Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 56 из 136

Затармазіў, як высветлілася, не Жылінекі, а Моніч, — лопнула камера.

Адна за адной, машыны спыніліся, і, адзін за адным, яшчэ тры розныя чалавекі выйшлі з кабінаў,— рабы ад воспы, суталаваты і даўгарукі Жылінскі, мужчына ціхі і вельмі старанны, але без удачы; малснькі Моніч, чорны, кучаравы і хітры, як цыганчук; нарэшце — Буслік, стары, бывалы шафёр, які за вопыт свой быў бы ў вялікай пашане, каб не чарка, якой ён кланяўся даўно і з рознымі прыгодамі. Галоўнай і пераломнай у лёсе Бусліка была прыгода яшчэ даваенная, калі ён на «эмцы» звёз свайго началыйка па сходах аднаго бульвара і не пазбавіўся правоў толькі таму, што начальнік таксама быў чала-век душэўны і чарцы не вораг.

Цяпер, адчыніўшы дзверы кабіны, Буслік стаў на крыле і зацягнуў:

Стары, вядома, быў не п'яны.

— Здаровы, хлопчыкі! — гукнуў.— Пяць чалавек з махорачкай — да мяне!

I ён закашляўся.

— Дазвольце далажыць, — звярнуўся, скончыўшы, нарэшце, кашляць, да Сцяпанавіча. — Моніч учора кагосьці памацаў, а сёння, як і водзіцца, — няўдача. Сын, Недасек, сабе намалоціш, — усміхнуўся ён з-пад вусоў Васілю, трымаючы ў прыкметна дрыжачых руках кавалак газетнай паперы.

— А ты, Герасім Пятровіч, пакінуў бы курыць. Не на здароўе гэта, — сказаў Сцяпанавіч.

— Ат, хутка я, браце, пакіну ўсё. Вось толькі б яшчэ разочак паляжаць на сонцы.

— Ну, паляжаць не ўдасца, — яшчэ больш важна сказаў Сцяпанавіч. — I так спазніліся. Па машынах!

— Што ж, без каманды войска гіне. Хлопчыкі, пайшлі! — звярнуўся стары да ўсіх і зноў, ад трэцяй зацяжкі, закашляўся.

Сцяпанавіч, як і належыць, рушыў першы.

А Недасек чамусьці замарудзіў. Санька, не вытрымаўшы, адчыніў дзверцы кабіны і выглянуў. Як-раз у гэты момант выглянуў і Васіль.

— Што? — гукнуў Санька, не могучы праз гул матора разабраць, чаго хоча таварыш. Ды вось з усёй неразбярыхі слоў пачулася: «Фамут», і Васіль паказаў на машыну Сцяпанавіча, што была ўжо даволі далёка.

— Ідзі ты к чорту! — засмяяўся Санька. — Паганяй!

Ён сеў, зачыніўся, і дужы, паслухмяны грузавік яго пайшоў.

Усё зразумела: і Васіль — чалавек не злосны, а яму проста весела, і Сцяпанавіч — не вялікі начальнік, а проста любіць паважнічаць.

Ветрык з'явіўся адразу, забегаў па шчоках Санькі, ласкава-халаднаватай хваляй урываючыся праз левае акно. I радасць зноў прыйшла — з Ірачкай, з мамай, з яго новаю працай, з цудоўным адчуваннем волі…

Санька заспяваў.

УСМЕШКА

Толькі што адшумела навальніца, і па вуліцы вёскі бягуць вясёлыя мутныя раўчукі.

Я стаю каля варот бацькоўскага двара, і мне вельмі хочацца зняць свае модныя туфлі, прайсціся па быстрай дажджавой вадзе, памясіць нагамі цёплую, пухкую гразь…

Мяркуючы па тым, што я яшчэ не зрабіў гэтага, а толькі раздумваю — я ўжо даўно не малы. Ды я не адчуваю чамусьці ні цяжару гадоў, ні адказнасці за свае паводзіны: я проста рад, можа, нават не менш, чым рады бываюць у такі час малыя.

На захадзе з-за хмар выглянула сонца. З узгорка ўніз па вуліцы ідзе белы, зусім сухі і чысты бычок, а на бычку сядзіць гадоў пяці-шасці дзяўчынка, што таксама не была пад дажджом.

Бычок ідзе паволі, нават салідна, упарта і горда несучы наперад свой шырокі пародзісты лоб з тупымі шэрымі рожкамі.

Дзяўчынка сядзіць на бычку не так, як хлопцы, а бокам, спіной да мяне, нібы знарок схаваўшы свой твар, напэўна, шчасліва і смешна сур'ёзны, свае, вядома ж, загарэлыя ножкі.

Сонца прасвечвае цераз мокрае, бліскучае лісце бяроз, і на мелкай гразі, нядаўна затупанай слядамі каровіных капытоў, на гаманлівай вадзе і на шэрых штакетах за раўчуком ляжыць рухавая сетка ценю. Калі бычок са сваёй амазонкай уваходзіць у гэты цень, па іх гуляюць сонечныя зайчыкі.

