Страница 21 из 112
<...>
Калакоўскі меў завядзёнку паўтараць, што філязофія ёсьць «асваеньнем сьвету». Гэта, відаць, слушна для яе «сьвятарскага» вымеру, але ўжо са згаданай філязофіі блазна вынікала, што сьвет і чалавечая сапраўднасьць эфэктыўна кідаюць выклік гэткім намаганьням. З гэтага пункту гледжаньня філязофія можа азначаць вечнае «неасваеньне» сьвету, немагчымасьць пазбыцца непакояў і элімінаваць рызыку выбару. Тым самым тут зноў відаць трывалую каэкзыстэнцыю філязофіі як асваеньня і філязофіі як неасваеньня, відаць значэньне абодвух гэтых вязьмаў. З гэтай пэрспэктывы вымалёўваецца значэньне і трыюмф Царквы як найбольш жыцьцёвага і дзейснага спосабу асваеньня сьвету.
Думка Калакоўскага ня ёсьць, як мне думаецца, сьведчаньнем «канца філязофіі» ці, прынамсі, «канца рацыяналістычнай філязофіі». Дыягназы розных канцоў, зломаў, радыкальных пераломаў зрабіліся ўжо вельмі банальнымі. Цяжка пры гэтым не заўважыць, што яны зазвычай падпарадкаваны выразна прагматычным мэтам, якія ставяць перад сабой аўтары такіх дыягназаў. Яны не вынікаюць з уніклівага аналізу гісторыі. Атаесамленьне рацыяналізму зь нейкай яго гістарычнай пэрсаніфікацыяй зьяўляецца вельмі небясьпечнай справай. Я бачу Калакоўскага хутчэй у традыцыі самааднаўляльнага, незьнішчальнага рацыяналізму, які здольны да абсорбцыі, але не адмаўляецца ад сваіх крытычных функцыяў. Таму на яго аснавасяжную апазыцыю містыцызму і скептыцызму я гляджу як на пэўны дыдактычны захад, плённы з гледзішча тэатру дыскурсу. Узятая сама па сабе, гэтая апазыцыя занадта абяззбройвала б Калакоўскага як філёзафа. Ставіла б пад сумнеў пазытыўную вартасьць філязофіі ўвогуле. Цяжка было б згадзіцца з аканчальным характарам альтэрнатывы: або ірацыянальная вера, або выразна прагматычныя, не скіроўваючыя да праўды, крытэры навуковасьці. Ці ў іншай вэрсіі: або міт, або навуковая веда паводле пазытывісцкага ўзору. Тады, калі паўсюдны эпістэмалягічны скептыцызм здаволіць ня можа, застаецца толькі вера. Я асабіста мяркую, што ў гэтай нішы паміж скептыцызмам і містыкай ёсьць месца якраз для вялікага філёзафа і для аўтаноміі філязофіі. Ёсьць, можа быць, пэўнасьць, якая не вынікае ні з жаданьня ўнікнуць прыкрасьцяў, ні з імкненьня заключыць містычны саюз. Гэтаксама дыдактычным захадам падаецца мне панміфалягізм Калакоўскага ў «Прысутнасці міту». Ён прывёў некаторых да зусім небясьпечных ідэяў, каб стварыць гіерархію мітаў, лепшых і горшых. Быццам перабываньне ў «лепшым» міце калі-небудзь магло замяніць праўду. Праўду як імпэратыў.
* Станіслаў Божым — польскі філёзаф, прафэсар, доктар габілітаваны. Кіруе Інстытутам сучаснай філязофіі Інстытуту філязофіі і сацыялёгіі Польскай акадэміі навук. Разглядае гістарычную філязофію перадусім з пункту гледжаньня трох паняцьцяў: жыцьця, інтуіцыі і рызыкі. За апошнія гады выдаў кнігі — «Tło filozoficzne nauki polskiej — od odzyskania niepodległości do stalinowskiego pierwszego Kongresu Nauki Polskiej — przegłаd stanowisk» (IFiS PAN, 1995), а таксама «Obecność ryzyka» (IFiS PAN, 1998).
У 2000/2001 навучальным годзе прачытаў у варшаўскай «Школе сацыяльных навук» (дырэктар прафэсар Стэфан Амстэрдамскі) цыкль лекцыяў і сэмінараў на тэму «Cэнс гісторыі». Як адзначаецца ў англамоўнай анатацыі да лекцыйнага курсу Божыма ў гэтай прэстыжнай сярэднеэўрапейскай вучэльні, «Apart from the above mentioned authors, famous historiosophers of the XX-century will also come into play, such as Spengler and Toynbee, Collingwood, Danto, Foucault, Zinowiew, Fukuyama, Huntington and also possibly Polish authors such as Zdziechowski, Koneczny. I assume that those participating will be able to bring to the meetings their own questions co
Тэкст перакладзены паводле: Stanisіaw Borzym. Panorama polskiej myśli filozoficznej. Warszawa, Wydawnictwo Naukowe PWN, 1993.
Віктар Варашыльскі*
На малой радзіме Сакрата Яновіча
«Такога нападу на шаўцоў — у гісторыі Крынак — яшчэ не бывала! Таго дня паліцыя вывезла ў Саколку адзін грузавік, нагружаны скурамі, а таксама ботамі — гатовымі і негатовымі, а другі — шаўцамі. Каля сарака дзецюкоў. Гэта была ўдалая акцыя па ліквідацыі буржуазнай уласнасьці».
