Страница 3 из 8
Мацi сказала салдатам-душам, што яна ганарыцца iмi, бо яны героi. Здохнуць можна ад гэтага пафасу, ну, проста седзячы ў тэатральным фатэлi ўтрупянець i кончыцца, а не згарэць у танку, як выдуманыя драматургам салдаты. Гэта таксама я дазнаўся з гаварыльнi. А згарэлi яны ў танку, бо танк перакулiўся, бо iшоў ён па горнай дарозе, а на дарогу выбегла дзяўчынка, а камандзiр узяў на сябе ўсю адказнасць, дзяўчынка засталася цэлая, а вось танк упаў са стромы на камянi, разбiўся i ў дадатак згарэў, толькi камандзiр паспеў вылезцi з ахопленай полымем баявой машыны, i яму яшчэ давялося пакутаваць i памiраць у шпiталi, дзе ў камандзiра паспела закахацца медсястра, якая, калi ў сапраўдным жыццi спiць, дык пераносiцца ў царства мёртвых, дзе прызнаецца ў каханнi да пакутнiка-камандзiра. Вось такая абракадабра з падтэкстам.
Пра падтэкст скажу пазней. Бо толькi медсястра прызнаецца ў каханнi i сыходзiць, як адзiн з былых танкiстаў, самы дробненькi рускi-беларус, нахабна кажа былому камандзiру, што ён героем быць не хоча i што камандзiр быдла, бо загубiў з-за адной дзеўкi ажно чатыры душы. Дзiўна, што i на тым свеце званнi захоўваюць сiлу. Дык вось, камандзiр пачаў супакойваць байца рознымi развагамi пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Толькi каштоўнасць распаўсюджвалася адно на дзяцей, а салдат яна зусiм не тычылася. І тут упала заслона. Антракт. І сапраўдныя салдаты загулi, загаварылi ды пацягнулiся ў фае. А я з Вольгаю i не выйшаў з ложы. І куды я мог выйсцi? У фае, дзе сто тысяч галодных салдацкiх вочак утаропiлiся б на дзяўчыну? Не! Так i праседзеў цэлы антракт, пасля якога падзеi на сцэне цяклi наступным чынам: дробненькi, якi не хацеў быць мёртвым героем, а хацеў быць жывым дзетазабойцам, намерваўся набiць морду камандзiру, але яго доўга не пускалi грузiн з хахлом. Грузiн гаварыў з грузiнскiм акцэнтам. Па-беларуску, i з грузiнскiм акцэнтам! Цырк, а не тэатр. А хахол увесь час укручваў украiнскiя прымаўкi. Трымалi яны, трымалi, гаварылi-гаварылi з акцэнтамi i прымаўкамi, а потым узялi i адпусцiлi. Пэўна, таксама хацелi быць жывымi дзетазабойцамi. А можа, i памыляюся.
Д робненькi салдат схапiў сапёрную рыдлёўку i пайшоў секчы свайго камандзiра. Але няспешна так сунуўся. Каб адчуваўся драматызм кульмiнацыйнага моманту. Ну, i як ты разумееш, не засек ён нiкога, савецкi салдат — добры салдат, ён нiкога нiколi не засякаў сапёрнай рыдлёўкай, а тым больш свайго камандзiра, якi, мiж iншым, спалiў яго ў танку, але танкiст на тое i танкiст, каб згарэць у танку i стаць героем, а потым на тым свеце выкiнуць сапёрную рыдлёўку i абняць свайго любiмага камандзiра, i яго сябры па подзвiгу таксама абнялi камандзiра i акамянелi ў скульптурнай позе. Жывую скульптуру асвяцiлi чырвоным пражэктарам, i мацi камандзiра разам з закаханай медсястрой прынеслi з-за сцэны i ўсклалi да ног герояў кветкi. І што тут пачалося, скажу — не паверыш. Авацыi, крыкi «бiс» i «брава», нехта нават «ура» крыкнуў. Вось так: поўны аншлаг, i ўсе задаволеныя. Сапраўдныя салдаты выспалiся i накурылiся ў прыбiральнi, а несапраўдныя зарабiлi свой кавалак хлеба.
Незадаволены застаўся толькi я, бо Вольга мяне суцяшала. Я так расхваляваўся, што ты сабе не ўяўляеш. Са мною такое бывае, што пачынаю крычаць i пагражаць усiм. А тады перад тэатрам я крычаў, што яны ўсе падонкi, i акторы, i рэжысёры, i драматург, i касiркi... Што салдаты падушылi людзей танкамi ў Чэхаславаччыне, i душаць у Афганiстане... Вось, я пра падтэкст абяцаў сказаць, дык у п’есе нiводным словам нiхто не агаварыўся пра Афганiстан, гэта аўтар у падтэкст хацеў загнаць, а загнаў ён туды... Не буду гаварыць, я пра такое не люблю гаварыць, я, калi псiхую, наогул у палiтыку не лезу. Не люблю я палiтыку, я люблю мастацтва i секс, i спорт, i спiрт. І Вольга вельмi тактоўна выкарыстала маю любоў. Мы купiлi дзве зусiм маленькiя, па сто грамаў, бутэлечкi малдаўскага каньяку i распiлi iх у двары на лаўцы. Двор быў стары, пах струхлелым дрэвам, i вакол нас цiха паблiсквалi канторскiя вокны.
