Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 61 из 136

Праз дзень, халодным, золкім досвіткам, бліжэйшую да месца катастрофы вёску акружылі карнікі. Жандары ў касках і стракатых плашч-палатках і мясцовыя здраднікі-паліцаі ў чорных, прамоклых шынялях прыехалі з райцэнтра на пяці машынах. Вёска была вялікая, але «накрыць» яе ўдалося хутка і спраўна. Як высветлілася значна пазней, уцалела толькі двое: хлапчук, які выпаўз баразной у загуменныя кусты, і дзед, што якраз заначаваў у сваяка на дальнім хутары.

Усе іншыя жыхары сагнаны былі ў той канец вёскі, дзе стаяла старая вялізная адрына, — усё, што ўцалела ад калгаснай фермы.

Зондэрфюрэр, начальнік экспедыцыі, разважыў, што прымусіць «бандытаў» капаць сабе яму — доўгая гісторыя. Значна прасцей спаліць іх у гэтай адрыне. Пакуль яго падначаленыя заганялі вёску ў трое шырокіх варот драўлянай будыніны, ён стаяў трохі збоку, на ўзгорачку, і непрыемна моршчыўся ад дзікага крыку і плачу…

Побач з ім амаль непрыкметна ўздрыгвала ад пранізлівай слаты маладая збялелая перакладчыца.

— Мы хутка скончым гэтае швайнэрай[12], і тады, фройляйн Вэра, паедзем дахаты. Будзе зноў цёпла… О так!..

Істота ў скураным паліто і белай вязанай хустцы выклікала на твар крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі.

Так бы ўсё і было, як бывала, аднак, зірнуўшы ў натоўп сваіх ахвяр, што набліжаліся да крайняй ад яго чорнай пячоры варот, зондэрфюрэр заўважыў знаёмага.

— Адкуль я ведаю яго?.. О! Мэншэнскінд[13], дык гэта ж той пячнік! Скажыце, фройляйн Вэра, каб яго падагналі сюды.

Печніка падагналі.

— Біст ду дох аўх гір, майн лібэр кэрль? [14] — засмяяўся начальнік.

Пячнік нічога не зразумеў. Ды, відаць, і не чуў. Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць.

Улетку ён рабіў зондэрфюрэру печы. Знайшлі яго і прывялі, вядомага на ўсю ваколіцу. Пяць раніц дзяжурны жандар абшукваў яго і кожны раз аднолькава весела знаходзіў у кішэнях майстра тое самае крэсіва, самасад і кавалак чорнага хлеба. А печы атрымаліся выдатныя. Кухар хваліць пліту, а сам зондэрфюрэр — грубку з белай кафлі. Вось і цяпер ён ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе гладкай цеплыні.

— Скажыце яму, фройляйн Вэра, што ён не будзе спалены. Спытайцеся, ён хоча жыць?

— Спадар зондэрфюрэр кажа, што вы, дзядзька, будзеце жыць. І ён пытаецца, ці вы гэтага хочаце?

Пячнік толькі паварушыў бяскроўнымі губамі.

— І скажыце яму… Спытайцеся, хто ў яго там ёсць.

— Спадар зондэрфюрэр пытаецца, хто ў вас там ёсць? Там — у адрыне?

З вуснаў у чалавека сарваліся словы:

— Там… мая… баба…

— Ён кажа, што там яго жонка.

— Скажыце яму, што жонка яго таксама не згарыць. Ён можа ўзяць яе.

— Спадар зондэрфюрэр кажа, што фраў… што жонку сваю вы можаце забраць.

Бяскроўныя губы ў сівеючай шчэці заварушыліся зноў:

— У мяне там і дачка… з малымі дзет… камі…

— Ён кажа, што там у яго ёсць дачка са сваімі дзецьмі.

— О! Мэншэнскінд! Можа, у яго яшчэ хто-небудзь ёсць?

— Спадар зондэрфюрэр пачынае выказваць нездавальненне. Ён пытаецца, хто ў вас там ёсць яшчэ?

— Скажы яму, што ў мяне там суседзі… А ты скажы, што яны сваякі…

— Ён кажа, што ў яго там многа сваякоў. А таксама суседзі.

— Суседзі?! Эс іст абэр этвас цу ляхен!.. [15] Можа, ён хоча, каб я аддаў яму ўсю гэтую банду? Спытайцеся ў яго апошні раз: чаго ён хоча, вар'ят?





— Спадар зондэрфюрэр пачынае злаваць. Вы, дзядзька, не дурыцеся, калі хочаце жыць. Зараз адрыну падпаляць. Ён кажа, што вы, мусіць, хацелі б забраць адтуль усю банду.

Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, пячнік узняў галаву:

— А ён што думаў? І ўсіх! Усіх добрых людзей!.. Можа, ён ім раўня — гэты твой гаспадар? Або ты, можа?.. Цьфу!..

Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым няпэўным крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны.

Быў нейкі момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў з правай рукі мокрую скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся…

У жудасным ляманце стрэл амаль не пачуўся.