Так пачыналася кароткае апавяданьне пад назвай «Як Крынкі Саколку абулі», апублікаванае ў 73 нумары «Gromady Rolnika Polskiego», які выйшаў 18 чэрвеня 1972 г. Аўтарам быў тады трыццацішасьцігадовы Сакрат Яновіч, які жыў у Беластоку і пісаў па-беларуску, а яго перакладнікам — Ежы Літвінюк.
Мяне захапіў тэкст невядомага яшчэ шырэй пісьменьніка, створаны, безумоўна, не без уплыву бабелеўскай інсьпірацыі (аб узьдзеяньні гэтай добрай школы сучаснай прозы Яновіч, зрэшты, адкрыта казаў), насычаны рэаліямі ўласнай зямлі (уласнага кутка Эўропы, сваёй далейшай і бліжэйшай гісторыяй, сваімі мітрэнгамі, расчараваньнямі і цьвёрдымі законамі), і, апрача таго, спэцыфічнай іроніяй і адначасна лірызмам, што схіліла Літвінюка назваць Яновіча — можа парадаксальна, але не без падставаў — «вясковым паэтам».
Гэтае вызначэньне ўвайшло ў перадмову да першага польскага зборніку апавяданьняў «паэта» (двукосьсе азначае толькі тое, што гэта пазычанае слова, а не дыстанцыяваньне ад яго) пад назвай «Wielkie miasto Białystok» (Iskry, 1973). Заўважым, што і ў гэтай назьве, якая некалі была прызначана і для асобнай, даўжэйшай навэлі (у зборніку «Trzecia pora», KAW, 1983), закладзены і наіўны парыў дзецюка з правінцыі да вялікага сьвету, і кпіны, і своеасаблівы цывілізацыйны досьвед месца і часу.
У гэты пэрыяд і я, усьлед за Літвінюком, з прыемнасьцю шукаў у польскай літаратуры эквівалентаў для маляўнічага стылю Яновіча; я таксама займаўся перакладамі — разам з Гушчам, Рэдліньскім і іншымі — апавяданьняў, што ўвайшлі ў зборнік «Wielkie miasto Białystok». Дарэчы, цэнзура здагадалася тым часам, што аўтар гэты заслугуе і на пільнейшую ўвагу; у выніку да чытача памянёнай кнігі ўжо не дайшоў ні наэлектрызаваны пачатак абразка «Як Крынкі Саколку абулі», ні яго беспамылковы, бы цьвік, адным ударам малатка ўбіты ў падэшву, лейтматыў:
«Дзеялася гэта ўвесну сорак сёмага году. А ўвосень шаўцы пазнавалі свае боты на нагах тых, хто прыехаў зь лесу і рабаваў крамы. Бесцырымонна. У чацьвер, гандлёвы дзень».
Мінуліся гады, і сын шаўца з Крынак стаў сёньня постацьцю, вядомай у непараўнальна больш значным маштабе, чымся «вялікі горад», у які ён прыбыў у маладосьці, у агульнапольскім, і адначасна ў агульнабеларускім (яго выдаюць і зь ім лічацца ў Менску), і ўрэшце — дзякуючы перакладам на іншыя мовы, перадусім на ангельскую — у вачах прынамсі тых асяродзьдзяў на Захадзе, якія цікавяцца культурай памежных рэгіёнаў Усходняй Эўропы.
Але ён вядомы ня толькі і не абавязкова як пісьменьнік — бо хаця пазьней зьяўляліся і новыя апавяданьні Яновіча (гэта, мабыць, жанр, дзе ён чуецца найбольш пэўна), і раманы, і сцэнічныя творы, усё большы розгалас ішоў аб дзеячу, ініцыятару арганізацыяў і рухаў, нават аб палітыку, які ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі, а гэтыя заангажаваньні спрыялі пяру не мастака, а публіцыста. Ня варта зьдзіўляцца: хіба ж мы ня ведаем з польскай літаратуры мадэлі творцы — яго апякае сам вялікі зямляк з Наваградку, — які галоўным сваім абавязкам лічыць напісаньне Кніг Нацыі, а таксама далучэньне да тайных і яўных таварыстваў, якія змагаюцца за шляхотныя мэты? Зьяўленьне гэтай мадэлі ў беларусаў, нацыі, стагодзьдзямі пазбытай самастойнага існаваньня, аточанай чатырма нацыямі, якія прыдушваюць сваёй магутнасьцю, калі не дзяржаўнай і вайсковай, то культурнай: Расіяй, Польшчай, Украінай і Летувой (якая нават пазбавіла іх імя, таму што гэта яны чуюцца гістарычнай Літвой), зьяўленьне ўва ўцягнутай у такія кляшчы нацыі падобнай мадэлі творцы падаецца натуральным, прычым, мусіць, якраз польскі ўзор адыграў тут ролю. Тады гэтая мадэль увасобілася ў постаць Сакрата Яновіча, найбольш таленавітага (і непакорнага) пісьменьніка беларускай меншыні ў Польшчы, які фантазіяй і гнуткасьцю роднай мовы не саступае ейным творцам, што жывуць на ўсход ад Буга і Нёмана. Нічога не прымяншаючы ў выбітнасьці гэтай мадэлі, трэба заўважыць, што ён, мабыць, меў меншыя клопаты, абраўшы за мэдыюм жыхара Беластока, чымся больш жорстка ўцісканых і кантраляваных пабрацімаў з савецкай Беларусі...