Вольга сказала, што ад каньяку мне зробiцца цёпла i лёгка i што яна любiць пiць каньяк з рыльца маленькiх стограмовых бутэлечак, а навучыў яе пiць каньяк Юра Палякоўскi. Я тады толькi здзiвiўся, што выкладчык Палякоўскi навучыў сваю студэнтку пiць з рыльца. Мне сапраўды зрабiлася лёгка, я пацалаваў Вольгу i правёў яе дамоў, а потым доўга стаяў у двары каля трансфарматарнай будкi i глядзеў на яе цёплае акно. Я ж i думаць не думаў, што Юра Палякоўскi будзе працягваць вучыць Вольгу розным дзiўным штукам.
Калi шчыра, дык было нешта неардынарнае ў гэтым Палякоўскiм. Ён быў падобны да невялiкага маладога мядзведзя, асаблiва калi зухавата, па-цыркавому ўскокваў на спартовы ровар i са свiстам вырульваў ад вучэльнi праз арку на праспект. Акрамя гэтага ён любiў Мiкеланджэла, страляў з лука, пiў, як конь, i лiчыўся вельмi перспектыўным маладым талентам. Студэнты паважалi Палякоўскага, бо ў адрозненне ад большасцi глiнамесаў ён ляпiў спартоўцаў, а не герояў грамадзянскай вайны. Можна яшчэ расказаць пра Юру Палякоўскага, толькi я не люблю рабiць нечаканасцi там, дзе не трэба. Таму адразу скажу, што Вольга Пакроўская раскручвала два раманы адначасова. Адзiн са мной, а другi з Палякоўскiм.
Нашто ёй быў патрэбны я, так дагэтуль i не разумею. Тым больш няясна, нашто было мне расказваць усё пра iх адносiны з Юрам?.. Чорт яе ведае. Толькi маё першае каханне супала з першым каханнем Вольгi Пакроўскай да Юры Палякоўскага. Я гадзiнамi гуляў з Вольгаю па мiнскiх парках i выслухоўваў доўгiя споведзi пра тое, што творыцца ў яе на душы, i пра тое, што Юра творыць з яе целам. А пакацiўся ком з гары вельмi проста. Вольга расказала мне пра паштоўку. Аказваецца, Палякоўскi даслаў ёй запрашэнне на свой дзень нараджэння. Вельмi рамантычна, я б нiколi да такога не дапяў, даю слова. Вольга нават паказвала паштоўку. Звычайная — белыя гладыёлусы, i тэкст напiсаны шарыкавай асадкай. Самае звычайнае запрашэнне. Толькi сiтуацыя на днi нараджэння атрымалася незвычайная. Акрамя iмянiннiка i Вольгi на iм нiкога не было. Можаш сабе ўявiць: пустая майстэрня, свечкi, каньяк, цiхi джаз i ён з ёю.
А што са мною было, калi яна расказала? Мне спачатку зрабiлася млосна, а потым я ўвесь стаў, як драўляны. Мы якраз у скверы, каля возера iшлi. Вольга пытаецца ў мяне пра нешта, а я не чую, а калi яна перапытвае, я толькi хiтаю галавою. І тут да яе дайшло. Зразумела мая Вольга Пакроўская, што робiць несусветнае глупства. Ёй раптам таксама зрабiлася не па сабе, i яна пайшла ў возера, як была ў чаравiках, джынсах i сiнiм плашчы, так i зайшла ў ваду. І мяне так моцна пацягнула ў возера, так захацелася зайсцi ў ваду, што i не ведаю, якая моц запынiла мяне, не дала кiнуцца за Вольгаю. У ваду я так i не зайшоў, стаяў на пяску i глядзеў, як прыгожа ляжаць на вадзе фалды яе сiняга плашча. Я думаў, што калi Пакроўская ўтопiцца, дык мне не будзе балюча, я, клянуся Богам, нават хацеў, каб яна пайшла на глыбокае месца i ўтапiлася. Толькi ясней яснага было i тое, што не ўтопiцца мая любая Вольга Пакроўская. І яна сама зразумела, што ў яе нестае сiлы развiтацца з жыццём, i яна абмыла твар халоднай кастрычнiцкай вадою. Як жа ёй цяжка было выйсцi на бераг?! Я i ўявiць не магу. Выйшла. І я моўчкi павёў яе дамоў.
На гэтым бы ўсё i скончылася, бо, як ты сама разумееш, за адным сталом у вучэльнi мы больш не сядзелi. Я перайшоў на апошнi стол, у самы цёмны куток аўдыторыi, i з захапленнем чытаў на занятках белетрызаваныя бiяграфii Гагенаў i Тулуз-Латрэкаў, i мне да чорцiкаў хацелася злётаць у Парыж i пахадзiць па вулiцах, на якiх сканалi ад наркотыкаў Утрыла разам з Мадыльянi. Мяне да глыбiнi душы ўзрушыў той факт, што на пахаванне Мадыльянi прыйшлi ледзь не ўсе парыжскiя прастытуткi. І зусiм не ўзрадавала тое, што на пахаванне Утрыла нiхто не прыйшоў.
Як ты разумееш, маё першае каханне скончылася на возеры. Толькi адносiны з Вольгаю мелi працяг. Яна сама падышла да мяне пасля заняткаў i па-мужчынску прапанавала пагаварыць. Усё ж скульптура — мужчынскi занятак i жанчыны-скульптаркi з цягам часу робяцца падобныя да дзядзькоў. І я не змог адмовiць, я наогул нiчога не сказаў. Яна папрасiла пачакаць яе пасля заняткаў каля дзвярэй вучэльнi.