Але пячнік упаў.

Ён яшчэ ўздрыгваў, калі яго паднялі і кінулі цераз парог, пад ногі збою аднавяскоўцаў.

Тады вароты назаўсёды зачыніліся.

І ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць.

І ён жыве.

1958

НАДПІС НА ЗРУБЕ

1

Дзве рыбацкія вёскі, у якіх жывуць дзед Вячэра i ўнучак яго Міхась, разлучаны вялікай вадою. Дзедава веска, Падвалока, стаіць на паўднёвым схіле доўгай касы, якая, урэзваючыся ў возера, падзяляе яго на дзве затокі. Нівішчы, у якіх амаль сем год таму назад нарадзіўся Міхась, відаць, калі глядзець з канца касы, на ўсходнім беразе — кіламетраў пяць па вадзе.

Яшчэ вельмі рана. Жнівеньскае сонца толькі-толькі збіраецца ўзыходзіць. Міхась недзе спіць у адрынцы на сене, да вушэй нацягнуўшы на сябе мамін бывалы кажушок. Пойдзем спачатку да дзеда, у Падвалоку.

Зямля тут благая, пясчаная, i вельмі мала яе: усяго, што на касе, па гектару, па два на хату. Падвалокаўцы спрадвеку жывуць з рыбы — i да савецкай улады, i цяпер, стаўшы лепшай брыгадай вялікага рыбгаса. Усё тут у ix рыбацкае: i назва вёскі пахне рыбаю, як невады-падвалокі, i возера пахне, i пясок, i хаты, i нажы, якімі крояць хлеб, i падушкі, якія даюцца гасцям на сена…

Дзедава хата стаіць усімі вокнамі на возера, да сонца. За гумном (а гумны тут, па ўраджаю, маленькія) на высокім узгорку тырчьщь аброслы бур'яном нямецкі бліндаж, яшчэ з Першай сусветнай вайны. З яго як на далоні відаць усё возера — водная прастора, што запаўняе амаль увесь абруч кругагляду. Пакуль жыла старая Вячэрыха, яна часта ўзыходзіла сцежачкай на гэты бліндаж i з-пад рукі выглядала свайго нястомнага Астапа. Пажыла яна, няма чаго грашыць, семдзесят сем гадоў. А вось ужо дзесяць мінула, як дзед, трохі старэйшы за яе, жыве адзін. I толькі сёлета перастаў ён рыбачыць, адгрукаўшы на гэтай цяжкай працы не нейкія там трыццаць тры гады, як той, што злавіў залатую рыбку, a роўна семдзесят пяць. Многія рыбакі не памятаюць нават, калі гэта дзеда Вячэру празвалі «каралём вугроў» — найбольшым майстрам па лоўлі той дзівоснай рыбы, якая ў навальнічныя ночы выходзіць з глыбіняў на бляск маланкі i скача, як вужака, над хвалямі, якая выпаўзае па расе паласавацца маладым гарохам, а нераставаць ідзе ажно ў далёкае цёплае мора… Цяпер ужо стары сам узбіраецца сяды-тады на тое ўзвышша, адкуль яго чакала калісьці Гануля, i глядзіць таксама з-пад рукі, але куды быстрэйшым вокам на любую ваду, усю ласку i ўсе капрызы якой ён вывучыў не горш, чым натуру свае нябожчыцы, а дно азёрнае — лепш, чым падлогу роднай хаты.

Па даўняй звычцы i сёння адстаўны «кароль вугроў» падняўся на досвітку. Унучкі яшчэ спалі на шырокім ложку ў запеку — куды рука, куды нага. Нявестка ціха кешкалася над імі, пачынаючы апранацца. Накрыўшы кепкай нерасчасаную сівізну, дзед выйшаў з хаты, асцярожна рыпнуўшы дзвярыма. Збіваючы шэрымі калошынамі расу з зялёнага бульбоўніку, стаўляючы сухія, загарэлыя ступакі неяк крыва, нібы ён на ўсякі выпадак стараўся лепш трымацца за зямлю, стары падаўся па той самай сцежцы-баразёнцы ўгару, на той самы сямейны назіральны пункт. Ён спяшаўся, але, узышоўшы на бліндаж, нібы замёр, гледзячы туды, адкуль вось-вось павінна было паказацца сонца.

На ўсходзе, за ціхай затокай, за соснамі на далёкім узгорку якраз цяпер палыхнуў язык полымя… Не, гэта не здалося: ён усталяваўся, пачаў разрастацца, набіраць паўкруглую форму i нарэшце, наліўшыся ў барвовы круг, зусім непрыкметна адскочыў ад зямлі. I амаль адразу ўсунуўся знізу ў хмарку, што зацягнула ў тым месцы далягляд.

12

Свінства.

13

Даслоўна — «дзіця чалавечае», адпавядае беларускаму «хлопча».

14

І ты таксама тут, мой дарагі?

15

Гэта ўжо проста смешна!..