Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 62 из 136

Высока-высока над дзедам паружавела лёгенькае воблака. Вузкая хмарка ўсё больш ды больш налівалася чырванню, а высокае воблака ўсё святлела, траціла ружовасць. Вогненны круг другім напорам прарэзаўся з хмаркі-смугі ўгару. Возера заззяла радасцю.

Нават адгэтуль, з бліндажа, стала відаць, як за вялізнаю ліпай, за скупымі i марнымі мэндлікамі жыта, за адцвітаючай грэчкай i алешнікам на беразе, у першых промнях новага дня пабліскваюць крыллі чаек. На поўдні, за большай затокай, выразна адлюстроўваецца ў вадзе высока падняты жоўтым абрывістым берагам сасняк. На поўначы, дзе вёска i рыбгас, уздоўж берага папоўз лёгкі туман… Можна падумаць, што стары акадэмік Васіль Раманавіч, дзедаў добры знаёмы, зноў запаліў на новай дачы грубку i зноў бурчыць на печніка, а дым, як i ўчора ўвечары, зноў не ідзе ўгару… На ўсход не вельмі зірнеш — сонца ўзяло сваё!

А над усёй гэтай прыгажосцю, у чыстым небе, трохі воддаль ад воблачка, ужо зусім неружовага, стаіць поўны месяц. Ён не свеціць — выпусціўшы наперад сонца, сам адступіўся, сціпла паблек, a неўзабаве непрыкметна знікне.

Ды, гледзячы на ўсход, стары Вячэра не любуецца. Адтуль павінны паказацца лодкі. Брыгада яшчэ не вярнулася з першага сёлета ўлову сілявы. Зрэшты, брыгада — брыгадай, а патрэбен старому сын. Нават не столькі сын, як лодка… Пад казырком памятай кепкі, пад сівізною брывей напружана жмурацца вочы. Яны наглядзеліся за век i на яснае сонца, якога так шмат бывае на крынічна-празрыстай азёрнай вадзе, i на сцюдзёную чорную цемрадзь, калі вада i вецер — не разбярэшся: хто зверху, хто знізу! — здзекуюцца з упартасці чалавека. Ужо i стомленыя, але яшчэ ўсё па-рыбацку цярплівыя, быстрыя вочы знайшлі-такі ў вясёлым бляску залатой вады патрэбнае!

— Ідуць, — шапнуў стары.

Чатыры лодкі прыйшлі да берага амаль праз гадзіну.

Не толькі ўсе жанчыны ды дзяды, але i наймалодшае рыбацкае пакаленне — як гэта ні дзіўна каля вады, a ўсё ж такі чарнаногае — высыпала на вільготны затупаны пясок. Следам за людзьмі на сустрэчу сілявы выйшла з хат, гарышчаў i розных спецыяльных закаморкаў усё кашэчае насельніцтва Падвалокі.

Дарослыя ажыўлена гутарылі i пераклікаліся з лодкамі. Дзеці, падкасаўшы портачкі i прыпадняўшы падолікі, шумліва палезлі парэпанымі нагамі ў чысценькую i цёплую, нібы нагрэтую мамай, ваду. Каты — залежна ад узросту — то нецярпліва пахаджалі, задраўшы хвасты, церліся каля гаспадарскіх ног i па-блазенску дакучліва вякалі, то стрымана, салідна аблізваліся, жмурачы лянівыя вочы.

Толькі адзін, найбольш бывалы i вопытны тыграў сваяк, вядомы на ўсю вёску валацуга i злодзей Цярэшка, сядзеў воддаль, на зялёным прыгорку, цікуючы i на ваду, i на сушу з аднолькавым скепсісам на вусатым мурле.

Чатыры вялікія чорныя лодкі адна за адной чырканулі насамі па пяску. Бабы, дзяды i дзеці з вясёлым гоманам рушылі да лодак, a рыбакі, больш скупа выказваючы свае пачуцці, панеслі насустрач ім карычневыя жмуты сетак, у кожнай з якіх ужо нежывым серабром стракацелі незлічоныя сотні сілявак. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі кацер.

Учора стары Вячэра, якому i на пенсіі не сядзіцца ў хаце, сам выбраў месца — найбольш надзейнае. Усе чатыры трыццаціметровыя палотнішчы сетак, непрыкметнаю сценкай апушчаныя ў глыбіню на якарах i паплаўках, былі цяпер густа ўтыканы сілявай. Відаць, не адзін яе гуллівы або напалоханы шчупакамі касяк напароўся на нябачную капронавую смерць. Як заўсёды, старая сілява пазасядала ў вочках жабрамі, амоладзь, падсіляўнікі,- пупкамі. Кволая тлустая рыбка заснула даўно, толькі-толькі папаўшы ў бяду, аднак i ў сетцы, i ў руках, i ў скрынках, што стаялі на пяску, прыемна пахла смачнай спакуслівай свежасцю.

— Ну, бацька, тоня, браце ты мой, выйшла — во!

Сын Вячэры Іван, высокі бялявы мужчына гадоў сарака, які толькі з гэтай зімы пачаў хадзіць за бацьку ў брыгадзірах, выцер рукі аб порткі i самавіта ўзяўся гарнуць цыгарку.

