Страница 34 из 35
У хвiлiны злiцця Дыскатэчнiк думае пра ўзнёслае. Яму мроiцца вялiзны шацёр, поўны музыкi, святла, рухаў i — галоўнае — людзей, людзей, людзей, чалавекаў, танцораў, прастытутак, алкаголiкаў, афрыканцаў, габрэяў, эскiмосаў, тайваньцаў, беларусаў, гарбуноў, карлаў, дзяцей-iнвалiдаў, шызоiдных мастакоў i хворых на рак самагубцаў, жырафаў i зебраў, катоў, катаў, каталонцаў i салдат, што ўцяклi ў самаволку, каралёў i маркiзаў, маньякаў i бамжоў — усiх, хто здатны варушыць пёрамi, пальцамi, веямi, хвастамi, тулавамi i кiпцюрамi. Жывое сабралася пад купалам. Шацёр плыве ў ледзяной, беспаветранай, цёмнай вечнасцi. А над усiм ён, Дыскатэчнiк, бог рухаў, гукаў i колераў, — творыць свет у зорным паўзмроку. Няма вышэйшых за яго. Не iснуе нiчога больш iснага за створанае iм. Рука на пульце, рука на пульсе. Слепаглуханямыя штурхаюцца i скачуць у натоўпе. Яны ласцяцца. Дзеля абдзеленых дзейнiчае Дыскатэчнiк. Удзячнасць не патрабуецца. Цёплыя словы застаюцца да наступнага ўключэння.
Секс для Дыскатэчнiка сканчаецца поўнай адключкаю. Перакладчыца сыходзiць, пакiдае ў каморцы ахiнутую прасцiною мумiю, з якой, як матылёк з каўшанкi, апоўднi вылузнецца Дыскатэчнiк — супрацоўнiк гатэля "Iнтэркантыненталь".
04.01.1997
62 — Басейнiк Сiнi
Асноўная якасць Басейнiка — ён мурын, блiскучы, як патушаная ў вадзе галавешка. Алейная вульгарнасць постацi ў шортах вельмi пасуе да глянцавай кафлi i марской вады.
Басейн у яго закрыты, з вялiкай шкляной сцяною, за якой зелянее сад з вадаспадам. Вада бруiцца па каменнай, выкладзенай з брусочкаў трапецыi ў неглыбокi стаў, дзе сноўдаюць шэраспiнныя рыбiны. Над ставам схiлiлiся вастралiстыя пальмавыя вееры i хмызы рададэндранаў у цнатлiвай квеценi.
Калi наведнiкi сыходзяць, у басейне гасiцца святло, а над вадаспадам запальваецца блакiтны лiхтар. Басейнiк сумуе, седзячы ў крэсле. Воднае царства таемна ззяе калыхлiвымi сапфiравымi пералiвамi.
Басейнiк нiкога не чакае, не спакушае, не клiча. Наведнiцы самi напрошваюцца вярнуцца ўночы з бутэлькаю вiна i двума келiхамi. Басейнiк адно ўдакладняе час. Ён не шукае непрыемнасцяў на плыткiм месцы. Нашто адначасна адкаркоўваць дзве бутэлькi? Нязручна.
Басейнiк бярэ жанчын па чарзе. Распранаецца каханка сама. Дзеля купання аголенымi яны i прыходзяць а дванаццатай, а першай цi а другой ночы. Жанчына плавае, п’е вiно, клiча ў ваду гаспадара. Той спускаецца ў сiнiя хвалi i насаджвае лёгкае ў вадзе цела на доўгi i тонкi стрыжань. Гульнi ў халаднаватым басейне зазвычай не прыносяць каханцы чаканага наталення. Улонне не атрымлiвае гарачага ўсхвалявання. Каханка паспешлiва сыходзiць, не ведаючы, што саступае месца наступнай купальшчыцы, якая будзе любавацца зялёна-блакiтным вадаспадам. Наступнiца, як i папярэднiца, пачне канвульсiўна сцiскаць похву i не зможа шчыльна абхапiць тонкi, як аловак, чэлес. Устрывожанасць каханкi зменiцца страхам, i яна пакiне начны басейн.
Абслугоўванне клiентак доўжыцца да ранiцы. Толькi з усходам сонца Басейнiк гасiць садовы лiхтар, i вада ў рукатворным вадаспадзе спыняецца. Стомлены i незадаволены, ён iдзе адпачываць.
Працоўны дзень Басейнiк пачынае апоўднi з кармлення прыручаных рыбiн.
Новыя наведнiцы прыходзяць а палове на першую, i распачынаецца флiртаванне. Звычайна жанчына наiўна просiць Басейнiка знайсцi на дне нiбыта незнарок упушчаны ёю пярсцёнак.
05.01.1997
63 — Срэбнiк Белы
Срэбнiк арандуе шкляную крамку ў гатэльным фае. На вiтрыне раскладзена процьма светлай бiжутэрыi: ад гальштукавай запiнкi да мусульманскага, шрыфтавога, метровага пано. Побач з касавым апаратам мiгцiць i мармыча маленечкi белалобы тэлевiзар.
У Срэбнiка сiвыя скронi i бестурботны твар аматара футбольных баталiй. Ён добразычлiва вiтаецца i, у адрозненне ад Злотнiка i Вопратнiка з суседнiх крамак, не нахвальвае тавар. Ён спакойны i чысты, як метал, якiм гандлюе.
