Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 7 из 8



Лагернiкам забаранялася казаць пры сустрэчы са старэйшымi «прывiтанне», «вiтаю вас» i розныя «здраўствуйце». Вiтацца дазвалялася наступным чынам: з ранiцы i да 12.00 — «добрай ранiцы», з 12.00 да 18.00 — «добры дзень», з 18.00 i да ранiцы — «добры вечар». А я, нiбы ўпарты iрландзец, якi дэманструе аднаасобны суверэнiтэт, упарта даваў «дзень добры». Але мяне не праследавалi i не каралi за перастаноўку слоў, ад якой сэнс не змяняўся. Наогул нацменам дазвалялася крыху болей, чым расейцам, маўляў, малодшы брат — ён дурнейшы, тое-сёе варта i не пачуць i дараваць.

Што да пакаранняў, дык яны ў Артэку насiлi больш назыўны, чым матэрыяльны характар. Важатыя пагражалi, што патэлефануюць бацькам; начальнiк казаў, што напiша лiсты. Усе ра­зам абяцалi выгнаць з лагера i выправiць дамоў. Толькi нiхто iм не верыў. У рэальнасцi ж яны маглi наступнае: не пусцiць на танцы, не ўзяць у кiно, не дазволiць ехаць на экскурсiю i, у самым крайнiм варыянце, паклiкаць увечары ў пакой для важатых, а там палохаць i абяцаць, што ў наступны раз паб’юць. Каб каго сапраўды бiлi, я не чуў, бо наогул у Артэку ўсё брыдкае вельмi старанна ўтойвалася, i яшчэ там была сiстэма замены.

Да прыкладу, я ўзбунтаваўся — адмовiўся вучыць 10 абавязковых пiянерскiх песень. Калi на палянцы нас пасадзiлi ў кружок i пачалi надыктоўваць словы, я ўзняў руку i заявiў, што зусiм кепска пiшу па-расейску. За такi жарт мяне, як мiнiмум, можна было б паставiць пасярод пляца на вечаровай лiнейцы i перад усёй Крыштальнай дружынай высмеяць i прынiзiць, сказаўшы: вось пiянер, якi не здатны вывучыць мову, на якой гаварыў Ленiн. I, павер ты мне, сораму не абабраўся б. Толькi Галiна з Ноўгарада павяла сябе iнакш. Не хочаш быць як усе? Выдатна. Будзь лепшы. Яна спытала: «Хто яшчэ не ведае расейскага правапiсу?» Маё непадпарадкаванне падтрымалi два казахi, Мухтар i Амангельды. Тады важатая вельмi ўрачыста паведамiла, што мы вызваляемся ад 10 пiянерскiх песень i накiроўваемся ў бiблiятэку, дзе зможам узяць кнiгi на родных мовах i чытаць iх, пакуль астатнiя будуць спяваць. З боку важатай усё было зроблена вельмi тактоўна, так, што падумалася: мусiць, папярэдняя мiжнародная змена з неграмi ды кiтайцамi ўсё ж прывучыла сяго-таго паважна ставiцца да iншародцаў, якiя не вывучылi вялiкую ды магутную мову мiжнацыянальных зносiн. Але ж i з майго бунту выйшаў пшык.

Толькi калi я ў пэўным сэнсе падмануў Галiну, дык Амангельды з-пад Джамбула быў шчыры. Галавасты апалонiк, iнакш i не скажаш пра яго, звычайны хвастаты зародак жабкi. I вочы ў казаха былi вузкiя i лупатыя адначасна; вочныя яблыкi так i хацелi выскачыць з чэрапа, а напятая смуглявая скура iх не пускала. Імя маленькага крываногага казаха з-пад Джамбула спачатку нiхто не мог запомнiць. Але калi такое вымавiш i запомнiш, дык ужо i не забудзеш, каб i хацеў. Пабудзi мяне сярод ночы i спытай, з якiм казахам давялося пазнаёмiцца ў Артэку, i пачуеш — Амангельды. У ягоным Джамбуле адбыўся землятрус, таму ра­зам з нашчадкамi начальнiкаў у Крым паехалi дзецi шматдзетных пралетарыяў i сялян. Амангельды быў восьмае, але не апошняе дзiця ў бацькоў. Я не цiкавiўся, кiм працаваў бацька жабкападобнага казаха, але сям’я iхняя яўна не гаравала i не галадала. Ты б толькi бачыла, як ён расцiснуў падэшваю на асфальце скрыль кавуна...

Недзе напрыканцы першага тыдня нам далi на дэсерт кавун. Скрылi былi чырвона-сакаўныя, падобныя да вялiзных пеўневых грабянёў. А з-пад-джамбульскае жабяня вазьмi ды скажы: «У нас такiмi кавунамi ў футбол гуляюць!» Нiколi не бачыў, як гуляюць у футбол кавуном, а вось як гулялi глобусам — бачыў. Вясковы школьны заўгас выкiнуў на сметнiк можа з дваццаць геаграфiчных наглядных прыладаў. А вясковыя дзецi не знайшлi лепшага занятку, як бiць па iх нагамi. Потым за школаю на сметнiку доўга ляжала брудная гурба папераламаных глобусаў, такiх падобных да чарапоў. Як глобусы, так i кавуны я вельмi лю­бiў i люблю. Што да кавуноў, да гэтых ягадаў з гароднiны, дык магу есцi не толькi ружовыя, а i ледзь-ледзь ружовыя i прахалодна-несалодкiя. А вось Амангельды, запэўнiўшы, што нiводзiн казах не будзе есцi крымскiя кавуны, пайшоў мiж радамi крэслаў i сталоў i ўсiм землякам загадаў выкiнуць дэсерт. Землякi, нечакана для астатнiх, паслухалiся свайго апалонiка i, выйшаўшы з ста­лоўкi, пакiдалi скрылi хто ў сметнiцу, а хто i на зямлю. Амангельды радаваўся i цiснуў кавуны абцасамi. Крышку пазней я даведаўся, што зусiм i не Амангельды прыдумаў выкiнуць на сметнiк дэсерт, яму загадаў Мухтар.



