Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 55 из 112

У 1993 годзе Клачоўскаму была нададзеная годнасьць ганаровага доктара Гарадзенскага ўнівэрсытэту, а ў 1998 — унівэрсытэту Paris IV (Сарбоны).

8 красавіка 2000 году Ежы Клачоўскі падпісаў калектыўны зварот польскай інтэлігенцыі супраць актаў вандалізму ў дачыненьні да жыдоўскай меншыні ў Польшчы.

Сярод апошніх публікацыяў вылучым кнігу «Młodsza Europa. Europa Środkowo-Wschodnia w kręgu cywilizacji chrześcijańskiej średniowiecza», выдадзеную выдавецтвам «Państwowy Instytut Wydawniczy» ў 1998 годзе.

Марцэлi Косман*

Кальвiнiсты ў культуры Вялiкага Княства Лiтоўскага

Адметныя элемэнты й чужыя ўплывы

У выдадзеным у 1967 годзе сынтэтычным творы Е. Ахманьскага «Гiсторыя Лiтвы» чытаем: «Запачаткаваная Марцiнам Лютэрам у 1517 г. царкоўная рэфармацыя не магла абмiнуць Лiтвы. Сутнасьць рэфармацыi палягала ня столькi ў крытыцы рэлiгiйных догматаў каталiцкага касьцёлу, колькi ў спробе падрыву ягонай усемагутнасьцi ў грамадзтве, вызваленьня ад эканамiчнага i грамадзкага ўцiску касьцёлу. Асобныя клясы грамадзтва, што падпадалi пад рэфармацыю, напару мелi наўвеце розныя мэты. Багатыя мяшчане не маглi цярпець таго, што царква асуджала лiхвярства. Гэта перашкаджала iм у iх фiнансавых апэрацыях i зьмяншала прыбыткi. Iнтэлiгенцыя бачыла ў рэфармацыi прадвесьце свабоды думкi i веравызнаньня. Тым ня менш, рэфармацыя хутчэй не закранала народных масаў у Лiтве. Занадта моцны ўплыў усё яшчэ на яе аказвала паганства, каб захапляцца рэлiгiйнымi новаўвядзеньнямi. Сяляне не давалi дзесяцiны царкве, а ўцiск быў ня толькi ў царкоўных гаспадарках»[79].

У Вялiкае Княства Лiтоўскае былi перанесены ўнiвэрсальныя рысы рэфармацыйных рухаў. Паганства было афiцыйна заменена на каталiцызм, якi зрабiўся пануючым толькi напрыканцы XIV стагодзьдзя, хаця ўлады — як i ў схрысьцiянiзаваных краiнах — на сваiм двары карысталiся паслугамi манахаў, асаблiва ў дыпляматыi[80], а бальшыня падданых адвеку вызнавала праваслаўе. Царква арганiзацыйна была слабой у параўнаньнi з магнатамi, якiя хутка павялiчвалi сваю магутнасьць, i абшарнiкамi, якiя чакалi прывiлеяў на польскi ўзор; зямлi ўраблялася няшмат (каля 5% ральлi, калi ў Кароне 12%), лiхвярства ня мела значэньня, багатае мяшчанства павiнна было сфармавацца пазьней. Насельнiцтва — праўда — было яшчэ дужа зьвязанае са старымi вераньнямi, i рэлiгiйныя дыскусii ў Польшчы яго не цiкавiлi[81].

