Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 67 из 136

— Массіма Горкі! Эркаляна!..

І зноў рагоча, свецячы белізною даборных зубоў, цёмна-блакітнай радасцю вачэй, відаць, узятай адтуль, з тое Гротта адзурра…

Слухай, аміка!

Добра, што ты нам напомніў!.. У нашым з табой бяссіллі зразумець адзін аднаго мы, твае госці, як быццам нават забыліся, што і ты не можаш не ведаць яшчэ адну цудоўную казку тваёй Італіі, твайго адзінага на свеце Капры… Не легенду, не казку, а казачна-чароўную праўду аб тым, што ў той вунь «Эркаляна» — чырванасценнай гасцініцы на вяршыні скалы — жыў калісьці стваральнік несмяротных казак жыцця.

Няўжо не толькі мы, савецкія людзі, думалі сёння тут пра гэтае імя?! Смейся, аміка, з маёй, яшчэ ўсё маладой наіўнасці, смехам сваім скажы мне, што не толькі мы!..

А я ўсё думаў у гэтыя дні пра тых, што былі тут раней, што сёння расказваюць нам пра Італію…

Чорныя, шумлівыя, як шпакі на раллі, дзеці неапалітанскай беднаты і побач з імі горы апельсінаў, што не для іх у латках выпраменьваюць сонца, напаміналі мне маладую, задушэўную ўсмешку Джані Радары — любімца і нашых дзяцей. Праз усё — крышку крыклівае і пышнае — багацце сваёй краіны і ён па-горкаўску востра бачыць яе не такое ўжо і вясёлае сёння, з нашай верай у перамогу святла глядзіць наперад, у заўтра.

Узнятыя для пралетарскага вітання кулакі, мова вачэй і ўсмешак — на ўсіх дарогах і вуліцах, дзе мы былі, — напаміналі пра гэтую веру.

І вельмі часта прыходзіла думка: як у такім багацці фарбаў і гукаў, як на такой раскошнай зямлі магла зарадзіцца такая, да жудасці і смеху дзікая, гніль — фашызм?!

Слухай, аміка!

Гледзячы на цябе, я не мог не думаць, што такія, як ты, веселуны і рабацягі былі не толькі ў Абісініі, але і на палях маёй радзімы. Можа, твой бацька або старэйшы брат? Можа, і той наш шустры сіньёр, хоць ён і памятае Горкага, хоць ён і падобны вельмі на нашага пастуха?.. Хто з іх вярнуўся, той гаварыў і табе пра суровыя зімы ў далёкай краіне гранда Массіма, пра палымяны гнеў яго землякоў…

Ды я тут сёння не хачу выказваць жаль і злосць. Я хачу расказаць табе нешта пра тых, што больш не вернуцца пад ласкавае неба Італіі.

…Іх было дваццаць.

На трэці год вайны, пасля Сталінграда, гэтыя землякі твае апынуліся ў Беларусі. На поўначы яе — там, дзе за полем, зялёным ад бульбы і лёну, — блакітнае возера, а за возерам — лес. Сасоннік дыхае парнай жывіцай, а белая грэчка — нагрэтым мёдам, водар якога раўніва збіраюць і рупна разносяць пчолы. У канюшыне, таксама звонкай ад пчол, па-дзіцячы палахліва хаваюцца шэрыя, цёпленькія зайчаняты, а ў рэдкім жыце цвіце шыпшына, пыліць духмянасцю ядловец, густым папасам вылежваюцца валуны, пакрытыя лішаямі сівага моху. Белыя чайкі лятаюць высока над стрэхамі хат, а над люстранай роўняддзю азёр планіруюць спрадвечныя сябры гэтых стрэх — буслы…

Я ўпершыню так далёка ад родных мясцін. І ты мне прабачыш, аміка, калі я раптам заплачу… Гэта — ад радасці, што ёсць на свеце мая пяшчотная, працавітая, мужная Беларусь!..

А ты ўяві цяпер — хоць на момант — варанёную сталь кінжальнага штыка перад грудзьмі тваёй старэнькай маці… Уяві галоўку твайго адзінага шчабетуна, якую нехта разбівае аб край твайго ж, яшчэ бацькоўскага, стала…

І ты зразумееш тады, як працавіты і лагодны чалавек ператвараецца ў чалавека страшнага, няўмольнага ў сваёй справядлівай суровасці.

Такіх людзей гісторыя назвала народнымі мсціўцамі, а нашу ціхую Беларусь — краінай класічнай партызанскай вайны.

Вораг ведае, што гэта значыць. І сёння старыя, недабітыя генералы Гітлера, начыненыя яшчэ кайзераўскай мярцвячынай, гавораць пра наш незразумелы для іх «фанатызм». Бачыш, аміка, яны нездаволены, ім выгадней было б іншае… Яны змаглі б пасля… ды і цяпер яшчэ могуць дапасаваць да любога параграфа любой міжнароднай умовы смерць нашых маці і нашых дзяцей — як стратэгічна неабходную, а нашу свяшчэнную помсту фашызму — як юрыдычна беспадстаўную…

Ёсць адна вёска ў нашым краі блакітных азёр. За гэтай вёскай узвышаецца гара — зрэзаны конус з вянком маладых бяроз на вяршыні. Адтуль відаць адразу пяць азёр. Там ты, аміка, успомніў бы роднае мора, там ты смяяўся б, гледзячы ў прывольную далячынь. З-пад тых бярозак відаць не толькі азёры, але і поле, і шэрыя вёскі, і стужкі дарог, і дзве бліскучыя струны чыгункі.

