Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 65 из 136

Стары Вячэра падышоў амаль зусім нячутна. Калі Надзя азірнулася на шоргат босых ног, бацька, па звычаі сваім, без шапкі, стаяў ужо за яе спіною, з-пад рукі гледзячы туды, дзе шумелі малыя.

— Ён нас сустрэў вунь там! — паказаў рукою стары.

— Цэленькі дзень з вады не вылазіць, — з усмешкай дадала дачка. — А вас дык не мог дачакацца. Галовы ўсім папрабіваў: «Дзед ды дзед!..»

— А яна гэта яшчэ ў лодцы сукеначку з сябе, портачкі з сябе, а сама — плясь у ваду. Панавучваліся! I не пазнаеш, каторае тваё: усе голыя, усе трапечуцца, усе крычаць!..

— Вы, тата, прылеглі б дзе ды адпачылі. Зробяць i без вас. А я вось зараз…

Стары, нічога не адказаўшы, пайшоў у ваду. Нават не падкасаўшы сваіх шэрых картовых калашын.

Свежыя людзі — скажам, дачнікі, якія прыязджаюць на рыбгасаўскі бераг, — вельмі здзіўляюцца, што многа рыбакоў зусім не ўмее плаваць. Хто не ўмее, а хто нават не любіць. Саўка Сякач з Падвалокі i спаў бы, здаецца, у лодцы, a ўжо гадоў з дваццаць — сам хваліцца — не купаўся ў возеры. Няхай сабе дзівяцца, хто хоча. I стары Вячэра, «кароль вугроў», таксама плавае, як калун. Аб гэтым страшна падумаць, калі бачыш, як ён спакойна стаіць у лодцы, выбіраючы перамёты, а лодку тую шыбае з хвалі на хвалю, як трэску!..

Каб лягчэй было згінаць натруджаны на зрубе крыж, стары спыніўся толькі тады, калі вада заняла яму па калені. Цяжка нагнуўся, зачэрпаў жылістымі зверху, каравымі з сярэдзіны рукамі чысценькай цёплай вады i з асалодай у ёй запырхаў. Яшчэ, яшчэ раз. Добра! Хацеў нават гукнуць на ўнукаў, але падумаў: «Няхай сабе! Ім цяпер не да дзеда…» I зноў пабрыў да берага.

— Жывуць каторыя, — пачаў ён, прысеўшы каля вогнішча, — жывуць ды глядзяць, каб толькі дзе-небудзь уварваць, адскубці, пацягнуць… Чужому не скажу, дачушка, бо брыдка… I я табе гэтае палена не сваё хацеў прывезці, а таксама крадзенае. Учора такое злосці набраўся за тую падсочку… Я гаварыў ужо табе. Ды i на Васіля Раманавіча, што марудзіць… Ужо з Іванам да самай Дзікай Бабы падплылі. Лесніку Буглацкаму, падумаў, залію тым часам вочы якою-небудзь пярцоўкай i — як камень у возера… Але ўсцярог мяне Бог на старасці год. Не наеўся ты, кажа, Вячэра, дык i не наліжашся. Няхай стаіць тая сасна ды Богу дзякуе, што я хацеў, ды мне хацень не даў…

Подых дыму, чортведама адкуль i як разгарнуўшыся, махнуўся па Надзіных вачах. Не выціраючы слязы, жанчына глядзела на бацьку, трымала за доўгую ручку скавараду i ніяк не магла прыдумаць, з чаго тут пачаць…

— Можа, тата, Івану гэта не падабаецца, што вы сваё гатовае з двара берацё? Івану ці Мані…

— Яно, вядома, дачушка, кожны дурань зможа гатовае ўзяць. Але ж я яшчэ ў сваёй хаце гаспадар. Каму не падабаецца, дык той i памаўчыць. Скажам, мае сонца ўжо нізенька, ужо я не магу, як раней, ноч апоўнач ці на вугра табе, ці на сіляву, ці на шчупака… Але ж i пенсія мая, мае пяцьсот рублёў, таксама на дарозе не валяюцца!.. Ды нешта мы з табою, дачушка, не пра тое. Іван табе брат ці не брат? Двое ж вас толькі — меншых — i засталося ў мяне. А такой Мані, як наша, днём з агнём пашукаць…

Да тае слязы, што ад дыму, далучылася раптам яшчэ адна. Надзя ніжэй схілілася над скаварадою.

— Нічога, дачушка… Каб жа яна, бяда, ды толькi па лесе хадзіла! Тут не падменішся: дай, можа, я за цябе памру. Колькі ўжо раз я лёг бы тым часам!.. Маці твая, нябожчыца…

Ды тут ix вельмі дарослую, сумную гаворку абарваў дзіцячы смех i крык:

— Ура! Здавайся!

Гэта крычаў Міхась, а з ім, не менш ваяўніча, i Ганначка. Абое — голыя, мокрыя, укачаныя ў пясок.

Яны падкраліся з-за куста. Усё было зроблена вельмі удала. Спачатку яны паўзлі — зусім-зусім так, як Міхась бачыў нядаўна ў кіно. Потым беглі прыгнуўшыся. Потым зноў паўзлі… Ды толькі вось дзед зусім не спалохаўся. Ён сядзіць, абняўшы худымі рукамі мокрыя калені, і, закінуўшы галаву, рагоча.

— Дзед! Ну, дзед! Ну, годзе!

— Годзе, унучак, годзе. Не буду.

— Ты на вайне быў?

— Хай яна спрахне — быў.

