Страница 22 из 112
У гэтай сытуацыі часам маглі бязь лішніх засьцярогаў гучаць раздражняльныя фармулёўкі ў асыміляцыі, бо ў публіцыстыцы Яновіча, якая апэлюе да палякаў, напрыклад, у без малога двухсотстаронкавай кнізе «Białoruś, Białoruś» (Iskry, 1987), навідавоку прэтэнзіі якраз да Польшчы, да гістарычных зьдзяйсьненьняў, часам занадта аддаленых у мінуўшчыну, як да рэгіянальнай бюракратыі, так і да грамадзтва, настроі ў якім прывялі да таго, што перамяшчэньне сялянскіх сыноў і дачок у мэтраполію, якая інтэнсіўна разьвівалася і засмоктвала вёску, адначасна азначала адрыў ад беларускіх каранёў, разьвітаньне з нацыянальнай тоеснасьцю, «спольшчаньне» генэрацыі равесьнікаў аўтара. Нешта, аднак, адбывалася насамрэч — і зычліваму чытачу даводзілася аддзяляць прысутнае ў гэтых тэкстах палемічнае перабольшаньне, няспраўджаныя домыслы, бязадрасныя абвінавачаньні ад праніклівага назіраньня аўтэнтычных працэсаў і вартай асэнсаваньня праблемы сужыцьця з этнічнай меншынёй (якая ў некаторых раёнах Беласточчыны пераходзіць у бальшыню) такім чынам, які б ня толькі ня ўкрыўджваў яе, але і не расьпешчваў з забойчым для яе адметнасьці вынікам. У гэтыя гады знайшліся і польскія аўтары — на чале з Багданам Скарадзіньскім (Казімежам Падляскім пэрыяду самвыдату) — якія заняліся гэтай праблематыкай належным і кампэтэнтным чынам.
Катэгарычнае меркаваньне, ці ня шкодзіць таленту Яновіча такое падвоенае функцыяваньне, ці не павінен ён засяродзіцца хутчэй на сваіх чыста літаратурных магчымасьцях і не распыляцца на ўвогуле малаэфэктыўную грамадзкую дзейнасць, ня мае вялікага сэнсу, ня толькі таму, што ніколі не вядома, што акажацца плённым у будучыні, але і таму, што мы таксама ня можам знаць, ці змог бы гэты пісьменьнік наагул творча існаваць інакш, як у гэтым раздваеньні, ці ягоная душа мастака не дамагалася б суіснаваньня і, можа быць, бесьперапыннага сутыкненьня, нутраной спрэчкі з гэтай другой душой — народнага трыбуна.
У кожным разе так выглядае дагэтулешняя гісторыя прысутнасьці сярод нас гэтага арыгінальнага аўтара — і варта, мабыць, мець яе ў памяці, калі мы бярэм у рукі яго сьвежавыдадзеныя кнігі.
На рубяжы мінулага і гэтага году (артыкул быў напісаны ў 1994 г. — Зацем перакладніка.) у Беластоку былі апублікаваныя адначасна тры кнігі: адна беларуская — «Доўгая сьмерць Крынак» — і дзьве польскія «Terra incognita: Białoruś» ды «Dolina pełna losu». Яны працягваюць кірункі творчасьці Яновіча. «Доўгая сьмерць Крынак» — гэта зборнік настальгічных апавяданьняў, стрыжнем якіх ёсьць і імклівае назіраньне ўзвычаеньняў, і лірычнае занурэньне ў сябе, і ўспаміны, і рэфлексія аб чалавечай долі, аб складаных пэрыпэтыях узаемадачыненьняў паміж людзьмі, якія часта залежаць не ад іх саміх, а ад іншых сілаў, што кіруюць імі і шкумацяць іх. Усё гэта аб’яднана пругкай структурай сьціслай, набрынялай сокамі жыцьця думкі, сэрыі думак, што стварае выразьлівы рысунак «малой прозы» — такой жа самай, які і напачатку шляху — а чаму павінна быць іншая, калі ўжо тады ён адкрыў яе для сябе і выгодна асвойтаўся ў ёй? Адзінай заганай кароткіх апавяданьняў можа быць адно тое, што іх не стае на кнігу; таму да дваццаць шасьцёх, створаных, безумоўна, цягам шэрагу гадоў, аўтар далучыў адначасна, можа быць, зь імі напісаную (пад ёй фігуруе дата: 1977–1993) даўжэйшую аповесьць пад назвай «Сьцяна». Гэта таксама добрасумленная проза, але перад яе прафэсійнасьцю я аддаю перавагу зыркаму зіхценьню кароткіх апавяданьняў, якое на імгненьне асьвятляе знаёмыя, і кожны раз як бы ўбачаныя нанава краявіды.