Вясной сорак чацвертага, у адну з тых майскіх начэй, калі малым так добра спіцца ля адчыненага акна, а салаўіныя песні забіваюць шоргат партызанскіх ног, у тым месцы, дзе струны рэек успаўзлі на высокі насып, — пачуўся выбух!.. Адзін з бязлікіх выбухаў, якія мы прагна і стрымана бралі на ўлік, а вораг — аплочваў нервамі і крывёю.





На жаль, не толькі сваёй…

Уранні вёску над возерам акружылі карнікі ў чорных і шэра-зялёных мундзірах. Былі там не толькі немцы. На бліжэйшай станцыі іх было многа, аднак на гэты раз, для большай аперацыі, іх аказалася малавата. Гітлераўцы раздалі вінтоўкі рабочай камандзе, — тваім землякам, якіх яны нядаўна, пасля выхаду Італіі з вайны, ператварылі ў бяззбройных нявольнікаў. З яшчэ большай пагардай, цяпер падмацаванай нянавісцю і адчаем, такіх, як ты, аміка, называлі яны «фарфлюхтэр музыкер». Аднак з афіцэрамі вашымі, са сваімі нядаўнімі партнёрамі па будаўніцтву «новай Эўропы», яны дамаўляліся яшчэ ўсё хутка і дружна…

Слухай, аміка, як перад строем катаў плача на руках у сівай бабулі светлавалосы хлопчык!.. У адной белай кашульцы, з цёплымі ножкамі, заўчасна ўзняты з пасцелі каля адчыненага акна. Слухай перадсмяротны гул над натоўпам безабаронных людзей, асуджаных на страшны адыход з жыцця!.. Слухай каманду: «Агонь!», на якую ўсе дваццаць вінтовак у руках тваіх суайчыннікаў адказалі маўчаннем!.. Слухай і невымоўную цішыню, якая хутка асядзе над яшчэ адной братняй магілай!..

Італьянцаў зноў абяззброілі. Яны паддаліся: не ведалі, што іх чакае. Загадалі ім стаць над заваленай цёплымі трупамі ямай. Яны паслухаліся: не верылі, што гэта можа стацца…

Цяпер над той магілай шумяць і іграюць у сонцы лісцём беларускія пальмы — бярозы; каля помніка з вечнага каменя надазёрных палёў цвітуць нашы кветкі — прыгожыя ў сваёй сардэчнай сціпласці. А ў вёсках, якія разам з пяццю азёрамі відаць з высокай гары, простыя, шчырыя людзі гавораць пра тых безымянных Дваццаць, што не змаглі страляць… не захацелі цаной нявіннай крыві вяртацца нават сюды, у сваю непаўторна прыгожую краіну…

Спыні свой кацер, аміка! Стой, пакуль і вада супакоіцца! Ушануем іх памяць маўчаннем. 1958 г.

АСТРАВОК

На хутары, дзе садок, i гарод, i навокал, як мора, калгаснае жыта, бачыў жывы прататып казачнага Іванькі-прастака.

Дужы, рахманы дзяцюк. З гонарам расказвае, што ён усё-ўсё ўмее рабіць. Хоць i робіць толькі тое, што не патрабуе трохі большай кемлівасці: не косіць, але падае на воз, не коле дроў, але валочыць вёдрамі ваду ca студні, якая больш за кіламетр ад хутара, у вёсцы… Малодшы брат, гаспадар, вазіў летась яблыкі прадаваць — з Наваградчыны ў Маскву — i купіў яму шапку, якой вельмі ж хацелася — салдацкую, з чырвоным аколышкам. Яна вісіць на сцяне, любоўна загорнутая ў маміну хусту.

Увечары «дурань» зняў яе са сцяны, разгарнуў i надзеў аберуч — як карону.

— Куды ты, Іване? — пытаецца цярплівая i ціхая жанчына — маці.

— У кіно.

— Позна, сынок, яно там недзе ўжо канчаецца.

— А пад канец яшчэ цікавей.

Ды з такой жа дзіцячай усмешкай адказвае!..

— Малому дарогу саступіць, — кажуць пра хлопца сямейнікі.

I шкадуюць яго ўсе — i брат, i братавая, i сястра-школьніца, i дзед.

Дзед — цікавы i сам. Яму ўжо за дзевяноста. Накрыўшыся старой цыратай ад дажджу, пасе ў зялёным яры дзве каровы i жменьку авец. І вельмі рад, што вось ізноў, як людзі, бачыць. Бо толькі нядаўна яму знялі катаракту.

— Як на свет нарадзіўся, сынок! — расказвае ён мне, неяк надзіва молада смеючыся. — А тыя разы, сляпым быўшы, дзяржу дзве каровы на павадах, а малыя толькі камандуюць: «Дзеду, лявей! Дзеду, правей!..»

Дзед есць зацірку толькі з хлебам i злуецца на ўнукаву жонку, калі зацірка рэдкая: