Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 19 из 136

Час ад часу толькі ўстае перад вачыма воблік старое ў валенках i незашпіленым кажушку… Яна ўсё ідзе за саньмі, якія даўно… не паўгода, а цэлую вечнасць таму назад везлі цябе да першай чыгуначнай станцыі. Ідзе, спатыкаецца, нахілілася супраць ветру. Ужо не толькі слёз, але i твару яе не відаць. Не, ты бачыш цяпер i гэтыя слёзы, i гэты воблік — адзіны i непаўторны. Ты мацуешся, хочаш узняцца i ўздымаешся туды, дзе думкі пра фашызм, пра нашу справядлівую вайну, ды ён усё ж вяртаецца — гэты воблік… I вось ты без слоў, але з тугой, якая недаступна для гэтай самотнай сірэны ў імгле, ты крычыш, пратэстуеш усімі сіламі маладое душы. Польскі салдат, беларускі юнак, ты паўтараеш перадсмяротны крык твайго далёкага, даўняга сябра, героя гаршынаўскага апавядання, якое i ты калісьці чытаў: «Маці мая, дарагая мая! Вырвеш ты свае сівыя косы, ударышся галавой аб сцяну, праклянеш той дзень, калі нарадзіла мяне, у весь свет праклянеш, што выдумаў на пакуту людзям вайну!..»

На досвітку мы нечакана пайшлі ў наступление.

Ланцуг наш доўгі: направа — да мора, улева — да далягляду. Але ён рэдкі. Агонь лёгкіх гармат, які падтрымлівае нас, таксама рэдкі. Аднак i гэтае цёўканне падбадзёрвае. «Максім» расчлянёны: Філец нясе ствол, я згорбіўся пад станком з палазамі. Абапал — стралкі. Штыхі ix таксама не здаюцца бездапаможнымі. Нас не здзіўляе, здаецца, i тое, што вораг маўчыць. Падбадзёраны гэтым маўчаннем, наш порсткі прыгажун капрал Вайтыга крычыць, што ўвечары, псякрэў, мы будзем у Берліне!..

Ды што капрал!.. Мне ўспамінаецца міжволі каштан, камандзір нашай роты, салідны акулярысты сугней, яго прамова перад строем, напярэдадні баёў:

«Як будзем браць ix гарады — не напівацца!..»

Свае ракеты стрымліваюць наша левае крыло, выраўніваючы ўсю лінію наступлення. Тады відно, як хтосьці, стаўшы на адно калена, спешна хрысціцца, а хто, спусціўшы порткі, на кукішках, не менш нервова вызваляецца ад лішняга цяжару… Зноў ідзём. Гразнем у размоклай раллі, шалахцім бульбянікам, абарочваем мокрыя качаны капусты. Праходзім адну, другую вёску… Пустыя. За гародамі трэцяй кашубcкай вёскі — шырокі, нізкі луг. Рэдкія вербы. Тарфяныя ямы, поўныя вады. Пасвяцца каровы, — ix многа, i ходзяць вольна, без пастухоў.

Тут i канчаецца наш трыумфальны марш.

За лугам — вялікія ўзгоркі, на схіле якіх засеў у акопах вораг. Недзе адтуль на нас вось-вось абрынецца агонь артылерыі. Мы ляжым на мокрай траве. Нават лапаткі ёсць не ва ўсіх… Снарады топчуць нашу лінію некалькі доўгіх, бясконцых… мінут ці гадзін?.. Чуваць увесь ix шлях: ад гарматных ствалоў — па траекторыі — да выбуху. Адзін, другі… дваццаты… соты… Нячутна далятаюць i асабліва страшна разрываюцца «цяляты» марской артылерыі, да якой мы ніяк не прывыкнем. Раз-поразу чуваць, як урывана зараве, нібы ахне, працятая асколкам карова. Калі не ляжа адразу — зноў скубе… з нейкім жудасна мудрым, незразумелым спакоем. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву i час ад часу наслепа крычыць: «Агонь!» Я ляжу за вярбою, побач з якой — наш стары, узор 1908 года, станкач. Флегматычны Філец i цяпер, здаецца, спакойна выглядвае цэль. Зрэшты, гэта няцяжка, — у акопах немцы стаяць i ходзяць на поўны рост, што нам добра відаць i без бінокля.

На мокрым лузе побач з морам у нас няма нават i той перавагі над ворагам, якую аднойчы, — чытаў пра такое, — мелі над італа-фашыстамі абісінцы. Ветру няма, гэты луг не падпаліш, як афрыканскія джунглі, на ворага не пой дзе полымя. Толькі мы самі амаль такія ж бездапаможныя, як абісінцы…

Станкач наш дудзіць час ад часу, уздрыгвае, аддаючы апошнія патроны. Я ix таксама лічу, прапускаючы ў пальцах стужку. Капрал Вайтыга, не вымаючы носа з травы, зноў пытаецца:

— Адступаюць?!

Філец лаецца зноў, ужо неспакойна кідае сваё сілезскае:

— Пяр-ру-не, дзе ж там!..

I вось нарэшце ўсё — патроны канчаюцца. Мы застаёмся толькі з кінжаламі. Па статуту нам належацца пісталеты. Але дзе ж там, пяр-ру-не, калі i вінтовак усім не хапіла!..

