Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 36 из 136

І вось яна, тая бяда, падкралася непрыкметна.

Гэта сталася перад самай касавіцай. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. У Дуброве за Градкамі, дзе быў мост насупраць лагера брыгады «Сокал», бой разгарэўся надоўга. А ў Лядах заставу — пятнаццаць хлопцаў — разграмілі аж надта раптоўна.

Ліда толькі паспела ўсхапіцца з пасцелі, зірнуць у акно і выбегчы на двор, а людзі ўжо беглі, уцякалі ў пушчу: старыя, дзяўчаты, дзеці… Схапіўшы адно, чаго ёй нідзе і ніяк немагчыма забыцца — сваю сонную, цёплую Верачку, — паляцела і Ліда.

Ззаду, на Нёмане і ў вёсцы, чуўся крык, страляніна, узнімаўся пажар. Над галовамі ўцекачоў, абганяючы іх, звінелі кулі, а міны цяжка гупалі то тут, то там, злосна брызгаючы вакол сябе вісклівымі асколкамі. Дарогай і полем, па зелені збожжа, бегла многа людзей. Ліда з дзіцем ніяк не магла іх дагнаць. І не таму, што цяжка было ці нязручна, а таму, што, як толькі яна кідалася бегчы хутчэй, малая прачыналася і зноў заходзілася плачам. Толькі з Верачкай дабегла яна да першых каля лесу кустоў — і там ужо нікога не было. Кустамі, калечачы босыя ногі (тут толькі ўспомніла пра боты пад ложкам), дабегла да бярэзніку. Пасля ўбілася ў росны гушчар і, ныраючы пад галлё, сарвала хустку, парвала сукенку і двойчы спатыкнулася. І толькі тады, калі спатыкнулася на ламачыну трэці раз і ледзь-ледзь не ўпала, Ліда пайшла памалу, тулячы дачушку да задыханых грудзей.

— Ціха, ціха, галубка мая, — гаварыла яна. — Ну, не плач…

А сама ўжо гатова была і заплакаць.

Яна засталася адна. Спераду быў толькі лес, а на руках — дзіця, з якім не паспяшаешся, нікога не дагоніш.

Ды і як даганяць, куды бегчы? А тут, глядзі, дагоняць і цябе… Вунь як страляюць — бліжэй ды бліжэй…

Гэты жах нарадзіў недарэчную думку аб тым, што ўсё, што за ёй, — загінула. А цяпер… а цяпер і яна…

— Ціха, ціха, малая мая… Ну, не плач…

Вусны шапталі, прасілі, а вочы ўжо плакалі…

Сонца толькі што выбралася з-за дрэў у чыстае неба, калі маладзіца, усё ўцякаючы ад грукату гармат і страляніны, наткнулася ў гушчары па трох узброеных людзей, адзін з якіх трымаў за павады каня. Спачатку, не пазнаўшы іх, яна жахнулася, а потым радасна ўскрыкнула:

— Хлопчыкі!..

Там былі: Жэнька Саковіч, Тадорын Іван і Серада з Грачанікаў. З імі больш года партызаніў яе Андрэй.

2

Тры партызаны, адзін з іх паранены і толькі адзін з канём, — вось і ўсё, што засталося ад разведкі іх атрада.

…Гэта сталася так нечакана і хутка.

На досвітку яны вярталіся з задання. Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім пяску. Коннікі зноў пачалі гаварыць і закурваць.

Вызначаючы кароткі начны шлях бяссоннага летняга сонца, па поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Сонца, якое, здаецца, так нядаўна села амаль па паўночным захадзе, перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход і спынілася, каб пачаць памаленьку выплываць наверх. Яно было яшчэ глыбока за пушчай, таму што над грэбенем лесу яшчэ ўсё нясмела займалася сапраўдная зара ўсходу. А па меры таго як яна разгаралася, рэшткі вячэрняй зары патухалі. Вось-вось павінен быў прачнуцца ў збожжы першы жаўранак і, атрасаючы свежыя кропелькі з шэрага, цёплага пер'я, узняцца пад полем, абвяшчаючы захопленым шчэбетам пачатак новага дня.

Шура Сучок ехаў сёння далёка спераду. Каштанка аднастайна тупала, нудна парыпвала сядло. Аўтамат, як заўсёды, вісеў перад грудзьмі. Нават і Шура, вельмі асцярожны і ўважлівы хлопец, глядзеў наперад спакойна. Вось толькі пераехаць гасцінец, праехаць каля гэтых вёсак, а там трохі лугам — і лес. Ды і вёсак, дакладна кажучы, няма: гэта адно Загароддзе, якое ляжыць па ўзгорках абапал звілістай рэчкі Вушанкі. Падаючы кірунак усёй групе, каля першай палавіны вёскі Шура павярнуў управа, пераехаў шырокі пясчаны гасцінец і патупаў з узгорка ў лагчыну, да мосціка…

Нядаўна з Шурам здарыўся адзін, здаецца, нязначны выпадак, які запомніўся хлопцам у атраднай разведцы. У тую ноч яны былі на заданні пад самым бокам фашысцкага гарнізона. Шура стаяў на пасту за апошнім будынкам вёсачкі. Калі ж па яго пасля паехалі, хлопца не знайшлі на ўмоўленым месцы… Устрывожаныя сябры кінуліся шукаць. Сучок стаяў за дрэвамі, не больш трохсот крокаў ад першых дамоў мястэчка, дзе пачыналіся гарнізонныя драты.