Жанчыны любяць хусткi i дыяменты. Мужчын прываблiваюць масiўныя гадзiннiкi. Срэбнiку застаюцца падлеткi: хлопчыкi i дзяўчынкi, у якiх хапае кiшанёвых грошай толькi на срэбны ланцужок з крыжыкам цi срэбную брошку ў форме гнуткай коткi. Для непаўналетнiх пакупнiкоў Срэбнiк такi ж важны, як Злотнiк цi Дыяментнiк для дарослых. Падлеткi купляюць упрыгожаннi з вераю ў бессмяротнасць. Дарослыя, абцяжараныя практыцызмам, ведаюць пра немiнучы скон i выбiраюць памiж каштоўнасцямi i задавальненнямi. Падлеткi, маючы наперадзе бясконцае жыццё, набываюць срэбра безразважна. Толькi ў пяцiзоркавым гатэлi "Iнтэркантыненталь" падлеткi амаль не з’яўляюцца. Ёсць дзецi, iх няшмат, але ёсць. А клiентаў для Срэбнiка катастрафiчна не хапае. Даводзiцца праседжваць вечары, гледзячы тэлевiзар.
Палову мiзэрнай выручкi Срэбнiк адкладае на кватэры для будучых жонак. Ён вырашыў набыць адразу дзве кватэры i завесцi дзвюх жонак, каб адну ноч баляваць у адной, а другую — весялiцца з iншай. Срэбнiк лiчыць, што варта выбраць адразу пару жанчын, бо, пасялiўшыся з першай, другую ўжо не прыдбаеш. Не дасць жанчына так неразумна патрацiць грошы.
Каб не патануць у бесперапынным самазадавальненнi, Срэбнiк раз на два тыднi наведвае Распуснiцу. Даводзiцца доўга стаяць у чарзе. Перад самымi дзвярыма ён дастае орган i самаўзбуджаецца. Распуснiца прымае наведнiка толькi на пяць хвiлiнаў. З узнятым чэлесам, па званку, Срэбнiк заходзiць да Распуснiцы, якая ляжыць на высокiм ложку, расхiнуўшы белыя сцёгны. Похва ў яе бязмежная. Срэбнiк i тут дапамагае сабе рукою. Акрамя Распуснiцы, у блудлiвым пакоi прысутнiчае старая прыбiральшчыца з мiсаю цёплай вады для падмывання i белым, пухнатым, мяккiм ручнiком. Наведнiк яшчэ не паспявае ўсцягнуць нагавiцы, а старая ўжо мые гаспадынi натомленае ўлонне.
Пасля наведвання бардэля ў душы ў Срэбнiка робiцца пустэльна, як у Сахары. Ён доўга не спiць, уяўляе верных жонак, вялiкую краму срэбных, дыяментавых i плацiнавых вырабаў i чаргу да касавага апарата.
05.01.1997
64 — Ветразнiк Памаранчыкавы
Днi навылёт Ветразнiк бавiць на моры. У ягоным распараджэннi чаўны, пластыкавыя дошкi з вёсламi, аздобленыя пiктаграмамi серфiнгi з празрыстымi ветразямi, валейбольная пляцоўка i катэр.
У Ветразнiка шырокая спiна, маленькая, падобная да маслiны, галава i ўчэпiстыя рукi i ногi. Ён такi абпалены сонцам, што можа абвергнуць пастулат: колькi белы нi загарае, а чорным не стане. Дастаткова адным вокам зiрнуць на Ветразнiка, i мiжрасавая мяжа здаецца ўмоўнасцю. Хочаш быць афрыканцам? Будзь. Уладкоўвайся на гатэльны пляж, бяры пад сваю адказнасць прылады для забаў, складай паласатыя плаўкi i кепурку з доўгiм брылём, чапляй на нос акуляры i працуй. Праз месяц-другi, захацеўшы павандраваць па краiнах з расейскiмi настроямi, ты сутыкнешся з праблемамi. Але дастаткова краем вока глянуць на Ветразнiка, каб пераканацца, што нiякiя вандроўкi, падарожжы, бадзяннi па свеце такога не вабяць. Ён уздымае ветразь з надпiсам "Фанатык" i слiзгае па затоцы, уздоўж драўляных грыбоў, пад якiмi на памаранчыкавых ручнiках песцяцца адпачываючыя. Задача Ветразнiка — узняць распластанае цела, паставiць на шырокую дошку, навучыць уздымаць ветразь i атрымаць дзесятак егiпецкiх фунтаў за стараннасць. Калi клiент спрытны, можна ўсунуць серфiнг напракат i пайсцi згуляць у пляжны валейбол.
Ветразнiк мае выключнае падабенства да малпы, калi толькi гэтую жывёлiну цалкам абстрыгчы i пагалiць. Таму ягонае нахабнае прыставанне да жонак мужы сур’ёзна не ўспрымаюць: малпа забаўляецца. Малпа казыча дзявочыя пяты, падкрадаецца i хапае за рэбры цi ўшчыквае за дупу. Жанчыны войкаюць i замест абурэння правакацыйна падстаўляюць гладкiя сцёгны цi напятыя грудзi — у каго што лепшае. Ветразнiк сцiскае сакаўную плоць i задаволена раскрывае паўназубую пашчу. Здавалася б, такiя паводзiны безапеляцыйна вядуць да оргiй на каралавых выспах, куды за паўгадзiны можна даплыць на катэры. Дык не, Ветразнiк аддана любiць свайго памочнiка, вучня, служку — гнуткага, як каўчук, хлопчыка-араба.