Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 13



* * *

Калi табе не падабаюцца паводзiны лысага, пахвалi ягоныя валасы, што пакiнулi неразумную галаву.

* * *

Справакаваць дурнога чалавека на брахню досыць лёгка, дастаткова назваць яго вар’ятам.

* * *

Сапраўдны сацыялiст той, хто не хоча мяняць свой сацыяльны статус.

* * *

Нацыяналiст — гэта гiсторык, якi стварае рамантычнае мiнулае нацыi.

* * *

Кароль жыве ў кожным чалавеку; кепска толькi, што большасцi каралёў не хапае служак.

* * *

Памiж смеласцю i безразважнасцю няма мяжы.

* * *

Аскетызм паходзiць не ад сквапнасцi, а ад шчодрасцi.

* * *

Тэрарыст уваходзiць у вечнасць праз асляпляльную яркасць аднаго iмгнення.

* * *

Экстрэмiзм — шлях лайдакоў.

* * *

Караля робiць свiта. Або суседняя дзяржава.

* * *

Калi ты дамовiшся з сабою, ёсць надзея, што паразумеешся з iншымi.

* * *

Трэба рабiць непатрэбнае.

* * *

Як гэта зноў навучыцца спакойна чакаць?

* * *

Чым болей жаданняў, тым больш прынiжэнняў.

* * *

Паразумення не дасягнеш прымусам.

* * *

Запросяць — пагаджайся.

* * *

Майстры працуюць у майстэрнях, бо майстэрства — найперш служба.

* * *

Выказваць недавер — глупства, лепш выкажы давер.

* * *

Не разумееш — не асуджай.

* * *

Каб перамовы мелi поспех, табе давядзецца ахвяраваць iнтарэсамi хаўруснiкаў.

* * *

Усяляк абстрактную параду варта ператварыць у параду самому сабе, каб убачыць яе сапраўдныя вартасцi.

* * *

Змена паводзiнаў — найцяжэйшае з мастацтваў.

* * *

Не бывае больш сумнага занятку, чым iмiтацыя весялосцi. Спачувай блазнам.

* * *

Чытачы лёгка падзяляюцца на садыстаў i мазахiстаў.Садысты чытаюць Захер-Мазоха, а мазахiсты — маркiза дэ Сада.

* * *

Рабы служаць гаспадарам, а кепскiя людзi — страсцям... Сцвярджаў Дыяген. У такiм разе, лепей быць рабом пры разумным уладары, але гэта фантастычная перспектыва.

* * *

Дыяген абраў для жытла бочку, бо брэх у ёй i больш гулкi, i гучнейшы, i густы. Нездарма ён адзначаў сваё падабенства да настаўнiка спеваў, якi знарок бярэ iншы тон, каб вучнi зразумелi — як трэба спяваць iм самiм.

* * *

Калi прачытаў, што Дыяген нiколi не насiў абутку, бо ногi менш далiкатныя за твар i вочы, i ён нiколi не бачыў, каб чалавек хадзiў з вачыма, абутымi, як ногi, то падумаў, што акуляры кiнiк знелюбiў бы яшчэ болей за чаравiкi. Толькi патрушчыць акуляры лепш за ўсё абцасам мужчынскага бота.

* * *

Дыяген заўважыў, што асноўнае спаборнiцтва мiж людзьмi зводзiцца да скiдання адзiн аднаго пендалямi ў канаву. Мiнула два тысячагоддзi, а Нiцшэ са сваiм "падштурхнi таго, хто падае" i Камю з "такой халоднай вадою", у якой топiцца самагубца, так i стаяць разам з намi на беразе бруднай Дыягенавай канавы.

* * *



"Да жывых варта ставiцца зычлiва, а вось пра мёртвых трэба казаць толькi праўду", — прачытаў у Вальтэра i зазначыў вельмi рацыянальны падыход да ўласных паводзiнаў. Адзiнае, што варта дадаць, — калi збiраешся казаць праўду пра мёртвых, памятай пра ўласную смерць.