Высакаваты i чыстатвары Мухтар, сын стар­шынi райкома камунiстычнае партыi, пэўна, ад баць­кi пераняў волю да ўлады. І ўсе, хто прыехаў з Джамбульскага раёна, а iх па розных атрадах было параскiдана чалавек сорак, без пярэчанняў выконвалi ягоныя даручэннi ды парады. Азiя, як казаў Кiплiнг, ёсць Азiя, а Захад ёсць Захад, i ра­зам яны нiколi не сыдуцца. Вядома, што гара з гарою зусiм не так, як чалавек з чалавекам у музеi касманаўтыкi, дзе я пабачыў, як Мухтар адчуў на сваёй, крыху цямнейшай за маю, скуры, што жыве, жыве цёмны расiзм на белым свеце.

Музей, заўважу, даволi шматрэчны, напакавана ў iм усяго рознага было шмат. Гэта ж цяпер я разумею, што скафандр з шыльдачкаю «Юры Гага­рын» мог належаць i Герману Цiтову. Ты ж i сама ведаеш, як робяцца музеi... Галоўнае, каб экскурсавод не забыўся сказаць пераканаўчым тонам: «З гэтае талеркi еў першы касманаўт Гагарын!» Толькi дух расiзму хаваўся не за талеркамi i скафандрамi, а за дзейнымi трэнажорамi. Мне яны адразу не да сэрца прыйшлiся, розныя моцамеры, рэакцыязамяральнiкi, вагапавелiчальнiкi...

Правяраць рэакцыю мог кожны. Сядаеш у зручны фатэль i глядзiш на тэлеэкран (кампутараў я тады не ведаў). На экране раз-пораз у розных кутках успыхваюць рознакаляровыя кропачкi: сi­нiя, жоўтыя, чырвоныя. Падобныя кропкi ўспых­ваюць i плаваюць уваччу, калi доўга працаваў, апусцiўшы галаву, а потым рэзка ўскочыў, каб iх згасiць, трэба зноў схiлiцца, каб кроў у мозг прылiла. А каб знiклi экранныя кропкi, трэба цiснуць на кнопкi ў пэўным парадку, бо сiнюю кропку гасiла жоўтая клавiша, а жоўтую — чырвоная, а чырвоную — сiняя. Кропкi ўспыхвалi ў iрваным рытме. Асабiста я пачуў: можаш, калi захочаш, быць касманаўтам. Мухтару з Джамбула вынеслi iншы вердыкт... Трэнiруй рэакцыю, гуляй у настольны тэнiс, у Кiтаi добра гуляюць у настольны тэнiс. Спачатку я не ўцямiў, пры чым тут Кiтай. Але па тлумачэннi далёка хадзiць не давялося. Каля цэнтрыфугi ўсё праяснiў даўгашыi экскурсавод: «Жоўтым у цэнтрыфугу залазiць нельга. У жоўтага чалавека арганiзм слабейшы, чым у белага. Таму дзеля ўласнай бяспекi прашу жоўтых не падыходзiць да трэнажора цэнтрыфуга!» «А я не жоўты! Я — казах!» — чысты Мухтараў твар так збялеў ад злосцi, што зрабiўся бялейшы за крамнае бутэлечнае малако. «Папрашу не пярэчыць i пакiнуць музей. Акрамя фiзiчнае падрыхтоўкi для касманаўта вельмi важныя дысцыплiна i выкананне загаду»... Спрачацца не мела сэнсу. Мухтар, а за iм Амангельды, пакiнулi залю з цэнтрыфугаю. Астатнiя пiянеры толькi ўзрадавалiся. Чым меней людзей у чарзе, тым лепей, ёсць i такая думка.

У блiскуча-срэбную цэнтрыфугу ўлезла трое беларусаў: я, Вiця ды Сярожа. Мы селi на кукiшкi i зацiснулi галовы мiж каленямi. Даўгашыi ўклю­чыў трэнажор. Па спiне пабег скразнячок. Здаецца, не прайшло i хвiлiны, а экскурсавод ужо крычаў, што трэба ўстаць i ўзняць рукi ўгару. У галаве гуло i грукала, нiбыта нехта дужы кiдаў у пустым вагоне на падлогу мяхi з цэментам. Бух, густая цiша, гудзенне... Ізноў бух... А рукi, Бог сведка, былi такiя цяжкiя, што я ледзь адарваў iх ад сцёгнаў. Аднаатрадаўцы клалiся са смеху, гледзячы, у якiх раскiрэчаных паставах стаялi мы ў цэнтрыфузе. Было смешна i мне, было смешна глядзець на Вiцю i Сяргея, што стаялi як два стогадовыя разбiтыя паралюшам карчы. Але смяяцца я не мог, шчокi i вусны не рассоўвалiся. Калi б мне хто сказаў, што вось зараз з цябе выцягуць у цэнтрыфугу ўсе вантробы, я б нi хвiлiны не сумняваўся ў праўдзiвасцi папярэджання. Але, як ты здагадалася, вантробы засталiся на месцы. А вось уяўленне пра беларусаў зрушылася ў лепшы бок.