— Я ведаю! Ты быў i на японскай, i на мікалаеўскай, ты i з панамі за возера ваяваў!.. За тую вайну ў цябе Георгіеўскі крыж, а за гэтую — толькі партызанскі медаль. Бо ты ўжо быў стары i толькі так памагаў партызанам!..

— Годзе ўжо, ты! Завучыў, як малітву! — памкнулася перапыніць яго маці.

— А Ганначка кажа, што як мы падкрадзёмся ды крыкнем, дык дзед спалохаецца… А ты…

— I не казала! I не казала! — смяялася, намагаючыся закрыць яму рот, дзяўчынка.

— А я ёй кажу…





— Ды годзе ўжо ты, смала! — крыкнула маці.— Дзе ж ваша вопратка?

— Там!

— Ваяка! Раскрычаўся тут, галапупец! I з дзеўкай яшчэ стаіць. Ану, бягом апранацца! Будзем палуднаваць.

Апошняе было сказана не толькі без усякай злосці, а нават з нейкай шматабяцаючай суровай пяшчотнасцю. Голыя, выпеставаныя сонцам i вадой, рыбацкія анёлачкі хоць без крылаў, ды летам ірвануліся з месца, пацешна пабеглі па светлым i пухкім пяску.

— Дзяўчынка, няўрокам кажучы, як бурбалка! — засмяяўся ўдагон стары. — I Міхась удалы хлопец.

Ёршык чысты, дый годзе! Радасць табе адна — i малы, i старэйшы. Спраўныя хлопцы, дачушка, а ты…

Неўзабаве ёршык i бурбалка, адзін у чорных кароценькіх штоніках, а другая ў светлай сукеначцы, ішлі абапал старога па дарожцы з берага да зруба, i вельмі ж хацелася ім узяць дзядулю за рукі. Аднак абедзве яны былі занятый: дзед нёс перад сабою вялікі чорны i гарачы чыгун з юшкай, абгарнуўшы яго анучай. Надзя хацела ўзяць чыгун сама, але стары не даў. I вось яна ідзе ззаду за ім i нясе толькі скавараду i місу з кавалкамі ўсмажанага шчупака.

— Дзед! — забягае наперад Міхась.

— Ну, што?

— А ты тое палена падняў бы?

— Якое?

— Ну, тое, што ты прывалок!

— А-а, тое. Відаць, падняў бы. Каб толькі вытрубіў усю гэтую юшку ды мо яшчэ каб умяў усяго шчупака. Ну, ды хлеба тым часам бохан, як добрае кола.

— А мы купаліся, i хлопцы кажуць, што ты не падняў бы.

— Ат, нічога яны не ведаюць.

— Глобышаў Лёнька, дык той не ведаў нават, за што ты называется «кароль вугроў»!..

— Вось бачыш! Які, унучак, кароль, такая i слава.

Каля зруба, пад бэзам яны абедалі: дзед, мама, іхні Юрка, два чужыя дзядзькі, што наняліся перасыпаць іхнюю хату, i Ганначка з Міхасём. Малыя сядзелі, вядома, абапал дзеда. Пасля мама зноў пайшла ў поле, а тыя дзядзькі, Юрка i дзед «прылеглі трохі адпачыць». Трохі, трохі… A самі ўжо i паснулі, ужо i храпуць!..

Міхась задумаўся, стоячы перад сваёй госцяй пасярод пустога, залітага сонцам двара, закіданага трэскамі i пацярушанага саломай са старой страхі. На вішні яны ўжо сёння былі двойчы. Яблыню трэслі таксама. Ажно не елася цяпер ад аскомы. Купацца, можа, пасля. На гасцінец ісці — неахвота. У поле, назіркам за мамай, — дарма, бо прагоніць назад…

— Давай у «класы» пагуляем! — сказала Ганначка.

Яны разграблі салому i трэскі, нарысавалі кіёчкам «класы». Паскакалі трохі на адной назе, а потым Міхась сказаў, што больш не хоча.

— Я пайду хутка ў школу, — паведаміў ён навіну, якую ўжо i Ганначка чула не раз. — Мне яшчэ два месяцы не хапае да сямі год, але настаўнік кажа: нічога. I я ўжо ўмею пісаць.

— Ну, напішы што-небудзь. Як наша Гэля.

— Якраз, вельмі твая Гэля напіша!..

Чым напісаць — Міхась ведаў. У старэйшага цеслі, дзядзькі Антося, які храпе вунь паміж дзедам i Юркам, ёсць за халявай чорны плоскі аловак. Ён вельмі вялікі i называецца сталярскім. Доўга не думаючы i не раячыся з Ганначкай, Міхась на пальчыках падкраўся да дзядзькавай нагі i асцярожненька, нават падпёршы языком шчаку, выцягнуў той сталярскі аловак. «На сценах пішуць толькі такімі. Напішам — i зноў яго дзядзьку ў халяву. А напісаць найлепш вось тут». Сасновае бервяно, якое дзед уранні прыцягнуў, было ўжо хораша аплазавана, узята ў вуглы i называлася цяпер «падваконнем». Яно легла ў сцяну якраз на вышыні Міхасёвага лба. Забыўшыся, што дзядзькаў аловак не хімічны, хлопчык паслініў яго i ўзяўся за работу. Пакуль ён мазольна, зноў падпёршы шчаку языком, выводзіў адну за адной сем літар, з якіх складаліся два яго запаветныя словы, Ганначка глядзела на Міхасёву руку i на таямнічае пятлянне тоўстага алоўка, як зачараваная. За сёмай літарай стала кропка. Каб напісаць яе, Міхась апошні раз паслініў сталярскі аловак i выкруціў гэтую кропку ямачкай у не зусім яшчэ зацвярдзелай смаліста-духмянай драўніне.