Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 42 из 112

Па-чацьвертае: тэндэнцыя да зьмяншэньня нормы прыбытку. — Маркс меркаваў, што тэхнічны прагрэс мусіць выклікаць зьніжэньне нормы прыбытку, таму што якраз сама маса прадуктаў будзе вымагаць усё менш «жывой працы»; калі прыбытак, паводле Маркса, паўстае з эксплюатацыі працы, то ён мусіць зьмяншацца ў адносінах да колькасьці ўжытага пастаяннага капіталу. Гэты працэс павінен быў прадвяшчаць немінучы крах капіталізму. Выходзіць, і гэты закон фальшывы, а яго памылковасьць можна выявіць пры дапамозе той жа Марксавай схемы: гэты самы тэхнічны прагрэс, што зьмяншае долю пераменнага капіталу (які прыпадае на заробкі для рабочых), выклікае зьмяншэньне вартасьці пастаяннага капіталу. Тым ня менш, калі б нават гэты закон сапраўды дзеяў, ён бы ніяк не абумоўліваў канца капіталізму, таму што мэханізм гэткага заняпаду — як заўважыла Роза Люксэмбург — неспасьцігальны, пагатоў, калі выяўляецца, што памяншэньне нормы прыбытку можа суправаджацца прыростам яго абсалютнай масы.

Па-пятае: узрастаючая няздатнасьць рынку спараджаць тэхнічны прагрэс. — Зразумела, што мы маем справу з зусім супрацьлежнай зьявай. Пачынаючы са сьмерці Маркса, і асабліва ў дваццатым стагодзьдзі, рынкавае ўладкаваньне эканомікі адназначна давяло, што нясе ў сабе велічэзны патэнцыял тэхнічнага прагрэсу, тым часам як сацыялістычнае ўладкаваньне эканомікі, заснаванае на дзяржаўным плянаваньні, адзначалася адсутнасьцю інавацыйных здольнасьцяў. Мы таксама ведаем, што гэтаму прычынай. Капіталістычны рынак стварыў найбольшую ў гісторыі масу тавараў, прызначаных для спажываньня ўсімі клясамі, дый жыцьцёвы ўзровень пры капіталізьме, нават бедных слаёў, нашмат вышэйшы, чымся вядомы чалавецтву калі-небудзь раней (ня кажучы ўжо пра дэмакратычныя формы жыцьця, магчымыя толькі пры рынкавай эканоміцы). Паказальна, што нэамарксісты, у адрозьненьне ад марксістаў першага пэрыяду, якія выкрывалі капіталізм як крыніцу зла, асуджаюць яго цяпер за празьмерную колькасьць спажывецкіх дабротаў, якія ён дае людзям. Таксама відавочна, што гаспадарчыя рэформы ў сацыялістычных дзяржавах, калі яны даюць якія-небудзь вынікі, заўсёды ідуць у гэткім жа кірунку: частковае аднаўленьне рынкавых мэханізмаў, г.зн. «капіталізму».

Усе гэтыя пяць прароцтваў, што складаюць касьцяк марксізму, — фальшывыя. Калі гаворка ідзе пра матэрыялістычнае разуменьне гісторыі, то марксізм, безумоўна, можа залічыць на сваю карысьць некалькі трапных назіраньняў, якія, аднак, немагчыма прыняць як вытлумачэньне сьвету. Калі разглядаць гістарычны матэрыялізм у яго застылай вэрсіі (для гэтага ёсьць падставы ў тэкстах) і верыць, што ўсё разьвіцьцё чалавечых супольнасьцяў вызначаецца барацьбой клясаў і тэхналягічнымі зьменамі, што ўся культура — гэта ня што іншае, як інструмэнт у гэтай барацьбе, а правазнаўства, рэлігія, філязофія і мастацтва ня маюць сваёй гісторыі, тады давядзецца паверыць абсурднаму, неабгрунтаванаму догмату.

Тым ня менш, гэтую самую тэорыю можна разумець больш вольна — у якасьці правіла, згодна зь якім у дасьледаваньнях гісторыі культуры трэба браць пад увагу агульныя сутыкненьні і канфлікты матэрыяльных інтарэсаў, а палітычныя інстытуцыі прызнаць часткова залежнымі ад дасягнутага ўзроўню разьвіцьця тэхнікі, а таксама ад барацьбы клясаў.

У гэтай зьмякчонай, скарочанай вэрсіі гістарычны матэрыялізм ёсьць трывіяльнай праўдай, якую ніхто не аспрэчвае. Такім чынам, ён зьяўляецца або нонсэнсам, або банальнасьцю. Трэба, безумоўна, дадаць, што марксізм у гэтым працэсе пераходу праўды ў банальнасьць адыграў вялікую ролю, хаця можна таксама сказаць, што гэтае — сёньня ўжо банальнае — назіраньне было вядомае да Маркса і незалежна ад яго.

Марксава тэорыя вартасьці, уважаная пазьней яе творцам за нарожны камень сваёй навукі, зьяўляецца ідэалягічным інструмэнтам, пазбаўленым вытлумачальнай сілы. У прыватнасьці, два яе пункты выходзяць з Рыкарда і Сьміта. Першы, дзе Маркс сьцьвярджаў, што работнік прадае капіталісту сваю рабочую сілу, а ня працу; другі, дзе ён зрабіў адрозьненьне паміж канкрэтнай і абстрактнай працай. Ніводзін з гэтых дадаткаў не патрэбны або не прыдатны для вытлумачэньня зьяваў канкурэнцыі, канфлікту інтарэсаў, крызысаў, эканамічных мэтаў і цэнаў: гэтыя і іншыя аспэкты рынкавай гаспадаркі становяцца зразумелымі дзякуючы аналізу руху цэнаў — бо тэорыя вартасьці ня ўносіць нічога для зразуменьня гэтых зьяваў.

