Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 37 из 136

Тут з прарэзлівым ровам над вершняком шуганула вялізная цёмна-срэбраная птушка. Хлопцы раптоўна прыселі, Ліда нават упала, з ускрыкам затуліўшы сабой Верачку. Жэнька паспеў заўважыць, як з-пад крылаў жалезнай птушкі, здаецца, проста пад імі аддзяліліся два прадаўгаватыя прадметы.

— Бомбы!..

Яны распіралі паветра і доўга, бясконца доўга сіпелі, вылі, спяшаючыся ўрэзацца ў зямлю. Гэта толькі здалося, што яны адарваліся з-пад крылаў над самай галавой: два страшныя выбухі, адзін за другім, скаланулі паветра воддаль ад іх. Што там людзі і конь, — нават зямля захадзіла ад выбуху! А потым пайшлі асколкі. Адны з іх тонка, як пчолы, звінелі па ворсе, збіваючы галінкі і лісцё, другія гулі таўсцей, як чмялі, і злосна чокалі, уядаючыся ў галлё і камлі. Адзін — вялікі і зычны — дайшоў праз гушчар зусім блізка, да гэтай вось стромкай алешыны. Падсечаная, яна нездаволена крахнула, пастаяла нейкі, амаль няўлоўны, момант, а потым памалу паехала ўніз. Зачапіўшыся верхавінай за верхавіну другой, малодшай алешыны, неяк дзіўна выкруцілася ўбок і, цярэбячы голле сяброўкі, гупнула на траву. Тады ўжо, вырываючы з рук павады, шарахнуўся зусім спалоханы конь.

Да Жэнькі страх прыйшоў пазней, калі, пакрываючы зумканне апошніх асколкаў, заплакала, задыхаючыся ад жаху, маленькая дзяўчынка.

— Пойдзем, Ліда, з намі,— сказаў ён. — Не плач.

Але куды ж ісці?

Некуды ж вось ідзе гэтая вузкая лясная дарожка…

Дык і яны пайшлі туды.

Праз некалькі хвілін даронага раптам здрадзіла. Абмінаючы мокрую лагчыну, яна павярнула крута ўлева, якраз туды, адкуль найбольш блізка чуваць быў агонь. На поўдні грымела таксама. Вольным пакуль што заставаўся толькі ўсход. А на ўсходзе, абыякава да гэтай жменькі людзей, распасцерлася парослае хмызняком балота.

— З канём сюдой не пройдзеш, — сказаў Серада.

Ён рассядлаў каня, сядло на ўсякі выпадак закінуў у кусты, пасля, нібы дома, на грачаніцкім выгане, зняў і аброць. Тады нават хлёстка, як гаспадар, закончыўшы сяўбу, сцебануў каня аброццю па хвасце і, ледзь што но весела, крыкнуў:

— Эн, Сівы!.. Усё, па вайне!..

Недарэчная думка аб тым, што за імі загінула ўсё, была вось гэтак выказана ўпершыню.

Відаць, для таго, каб яшчэ больш апраўдаць яе, Серада працягнуў да сяброў руку з акрываўленым пальцам.

— Перавяяшце каторы, — сказаў ён.

Жэнька здзіўлена паглядзеў на яго, памаўчаў, а потым левай, здаровай рукой выняў з кішэні хусцінку.

— Вазьмі. Яна яшчэ трохі чыстая.

4

Яны прабіраліся на ўсход па балоце, парослым кустамі. Скакалі па куп'і, спатыкаліся па найбольш хісткія, тканню падмураваныя купіны, правальваліся або падалі, гразлі, выбіраліся зноў і зноў упарта ішлі наперад.

Першы ішоў малы, каржакаваты Серада. За ім спакойна, шырока ступаў вечна маўклівы Тадорын Іван, худы, жанаты мужчына. Ён нёс два аўтаматы — Жэнькаў і свой. За Іванам спяшалася Ліда. За Лідай — самы малодшы, высокі, яшчэ па-юнацку ссутулены Жэнька. Правая рука яго, прастрэленая, вісела па перавязі. Няваяша, наспех перавязаная рана яшчэ ўсё — чуваць было хлопцу — крывавіла, а пальцы рукі звісалі з бінта, як перабітае крыло. Бровы пад лінялай армейскай пілоткай былі насуплены, а чорныя вочы глядзелі панура — не толькі ад болю…

Страляніна і выбухі мін і снарадаў памалу сталі прыціхаць, аддаляцца па захад. Больш выразна чуваць былі выбухі самалётных бомбаў. Некалькі разоў над балотам, заганяючы хлопцаў і маладзіцу з дзіцём у кусты, нізка гудзеў бамбавоз ці тарахцеў, падобны на страказу, самалёт-разведчык.

Найцяжэй было Лідзе. Скакаць па куп'і з цяжарам, утрымліваць раўнавагу з запятымі рукамі, падаць так, каб не ўдарыць дачушку, і ўставаць разам з ёю, — было але вельмі зашмат на жаночую сілу.

Ужо два разы маўклівы Тадорын Іван спыняўся і гаварыў:

— Дай, можа, я паднясу.





І два разы яна адказвала:

— Нічога. От ідзі.