Меркаваньнi дасьледнiкаў веравызнаўчых адносiнаў у Лiтве ў XVI ст. былi ўлiчаны ў новым выданьнi згаданай працы, якое пабачыла сьвет празь пятнаццаць гадоў, а таксама ў наступным выданьнi 1990 г.[82]. Але, тым ня менш, па-ранейшаму трэба ўлiчваць цесную сувязь спэцыфiкi рознаканфэсiйных рухаў у Вялiкiм Княстве з тагачаснай[83] дзяржавай, што ахоплiвала беларускiя i летувiскiя землi, i пры разглядзе сувязяў памiж хрысьцiянскiмi веравызнаньнямi ў XVI-стагодняй Эўропе, а таксама каталiцызмам i пратэстантызмам у яго розных варыянтах памiж Трыдэнтам i першым ватыканскiм саборам. Калi мы гаворым аб занадта сфармалiзаваных ацэнках у гiстарыяграфii, варта зьвярнуць увагу на атаясамленьне ў працах савецкiх дасьледнiкаў сёньняшнiх адносiнаў з тымi, якiм налiчваецца некалькi стагодзьдзяў: я маю на ўвазе схематычнае тарнаваньне перадусiм пайма «Лiтва» ў ейных сёньняшнiх межах да сытуацыi, што склалася ў часы Ягайлы. Мяжа памiж гэтай рэспублiкай i Беларусяй, што стаўляе Салечнiкi на адным баку, а Беняконi на другiм, нiколi не iснавала i ёсьць адно вынiкам распаду Савецкага Саюзу. Вiленшчына i Наваградчына заўсёды станавiлi сабой цэласьць з узаемна пранiкаючым славянска-балтыйскiм насельнiцтвам, прычым першае адыгрывала дамiнуючую ролю як у сталiцы Вялiкага Княства, так i ў яе ваколiцах таксама i пасьля ўпадку шляхецкай дзяржаўнасьцi. Пiсаньнi аб замежнай палiтыцы Летувы цi навуцы ў Летуве ў XVI ст., а таксама аб езуiтах у Беларусi за часоў Вазаў толькi заблытваюць сапраўдны стан рэчаў[84].

Таму, пераходзячы да адметных элемэнтаў i чужых уплываў у рэфармацыйным руху — асаблiвую ўвагу зьвяртаючы на рэфармаваны эвангелiзм, якi захоўваўся найдаўжэй i быў адаптаваны грамадзтвам, пачаўшы выконваць спэцыяльную ролю нават пасьля ўзнаўленьня незалежнасьцi ў пэрыядзе памiж дзьвюма сусьветнымi войнамi (згадаем славутыя вiленскiя разводы[85]) — трэба мець наўвеце рэалii часоў Мiкалая Радзiвiла Чорнага, бачыць своеасаблiвасьць тагачаснай Эўропы, а таксама характар дзяржаваў, якiя знаходзiлiся пад уладай Ягайлавічаў.

У працах, прысьвечаных канфэсiйным забурэньням у XVI стагодзьдзi, рэдка сустракаецца дэфiнiцыя Рэфармацыi i, рэч ясная, яшчэ менш увагi адводзiцца працэсам яе разьвiцьця ў каталiцкай Эўропе i таму, што яна суправаджалася вострымi выступамi ў паасобных краiнах супраць Апостальскай сталiцы. У асноўнай на сёньня крынiцы чытаем: гэта быў «рэлiгiйны рух, якi ўзьнiк на аснове грамадзка-палiтычных канфлiктаў XV–XVI ст. i прывёў у XVI ст. да паўстаньня незалежных ад папства пратэстанцкiх цэркваў. Iдэйна яму папярэднiчалi сярэднявечныя гарэзii зь вiклефiзмам i гусытызмам на чале»[86]. Розьнiцу ў меркаваньнях нельга не заўважыць i вакол пайма Контрарэфармацыi, паколькi некаторыя аўтары мяркуюць, што больш адпаведны гэтай зьяве iншы тэрмiн: каталiцкая Рэфармацыя, таму што ён валодае шырэйшым значэньнем i датычыць ня толькi нэгатыўнага боку або перамогi над працiўнiкам, але мае шырэйшае, пазытыўнае значэньне дзякуючы сфармуляваньню праграмы направы каталiцызму[87]. Аналiзу паддаюцца таксама i iншыя вызначэньнi, а наймя канфэсiйная талеранцыя[88].