Вартасьць у Марксавай тэорыі, г.зн., час працы, які крышталізуецца ў тавары, не падлягае вымярэньню; гэта прыхаваная якасьць, што ніяк не палягчае разуменьня эмпірычных эканамічных зьяваў. Сучасная палітычная эканомія — у адрозьненьне ад эканамічных ідэалёгіяў — мабыць, не адрозьнівалася б нашмат ад свайго сёньняшняга стану, калі б не было Маркса.



Такім чынам, Марксава тэорыя не дае адказу на найбольш пякучыя і найважнейшыя праблемы нашай сучаснасьці. Зразумела, ня трэба абвінавачваць у гэтым Маркса, таму што пры яго жыцьці стан рэчаў яшчэ ня быў такім. Калі гаворка ідзе пра эканамічныя пытаньні, то ў Маркса можна знайсьці некалькі выказваньняў на тэму адзінства чалавека і прыроды; выказваньняў, якія зусім ня маюць значэньня, калі гаворка ідзе пра супрацьстаяньне зьнішчэньню натуральнага асяродзьдзя, а праз гэта і чалавечага жыцьця. Калі разглядаюцца дэмаграфічныя катастрофы, Марксава тэорыя, апрача некалькіх агульных антымальтузіянскіх (Маlthuse) закідаў, не дае нам нічога. Таксама немагчыма пры дапамозе Марксавай тэорыі знайсьці тэарэтычнага вырашэньня праблемаў Трэцяга Сьвету. Маркс быў настроены эўрацэнтрычна; да неэўрапейскіх цывілізацыяў і традыцыяў ён ставіўся або з пагардай, або з абыякавасьцю. Каляніялізм і імпэрыялізм былі для яго натуральнай, нярэдка пажаданай, перамогай вышэйшай цывілізацыі над адсталымі культурамі. Лепей не цытаваць тут таго, што пісаў Энгельс пра прынцыпы нацыянальнага самавызначэньня, ці пра паўднёвых славян, ці пра балканскія народы.

Марксісцкая дактрына, бадай, ня мае шанцаў справіцца з праблемай сучасных таталітарных сацыялістычных сыстэм, якія сьцьвярджаюць, што якраз гэтая дактрына зьяўляецца іхнай ідэалягічнай асновай. Безумоўна, шмат хто з нэамарксістаў кажа, што гэтыя рэжымы ня маюць нічога супольнага з «праўдзівым» марксізмам, яго дыягназамі і прадказаньнямі. Варта, аднак, запытацца, чаму ж ужо ў ХІХ ст., задоўга да расійскай рэвалюцыі, многія (найперш анархісты) змаглі даволі падрабязна апісаць сацыялізм, пабудаваны на марксісцкай ідэі, як дзяржаўнае рабаўласьніцтва. Скуль узялася гэтая празорлівасьць, што прадбачыла ў выніку зьдзяйсьненьня марксісцкай тэорыі клясавы прыгнёт, эксплюатацыю і паліцэйскую дзяржаву?

Тое, што марксізм няздольны ні вытлумачыць сучаснага сьвету, ні прадбачыць будучыні, не азначае, што ня трэба чытаць твораў Карла Маркса. Ён, бясспрэчна, увайшоў у гісторыю эўрапейскай культуры. Цікавыя ня толькі яго — зь літаратурнага боку часта выдатныя — гістарычныя аналізы і філязофскія роздумы; цікавыя таксама яго фальшывыя прароцтвы. Трэба ведаць усіх мысьляроў, чые творы прычыніліся да наданьня сучаснаму сьвету яго кшталту. Трэба чытаць Картэзія, дарма што безразважна было б шукаць у яго «Прынцыпах» фізычнага вытлумачэньня сьвету. Гэтаксама і Маркс уяўляе сабой надзвычай важную частку нашага духоўнага сьвету, незалежна ад абгрунтаванасьці яго прэтэнзіяў на «навуковасьць».

Прычыны папулярнасьці Маркса ў акадэмічных колах трэба шукаць і ў тым, што яго навука ў схематызаванай форме прываблівае сваёй простасьцю. Сартр зазначыў калісь, што марксісты лянівыя; ім даволі аднаго ключа, каб адчыніць усе дзьверы. І сапраўды, дзякуючы гэтаму ключу, які заўсёды пад рукой, мы ведаем ня толькі ўсю гісторыю чалавецтва, яе не вывучаючы, але ведаем таксама ўсю будучыню сьвету, да таго ж маем рэцэпт для дасканалага ўладкаваньня сьвету, дзе ўсялякія людзкія праблемы і мітрэнгі вырашаныя.

Эфэктыўнасьць Марксавай дактрыны ў палітыцы — зусім іншая рэч. Калі ў прэсе нейкі рэжым Трэцяга Сьвету называецца «марксісцкім», гэта азначае, што дзяржавай кіруюць дэспатычна і што Савецкі Саюз або яго сатэліты пастаўляюць ёй зброю, а таксама вайсковых і паліцэйскіх «дарадцаў». Можна толькі пашкадаваць, што савецкі імпэрыялізм манапалізаваў марксізм як інструмэнт улады, цяжка, аднак, дапускаць, што гэтая дактрына была ў стане сыграць яшчэ нейкую іншую ролю ў сусьветнай палітыцы. Пакладацца на яе азначае — што, відавочна, не было намерам Маркса — падтрымліваць ідэю паняволеньня чалавека.