Страница 8 из 20
Страшны суд. Вось ён, сляпы i жахлiвы. Сляпы, бо хвароба абiрае ахвяры па невядомай нам сiстэме. I цi ёсць тая сiстэма, тая кампазiцыя? Мы бачым фрагмент i не можам убачыць цэлага, не можам ахапiць i зразумець.
Абпаленыя р"кавым ракавІм агнём твары глядзяць з-за смерцi. Іх даўно няма, год выдання атласа 1966-ты. Людзi памерлi. I ёсць толькi цьмяны адбiтак Страшнага суда. I нiшто не спынiць яго — нi ўзрост, нi пол, нi нацыянальнасць, нi раса, нi дзяржава... Нiшто!
Дзiця з пухлiнаю над брывом застыла ў вечным плачы. Нiшто. Наперадзе вечнае нiшто.
Як назваць сiлу, што зрабiла з чалавека абраннiка i пазначыла яго язвамi? Прырода? Космас? Бог?
Што застаецца яму? Малiцца? Спадзявацца на лiтасць прыроды? Класцiся спаць пад нож? Самаспалiцца?
Наперадзе пакута, смерць i нiшто, а ў рэальнасцi Страшны суд.
Рабiць пано "Страшны суд" разам са мною ўгаварыў сяброў Хведара Лася i Уладзiмiра Сцяпана. Мы замовiлi падрамнiкi 50?70 сантыметраў. На такiх палотнах зазвычай з'яўляюцца кабiнетныя партрэты правадыроў, але нас спакусiла залатое сячэнне. Мы разам выбралi дванаццаць самых выразных у графiчных адносiнах здымкаў i разыгралi, каму якi маляваць. Зноў злашчаснае жэрабя. Працаваць вырашылi ў стылi пап-арт, як мага больш стрымана i скрупулёзна перавесцi здымкi ў алейны жывапiс.
Памiж сабою мы называлi пано не "Страшны суд", а "Галовы". Свае чатыры партрэты я назваў так: "Усмешка Вальтэра", "Лацiнаамерыканскi дыктатар", "Дзiця" i "Наш сучаснiк".
Працавалi мы ўтрох рэстаўратарамi ў былым Кармелiцкiм саборы, а жылi ў iнтэрнаце для дзяцей са слабым слыхам, што месцiўся ў былым езуiцкiм кляштары. Рамантыка пад мiстычна-рэлiгiйнымi ветразямi каталiцызму. Езуiты, кармелiты, iнквiзiцыя, сутарэннi... Пад майстэрню мы выбралi вялiкi клас з паўцылiндрычнай столлю.
Праца рухалася павольна, марудна...
Хведар пачаў нудзiцца i пасварыўся з Уладзiмiрам, нiбыта з-за шахматаў. Лось выйграваў у Сцяпана, калi "на проста так", а як толькi яны сядалi гуляць "на iнтарэс", дык перамагаў Сцяпан. А занудзiўся Хведар, як сам пазней прызнаўся, з-за Голасу.
"Увечары я цалкам перакананы, што трэба рабiць пано. А ўраннi, як бяжым на рэчку, дык каля старой вярбы я чую Голас: "Не малюй рак. Не малюй Галовы..." I я пачынаю баяцца, мяне ахоплiвае страх, цэлы дзень я змагаюся з iм i пад вечар перамагаю. А ранiцай не паспею дабегчы да Вiхры, як зноўку чую Голас. Напэўна, я не змагу пiсаць Галовы. Мне страшна".
Хведар Лось не змог. А мы з Уладзiмiрам Сцяпанам працягвалi капiраваць фотаздымкi. Расцiслаў Васiльевiч папрасiў растлумачыць, нашто мы робiм такi жывапiс. I тут я павёў сябе неразумна, бо сказаў, што яго, Ракiцкага, тое не датычыцца, што ў Кармелiцкiм саборы ён кiруе, а ўвечары ды па суботах з нядзелямi час належыць толькi нам, i таму, што пажадаем, тое i будзем рабiць. Зрэшты, памылка была адносная, бо калi б я нават i пачаў тлумачыць сваю задуму стварыць пано "Страшны суд", дык наўрад цi Ракiцкi мяне зразумеў бы. Я не быў падрыхтаваны тлумачыць. Я меў настрой рабiць.
I ён нас выгнаў. Ранiцаю мы прыйшлi ў касцёл, пераапранулiся ў рабочае адзенне. Ракiцкi ўсiх сабраў i сказаў сакраментальны сказ, якi дагэтуль сядзiць у памяцi: "Сягоння Валодзя i Валодзя возьмуць бiлеты на аўтобус да сталiцы нашае Радзiмы — горада-героя Мiнска i пакiнуць нас". Аспрэчваць загад не было сэнсу, бо ў саборы працавала не брыгада халтуршчыкаў, а брацтва, цэх, акадэмiя мастакоў, i яны ўсе былi супраць мяне i Уладзiмiра. Яны не зразумелi маю трактоўку "Страшнага суда" i словамi Ракiцкага абвясцiлi прысуд.
Палотны засталiся няскончаныя, але я перамог у спрэчцы з Расцiславам Ракiцкiм i адначасова зноў прайграў.
Пано "Страшны суд" адзiнаццаць гадоў прастаяла ў сутарэннях, дзе я захоўваю рэшткi свайго мастацкага рыштунку.