Пакiдаючы ўбаку гэтыя тэрмiналягiчныя пытаньнi, мы зьвернемся толькi да першага з вызначэньняў, бо яно зьвязана з рэфармацыйнай спэцыфiкай Вялiкага Княства Лiтоўскага. На захадзе маем дачыненьнi адно з каталiцызмам, тое ж самае ў этнiчнай Польшчы — за выняткам Чырвонай Русi, якая была ўлучана ў Карону за часоў Казiмера Вялiкага, а таксама пазьнейшае пашырэньне ўладных паўнамоцтваў — ужо ня Пястаў — на праваслаўныя землi. Тым ня менш, улады Вiльнi знаходзiлiся ў зусiм iншай сытуацыi, якую можна акрэсьлiць каротка: мора прадстаўнiкоў усходняй рэлiгii i каля 10% (як у сэнсе насельнiцтва, так i ў сэнсе тэрыторыi) фармальных паганцаў на самавiтай Лiтве, якiя ад другой палавiны XIV стагодзьдзя ўсё хутчэй i хутчэй асвойвалiся з выявай крыжа, цэрквамi, а ў Наваградку i Вiльнi сутыкалiся i з каталiцкiмi законьнiкамi. Там таксама — у Аўкштоце пасьля 1387 г., на Жмудзi трыццацьцю гадамi пазьней — распачаўся працэс афiцыйнай хрысьцiянiзацыi з iнiяцыятывы валадара, якi дагэтуль лiчыўся найвышэйшым культавым функцыянэрам, i, такiм чынам, быў кампэтэнтны пакласьцi канец старым вераньням. Так належала разумець ягоную волю, хоць гэта i не азначала, што з дня на дзень павiнна было наступiць адмаўленьне ад полiтэiзму. Так нiколi i нiдзе не было, i хаця аб сынкрэтызьме веравызнаньняў было напiсана ўжо шмат, прыгадаем, што праз тры стагодзьдзi пасьля апiсаных падзеяў сяляне-кальвiнiсты ва ўладаньнях Радзiвiлаў збунтавалiся супраць свайго духоўнiка, калi ён прынучаў спалiць перахоўваныя iмi фiгуркi бажкоў; яны чулiся апекунамi гэтых пазбаўленых важкай пратэкцыi звышнатуральных стварэньняў, якiя былi магутныя ў прамiнулыя стагодзьдзi[89].

Усход Эўропы для ягонага захаду ўяўляў экзатычную тэрыторыю, якая паступова станавiлася блiжэйшай дзякуючы ўсё больш i больш падрабязным — але ня вольным ад фантазii — мапам i аповедам падарожнiкаў. Напару Варшаве даводзiлася даваць адказы на iлжывыя, тэндэнцыйныя паведамленьнi, якiя мелi месца ў Вене на тэму манархii Ягайлавічаў, як гэта зрабiў падчас панаваньня Жыгiмонта Старога аўтар Сармацыi эўрапейскай i азіяцкай[90]. XVI стагодзьдзе павiнна было прынесьцi падарожжы магнацкай моладзi зь Вялiкага Княства на Захад, i гэта, хоць i не ў такiх памерах, як у Кароне, сыстэматычна зьмяняла меркаваньне французаў або iталiйцаў аб далёкай Лiтве; зрэшты, ейныя жыхары, што выпраўлялiся за Лабу i за Альпы ў часы Вазаў, уважалiся ўжо за падданых Рэчы Паспалiтай[91]. Таму на парозе Рэфармацыi на берагох Вяльлi i Нёмна, калi яна здолела канчаткова перамагчы ў Вiтэнбэрзе i Жэнэве, не безь зьдзiўленьня адзiн са швайцарскiх пратэстантаў даведваўся ад свайго адзiнавернiка ў далёкай краiне: «Некаторым трэба зьнiшчыць забабоны папства, у iншых на мэце выкаранiць адвечнае народнае пакланеньне стодзiвам, паколькi сёньня (напiсана ў 1563 г. — М.К.) лiцьвiны яшчэ вераць у чысьленых багоў i ахвяруюць iм. Iншыя кажуць, што нам трэба iзноў змагацца з вучэньнем грэкаў, у руках якiх знаходзяцца цэрквы на Русi». Укладальнiк гэнага лiста, а iм быў Сымон Будны, лiчыў патрэбным у вострых выразах выказацца на тэму праваслаўя ў Вялiкiм Княстве: яно ёсьць «заступнiкам i руплiвым пасьлядоўнiкам усiх грэцкiх забабонаў цi, хутчэй, поўнай забабонаў малпай»[92].

79

J. Ochmański, Historia Litwy. Wrocław, 1967, s. 99.

80

Аб паганскiм гаспадарстве ў Лiтве i ягонай спэцыфiцы за стагодзьдзе да прыняцьця хросту на Вавэлi вялiкiм князем Ягайлам гл. M.Kosman, Zmierzch Perkuna czyli ostatni poganie nad Bałtykiem. Warszawa, 1981, s. 100–156, асаблiва 133, разьдзелы 5 i 6.

