Страница 134 из 136
Мы бачымся з Войцехам рэдка, пішам адзін аднаму вельмі мала, але даўно ўжо чытаем адзін адна го. Я яго нават перакладаў, а ён i пра маю асабіста кнігу, i пра нашу «Я з вогненнай вёскі…» у польскім выданні пісаў з належным разуменнем. А яшчэ мы з ім равеснікі, абодва салдаты трагічнага верасня трыццаць дзевятага года. Праўда, на год старэйшы, з адукацыяй, ён тады быў афіцэрам, пан падпаручнік Жукроўскі,— вялікі бар'ер паміж намі, якога даўно ўжо няма.
Цяпер тое, што мы гаворым пра Хэлм, перад вайною от сабе гарадок, якому суджана было ўлетку сорак чацвёртага стаць першым вызваленым польскім горадам, першай часовай сталіцай Народнай Поль шчы, цераз іншае штосьці, неабавязкова гістарычнае, у мяне ўвесь час прабіваецца толькі сваё…
Чырвонацагляныя, яшчэ з царскага часу, казармы, знешне нават прыгожыя, a ўсярэдзіне прасмярдзелыя дапатопнай санітарыяй. Жорсткая муштра, не ведаю, ці горшая, чым у якім-небудзь іншым войску, але ж так часта агідлая сваёй тупой аднастайнасцю, бруднакрыклівым прыгнётам маладой душы. Свае, толькі свае скупыя часіны, — уранні, да пабудкі, калі праз акно трэцяга паверха добра было вітаць вясковым роз думам усход сонца, увечары ці нават удзень, калі здаралася нейкая шчыліна свабоды i можна было ў закутку паміж ложкамі дарвацца да свайго галоўнага — што-небудзь пачытаць. У святы або на пасту «службовага», днявальнага па роце, ноччу той адзінокай свабоды выпадала зрэдку значна больш. У былой казарменнай царкве, ператворанай у «святліцу», была бібліятэка, без каталога, толькі з паненкай загадчыцай, недавучанай гімназісткай, якая міла-ветліва дазваляла браць усё, што знойдзеш сам.
У той бібліятэцы я ўпершыню сустрэўся з «Прыгодамі Швейка», старонкі якога вельмі адпаведна накладваліся i на нашу штодзенную салдацкую рэчаіснасць, там пачаў Рэймантавых «Мужыкоў», знайшоўшы толькі першы том, не кончыў Прусаву «Ляльку», бо i тут не хапіла другога тома, перачытваў па-польску Чэхава, Мапасана, браў на зуб іншыя выпадковыя кнігі, скажам, сухавата-патрыятычныя апавяданні Струга, не надта вальнадумную «Гісторыю Хрыста» італьянца Папіні, сёе-тое іншых аўтараў, менш цікавых ды значных. I не запомніў бы ix, каб не блакнот, каб не прывычка, — ужо прывычка на дваццаць другім годзе працоўнага сялянскага жыцця — запісваць тое, што ўпотай, шчасліва здавалася патрэбным, рабілася пра запас i з пэўнай рызыкай.
Гэты блакнот пранёс я i цераз палон, што было яшчэ больш рызыкоўна.
Вось адзін з тых салдацкіх запісаў, зробленых «службовым» кулямётнай роты на начным дзяжурстве:
«Чытаю, пішу, а на дварэ світае. Сям-там спознены туман, месяц — „кусок ртути“, арошаная зеляніна, мокрыя кветкі на спакойных яблынях. Чырыкаюць вераб'і, каркаюць вароны, кахкаюць галкі. Усё пацягнута лёгкай фіранкай сіняватай імглы… Душа мая поўная міру, любові, паэзіі. Успамінаецца раніца героя „Чатырох дзён“: „Серый полумрак поднимался з земли…“ Не, ні яму, ні мне „не да твару“ быць сторажам карабінаў i кулямётаў, гэтых страшэнных носьбітаў смерці, што цярпліва дрэмлюць у чахлах, сытыя, выцацканыя стараннымі рукамі „вольных i нявольных“…»
Зачараванасць літаратурай i юначы пацыфізм.
«Кусок ртути» — з «Карэнінай». «Чатырма днямі» Гаршына я быў у апошні год перад войскам не проста зачараваиы, я пераклаў ix i спадзяваўся выдаць. Не памятаю ўжо дакладна — асобна выдаць ці ў зборніку першых апавяданняў, які таксама не быў выдадзены. Атрымаўшы павестку, я паспеў за тыя лічаныя дні дома толькі ўсё сваё перапісаць i выслаць у Вільню, мяркуемаму выдаўцу.
A пацыфізм мой ішоў ад Талстога, гадоў з шаснаццаці. Наіўная, чыстая шчырасць яго, да чаго я толькі дакрануўся ў «Птушках i гнёздах», прайшла суровую праверку на перадавой пад Гдыняй, а пазней яшчэ раз у партызанах. У Хэлме, куды з Гдыні быў перанесены дурман рэкрутчыны, ён мне, той пацыфізм, прынёс нямала патайных пакут, хоць знешне я быў вясёлым ды кампанейскім хлопцам i нязгоршым салдатам.
Апроч кніг у «святліцы» былі яшчэ на сценах малюнкі Гротгера, графічныя цыклы якога, звязаныя з паўстаннем 1863 года, я памятаў ca школы. Цяпер, на салдата, непараўнана большае ўражанне зрабіў балюча-сумны «Накцюрн», — месяц i хмары над апусцелым полем крывавай сутычкі, а яшчэ больш — «Пасля бітвы», — твар, вочы i слёзы маці над забітым сынам… Штосьці блізкае да Гаршына, па-свойму пра адно, пра тое самае… Матчыны слёзы жылі ў маёй душы яшчэ ўсё свежым успамінам пра сваю, ужо на схіле сёмага дзесятка i слабенькую, якой я не мог здалёк нічым дапамагчы, апроч пісьмаў, двойчы на тыдзень, як абяцаў, з размалёўваннем свайго жыцця ў самыя светлыя колеры. А чалавечы пратэст супраць вайны — гэта той, ужо ў двукоссі, «пацыфізм», які жыве ва мне i сёння. Марай пра мір i дружбу паміж народамі, службай слова ў гэтым, адзіна разумным напрамку.
З тое гары ў асветленым усходам сонца парку хэлмскі раздзел свайго мінулага я ўспамінаў не толькі цераз салдацкі блакнот. Ён мне там вельмі дарэчы ўспомніўся, а дома, вярнуўшыся з падарожжа, перад тым як пачаць тое, што цяпер пішу, я яго перачытваў.
У ім я запісваў i вершы, да якіх тады вярнуўся пасля даволі доўгага па тых вымярэннях перапынку, пазбаўлены магчымасці пісаць прозу, у смак якое дома толькі што ўваходзіў. З тых вершаў найбольш удалымі паўтарыліся ў памяці радкі, навеяныя ка лісьці красой навакольнай прыроды. Цяпер палі за горадам былі па-восеньску голыя, у іншай красе, а мне яны ўяўляліся ў той даўняй вясновай ды летняй раскошы. Тое, што мы бачылі на вучэбных «вымаршах», часамі даволі далёкіх. Густое жыта ў мой высокі рост (сваім, у вёску, я пісаў тады: «аж радуецца сэрца гаспадарскага дзіцяці»), алыя макі ў прыдарожным збожжы, белыя з лёгкай сіняватасцю мазанкі, з саламянай страхой, з адным акном ад вуліцы, з мальвам! перад акном… Такое мне, як праз шчаслівы сон, падабалася з малечага падарожжа па Украіне, калі мы вярталіся з Адэсы.
Толькі польскімі на Хэлмшчыне былі прыдарожныя каплічкі ды крыжы, парныя вазы з адным канём пры не вельмі слухмяным дышлі, касцёлы, шыльды, мова, песні… Уголас усё было польскае. Нават i ў хэлмскай царкве, куды салдат праваслаўных вадзілі кожнай нядзелі. Поп служыў абедню папольску, i вельмі вымучана, недарэчна гучала ў яго паэзія стараславянскага слова, скалькаваная на польскую прозу, што вельмі прыкра, карыкатурна чулася мне ў вядомых са школьнага маленства песнапеннях. А мясцовыя цёткі ды бабкі шапталі нам, рассыпаным паміж імі: «Сідай, солдатіку, та відпочынь», бо каля сцен былі лаўкі, якія нам па-матчынаму саступаліся.
Была спроба i нас, чатырох у кулямётнай роце беларусаў, вярнуць «на лона веры бацькоў». У школе я чытаў у Рэймантавых нарысах «З земі хелмскей» пра пакуты мясцовых уніятаў, якіх царскія ўлады прымушалі пераходзіць у праваслаўную веру. Нас — толькі ўгаворвалі. I самае пацешнае было ў тым, што гэтай высокай місіяй заняўся сам «шэф кампаньі», ротны старшына, востры службіст i грубы гарлапан. На ўсе яго ненатуральна ветлыя, цяпер без прывычнага, штомінутнага «курва маць», нягег лыя аргументы я адказаў прытворна-нявінным пытаннем: «Пане шэфе, a ці абавязкова гэта для справы абароны айчызны?» Насач наш падумаў, а потым: «Ну, не сказаў бы…» i нешта яшчэ такое ж. Ды тут ён заўважыў на «рэкруцкай мордзе» падазроную Усмешку і, гаркнуўшы: «Марш, бараны!», патурыў нас з канцылярыі. Не сказаўшы галоўнага, пра што ў казармах гаварылася, — што пярэхрысту неўзабаве давалі «лычка» яфрэйтара i невялікі «урлёп», паездку дахаты.
Toe самае, зрэшты, адзін з салдатаў, за год да гэтага, зарабіў інакш. Паблізу ад палкавых складаў быў шпіталь гхсіхічнахворых. Адзін з няшчасных неяк вырваўся з жоўтага дома, дабег да дроту нашай высокай агароджы, палез на яе. I вартавы, крыкнуўшы двойчы папярэджанне, за трэцім разам выканаў загад. Сцішна было ад думкі пра такую магчымасць паехаць дахаты, чаго, вядома ж, вельмі хацелася…
Вершы не толькі пісаліся. Наш ротны санітар, каржакавагы, вусаценькі, прыязна ўсмешлівы Сеня, украінец, пісаў таксама. Ён пазнаёміў мяне з іншымі ўкраінцамі, з суседняга артылерыйскага палка, таксама санітарамі. Пад вечар, праз дзірку ў паркане (дзірка заўсёды была i будзе!) мы пралазілі на сумежную тэрыторыю, а там — у апусцелую ад начальства санчасць, «ізбу хорых», дзе заўсёды былі белая кава i белы хлеб, замест агульнай чорнай i чорнага, якіх маладому салдату ніколі не бывае ўдосталь i ад якіх часам! «ажно ржавела ў роце». Мы гутарылі там на дзвюх родных мовах, спявалі i чыталі вершы, бо быў яшчэ адзін паэт, з артылерыстаў, Апанас, не санітар, а таксама госць у санчасці.