Страница 10 из 25
Піліпку-сынку гyci скінулі па адным пяру — ён паляцеў. Калі ж паддацца, каб кожны, хто крытыкуе, вырваў у цябе па пяру ці па два — далёка не заляціш.
— У цэлым вы напісалі добрую рэч. Але ж некаторыя старонкі я вам проста павыкідаў бы.
Таксама, гледзячы на гульню більярдыстаў, можна сказаць, што тых шароў, якія не трапілі ў лузу, не трэба было.
Пеўня спачатку рэжуць, а по тым скубуць. A аўтара на кінастудыі спачатку доўга i калектыўна скубуць, а нарэшце хто-небудзь зарэжа. Што выгадней — варта б спытацца ў пеўня.
Фізікі кажуць: штосьці знаходзім, а потым стараемся яго абвергнуць. Трымаецца,— значыць, жыве.
Такога б нам, літаратарам! Каб аўтар сам сябе правяраў абвяржэннем.
Раман — вялізны палац з яго шматлікім насельніцтвам, ён далёка відаць, але часта ў ім дрэнна з водаправодам, з ацяпленнем, не працуе ліфт... Тады вельмі ж цяжка паднімацца на высокія паверхі палаца i снаваць па яго бясконцых i няўтульных калідорах.
Назойлівы крык: дзе сюжэт?.. няма сюжэта!..
Гэта падобна на тое, каб гледзячы на прыгожую дзяўчыну — перш i больш за ўсё думаць пра яе шкілет.
Бабка, што «вылівае волава», i мастак-абстракцыяніст. Толькі ён i ведае задуму свайго твора, а бабка — часамі не менш натхнёна — сама толькі бачыць у форме расплаўленага i ўкінутага ў міску з вадой волава тую «карову», што напалохала дзіця яе пацыенткі,
За ўсе амаль што дваццаць год пры панскай Польшчы ў нашу забітую, цёмную вёску адзін раз было прывезена кіно. Паказвалі яго ў школе, яшчэ царкоўна-прыхадской, старой i невялікай. Карціна — нейкі галівудскі сераднячок — пра каханне. А духата ў школе — не прадыхнуць, гарачыня — да сёмага поту!.. Па частках, спакваля разгортваецца дзеянне, распальваючы гледача. Трохкутнік — ён і дзве яны. Адна пакінула яго, пасля другая. I вось ён ляжыць у труне. Чысты, харошы — хоць ты плач. I плачуць. Тыя дзве, вядома. Спачатку адна з-за рамкі выйшла, падышла да яго, потым, з другога боку, другая... Жалоба, слёзы, ах, рамантыка!..
I раптам у душнай, потнай, напружанай цішыні — расчараваны гола с дзядзькі Ёсіпа:
— Ну вось, i пацалуйце яму цяпер абедзве ў...
Рогат. Абураны голас настаўніка:
— Ха-мы!..
Грубавата, вядома, але ж — здаровы рэалізм.
Аглядалі ў Небарове, каля Лодзі, адзін з радзівілаўскіх палацаў, дзе ix сіяцельствы жылі сабе і ў гады акупацыі.
Пажылы літаратар — у адказ на «аб'ектыўнае» захапленне гіда архітэктурай, мэбляй, бібліятэкай — сказаў пасля, калі мы гулялі па парку:
— Так, яны прыгняталі нашага брата мужыка з вялікім мастацкім густам...
Чытаючы добрую кнігу, падумаў: апроч усіх падтэкстаў, тут ёсць яшчэ і такі — гэта напісана ў дождж, гэта ў радасці, гэта ў горы... і шкада стала, што падтэкст гэты найчасцей адыходзіць разам з аўтарам...
Графаманскі ідыятызм.
Дырэктар дзіцячага дома — «паэт». Склаў песню пра іхні дзіцячы дом, і вучні спяваюць яе, пад яго кіраўніцтвам, на матыў... дзяржаўнага гімна.
Дурань быў бы той, хто пасмяяўся б з вялікіх квяцістых хустак, якімі ўпрыгожылі сябе дзеўкі, маладзіцы i бабы вясковага хору, едучы выступаць у сталіцу.
Малое не есць, i маці вымушана ствараць фальклор — расказваючы яму казку, многае прыдумвае сама. Неабходнасць стварыла i калыханкі i «Эй, ухнем!..»
Пішучы казку, трэба быць такім жа смелым у палёце фантазіі, як смела яна, фантазія, пануе ў снах. Там робіцца ўсё, што хочаш, i ты ўсяму верыш, бо ўсё там «складна i хораша».