81

M. Kosman. Reformacja i Kontrreformacja w Wielkiem Księstwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocіaw, 1973, s. 39. На тэму сьвядомасьцi канфлiктаў веравызнаньняў цi, хутчэй яе нястачы гл. J. Tazbir, Reformacja a problem chłopski w Polsce XVI wieku. Wrocіaw, 1953.

82

J. Ochmański, Historia Litwy. Wydanie drugie poprawione i uzupełnione. Wrocław, 1982, s. 125, а таксама трэцяе выданьне: Wrocіaw, 1990.

83



На тэму сьцiраньня розьнiцаў памiж даўным i сёньняшнiм лiтоўскiм гаспадарствам, што адбываецца ня толькi ў публiцыстыцы, i заангажаваньня рэпараванай гiстарычнай веды на карысьць сучаснасьцi гл. заўвагi аўтара гэтага артыкулу: M. Kosman, Stosunki polsko-litewskie (у:) Polska i jej nowi sąsiedzi (1989–1993). Praca zbiorowa, Poznań-Toruń, 1994, s. 43

84

Напр. B.Dundulis, Lietuvos uћsienio politika XVI a. /=Замежная палiтыка Летувы ў XVI ст./. Vilnius, 1971; T.Б. Блинова, Езуиты в Белоруссии. Mинск 1990; R. Pleиkaitis, Feodalizmo laikotarpio filosofija Lietovoje. Vilnius, 1975/ аб гэтай каштоўнай працы гл. маю рэцэнзiю на старонках «Odrodzenia i Reformacji w Polsce» XXIII, 1978, s. 242.

85

Шырэй аб гэтым M. Kosman, Litewska Jednota Ewangelicko-Reformowana od połowy XVII w. do 1939 r. Opole, 1986, s. 80

86

Wielka Encyklopedia Powszechna PWN. T. 9. Warszawa, 1967, s. 740 (артыкул бяз подпiсу). Гл. таксама ў т.6 пазыцыю: Kontrreformacja, аўтарства Е. Тaзьбiра.

87

У навукова-папулярным «Zarysie dziejów Kościola katolickiego w Polsce» (Kraków, 1986) Е. Kлачоўскi (суаўтары: Л. Мюлерава i Е. Скарбэк) надае разьдзелу IV у першай частцы назву: Пэрыяд вялiкiх рэформаў, стагодзьдзе XVI — першая палавiна XVII, даючы двум з шасьцi падзагалоўкi: Рэформы як крызыс узросту; Каталiцкая рэформа. Як лёгка заўважыць, аўтары пазьбягаюць як «Рэфармацыi», так i «Контрарэфармацыi».

88

J. Lecler, Historia tolerancji w wieku Reformacji. T.I.Przekład z francuskiego L. i H. Kühn. Warszawa 1964, s. 9 n.

89

Лiст кальвiнiсцкага мiнiстра Самуэля Бiтнэра Людвiцы Каралiне Радзiвiл 1682 г.: I. Lukšaite, Lietuviř kalba reformacianime judéjime XVII a. Vilnius, 1970 («Acta Historica Lituanica» V), s. 54 n. Аб культавых функцыях валадара M. Kosman, Litwa pierwotna — mity, legendy, fakty. Warszawa, 1989, s. 110

90

Першае выданьне твора Мацея зь Мехава мела назву: Tractatus de duabus Sarmatiis (1517), наступнае: Deskriptio Sarmatiarum (1521). Гл. таксама S. Aleksandrowicz, Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII w. Wydanie II poprawione i uzupełnione. Poznań, 1989, t. I, passim.

91

Сьпiсаньне падарожнiкаў склаў S.Kot, La Réeforme dans le Grand Duché de Lithuanie. Facteur d’occidentalisation culturelle. «Brussels Université Libre. Institut de Philologie et d’Histoire Orientales et Slaves» 12, 1953, s. 45–48.

92

Пераклад фрагмэнту лiста падаў O. Halecki, Zgoda sandomierska 1570 r. Warszawa, 1915, s. 22.