А гэтай вясною я шпацыраваў па праспекце са знаёмцам Сяргеем Дубаўцом, якi распавядаў пра свой намер выдаваць беларускую незалежную газету "Свабода". У Дубаўца неставала вiзуальнага матэрыялу. "Трэба, каб чалавек разгарнуў газету i яму зрабiлася страшна..."
Фотарэпрадукцыi чатырох фрагментаў пано Сяргей змясцiў на цэнтральным развароце пад загалоўкам, у якiм ззяла слова "Чарнобыль".
Знiтаванне пано "Страшны суд" з выбухам на Чарнобыльскай АЭС — чыста газетны мантаж, i рэдактар дасягнуў свайго, ён прадаў наклад у 30 тысяч асобнiкаў.
Сцяпан казаў, што бачыў вялiкi стэнд, зроблены з газетных лiстоў "Свабоды", каля стэнда стаяў натоўп i глядзеў на наш "Страшны суд".
Пасля выхаду газеты да мяне звярнулiся немцы з ФРГ, тады яшчэ не было аб'яднанай Германii, i прапанавалi наладзiць выставу ў Гамбургу. Спачатку я ўзрадаваўся, а пазней перадумаў. У кожнай справе ёсць рыса, праз якую можна пераступiць толькi праз адзiнаццаць гадоў.
Адзiн рэстаўратар, якi працуе разам з Расцiславам Васiльевiчам Ракiцкiм, казаў, што ў таго ёсць першы нумар "Свабоды" са "Страшным судом".
Робiцца невыносна. Кладуся на спiну, згадваю...
Мсцiслаў. Кармелiцкi сабор. Езуiцкi кляштар. Ранiца. Яшчэ сонны апранаю спартыўны строй. Бягу на рэчку, крынiчную Вiхру. Побач лёгка бяжыць Ракiцкi ў сваёй чырвонай майцы, бяжыць Лось, бяжыць Сцяпан... Вада сцюдзёная. Змываецца тлум, вяртаюцца пругкасць i ўпэўненасць. Вада апякае скуру i гасiць душэўны агонь. Можна жыць.
У рэстаўрацыйных майстэрнях праходзiў конкурс на фiрменную эмблему. Расцiслаў зрабiў харугву — кавалак, недзе з чвэрць крацястае коўдры, прапаленай прасам, а потым залапленай кавалкам з той жа самай коўдры. Толькi крацястасць не супадала, i на харугве вылучаўся вастраносы след ад праса. Эмблему адзначылi, бо ў ёй сапраўды ўвасобiўся кампазiцыйны прынцып, якi спавядалi мiнскiя рэстаўратары, але ж за ўзор выбралi прымiтыўны малюначак iанiчнай капiтэлi. Чаму iанiчнай, а не дарычнай цi карынфскай? Бог iх ведае. Вось i яшчэ адзiн прыклад, калi думка большасцi памылковая. Дык жа ж галасавалi...
А залапленую коўдру Расцiславу дала ягоная мацi, вясковая настаўнiца. "Калi што будзеш прасаваць, дык вельмi зручна. Бяры". Ракiцкi прывёз коўдру ў Мiнск i прасаваў кашулi i нагавiцы, ажно пакуль не прызначылi конкурс. I ён убачыў у латцы, зробленай мацi, кампазiцыйны прынцып рэстаўрацыi — шво, якое выразна адсякае i разам з тым аб'ядноўвае мiнулы час з будучым.
Да мацi Расцiслаў ставiўся паважна i ўзнёсла, як iнтэлiгент у знявераным грамадстве, дзе надзеi на Бога няма i даўно скончылася спадзяванне на камунiстычны лад. Рознае сектанцтва ды амбiцыi ўшчэнт струхнелых i пачварных царкоўных структур я ў разлiк не бяру. А бацька ў Ракiцкага памёр, калi той яшчэ ў школу не хадзiў.
I таму магу сабе ўявiць, як ударыла, агаломшыла Расцiслава вестка пра смерць мацi. Яна згарэла ва ўласнай кухнi. Перавярнуўся керагаз, пыхнула газа, жанчыну не ўратавалi.
Выпадкова, па нейкай зусiм нязначнай справе, здаецца, мне быў патрэбны клей, затэлефанаваў у рэстаўрацыйныя майстэрнi. Мне сказалi, што Морква на пахаваннi — у яго загiнула мацi, згарэла. А мне адразу згадаўся той агонь, што палае ў душы самога Ракiцкага — нязгасны, знiчны, усёпаглынальны. I не дай ты Бог вырвацца яму на волю. Нават водблiскi таго полымя, што асвятляюць Расцiслававы палотны i малюнкi, палохаюць мяне. А ў iншых, я ведаю, выклiкаюць захапленне. Іншых, як i заўсёды, большасць. I яны, не адчуваючы небяспекi, падкiдаюць на душэўнае вогнiшча сухiя трэскi ўхваленняў. Спачуваю.
Яшчэ адна рыса Расцiслава Васiльевiча, пра якую нельга не сказаць, — ён савецкi. Ракiцкi не сябра камунiстычнай партыi, не кар'ерыст, не прагматык. Расцiслаў якраз тое iснае, што ёсць у маiм разуменнi савецкасцi: ён — дзiця казармаў, лагераў, iнтэрнатаў, мог ён спаць у пакоi, дзе стаяць дваццаць ложкаў. А мара пра ўласны дом у яго была такая ж эфемерная i папяровая, як заўтрашнi камунiзм.