Страница 1 из 8
Адам Глобус
ТОЛЬКІ НЕ ГАВАРЫ МАЁЙ МАМЕ
Зборнік інтымнае прозы
Упершыню кніга “Толькі не гавары маёй маме” была надрукаваная ў 1995 годзе ў выдавецтве “Сучасная літаратура”
Глобус, А.
Г54 Толькі не гавары маёй маме... : [Тэкст] / Адам Глобус (Адамчык У.В.). - Мінск : І. П. Логвінаў, 2012. - 264 с. - (Серыя "Я кнігу маю").
Другое выданне
ISBN 978-985-562-013-7.
© Глобус А., тэкст, 2013
© Афармленне. Выдавец Логвінаў І.П., 2013
© Афармленне вокладкі Gonzai (gonzai.org), 2012
Выдавец І.П. Логвінаў, ЛІ 02330/0494468 ад 08.04.2009
Пр-т Незалежнасці, 19-5 220050, г. Мінск
Трохкутнік
(аповесць пра першае каханне)
Кажу табе: нiчога адметнага не было, нiхто не застрэлiўся. У iншых здараецца страшнае, i яны трапляюць у лякарнi, i труцяцца, i вешаюцца, а ў мяне ... Ну, калi ты настойваеш, скажу так: мне было семнаццаць.
Лядачы ўзрост, асаблiва калi вясна, травень, i табе семнаццаць, i ўсе дзяўчаты прыгожыя. А тая, што да цябе блiжэй за ўсiх, — самая прыгожая. А блiжэй за астатнiх да мяне была Вольга Пакроўская. За адным сталом на занятках сядзелi. Яна займалася на скульптурным, а я на жывапiсным, але на ўсiх фiзiках-хiмiях мы побач сядзелi, толькi на ангельскай мове я сядзеў адзiн, бо Вольга вывучала французскую. І на беларускую лiтаратуру яна не прыходзiла, дзецям вайскоўцаў дазвалялася не вывучаць бел. лiт. i бел. мову. Яна i не вучыла. Але на ўсiх астатнiх грамадазнаўствах, матэматыках, красленнях мы сядзелi разам.
Другi год сядзелi побач, i калi ў мяне ўзнiкалi розныя думкi, дык я iх праганяў з дзiўнай лёгкасцю. Ну, мала што каму захочацца цi прымроiцца на занудлiвых занятках па вайсковай справе, калi маёр Мухiн у соты раз разбiрае i збiрае аўтамат Калашнiкава, а потым прымушае гэта рабiць усiх па чарзе. А аўтамат адзiн. І калi дойдзе чарга, дык адчуеш, як ад Мухiна пахне спiртам. Звычайна на вайсковай справе я чытаў. А Мухiн не любiў тых, хто чытаў. Ён i дзяўчат не любiў, i барадатых не любiў, а тых, хто насiў даўгiя валасы, ненавiдзеў. Ён — маёр Мухiн, пехацiнец — любiў спiрт i аўтамат Калашнiкава. А я любiў чытаць пра мастакоў, пра розных там Радэнаў i Сезанаў. Ну, i калi чытаў пра тое, як Агюст Радэн прымушаў сваiх натуршчыц разгульваць па майстэрнi аголенымi... Ён, Агюст, не мог маляваць, калi натуршчыца сядзела цi ляжала. Чалавек — сабор, якi рухаецца, так ён казаў. I мне ўяўлялiся гэтыя аголеныя, што гуляюць па скульптурнай майстэрнi сярод станкоў i каркасаў.
