна правільнымі рухамі. Так будуць весяліцца робаты?