Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 41 из 112

У гэтым кантэксьце постмадэрнiзм падаецца ўвасабленьнем левых i ўтапiйных канцэпцыяў сьвету i датарнаваньнем iх да ўзьнiклых незалежна варункаў. Ён пагражае рэалiзацыi лiбэральнай мадэлi дзякуючы пастуляваньню анархii, дэканструкцыi, i ў iстоце сам ёсьць дэструкцыяй. Гэта цягне за сабой ня толькi ўзгляднасьць вартасьцяў, але i iхную роўнавялiкасьць. Такая дэвальвацыя прыводзiць да дэсакралiзацыi чалавечага жыцьця i да прымату сфэры profanum. Я мяркую, што нiжэйзьмешчаная прыпавесьць Мiлана Кундэры выяўляе дух i вынiкi постмадэрнiсцкiх канцэпцыяў. Бо ён апавёў наступнае: «Пэўнага дня адзiн вялiкi чалавек дайшоў да высновы, што цягам тысячаў гадоў мова музыкi вычарпала сябе i ня зможа ўжо нiчога больш, як толькi паўтараць адны i тыя ж камбiнацыi нотаў. Рэвалюцыйным дэкрэтам ён зьлiквiдаваў гiерархiю гукаў i зрабiў iх усiх роўнымi. Ён увёў для iх суровую дысцыплiну, каб нiводны не выступаў у творы часьцей, чымся iншыя, i каб такiм чынам не ўзурпаваў старых, фэўдальных прывiлеяў. Каралеўскiя двары былi раз i назаўсёды скасаваныя, а на iх месцы ўзьнiкла рэспублiка роўных пад назвай дадэкафонiя. [...] У часы, калi Арнольд Шонбэрг засноўваў сваё гаспадарства дадэкафонii, музыка была багацейшай, чымся раней, i ўпоеная собскай свабодай. Нiкому нават ня сьнiлася, што канец можа быць так блiзка. Нiякай стомленасьцi! Нiякага заняпаду! Шонбэрг дзеяў з надзвычай малайчыкаватым духам адвагi. Яго перапаўняла абгрунтаваная пыха, што адзiны сiг, якi вядзе наперад, выпала зрабiць якраз яму. Гiсторыя музыкi скончылася ў росквiце адвагi i прагненьня. [...]». Падобная дэканструкцыя, блiзкая постмадэрнiсцкiм пастулятам, прыводзiць да барбарства, таму што: «Iснуе нейкi спачатны стан музыкi, стан, папярэднi ейнай гiсторыi, стан перад першым стаўляньнем пытаньня, перад роздумам, перад пачаткам гульнi з матывам i тэмай. У гэтым першапачатковым стане музыкi (музыка бяз думкi) выяўляецца субстанцыянальная дурнота чалавечага быцьця. Толькi надзвычайным намаганьнем сэрца i духу музыка ўзьнеслася над гэтай субстанцыянальнай дурнотай. [...] Музыка павярнулася да сваёй першапачатковай стадыi. Гэта стан пасьля апошняга стаўляньня пытаньня, стан пасьля апошняга роздуму, стан пасьля гiсторыi»[78].

Мне падаецца, што дагэтулешнiя разважаньнi не дазваляюць гаварыць, што постмадэрнiзм збаёдаў свае шанцы, паколькi з сваёй прыроды, арганiчна, ён гэтымi шанцамi як не валодаў, так i не ўтвараў iх. Варта, мабыць, прыгадаць, што славуты лёзунг аб зьмене эпохi — зусiм ня выдумка постмадэрнiстаў, i «рэалiзоўваўся» ён, усьлед за «традыцыяй» Вялiкай францускай рэвалюцыi, ужо з 1917 г. Таму не выпадкова, што сёньня, разам з заняпадам камунiзму, постмадэрнiзм знаходзiць водгук у краiнах, дзе працэсы элiмiнацыi гэтага першага яшчэ ня скончылiся, а месца дэкляраванага i рэалiзаванага камунiзму ў iстоце займае квазi-капiталiзм. Таксама не выпадкова — у гэтым апошнiм кантэксьце — што Барт абвяшчае постмадэрнiзм як «аднову». Я спадзяюся, што ён мыляецца. Бо гэта б азначала кансэрвацыю тых падставаў мысьленьня, якiя былi ўгрунтаваныя камунiзмам. I замiж сапраўднай зьмены спосабу мысьленьня i новага вобразу сьвету мы затрымалiся б на зьмене фразэалёгii.

Тэкст перакладзены паводле: Arka, № 6 (48), 1993.

* Пётар Кавецкi — кансэрватыўны польскі думаньнік і тэарэтык, аўтар публікацыяў у польскай прэсе на тэмы дыялектыкі мастацтва.

У суаўтарстве з Рамуальдам Пякарскім напісаў кнігу «Zagadnienia estetyki współczesnej — sztuka, wartości, poznanie» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1994), а таксама з Юзафам Тарноўскім зрэдагаваў зборнік «Aksjologiczne spektrum sztuki, t. 2, Między poznaniem, odpowiedzialnościа i polityką» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1996). Аўтар манаграфіі «Kulturowe pojmowanie sztuki» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1996).

Падчас VI Польскага Філязафічнага Зьезду (Торунь, 5–9 верасьня 1995 г.) на сэкцыі эстэтыкі і філязофіі мастацтва выступіў з спавешчаньнем «Культурная дэфініцыя мастацтва і эстэтычныя вартасьці».