На ўсходзе, куды накіравалася, яшчэ не ўсё аддаўшы, цёмна-сіняя хмара, красуецца вясёлка. Пад вялізную арку яе ідзе вясковая вуліца, а па вуліцы, нібы ў краіну казачнай радасці, едзе светлагаловая дзяўчынка, гулліва пастукваючы пятамі па баку свайго верхавіка.

Трохі воддаль за імі ідзе, таксама босы, бацька дзяўчынкі. Ідзе і ўсміхаецца, бо думае, відаць, што дзіця — заўсёды дзіця, заўсёды радасць, ці хлопец гэта, ці дзеўка.





Але дзяўчынка тым часам праехала міма мяне і там, дзе шумлівы, пеністы раўчук ад плота разліўся на сярэдзіну вуліцы, пачала раптам з'язджаць з хрыбта свайго бычка і, пакуль я сабраўся бегчы ёй на дапамогу, з'ехала і шлёпнулася, села ў мелкую ваду!..

Пакуль мы з бацькам малое падбеглі туды, паспела адбыцца самае цікавае, самае вясёлае ў гэтай гісторыі.

Белы бычок прыгнуў лабастую галаву, наблізіў вільготную казытлівую пысу да твару свае сяброўкі і панюхаў яго, а дзяўчынка працягнула загарэлыя рукі, узялася за рогі бычка, адкінула назад светлавалосую галаву і, смеючыся, устала.

— Ой, татачка! — гаварыла яна і, не могучы дакончыць, звонка смяялася і паўтарала: — Ой, татачка! Ой!

І мы смяяліся ўтраіх, — так весела, так непаўторна молада, што я не вытрымаў больш і… прачнуўся.

1956

ГАСПАДАРЫ

У клубе добрага калгаса сход. У будзень, але святочны. Больш за сто цётак i дзяўчат атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі — за лён, якім славіцца гэты куток Наднямоння.

Смешнавата-ўзварушлівы шык. Людзі гэтыя лепш умеюць працаваць, чым браць узнагароды. Кожная, каго выклічуць, выходзіць з-паміж радоў на праход, няёмка ўсміхаючыся, ідзе да стала прэзідыума i загадзя трымае руку, каб падаць яе старшыні райсавета, «так, як i ўсе», ківае галавой i кажа «дзякуй». Дзяўчаты не надта прызвычаены пастукваць высокімі абцасікамі святочных туфляў. Медалі ўсе начэпліваюць адразу ж, толькі сеўшы, i радасна, як дзеці, усміхаюцца.

Сухенькая, смяшлівая бабка:

— Ну вось, счас i я ўкрашу сваю грудзь!..

Ідзе, a ўсе дабрадушна смяюцца.

Выступаючы, большасць стараецца гаварыць, як i бабка, культурна: «клімацічаскія ўсловія нам не дазволілі…»

Толькі адна кабеціна — пасля даведаўся: жыве ўдавой, сын, лейтэнант, у арміі, дачка, студэнтка, у Мінску — гаварыла коратка i пасвойму:

— Семсот пукоў абабілі, а пяцьсот яшчэ не. Але абаб'ём i гэты. Што я тут буду болей гаварыць! Стараемся, як толькі можам, бо трэба.

Пасля сходу, вядома, танцы. I льнаводкі, i маладыя настаўніцы мятуць польку — не наглядзішся.

1956

КАР'ЕРА

Здаравенны хлапчына, якога з маленства, дзеля смеху, называлі Пётр Пятровіч, пры буржуазной Польшчы пяць год сядзеў у турме «за камуну», у вайну быў у партызанах, а пасля вызвалення — з вельмі лёгкай рукі мясцовага начальства — узышоў на цярністую сцежку кіраўнічай працы.

Амаль непісьменнага хлопца прызначылі спачатку кіраўніком раённай канторы дзяржбанка, пасля загадчыкам нарыхтоўчай канторы, пасля старшынёй сельсавета i нарэшце старшынёй сельпо.

Кіруючы банкам, Пётр Пятровіч толькі падпісваў паперкі, што яму ні падсоўвалі, вельмі цьмяна ўяўляючы змест пераважнай большасці дакументаў.

— Што ты мне тутака плявузгаеш! — грымеў ён на бухгалтара. — Я падпісаў — усё. А мала табе раз — другі раз падпішу!..

У нарыхтоўчай канторы ён сам, i вельмі ахвотна, быў часамі грузчыкам, памагаў сваім хлопцам.

Як старшыня сельсавета, пабіў аднаго дэпутата. Слухалі на бюро райкама.

— Ну, я ж усё ж такі яго начальнік, — апраўдваўся Пётр Пятровіч. — Усе мы ўжо сабраліся, сядзім, яго чакаем. Раз я паслаў па яго, другі раз — не ідзе. Пайшоў я сам. Сядзіць, гад, ды зацірку мурзае. Ну, узяў я тую міску ды надзеў яму на галаву. Падумаеш — так ужо абрамізіў!..

У сельпо Пётр Пятровіч вельмі хутка замурзаўся сам.

Не так замурзаўся самахоць, як замурзалі памагатыя.

І вось ён памёр недзе ў турме ці ў лагеры. Падпольшчык, партызан, дый хлопец, урэшце, нядрэнны, калі б яго не ўздымаць без патрэбы i меры…