Салдатаў не знаёмяць з таямніцамі ваеннай гаспадаркі. I нам невядома, чаму так атрымалася: прыйшла мабілізацыя, дый сам народ паўстаў, i раптам — няма чым узброіць? Хоць бы вінтоўкамі!.. Ну, а куды падзеўся амаль увесь той флот, апіраючыся на які паны крычалі, дамагаліся калоній у гарачых краінах? Чаму не лятаюць хоць тыя самалёты, што зрэдку ляталі перад вайной?.. Нічога мы не ведаем. Мы можам толькі дзівіцца ды абурацца — шэптам або моўчкі. Мы маем права толькі ведаць, шго нас мала, што пасля кожнай сутычк! нас яшчэ менш, што вораг выпрабоўвае на нас усе віды i калібры свае магутнай тэхнікі, што ён недасяжны для нашых штыхоў ды кінжалаў…

Аддаўшы станкачу апошнія патроны, я паварочваюся на спіну i ў той бок, адкуль мы прыйшлі, паказваю пустую скрынку. Адзін, другі раз… Зноў i зноў… Там недзе трэці нумар, кашуб Конке, грыньскі ламавы возчык.

Ён не адказвае на мой SOS.

I я паўзу туды сам. Усе мы доўгія, увесь наш батальён падабраны, відаць, для парадаў — па росту. Паўзці па голым лузе, на вачах у ворага, ды яшчэ такому бамбізе — недарэчна. I я бягу, лавіруючы паміж каровамі, пад музыку выбухаў i асколкаў.





Конке ляжыць у гародзе, упоперак грады, тварам у зямлю, i апошняя кроў яго сцякае з-пад жывата ў баразну. Побач, паміж галоўкамі капусты, — патронная скрынка. Спачатку я ўспамінаю, што гэта — апошняя, а потым, падняўшы яе, адчуваю, як шалахціць у скрынцы пустая стужка…

Вярнуцца на лінію не прыйшлося. Сябры сустрэлі мяне за капустай, на лузе.

Гэта ўжо быў не ранішні рэдкі ланцуг, a рэшткі яго, меншыя, чым заўсёды.

Першы бяжыць капрал.

— Немцы! — крычыць ён. — Немцы! Назад!..

За капралам — Філец з нерасчлянёным кулямётам на плячах.

За імі ў густой перадвячэрняй імгле вырысоўваецца некалькі рухомых сілуэтаў, i адтуль упершыню даходзіць да маёй свядомасці крык: «Гэн-дэ гох!..» На павароце за вугал цаглянага хлява капрал Вайтыга падае потырч на мокры брук з адчайным, хрыплым крыкам:

— Браця!!

На бягу заўважаю першую кроў на ягонай шчацэ, бачу, як ён хапае ротам паветра…

Другі голас даганяе нас з Фільцам на вуліцы.

— Хлопцы! Ратуйце! — крычыць Савіньскі, яшчэ бегучы з прыпаданнем на адну нагу.

Ен — са стралковай роты, мала знаёмы мне, аднак у крыку ягоным я чую апошні зварот капрала: «Браця!!»

Філец вымае галаву з кулямётнай рамы i з грукатам скідае наш станкач на брук. Відаць, не падумаўшы нават, што i статутам гэта прадугледжана. Мы хапаем Савіньскага пад рукі, бяжым, а ён абвісае, цяжэе з кожным нашым крокам. На прыгуменні заўважаю конныя граблі з тонкімі, плазаванымі аглоблямі. Падскакваю на адной з ix, — яна, нарэшце, ломіцца з хрустам. Распяразваем рамяні, вешаем ix, зашпіленыя, на плечы, прасоўваем у рамяні кавалак аглоблі, саджаем на яго Савіньскага i зноў бяжым. На шыях у нас — сутаргава-ўчэпістыя рукі таварыша. Словы яго пераходзяць у нейкі расслаблены, амаль дзіцячы лепет, просьбу, пяшчоту, якая болем адгукаецца ў душы…

За намі доўга трашчаць аўтаматы. Вакол нас, яшчэ ўсё абмінаючы нашы шырокія, трайныя плечы, спяваюць кулі. На бульбяным полі навокал цяжка гупаюць міны i ядавіта звіняць асколкі.

Пасля, за ўзгоркам, насустрач нам — дапамога. Ланцуг, таксама як i наш уранні, рэдкі. Бесказыркі матросаў, каскі, пілоткі пяхоты, штыхі нашы i штыхі французскія — можа, яшчэ з-пад Вердэна — тонкія, доўгія… Усё гэта у імклівым наступе нахшена наперад.

Усё на свеце — i страляніну, i выбухі мін — пакрывае наша «ўра!», i слова «браця» гучыць у ім ужо інакш, i слёзы самі коцяцца па маім даўно нямытым i няголеным твары… Хоць i не вернуцца, можа, i гзтыя, a ўсё ж мы — сіла, мы яшчэ сіла!..

Глыбокі, цёмны яр з кустамі i дрэвамі на абрывах. «Бабі дол», які праз некалькі дзён стаў апошнім апорным пунктам i месцам смерці нашага гарнізона. Гдыня, мы чуем тут, ужо захоплена. Для нашых раненых застаўся толькі вось гэты дом з белым палотнішчам на даху. На палотнішчы — вялізны чырвоны крыж, які ўсё ж не ратуе ад фашысцкіх авіякулямётаў.