У семнаццаць i не такое ўяўляецца. У суседнiм доме, наш дом з суседнiм вокны ў вокны стаяў, адзiн мужчына прымушаў сваю жонку мыць падлогу, i не проста так мыць, як усе мыюць, а распранацца дагала i мыць. А сам ён сядаў на канапу i глядзеў, як яна шаруе дошкi сагнуўшыся. А ў мяне быў бiнокль, i я сачыў за iмi з-за фiранак. А потым, яна i дамыць не паспявала, ён рабiў з ёй розныя рознасцi. Эксгiбiцыянiсты чортавы. Я iх на вулiцы баяўся сустракаць. Ідзе такая прыстойная парачка, заходзяць у хлебную краму i купляюць палову чорнага i батон. І ўсё ветлiва, з усмешкамi, i нiхто нiчога, а я чырванею. Натуральна, i, здаецца, усе на мяне глядзяць, нiбыта ведаюць, што я з-за кухоннай фiранкi за людзьмi ў бiнокль падглядаю. І даводзiцца ўцякаць з крамы, нiчога не купiўшы, бо кроў на шчоках так i пульсуе. А тыя нудзiсты кватэрныя хоць бы хны. Добра, што я толькi чырванеў, а то ўявi, каб хто мог думкi чужыя чытаць цi мроi бачыць.
Ну, хоць бы той жа ваенрук Мухiн, уяўляеш? Глянуў ён на мяне i бачыць майстэрню Радэна, поўную аголеных кабет, якiя гуляюць мiж розных бронзавых думальшчыкаў i грамадзян горада Кале. А замест Радэна я сяджу на крэсле i раблю мядовай акварэллю накiды. Мухiн бы зайшоўся ад злосцi. Каб я кнiгу пра вайну чытаў, нават гiстарычную, пра беларуска-расейскую вайну VII стагоддзя, i тое б не так зазлаваў, а тут... Ён жа не ведаў, што скульптарка, якая зляпiла гэтых саўдэпаўскiх рабочага з сялянкаю трыццацiметровых з пудовымi сярпамi i малаткамi, таксама насiла такое прозвiшча — Мухiна. Якi серп? Якi молат? Вось аўтамат Калашнiкава — рэч! А я аўтамат ненавiдзеў люта. Дый чорт з iм, з аўтаматам. Не пра тое гаворка. А пра маё самае першае каханне да Вольгi Пакроўскай, з якой сядзеў на вайсковай справе за адным спiсаным рознымi гадасцямi сталом.
«Мухiн — дуб!», «Вайскоўцы — людажэры!», «Ненавiджу вайну. Любоў — наш сцяг!» Усё такое пацыфiсцкае. У нас уся вучэльня была з пацыфiстаў доўгавалосых. І я насiў тады доўгiя валасы, яны вiлiся i тырчалi ў розныя бакi. Жахлiвае вiдовiшча. І нязручна. Толькi як жа я без валасоў? Валасы таксама сцяг пацыфiзму. А самыя доўгiя валасы ў вучэльнi насiў Сяржук Шавец. Ён, як i Вольга, вучыўся на скульптурным. Сяржук быў з Гомля i ўсiм казаў, што самыя прыгожыя дзяўчаты ў Гомлi. Выдумляў. У семнаццаць усе дзяўчаты прыгожыя. А што да Сержука, дык ён зусiм у дзяўчатах не разбiраўся. Пазнаёмiцца з якой, прывядзе ў майстэрню, пасадзiць i мяне клiча, каб спытацца, прыгожая цi не. Бывае, такое прывалачэ, што ажно дзiўна, дзе яно такое вядзецца-плодзiцца. Але я нiколi не казаў, што ягоныя самкi — каракацiцы.