«Ну, і да чаго ж гэта? — крычаў пасля камандзір. — Каму гэта патрэбна было б, каб цябе раздушылі, як хрушча? Эх ты!..»

«Я, каб што-небудзь такое, — апраўдваўся Шура, — спачатку даў бы вам знак, каб вы змаглі спакойна адысці».

«А сам?»

«Сам? Чорт яго ведае», — засмяяўся збянтэжаны хлопец.

Ён быў, як аказалася, зусім не падрыхтаваны да такога пытання. «Сам, — сказаў ён на скорую руку, — таксама нешта рабіў бы…»

Гэты дробны выпадак яшчэ раз паказаў разведчыкам, пра што менш за ўсё задумваўся іх сціплы, маўклівы таварыш, якому толькі цяпер, на другім годзе прабывання ў атрадзе, пайшоў васемнаццаты год…

Як толькі Каштанка затупацела па дошках мастка, Шура ўмомант заўважыў, як у другой палавіне Загароддзя ад гумна да хлява мігнуўся, перабег, прыгнуўшыся, нехта чужы. Ззаду былі таварышы, і Шура даў ім знак, узмахнуўшы рукой, а сам ірвануўся туды, да гумна…

Пакуль юнак, прашыты чаргой кулямёта, паспеў асунуцца ў нейкую цёмную бездань, у лагчыне паміж дзвюма палавінамі вёскі з усіх бакоў затрашчаў перакрэсліш агонь. Разведка апынулася ў пастцы.

…Жэнька Саковіч падумаў спачатку, што ён апамятаўся першы і ад яго пачалося тое, што яны, чатырох з дзесяці, сабраліся на ўскраіне лесу. Таксама мог думаць і кожны: гэтак цяжка было зразумець, як яны змаглі вырвацца з кальца знішчальнага агню.

Каля рэчкі, на першай прагаліне лесу, яны зноў напароліся на кулямёты. Цяпер стралялі з танкаў, замаскіраваных у кустах. Тут застаўся яшчэ адзін таварыш, вясёлы Ляўко, тут пад раненым Жэнькам забілі каня, і тут ужо хлопцы дагадаліся, што справа — не так сабе, што гэта не звычайныя засады. Калі ж неўзабаве, як быццам па сігналу гэтых дзвюх засад, на поўначы, відаць, каля брыгаднай пераправы на Нёмане, разгарэлася кулямётная траскатня, узмоцненая выбухамі мін і грукатам гармат, — усё нарэшце зрабілася ясна…

3

— Дык што ж гэта робіцца, Ліда?!

Пытанне прагучала недарэчна. Злосны — то зноў нарастаючы, то крышку радчэйшы — трэск кулямётнага агню ўсё больш ды больш набліжаўся. Выбухі мін і снарадаў лажыліся недзе зусім недалёка. Хто з партызан мог звярнуцца з такім запытаннем да жанчыны, якая і так была амаль непрытомнай ад жаху? Хто яго ведае, — кожны, здаецца, гатоў быў спытаць. Яны стаялі навокал Ліды. Яна ж была адна з таго боку, ад Нёмана, адкуль пачалося. Аднак і яна не магла ім нічога сказаць, дзе брыгада, дзе іхні атрад, як далучыцца да сваіх… Яшчэ горш: вось яна, зусім не званчэючы на іх прысутнасць, вызваліла з-за станіка поўную, маладую грудзь. Дзіцёнак прагна ўткнуўся ў яе, прытуліўся і змоўк. Тады Жэнька, як быццам успомніўшы нешта, дастаў з сумкі пакецік бінта і, працягнуўшы яго Івану, папрасіў:

— Вазьмі, брат, падвяжы ты мне руку па шыю: пошта цяжкая стала.

— Дык ты паранены, Жэня?.. — спалохана спытала Ліда.

— Нават і перавязаны ўжо, — усміхнуўся Жэнька, неяк сарамліва гледзячы на Ліду…

Яе маленькая, сагнаўшы першую смагу, пакінула ссаць, смачна цмокнула губкамі, паглядзела на траву і працягнула ўніз смешна маленькую ручку з ружовымі, расстаўленымі пальчыкамі.

— Ня, — сказала яна.

Маці, якая адна ведала мову дзяўчынкі, прызвычаеным рухам зашпіліла станік і машынальна, як быццам між іншым, нагнуўшыся да высокай лясной травы, скубанула рукой. Выскубла цэлую жменю, але маленькая ручка з ружовымі пальчыкамі знайшла ў гэтай жмені патрэбнае ёй. Гэта быў белы, пушысты, нібы дзіцячая шапачка з трусінага пуху, дзьмухавец. Як толькі пальчыкі малой згарнуліся на кветцы ў кулачок, ад кветкі засталося трошкі пуху. Ды і той быў зусім нясмачны. Засліненыя ружовыя губкі пачалі яго нездаволена і па-дзіцячаму няўдала сплёўваць. У іншы час толькі б смяяцца на гэтае цудоўнае нездавальненне!.. Нават і цяпер нешта цёплае заварушылася ў душы, але тут…