Тым часам сонца схіліла з поўдня. Маці сама не адчувала б таго, што ад рання яе сушыць смага, што галодная, — сама не ўспомніла б, дык кажуць аб гэтым грудзі. Верачка цягне і плача: прапала малако. Звыш таго, малой было зусім незразумела, навошта ёй цярпець усе гэтыя непрыемнасці, і яна рашуча пратэставала. Пратэст гэты выказваўся адзіным для маленства сродкам — плачам, які цяжка было супыніць. Яна то сціхала парою, стомленая ці супакоеная лягчэйшай дарогай, то зноў, пры новай цяжкасці, заходзілася плачам. Маці туліла яе, галубіла, прасіла і папракала, быццам дарослую, плакала нават са злосці, а потым, зноў уявіўшы, што можа здарыцца з гэтай светлай, маленькай галоўкай, цалавала дачушку яшчэ гарачэй, прасіла ў яе прабачэння…

З усіх сіл намагаючыся не адстаць ад мужчын, Ліда напружвала ўсю сваю ўвагу ў той бок, адкуль яна баялася пачуць страшнае слова аб тым, да чаго можа давесці іх гэты плач… Ёй хацелася злавіць кожны найменшы позірк папроку і злосці. Хацелася проста самой заглянуць у кожную з гэтых трох душ, каб дакладна і найхутчэй даведацца, што хлопцы думаюць…

Праўда, хлопцы пакуль што маўчалі.

Толькі адзін Серада гаварыў.

Бо вось ён стаў як быццам нейкім камандзірам, лепш сказаць — павадыром. Ён узяўся правесці іх туды, дзе ёсць, як ён кажа, зусім надзейная схованка. Доступ туды ведае толькі ён адзін. Іхняя вёска Грачанікі — усе лесуны, толькі і жылі з заработкаў у лесе.

— Туды, браток, — гаворыць ён, — нават баба Ганна не дойдзе. Па гэты самы бабскі жывакост. Мяне бацька-нябожчык вучыў. Пры Польшчы — не так, а вось у саракавым, як Саветы прыйшлі, вось тады, браток, пачаў я аграбаць капейку. Тады мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка, дый толькі. Пра нас з Сабалёвым Іванам нават газетка пісала: ударнікі…

Ён расказвае пра тую бярозу-чачотку, з якой нешта робяць у самалётах. Яна расце недзе там, у найбольшай глушы, куды іншыя людзі могуць прайсці толькі зімой, як перамерзне балота. Недзе там, на адным з тых балотных астравоў, дзе фашысты не знойдуць Верачку. Абы толькі ён, Серада, не заблудзіў. Абы толькі дзіцятка маўчала…

Ой, мамачка, зноў!.. Зноў спатыкнулася, упала, пусціла адну руку, каб абаперціся і ўстаць. А яна праз траву палезла ў гразь — аж па локаць… Дзякуй табе, Іван, — ты зноў дапамог. А малая заплакала зноў. Ах, ды ціха ты, ціха, гора маё!..

— Каб я не знаў дарогі, не павёў бы, — чуваць спераду той самы голас. — Давяду. Там мы як у бога за пазухай прасядзім. Вось толькі што музыкі з намі зашмат. Пачуюць недзе немцы і — па ўсім. Бяда.

— Ну, ды ціха ты, ціха, дачушка…

Жэнька моўчкі ішоў за Лідай, перамагаючы боль, моўчкі слухаў плач малое, бясконцае гугненне Серады і думаў:

«…Чаму ён так крыкнуў на Сіўку: „Усё, па вайне!“? А гэты палец, які ён нават з радасцю нам паказаў?.. Чаму ён, такі ваяка, сілай нядаўна выцягнуты з хаты, такі таўкач, раптам адчуў сябе начальнікам? Ён завядзе ды схавае!.. Толькі вось Ліда перашкаджае яму. Ды нават не Ліда, а Верачка… Чаму ён забыўся і пра забітых сяброў, і пра тое, што сёння робіцца ў вёсках, — колькі нашых бацькоў, і малых, і дзяўчат расстраляна ці спалена ад рання?.. Можа, Шурка зусім не забіты, а толькі паранены? Можа, недзе яму накладаюць па шыю вяроўку, а ён, як заўсёды спакойны, збірае апошнія сілы, каб плюнуць у вочы кату?.. А дзе таварышы — уся брыгада?..»

…Пад вечар іх спыніла рэчка. Яна была нешырокая. Серада знайшоў ламачыну, памераў глыбіню. Нельга нават пазнаць, дзе пачынаецца дно: ламачына лезе і лезе… Знайшлі паблізу зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Перакінулі — якраз хапіла. Праверыць, ці вытрымае, найшоў Тадорын Іван. Ён разуўся на кожны выпадак і накінуў тут зброю. Перайшоў, датрывала. Тады пайшоў Серада з аўтаматамі. Жэнька застаўся апошні — таму, што Ліда стаяла збоку, чакаючы.

— Дай, можа, Верачку мне, — сказаў ён. — Ты ж змаглася.

А яна паглядзела на яго неяк дзіўна і толькі сказала:

— Ідзі.

— Ды што ты, Ліда?..

Яна паўтарыла таксама:

— Ідзі.

А потым дадала: