Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 57 из 112

Дагэтулешнюю царкоўную арганiзацыю ў пэўнай ступенi закранулi i зьмены ў межах, адбытыя пасьля першай сусьветнай вайны: магутныя летувiскiя зборы адпалi пасьля стварэньня гаспадарства са сталiцай у Коўнi, маючыя багатую гiсторыю Слуцак i Койданава апынiлiся ў Беларусi i разам зь ёй у СССР. Структура ацалела практычна як збор у Вiльнi (разам са штучнымi дэ факта некалькiмi iншымi парафiямi), i ў дадатак скаланалася скандальнымi разводнымi працэсамi, розгалас пра якiя iшоў па ўсёй Польшчы. Зрэшты, не надоўга, бо пасьля 1945 г. гаварыць пра яе ўжо не выпадала[102].

Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.

Марцэлі Косман — вядомы польскі гісторык, прафэсар, доктар габілітаваны. Cпэцыялізуецца на дасьледаваньні гісторыі культуры і рэлігіі, гісторыі прэсы і палітычнай культуры, гістарычных узаемадачыненьняў паміж Польшчай, Летувой і Беларусяй. Яго апошнія творы — «Wilno — dawniej i dziś» (Wydawnictwo Adama Marszałka, 1993), «Poczet prymasów Polski» (Wydawnictwo «Spółka Wydawniczo-Księgarska, 1997), «Ogniem i Mieczem: prawda i legenda» (Wydawnictwo GMP, 1999).

Вальдэмар Лазуга*

Палякі і ідэя славянскай супольнасьці

У «Думках аб філязофіі гісторыі» Ёгана Готфрыда Гэрдэра вобраз славян зьяўляецца аднабаковым і амаль ідылічным: славяне ціхія, пакорныя, лагодныя, яны шануюць справядлівасьць і мір, яны нясхільныя да агрэсіі, але ім часта надараецца быць яе ахвярай. Яны пасіўныя ў няшчасьці і няздольныя стварыць гнуткай вайсковай арганізацыі. Яны ўяўляюць сабой супрацьлегласьць германцам і пагатоў азіятам, якім яны часта былі ня ў стане аказаць супраціву, плацячы крывёй за свае ўяўныя цноты.

Гэткай — на думку Гэрдэра — была мінуўшчына славян. Будучыня ўяўлялася не нашмат лепшай. Учорашняя слабасьць мела стаць заўтрашняй сілай, а ўчорашняя сіла — слабасьцю. Прагрэс цывілізацыі прывёў да таго, што заканадаўства і палітыка ў Эўропе спрыялі і пакліканы былі спрыяць ува ўсё большай ступені не ваеннаму духу, але ціхай працы і мірным гандлёвым стасункам паміж нацыямі. Таму славяне сваёй дабрынёй і лагоднасьцю ўжо даўно апярэдзілі сучаснасьць і найлепей падрыхтаваліся да спатканьня з будучыняй. У гэтым таксама палягаў іх вялікі гістарычны шанец.

Для Гэрдэра розьніцы паміж паасобнымі славянскімі этнасамі па сутнасьці не існавала. Засяроджваючыся на характаралёгіі і будуючы разнастайныя псыхалягічныя контраэфэкты, ён мала ўвагі надаваў разуменьню апрычонасьці гістарычных, асабліва меншых, этнасаў. Кожны без выключэньня славянін — незалежна ад таго, чэх ён або расіец — будучы пасіўным у мінуўшчыне, меў быць актыўным у прыйсьці. Дагэтуль ён няшмат зрабіў для агульнаэўрапейскіх дасягненьняў, але пэрспэктывы на будучыню меў харошыя.

Славяне, безумоўна, бачылі сябе інакш, менш «сынтэтычна». Расійцы і палякі стварылі вялікія дзяржавы, якія стагодзьдзямі супернічалі паміж сабой, кожная з гэтых нацыяў мела свой «залаты век» і гістарычныя прэтэнзіі, бо кожная брала чынны ўдзел у гісторыі Эўропы.



З канцэпцыяй Гэрдэра параўнаем, напрыклад, канцэпцыю гісторыі славян Станіслава Сташыца. Тым больш, што яна дакладна адваротная: не Эўропа зьяўляецца шанцам для славян, але славяне становяць шанец для Эўропы. — Хто ня даў пранікнуць усім дзікім, усім азіяцкім навалам у Эўропу? Палякі. Хто заўсёды затрымліваў нязьлічаныя орды татараў, башкіраў, калмыкаў, казакаў і туркаў, што несьлі меч і агонь у Эўропу, і разьбіваў іх на берагох Віслы, Буга, Дняпра, Дона і Днястра? Палякі. Хто ад бусурманскага ярма вызваліў сталіцы эўрапейскіх каралёў? Палякі...Такім чынам, не было ніякай прыроджанай пасіўнасьці славян, насупраць, Эўропа магла спакойна разьвівацца, бо на яе ўсходнім краі са зброяй у руках стаялі славяне — перадусім палякі, а таксама і расійцы, што сумленна, хоць і без энтузіязму, адзначае Сташыц.

Належыць дадаць, што ў багатай польскай публіцыстыцы мінулага стагодзьдзя гэты апошні акцэнт зьяўляецца хутчэй выключэньнем. Ужо Гуга Калантай, замілаваны ў зорку Напалеона і перакананы, што цывілізаваная Эўропа скончыцца на ўсходзе ад Польшчы, вылучаў Расію з «эўрапейскай рэспублікі». Нешта падобнае адбылося і з рамантыкамі, якія пасьля пэрыяду захапленьня хутка расчараваліся ў сваіх расійскіх калегах. Расія супольна з Прусіяй і Аўстрыяй ажыцьцявіла падзелы Польшчы, але потым пераможаны паляк з пагардай паставіцца да расійскага заваёўніка. Пачне нарастаць узаемная прадузятасьць. Дружба Пушкіна і Міцкевіча будзе кароткатрывалая. Пушкін напіша некалькі антыпольскіх твораў, поўных гневу на шалёныя задумы палякаў; Міцкевіч адкажа зьнішчальным памфлетам аб дзікіх расійцах. Аб супольных славянскіх каранёх тады гаварылі мала. Польская «нацыянальная філязофія» з пачатку XIX стагодзьдзя (упаасобку Браніслаў Фэрдынанд Трэнтоўскі) акцэнтавала асаблівасьці гістарычнага быцьця кожнай нацыі, а не супольныя элемэнты нацыяў. Усіх славян у сапраўднасьці характарызуе кантамінацыя элемэнтаў нямецкага ідэалізму і раманскага рэалізму, пісаў Трэнтоўскі. Гэта, аднак, не датычыць расійцаў, бо пад назвай славян у іх выпадку трэба разумець варагаў і ўсё, што паходзіць з Залатой Арды.

Расійцы, са свайго боку, не заставаліся ў даўгу. Аляксандар Герцэн, што пачынаў як «западник», а скончыў як славянафіл, пісаў, што каталіцызм палякаў супярэчыць славянскаму генію, і даводзіў, што за гэтую супярэчнасьць палякі заплацілі стратай незалежнага існаваньня. Іншы вядомы расіец, гісторык Мікалай Міхайлавіч Карамзін перасьцерагаў цара Аляксандра І ад спробы рэстытуцыі Польшчы, паколькі раней ці пазьней гэта паставіць на парадак дня пытаньне цэльнасьці межаў Расіі (дзе ж будуць межы гэтай рэстытуцыі?!). Нешта падобнае сьцьвярджаў Каткоў, гаворачы, што нельга сумясьціць ваду і агонь — свабадалюбных памкненьняў палякаў з сыстэмай самаўладзтва. Расійскі геній, такім чынам, палягаў у здольнасьці расійцаў да засяроджаньня ўлады ў адным пункце альбо дакладна ў тым, чаго палякам заўсёды не ставала.

Трагічныя польскія паўстаньні аддалілі абедзьве нацыі яшчэ болей. Адрозьненьні яшчэ больш увыразьняліся, падабенствы затушоўваліся. Палякаў агарнула панславянафобія што да ўсякай праявы расійскага славянафільства і Ўсходу наагул. Ідэалам стаўся Захад. Пагатоў што — згодна з моднай дыфузіянісцкай тэорыяй культуры — ён заканамерна вызначаў ход гісторыі, і Польшча, хоць і будучы «малодшай цывілізацыйна», памкнулася за ім. Час упадку ў XVIII стагодзьдзі, калі Польшча была падзеленая паміж суседзямі і адпаведныя памкненьні спыніліся, быў названы анамаліяй. Пасьля разгарнуліся спрэчкі, калі яна ўступіла на гэты шлях і што было прычынай гэтага. Пры гэтым паддавалася агульнай крытыцы перабольшанае ў нас замілаваньне свабодай, называнае некалі своеасаблівым рэакцыйным перажыткам, што зноў прыводзіла да супрацьстаўленьня палякаў і расійцаў. Расіец падаваўся адмаўленьнем паляка, паляк — расійца.

* * *

У 1848 г. адбыўся шырока вядомы славянскі зьезд у Празе. Думка аб яго скліканьні зарадзілася сярод розных славянскіх нацыяў зь неаднолькавых прычын. Харваты хацелі выкарыстаць яго для антывугорскіх выступленьняў, чэхі і сэрбы — для антыпрускіх, і ўсе разам — для выяўленьня славянскай салідарнасьці перад абліччам як нямецкага зьезду ў Франкфурце, так і цэнтралісцкіх памкненьняў вугорцаў. У прынцыпе зьезд павінен быў прапагандаваць ідэю таго, што тады называлася аўстраславізмам і вынікала з тэорыі славенскага мовазнаўцы Ернея Копітара (1780–1844). Згодна зь ёй, аўстрыйскім славянам належала быць салідарнымі, аднак такім чынам, каб ня толькі не аслабляць габсбурскай манархіі, але і ўзмацняць яе. Гэтага меркавалася дасягчы шляхам структурных пераўтварэньняў, накіраваных на стварэньне фэдэрацыі, якая засноўвалася б на этнічным прынцыпе. У Празе паступалі так, нібы гаворка ішла аб мяжы паміж маналітным славянскім сьветам, з аднаго боку, і нямецка-вугорскім — з другога.

102

Рэфармацыя стварыла перадумовы для ўзмацненьня кантактаў памiж Вялiкiм Княствам i Захадам Эўропы, у тым лiку дзякуючы выездам на студыi моладзi i кандыдатаў у духоўны стан, i, перадусiм, для больш iнтэнсіўнай iнтэграцыi Рэчы Паспалiтай. Тымчасам у летувiскай навуцы, не вылучаючы найнавейшых працаў, можна спаткаць тэндэнцыю ўвыпукленьня выняткавасьцi, спэцыфiкi, а таксама залiчэньня ў летувiсы людзей, зьвязаных паходжаньнем i культурным асяродзьдзем з каронай i рускiмi землямi Вялiкага Княства. Як прыклад пакажам тут на кнiгу: Lietuvos publicistai valstiečiř klausimu XVI a. pabaigoje — XVII a. pirmojoje pusëje, укладзеную I. Lukšaitë (Vilnius, 1976), дзе — пакiдаючы ўбаку iнтэрпрэтацыйныя падыходы — аналiзуюцца такiя «лiтоўцы», як Пётра Скарга, Аран Алiзароўскi, Марцiн Сьмiглецкi або Анджэй Волян. На гэта зьвярнуў увагу Х. Вiснэр у рэцэнзii на старонках «Odrodzenia i Reformacji w Polsce» XXIII, 1978, s. 243. Гэты гiсторыяграфiчны аспэкт вывучэньня Рэфармацыi заслугоўвае асобнага дасьледаваньня.