«Terra incognita: Białoruś» — гэта чатыры гутаркі ці эсэ на польскай мове і пятае па-беларуску. Яны працягваюць і мэтады, і стыль вышэйпамянёнай кнігі «Białoruś, Białoruś» — разам зь яе палемічнай завостранасьцю, напружаньнем і палкай прагай сказаць сьвету (і перадусім Польшчы) праўду аб гэтым народзе, што перажыў красаваньне ў мінуўшчыне, быў так укрыўджаны гісторыяй, палітыкай, цывілізацыяй і так цяжка выкараскваецца на незалежнасьць, на культуру, на ўласную мову. Тут ёсьць і наноў сфармуляваныя аргумэнты за «беларускую справу», і ў чарговы раз паўтораныя старыя, таксама трапляюцца, як і раней, ня вельмі пераканальныя патрабаваньні вярнуць забранае. Новы — і дзякуючы ня спробам расчуліць, а выпрацаваны ў выніку глыбокіх разважаньняў — тон чуваць у чацьвертым з гэтых эсэ пад назвай «Мая малая бацькаўшчына». Гэтая малая бацькаўшчына аўтара, як вядома, Крынкі, і таму ня дзівіць дэклярацыя: «Ня палюбіўшы родных Крынак — не палюбіш і Польшчы». Але далейшую рэфлексію аб малой і вялікай радзіме ўскладняе трыяда нетыповых выкладак: «беларус — праваслаўны — плебей (або яшчэ горай — хлоп!)». Ад назіраньня на ўласным (але ня толькі) прыкладзе драматызму гэтай сытуацыі аўтар прыходзіць да жыцьцесьцьвярджальнай канстатацыі: «Мая малая радзіма — гэта адначасова сяліба той часткі майго народу і веравызнаньня, якая ўваходзіць у склад польскага грамадзтва і ўяўляе сабой галіну, што зраслася зь ім. Нешта накшталт аднаго камля яблыні, якая родзіць розныя плады...» І яшчэ пару важных урыўкаў — нашмат, рэч ясная, бяднейшых за сукупнасьць усіх разважаньняў Сакрата Яновіча на тэму ягонай малой радзімы (у іх ёсьць згадкі і пра покліч дэ Голя аб Эўропе радзім, і пра эўрарэгіёны, і пра пэрспэктывы капіталістычнай нармалізацыі ў Польшчы), цяжка, немагчыма іх выкласьці дэталёва — і таму прывядзем прынамсі гэткую цытату: «Мая малая радзіма ня ёсьць абавязковай умовай існаваньня Польшчы. Гэта Польшча неабходная для яе, каб не дапусьціць зарастаньня пушчай». І далей: «Мая малая радзіма мусіць хацець ёй быць, а вялікая — хацець яе мець». І ўрэшце, пад самы канец цьвярозая перасьцярога, што датычыць, як ёсьць, Крынак і зьвязаных зь імі пытаньняў, як канкрэтных, так і, важуся памеркаваць, абагульненых: «Мая малая радзіма — гэта ідэалёгія ўласнай працы і грошай. Умовы для яе адраджэньня ня будуць доўжыцца вечна». Калі іх ня выкарыстаць цяпер — «пра малую радзіму не застанецца нават і згадкі».
У трэцяй кнізе — «Dolinie pełnej losu» — абедзьве галоўныя лініі творчасьці Яновіча, акрэсьлім іх троху інакш, чымся дагэтуль, а менавіта: першую — як насьвятленьне драбніцаў сьвету імклівым здогадам і паэтычным словам, а другую — як парадкаваньне загубленага ў сьвеце пачуцьця супольнасьці шляхам дасьледаваньня яго гісторыі і пэрспэктываў, якое не абмяжоўваецца толькі слоўнай інтэрвэнцыяй у яго бытаваньне, дык вось, у «Dolinie pełnej losu» абедзьве гэтыя лініі зыходзяцца і пераплятаюцца. Да якога менавіта жанру належыць гэтая кніга — вызначыць даволі цяжка, як і досыць часта ў выпадку літаратурных гібрыдаў, якія выходзяць з-пад паслушэнства літаратурных дырэктываў якога-небудзь аднаго жанру, кіруючыся вышэйшым правам аўтарскай вернасьці сабе, сваім дазнаньням, роздумам, прыхамацям, свабодзе іх выяўленьня і спалучэньня ня толькі адвольным, але адважным і не патрабуючым у прынцыпе тлумачэньня чынам. Разьвітая аўтабіяграфія? Эсэ? Сацыялягічны запіс з элемэнтамі псыхааналітычнай інтраспэкцыі? (Апошняе прагучала надзвычай навукова, хаця ў «Dolinie pełnej losu» можна ўгледзець і гэткі зьмест, што, аднак, не адбіваецца ні ў якім разе ні на стылі, ні на прыродзе літаратурнай нарацыі.) У гэтай невялікай кнізе (134 старонак друку) сустракаюцца амаль усе фабулярныя рэаліі і звароты, вядомыя з дагэтулешняй творчасьці Яновіча (ад шаўцоў з Крынак і заваёвы «вялікага гораду Беластоку» паўзь юначыя эратычныя прыгоды да заблытанай праблематыкі рэвалюцыйных ці не рэвалюцыйных мэтамарфозаў ягонай «малой радзімы», намэнклятурных кар’ер, змаганьня за нацыянальную ідэнтычнасьць, супраць выкараненьня і духовай пустэчы), узьнікае спакуса трактаваць яе як выніковы твор гэтага аўтара, але адначасна адчуваецца пэўны супраціў — бо, мабыць, зарана, ужо не на паўдарозе, але, тым ня менш, яшчэ далёка да яе канца — і таму ў гэтым можна ўбачыць прымерваньне да выніковага твору, глыбокае, паглядна напісанае, багатае, але ў якім няма адмаўленьня таго, што пасьля яго ня ўзьнікне нешта яшчэ глыбейшае, багацейшае, што і яго выкарыстае, як яно выкарыстоўвала столькі ранейшых запісаў (якія адначасна былі скончанымі, замкнёнымі, самадастатковымі тэкстамі).