Толькi аднаго разу, калi гадзiн у адзiнаццаць вечара на вакзале мы знялi чатырох дзявуль, я не вытрываў i сказаў: выпiць вып’ю, а ад усяго астатняга адмаўляюся на карысць неграў. А ён застаўся i падчапiў трыпер, пранцускi насмарк. Ты б толькi бачыла тую ласiху. У яе каленi, ну проста жах; такiм каленам калi садануць пад зад, дык метраў семсот ляцецьмеш. Не каленi, а нейкiя голеныя салдацкiя патылiцы. А Сяржук палез памiж тых каленяў, i знайшлася радасць. Прыходзiць i просiць мяне ў аптэку схадзiць па бiцылiн, бо яму не далi. У аптэцы я нагаварыў пра хворую цётку i пра памяты рэцэпт, бо ў цёткi калоцяцца рукi — што яна нi возьме, усё пакамячыць, чытаць зусiм не можа, у яе галава трасецца, i таму цётка толькi радыё слухае. Гэта ўсё праўда, толькi не пра маю цётку, а пра мацi Светы Сухадольскай, з якой я ў адным класе вучыўся. У Свецiнай мацi была хвароба Паркiнсона. Яна i года не пражыла з паганай хваробаю. Увесь клас хадзiў на пахаванне...
Але якое дачыненне хвароба Паркiнсона мае да бiцылiну? Не ведаю. І ўсё ж далi мне ў аптэцы пачак ампулаў i сказалi, каб больш не прыходзiў. А Сяржук узрадаваўся i адразу ж у майстэрнi сам сабе зрабiў укол. Укалоўся i кажа, што ёсць бутэлька вiна, толькi пiць яму цяпер цэлы тыдзень нельга, i ён прапанаваў выпiць мне. Я сказаў: адзiн не буду, семсот пяцьдзесят чарнiла мне зашмат. І Сяржук прапанаваў выпiць палову Вользе Пакроўскай. Я ж табе казаў, што яны скульптары, таму ў адной майстэрнi займалiся. І мы сядзелi ўтраiх сярод глiняных Венераў, загорнутых у цэлафан i анучы. Вiно падзейнiчала на мяне дзiўным чынам — я заўважыў раптам, якая прыгожая Вольга. Раней не заўважаў яе вачэй, яе вельмi жаноцкай пластычнай паставы. Ну, сядзела побач са мной зграбная дзеўка. Пра большае i не думалася. А ў майстэрнi за пляшкаю вiна ўбачылася, што Вольга вельмi падобная да знакамiтай Венеры, адшуканай у Мiласе. Вось так i знайшлася мая Венера — Вольга Пакроўская.
А Сержуку стала сумна з намi, цi бiцылiн так падзейнiчаў. Ён сышоў. Мы дапiлi вiно, i я папрасiў дазволу правесцi Вольгу дамоў. Я першы раз праводзiў дзяўчыну дамоў. Толькi не думай, што я такi быў затарможаны i нiколi раней не праводзiў дзяўчат. Праводзiў сто разоў i нават цалаваўся, i ведаў, як расшпiльваецца станiк. Толькi ўсё папярэдняе рабiлася дзеля iншага, дзеля пераадолення юнацкiх комплексаў, дзеля сама-сцвярджэння. А тут я адчуў, што не толькi мне будзе прыемна.
Мы iшлi па начным горадзе i гаварылi рознае глупства, i стаялi каля пад’езда. Тупа, да вар’яцтва, як у тэлесерыялах. Я тады глядзеў на вокны. Вользiны былi на пятым паверсе. А назаўтра ранiцай я зноў прыйшоў да гэтага пад’езда i глядзеў на вокны, толькi быў я цвярозы i злы. І даў сабе слова болей з Вольгаю не сустракацца. Смешна атрымлiваецца: сядзець за адным сталом i не сустракацца, але так яно i выйшла. Я хадзiў вечарамi глядзець на яе вокны, а ўдзень сядзеў побач i рабiў выгляд, што нiчога не адбываецца. І Вольга рабiла выгляд, — яна потым расказвала. Мы сядзелi за адным сталом i рабiлi выгляд. Ідыёты. Мы пакутавалi. Н е хлушу. На вулiцы травень, нам па семнацца ць. А мы робiм абыякавыя твары. Увесь травень м ы амаль i слова адзiн аднаму не сказалi. Так i прамаўчалi да лета. А пасля сесii раз’ехалiся ў розныя бакi.