Як у маладога танцора, так i ў нявопытнага аўтара прыкра заўважаюцца лішнія рухі. Каб падперціся лішні разок, падмацаваць сваю няўпэўненасць, запоўніць хоць чым-небудзь пустату.
У таварыша, які горача пераконвае цябе ў любві i дружбе, непрыстойна пытацца, ці чытаў ён што-небудзь з тваіх твораў.
Чытаючы тоўстую, сумную, але патрэбную кнігу, прыемна спаткацца, нібы з чалавекам у снежнай пустыні, з нейчымі паметкамі на кніжных палях.
«Пакуты слова». У паняцце гэтае трэба ўключыць іменна тыя пакуты, калі мне хочацца працаваць, а я не магу. Бо якія ж гэта пакуты, калі працуеш? Тады, па-мойму, радасць.
«У газеце, дзе вы надрукуеце мой некралог, няхай таксама будзе недзе побач жывы, таленавіты артыкул пра несмяротнасць сапраўднай паэзіі».
Як жа запахла мне Беларуссю!
Народным, петэфі-бёрнсаўскім словам!..
Сваты прыншлі, а дачка яшчэ маладзенькая. Бацькам — гонар:
— Ды што вы, людзі добрыя, яна ж у нас яшчэ ў рэшаце спіць!..
— І вы, бабуля, па гэтую рыбу ў чарзе стаіце? Адна душой жывучы?
— А што ж, мілы, і адно вока спаць хоча.
— Колькі яшчэ да Наваградка?
— Дзесяць.
— Ого!..
— А што ж ты думаў — ён стаіць на сваім месцы.
Памёр сусед, пажылы чалавек. На хаўтурах старэйшых мужчын запрашаюць пралазіць на покуць. Весялейшы:
— Ну што ж, кандыдаты, пайшлі!..
У лесе на Глусчыне.
Былыя партызаны прыехалі з горада i шукаюць свой лагер. Смешна, але трэба спытацца ў бабаў, што збіраюць ягады.
— Не ведаю,— кажа адна.
Другая — не мясцовая:
— Я i сама сюды не трапіла б, а вось з гатоваю бабай прыйшла.
Цешча вярнулася з юбілею зяця-пісьменніка.
— Ну ж i хвалілі яго... ну, проста ўсякімі словамі!..
— Цётка, а дзе тут у вас райсавет?
— А хвала яго, сынку, ведае, я нетутэйшая.
Cyceд, вучоны хлопец, прыехаў з горада ў госці на сваей машыне. Ліслівая баптыстачка ажно рукамі развяла:
— А дзякуй табе, госпадзі мілы, што ты хоць аднаму нашаму чалавечку даў такую павозачку!..
Самаздаволены пашляк, пакуль што не выкрыты злодзей, прыехаў у сваю вёску на нядаўна купленай «Волзе». Выходзяць з жонкай— абое да ззяння перапоўненыя шчасцем i сваёй перавагай над гэтымі людзьмі, суседзямі...
Стары Паўлюк, які сёе-тое ведае пра ix, які самому богу ў вочы сказаў бы, што думае, нібы пугаю смагануў:
— Ну ж i раз'еўся ты, падла, як тая карова на бразе!..
Пры панскай Польшчы.
Дзядзька прыехаў з суда, дзе яго зноў пакрыўдзілі. Вячэрае і, нібы на пацеху самому сабе, расказвае жонцы:
— От жа ж адвакаты рэзаліся — як сабакі!..
Старая бедная баба, выпіўшы кубак паранага малака, якога ёй прынесла суседка:
— Вось я i ачалавечылася!..
Калгасны брыгадзір:
— Мала людзей у мяне. Работа авалодала народам.
Згружаюць штосьці цяжкае:
— Во, брат, людзей,— мне, нясмеламу, i ўляпіцца няма дзе!..
— Даўно я ў сваёй вёсцы не быў. Прыехаў надоечы, гляджу — як малыя павырасталі: хто па пяску нядаўна лазіў — ужо на плоце сядзіць!..
У прыгарадным цягніку. Салдат купляе ў бабы яйкі. Няма куды падзець... Адчыніў чамаданчык.
Цётка— усцешана:
— Ох, мілы, у цябе ж тут яшчэ гэтулькі памяшчэння!..
— Жыве ён бедна — рабіць лянуецца. Можа, кажаце, п'е? Не, ён, па-мойму, i піць таксама лянуецца.