Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 8



Адкрыццё ўласнага асляплення агаломшыла, збянтэжыла, прыбiла. А Вольга спакойна расказвала пра тое, што ў яе быў мастыт, што хiрург жахлiва парэзаў ёй грудзi i што нарадзiць яшчэ адно дзiця яна ўжо нiколi не зможа. Маё ўяўлен­не намалявала Вользiны парэзаныя грудзi з жах­лi­вы­мi кiлоiднымi шнарамi. Нейкая нябачная сi­ла адштурхнула мяне ад Вольгi, я паспяшаўся развiтацца i сысцi.

Я ж табе казаў, нiчога цiкавага ў маiм першым каханнi так i не адбылося. Нiхто не ўтапiўся i не парэзаў сабе вены.

Сочы. 14.IV.1992

Артэк

(іранiчная аповесць)

Ахвярую артэкаўцы Вользе Сокал

з горада Арла i Яўгену Вапу з Беласточчыны

Ты пытаешся пра пiянерскi самы вялiкi ў свеце лагер Артэк? Калi ласка...

Пуцёўку ў крымскi летнiк прынёс бацька. Звычайна маiм прыладкаваннем падчас вакацый займалася мацi. Яна працавала ў бiблiятэцы будаўнiчага трэста № 4, а на той час у пралетарскiх канторах канцэнтравалiся выгоды кшталту пуцёвак на спартовыя базы дый турыстычныя цягнiкi. А тут нечакана, як снег на галаву ў чэрвенi: «Адам, ты пае­дзеш у жнiўнi ў Артэк!». У падтэксце, пра якi так любiлi разважаць у пачатку 70-х гадоў, чыталася: радуйся, сын, бо мала каму шанцуе адпачыць у найзнакамiцейшым лагеры, куды збiраюцца найлепшыя з найлепшых з усяго зямнога шара. А мая душа мiнскага сямiкласнiка сцялася ад сполаху, бо я ж нiколi не быў найлепшы нават у сваёй вельмi сярэдняй школцы 9, нават у сваiм адным з найгоршых 6-м «В». Скажу так, я быў хранiчны харашыст, якi мужна змагаўся з тройкамi. А ў Артэку, хто не ведаў, дастойныя з дастойных, разумныя з найра­зумнейшых, найспрытнейшыя з суперспрытных, нешта накшталт алiмпiйцаў. Менавiта так пiсалася, гаварылася i паказвалася ў газетах i часопiсах, на радыё i ў тэлевiзары. І я не хацеў выглядаць на разумова непаўнавартаснага.

Вось так, у страху i сумневах — ехаць цi не ехаць — прайшлi два месяцы чакання. Спалох мой выпарыўся, нiбыта шаптуха загаварыла, каля змрочнага будынка ЦК ЛКСМБ, як толькi пабачыў тых, з кiм давядзецца разам ехаць на паўвыспу Крым. Звычайныя мiнскiя мамчыны дачушкi i сынкi стаялi з бацькамi, а да iх ног тулiлiся, не раўнуючы сабакi, яркiя валiзкi. Было гадзiн 11 вечара, сцямнела, нас — будучых артэкаўцаў — пашнуравалi па двое i павялi на вакзал. У цемры мы нагадвалi калону палонных.

У цягнiку Мiнск — Сiмферопаль выдалi сухi паёк: печыва, хлеб, цукеркi ды кансароўку з свi­ной тушанiнай, адну на траiх. Першы ўзяўся есцi з бляшанкi вiсланосы Мiхась з Нясвiжа. Пакуль астатнiя пазiралi ў акно i запiвалi цеплаватай гарбатай чэрствы хлеб, нясвiжскi Мiхась выеў з кансароўкi ўсё чыста мяса i сказаў, што такая трапiлася бляшанка — адно сала, адзiн тлушч. Кем­лiваму нясвiжскаму пiянеру натаўклi ў каршэль, але ж мяса не вярнулi.



Не ведаю, як у каго, а ў мяне першыя лагерныя днi праходзiлi заўсёды пад шарым i халодным крылом голаду. Як найкаштоўнейшы талiсман я на­сiў у нагруднай кiшэнi лусту чорнага сухара, а ка­лi клаўся спаць, дык хаваў хлеб пад падушку, загарнуўшы ў кашулю, каб не раскрышыўся.

З лустай чорнага хлеба ў кiшэнi я даехаў ажно да артэкаўскай лазнi, а там давялося пацiху яе выкiнуць, бо хударлявы маладзён, апрануты ў гарчычную паўвайсковую форму, загадаў распрануцца дагала i скласцi ўсе рэчы ў мех, якi знеслi ў камеру захоўвання ажно на два доўгiя месяцы. На мне засталiся адно шкарпэткi i сандалi, а ў цэлафанавым пакецiку, прыцiснутым да пэўнага органа, былi толькi мыла, зубная паста, шчотачка дый кеды з запаснымi шкарпэткамi. У правым ке­дзе хаваўся вацок з чырвонцам. Зразумела, што ў другi вольны кед я мог засунуць сухую лустачку хлеба, але ўяўны сорам не дазволiў. Знойдуць, i пачнецца... Вы што, з галоднага краю да нас прыехалi? Гэта вас бацькi навучылi хлеб у абутку хаваць? Карацей, я не пашкадаваў, што выкiнуў харч, бо аглядалi вельмi ўважлiва: i ў валасах вошы шукалi, i мiж пальцаў — каросту, i нават клубы рассоўвалi i ў дупу зазiралi... Ад чаго я пачырванеў i заiкаўся, калi надыктоўваў доктарцы ў акулярах уласныя даныя.

З доктарскага кабiнета доўгiм калiдорам давялося шыбаваць у душ, дзе ўжо назбiралася чалавек трыццаць голых хлопцаў i дзе адсутнiчала гарачая вада. З вiскатам, ровам i рогатам кожны па чарзе ўскокваў пад ледзяныя струменi, а ўсе астатнiя заходзiлiся ад смеху, нiбыта ў апякальна-сцюдзёным душы i ў курчах пад iм ёсць нешта вясёлае.

З душа было загадана iсцi ў даўжэзны пакой, пасярод якога цягнулася даўжэзная лава, на ёй гурбiлася форма: шорты, майкi, трусы, кашулi i пiлоткi. Я нiколi не бачыў у сапраўднасцi, як дзiкуны нападаюць на маманта, толькi ў аме­ры­канска-ангельскiм фiльме «Мiльён гадоў да нашай эры», а яшчэ ў дакументальнай стужцы мяне ўразiла сцэна нападу гiенаў на льва. Нiзказадыя, тупарылыя, лапавухiя сабакi раздзiралi на шматкi старога цара звяроў. Нешта падобнае адбылося з дзяльбою формы. Трэба ж было ўадначассе схапiць майку, пачаць яе апранаць, бегчы ўздоўж лавы да гурбы трусоў, хапаць, усцягваць, прасоў­вацца, прадзiрацца да кашуль, намячаючы шлях да шортаў i пiлотак. Тое самае рабiла яшчэ трыццаць найспрытнейшых з усiх спрытных. Пэўна ж, скончылася б бойкай, калi б хударлявы маладзён не ўскочыў у доўгi пакой i не зароў, не раўнуючы паранены гiпапатам: «Ста-а-аяць! Ма-а-аўчаць!»

Як равуць гiпапатамы, мне давялося чуць у пе­расоўным заацырку. І скажу, што страшна яны равуць. У Мiнск прывезлi перасоўны звярынец, была там i гiпапатамава самка, што цэлымi днямi сядзела ў вялiзнай балеi. Гiпапатамы любяць ваду i балота. Але нiхто ж i думаць не думаў, што 1 кастрычнiка ляснуць маразы. Вада ў балеi вымерзла, а самка гiпапатама прымерзла да жалезнае сценкi. Як яна раўла! Яе бок, ададраны ад балеi, быў пяшчотна ружовы, як чыстае неба марознага ранку. А яе густы рык выкочваўся з самых глыбiняў вялiзнага чэрава, i не было яму нi канца, нi краю.

Адкуль у хударлявым маладзёне ўзяўся звярыны рык, я не высвятляў. Я скамянеў, сказаўшы самому сабе чароўнае слова «замры». На мне ўжо былi: майка даволi нармалёвая, трусы амаль да каленяў, шорты, удвая меншыя за трусы, i кашуля невядомага памеру, бо трымаў я яе разам з вiсланосым Мiхасём з Нясвiжа. Ён за рукаво, а я за каўнер. Маладзён у форме прымусiў нас зняць усе апранахi i скласцi зноў на лаву, а потым выдаў кожнаму больш-менш адпаведныя памеры.

У артэкаўскай лазнi я ўсё ж прамучыўся недарма, бо зрабiў для сябе генiяльнае адкрыццё: вопратку, асаблiва форму, трэба браць на памер большую. У такой, крыху завелiкаватай (затое нiдзе не цiсне i не рэжа) форме давялося з гадзiну прасядзець каля лазнi ў начным скверыку на лаўцы, пакуль пульхная важатая не загадала пайсцi за ёю.

Стомлены за два днi дарогi, я ледзь валокся за вельмi загарэлай жанчынкаю з доўгiм, падобным да жолуда, тварам. А думалася мне пра тое, што добра было б знiкнуць у стракатлiвай крымскай ночы дый з’явiцца ў кватэры 44 на восьмым паверсе ў доме 68 па вулiцы Апанскага ў горадзе Мiнску, карацей — хацелася дамоў. У мяне засмактала пад лыжачкай, у грудзях узнiкла пустата i холад, у носе заказытала, а на вачах навярнулiся слёзы. Плакаў я бязгучна. Крочыў за пульхнай жанчынкаю дый крадком выцiраў шкарпэткамi мокрыя шчокi. Але ты i сама ведаеш, цi мала каму што захочацца i зажадаецца.

Маркота знiкла зусiм нечакана, у той момант, калi мы зайшлi ў ярка асветленае фае вялiкага пяцiпавярховага будынка. Падобны да жолуда твар павярнуўся да мяне, наблiзiўся i сказаў: «Запа­мi­най... Твой лагер — Горны, твая дружына — Крыштальная, твой атрад — Пяты, твой паверх — Трэцi, твой пакой — Трыста адзiнаццаты. Паўтары!» Я паўтарыў. А чаму, зрэшты, i не паўтарыць, калi просiць маладая жанчынка з хай сабе i нязграбна павязаным на шыi пiянерскiм гальштукам. Мне нават падабаўся пах сухое кастрычнiцкае лiстоты, якi сыходзiў з-пад праса, калi я павольна сунуў яго па шаўкавiстым, добра намочаным чырвона-памаранчавым трохкутнiку. Далiбог. А ў важатай, якая сказала, каб iшоў адпа­чываць, замест хрусткiх ражкоў целяпалiся над высокiмi грудзямi вялыя матузкi.