Пераклад зьдзейсьнены з ласкавага дазволу кракаўскага часопісу «Arcana», пераемніка часопісу «Arka».

Лешак Калакоўскі*

103 гады таму памёр Карл Маркс, вельмі вучоны філёзаф, выдатны розум, знакаміты нямецкі пісьменьнік. Ён жыў у эпоху пары. Ён ніколі ня бачыў аўтамабіля, электрычнага сьвятла ці тэлефона, ня кажучы ўжо пра тысячу іншых рэчаў, што ўтвараюць наша тэхнічнае асяродзьдзе і да якіх мы ставімся амаль як да дару прыроды.

«Рэч ня ў гэтым», — кажуць яго прыхільнікі. — «Бо і надалей існуе капіталізм, і надалей Марксава тэорыя застаецца актуальнай. Зь яе дапамогай мы можам вытлумачыць прыроду капіталізму, навукова прадбачыць яго заняпад, а таксама спраектаваць дасканалае грамадзтва будучыні». Пра тое, што капіталізм існуе дагэтуль, сьведчыць хаця б той факт, што ня ўсё яшчэ нацыяналізавана.

І сапраўды, агульная нацыяналізацыя сродкаў вытворчасьці, сродкаў абмену, а таксама сродкаў камунікацыі і інфармацыі зьяўляецца для марксістаў унівэрсальным лекам супраць усялякага зла ды ўсіх сацыяльных праблем. Мы на ўласнай шкуры пераканаліся ў дзейснасьці гэтага леку; мы ведаем таксама, што яго немінучым вынікам ёсьць нацыяналізацыя чалавека, г.зн. рабаўласьніцтва. Пакінем, аднак, гэтую праблему, каб разгледзець іншае пытаньне: што Марксава тэорыя дае сучаснасьці?



Бясспрэчна, гэтая тэорыя можа быць карыснай; яна функцыянуе як акумулятар ідэалягічных лёзунгаў, што служаць самым разнастайным інтарэсам, у бальшыні такім, якія ня маюць нічога супольнага з Марксам. І ўсё ж, што можна вытлумачыць пры дапамозе гэтай тэорыі?

Фармулюючы так пытаньне, мы павінны зважаць на тое, што ў гэтай дактрыне ёсьць для яе найбольш паказальным. Ня трэба падымаць на сьмех Маркса, прыпісваючы яму адкрыцьцё клясаў, якія маюць супярэчныя інтарэсы. Ужо даўно пра гэта ведалі гісторыкі — тут няма нічога, што было б спэцыфічна марксісцкім. Маркс, безумоўна, усьведамляў гэта і ня меў прэтэнзіяў на адкрыцьцё. Ён падкрэсьліў, аднак, у вядомым лісьце да Вайдэмаера ад 1852 году, што ім даказана («даказана», а ня «сказана»): барацьба клясаў вядзе да дыктатуры пралетарыяту і, у выніку гэтага, да бясклясавага грамадзтва. Ніхто ня ведае, дзе ў працах Маркса (асабліва пасьля 1852 году) знаходзіцца доказ гэтай імпануючай панарамы зьменаў. Але мы абмінем і гэтую праблему.

Маркс верыў у «законы гісторыі». Але гэта былі законы не ў разуменьні прыродазнаўчых навук, а хутчэй у разуменьні гістарычных тэндэнцыяў; адсюль у Маркса няма выразнай розьніцы паміж тлумачэньнем і прадказаньнем. Сёньня відаць, што амаль усе Марксавы прароцтвы ня спраўдзіліся.

Абмяркуем найважнейшыя зь іх.

Па-першае: узрастаючае клясавае расслаеньне, а таксама паступовы заняпад сярэдняй клясы. — Меў рацыю Каўцкі, сьцьвярджаючы, што ўся тэорыя Маркса мусіла б абрынуцца, калі б гэтае прадказаньне аказалася фальшывым. Мы сёньня ведаем, што яно адназначна і відавочна аказалася фальшывым.

Па-другое: абсалютнае зьбядненьне рабочай клясы (гаворка тут ідзе менавіта пра абсалютнае, а ня толькі пра адноснае зьбядненьне); гэта апошняе, пра якое пісаў Маркс у пазьнейшых працах, нельга таксама пацьвердзіць. — Вера ў абсалютнае зьбядненьне ўжо падчас Марксавага жыцьця аказалася фальшывай.

Па-трэцяе: непазьбежнасьць пралетарскай рэвалюцыі. — Такой рэвалюцыі ніколі не было. Бальшавіцкі пераварот у Расіі не заслугоўвае на гэткае найменьне таму, што не сіляў сваю моц з канфлікту паміж буйнапрамысловым пралетарыятам і капіталам; ён быў праведзены пад лёзунгамі, якія ня мелі ніякага сацыялістычнага зьместу, ня кажучы ўжо пра зьмест марксісцкі (мір і зямля для сялянаў). Пралетарскую рэвалюцыю найбольш нагадвае ўзьнікненьне і барацьба «Салідарнасьці» ў Польшчы ў 1980–81 гадох. Гэтая адзіная, хаця і няўдалая, пралетарская рэвалюцыя была скіравана супраць сацыялістычнай дзяржавы — яна праходзіла пад сьцягам Хрыста і з блаславеньня Папы. Вось і ўсё пра навукова адкрытыя законы гісторыі.

78

M.Kundera, Księgi śmiechu i zapomnienia. tłum. Andrzej Jagodziński, Warszawa, 1993, s. 181–183.