— Сёння пойдзеце туды, за Качан, на Мітрафаніху, — глыбока тоячы гордую радасць, паказаў дзед доўгай рукою на вадзяную бясконцую роўнядзь. — Ты, можа, у лодцы пакурыш, Іване? Паедзем.

— Куды?

— А што я ўчора казаў.

— Зноў ты пра тое!.. Ганначка! Не ламі яе! Ых, жабянё! Ты не ўмееш сама, дык на маму зірні!..





Поўненькая дзяўчынка з вялікімі светлымі вачыма, вельмі падобная на бацьку, тузалася з ужо абдзёртай i раздзёртай сілявінай, ніяк не могучы выцягнуць яе з вочка сеткі. Малады пярэсты i падчапісты кот, як быццам хочучы дапамагчы малой, з налёту ўчапіўся ў рыбку, ярасна мармычучы. Дзяўчынка крыкнула: «Апсік, здыхоцце ты!», а бацька схапіў ката пад жывот, размахнуўся i шпурнуў яго ў ваду.

— Яшчэ i ён, ідры яго айн, цвай, драй!..

Гэта стала сігналам трывогі. Цярэшка — самы бывалы i найбольш скептычна настроены падвалоцкі тыграў сваяк — маланкай шугануў ад вады. За ім — усё кашэчае пагалоўе. Пакуль той пярэсты падчапісты небарака выбіраўся з вады, адчайна малоцячы лапкамі, усе яго аднапляменнікі ўжо аблізвалі вусы, з платоў i стрэх цікуючы на пакінуты рай.

A рагаталі нямногія: найбольш Ганначка ды іншыя дзеці. Малады Вячэра ўсміхнуўся, гледзячы на малых, i пад гэтай усмешкай так i схавалася прычына яго сапраўднай злосці.

— Эх, бацька! I захацелася ж табе, браце ты мой!.. Ну што ж, пайду вазьму пілу i сякеру…

2

Паўднёвы бераг большай затокі, да якога накіраваліся стары з Іванам, пакрыты вечна жывым сасновым шумам.

Хораша тут, калі бывае час палюбавацца!..

Цяпер вось нізам сцелецца верас у румяным ранішнім святле, а над верасам — таксама ў сонцы — густа высяцца гонкія сосны. Добра ўзняць галаву, заглядзецца на ix шэра-зялёныя, са стальным адлівам, кучаравыя верхавіны на фоне цёплага блакіту i галубіных воблакаў. Сосны гамоняць. Нібы расказваюць чароўныя казкі маленства — адну за адной, нястомна i радасна, ціха i мудра, як гэта можа добрая, пагодлівая старасць. Возера сёння маўчыць. Каля нізкага берага, чыста пясчанага ці пабрыджанага рэдзенькай травой, ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Чайкі гуляюць над люстранай вадою, пікіруючы на спажыву, або садзяцца на вільготны, вылізаны прылівам пясок, толькі імi затупаны, пацярушаны іхнімі перцамі. Тут жа, выштурханая на бераг мноствам бурных прыбояў, парахнее, петрае на сонцы разбітая лодка. Па рыбацкаму звычаю лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе ix засцігне апошняя бяда.

Далей на поўдзень — абрывісты бераг. Высокі, амаль з марскою галькай унізе, з мыльным намывам пены. Вада дні i ночы, гадамі падточвае жоўтыя пласты пяску, які абсоўваецца, здрадліва агольваючы карэнне самых смелых соснаў, што густа выйшлі тут на край абрыву. Яны — вялікія i меншыя — адчаянна чапляюцца за абрыў, а потым усё ж такі падаюць…

А наверсе па-ранейшаму патрэскваюць пад нагамі дробнае сучча i старыя хрусткія шышкі. Праглядваюць мілымі вочкамі кветкі іван-ды-мар'я. Час ад часу ў вершняку перасвістваюцца каршуны, i ніяк не пасуе ім іхні свіст, зусім не маладзецкі i не грозны.

Вельмі прыемна бывае, калі ў гэтую дзіч з маляўнічай дарожкай, што пятляе паблізу ад берага, калі ў гэтую раскошную глухамань раптам урэжацца клін жыта, якое ўжо духмяна палавее, ці бульбы, якая цвіце. Знак, што i тут пахадзіла рука чалавека…

«Кароль вугроў» сядзіць на карме, стырнуючы малым вяслом, i пільна ўглядаецца ў недалёкі ўжо сасновы бераг, нібы нешта там выбірае. Падбародак старога, пакрыты нізкай густой зарасцю, больш чым калі задраны ўгару, амаль да самага носа. Ад гэтага заўсёды сціплы i прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным.

Прычына гэтай злосці з лодкі яшчэ не відаць: яна вось-вось адкрыецца за павароткай… Але стары ўжо бачыць яе: у вачах яго з самай вясны стаіць густы, высокі Пярэймаўскі бор, пакалечаны падсочкай… Яшчэ адзін знак чалавечай рукі…

«Каб яна каторая i адсохла! Не дай божа, калі рука без галавы!..»

Так думае цяпер, як здаецца Івану, яго няўрымслівы стары.