* * *

"Людзi вельмi мала цэняць выпадак зрабiць радасць блiзкаму; часам здаецца, што яны займаюць пасаду толькi дзеля таго, каб мець магчымасць рабiць паслугi, але не карыстацца ёю самому; першае, што прыходзiць iм на розум, — адмаўляць; а вось згоду яны даюць, толькi добра падумаўшы", — разважае дасцiпны маралiст Жан дэ Лабруер у сваiм афарыстычным творы "Характары, або Норавы цяперашняга веку" i памыляецца, бо папрашайкi выкленчваюць у цябе не што iншае, а пасаду, якую ты займаеш, а самае непрыемнае — абяцаннi i клятвы, што яны будуць на гэтай пасадзе больш сцiплыя, больш сумленныя, больш добрыя за цябе, толькi дазволь, толькi пусцi... Зрэшты, радасць, зробленая нават вельмi блiзкаму чалавеку, каштуе значна менш, чым страта, нанесеная самому сабе.

* * *

Не трэба дзейнiчаць i гаварыць, нiбыта ў сне... Павучае Гераклiт. I можна было б не спрачацца са старажытным грэкам, што толькi "для нядрэмных iснуе адзiны i агульны космас (а той, хто спiць, павернуты ў свой уласны свет)", каб не паўсонны стан, у якiм ты пiшаш цi чытаеш таго ж Гераклiта.

* * *

На высокую вежу можна ўзняцца толькi па вiтых сходах... Афарызаваў Бэкан. Наiўны, не ведаў лiфта.

* * *

Нават калi чалавек сыходзiць ад людзей i пачынае жыць толькi з жывёламi ды птушкамi сярод раслiнаў, ён iмкнецца давесцi ўласную праўду менавiта людзям, а не птушкам, жывёлам i раслiнам. Згадай хоць бы Генры Дэвiда Тора, якi сыходам у лес выказаў пратэст супраць грамадства.

* * *

Немагчыма выйсцi за межы ўласнай iндывiдуальнасцi, але варта паспрабаваць.

* * *

Унутраная пустэча i незадаволенасць — вось што гонiць чалавека ў суполкi, у вандроўкi i на чужыну... Прачытаеш у Шапенгаўэра. Але ёсць жа стома ад самога сябе, ад навакольнага краявiду, ад перанасычанасцi звыклым. Тады, каб адчуць смак адзiноты, руш у падарожжа цi ўдзельнiчай у спрэчках.

* * *

Было б добра, каб ты зразумеў, што iснуюць чатыры арыстакратыi: арыстакратыя ўлады, арыстакратыя капiталаў, арыстакратыя розуму i арыстакратыя ад нараджэння. І было б яшчэ лепей, каб ты не рабiў спробы садзiцца адразу на чатыры крэслы.

* * *

Задумвайся не над набыткамi, а над стратамi. Радуйся не прыдбанаму, а нязгубленаму. Лепей свядома аддай, чым выпадкова займей.

* * *

Найбольш папрокаў выслухоўваеш з-за непаслядоўнасцi. Ну, а як можна быць паслядоўным, калi сама прырода выступае супраць запланаванасцi?

* * *

Калi не знойдзеш сабе занятак, ён сам знойдзе цябе. У большасцi сваёй гэта будзе нiкчэмная i пустая страта часу: п’янства, распусныя вандроўкi, глядзенне ў тэлескрынку...

* * *

Бяздзейнасць — рэч пакутлiвая, амаль нездзяйсняльная. Толькi вельмi мужны чалавек можа абраць бяздзейнасць за асноўны занятак.

* * *

Забывацца на кепскiя ўчынкi iншых — яшчэ паўбяды, а запамятаеш уласныя кепствы, дык лiчы — згалеў.

* * *

Пастаяннасць зменаў стомiць i адначасна супакоiць.

* * *

Настаўнiкаў заўсёды менш, чым падручнiкаў.

* * *

Развагi пра ўзаемазалежнасць рэчаў стамляюць не менш за чаканне перад зачыненымi дзвярыма.

* * *

Ведаеш: усё папулярнае — кепскае; але ведаць недастаткова, каб умець тое рабiць, а тым больш — выкарыстоўваць.

* * *

Развагi селянiна часам больш рацыянальныя за часопiсную эсэiстыку навукоўцаў.

* * *

З дакладным веданнем сваiх жаданняў жывецца лягчэй; няведанне, як цемра, поўнiцца небяспекаю.

* * *

Калi сапраўды збярэшся вучыць iншых, не забудзься ўзяць кiй ды надзець шлем.

* * *

Сумная iсцiна... Здароўе чалавецтва вызначаецца па колькасцi хворых.

* * *

Калi ты хоць на iмгненне навучышся грэбаваць жыццём, ты пазбавiшся страху ўчынiць самагубства.

* * *

Вар’ят варты сардэчных адносiнаў i спачування, але дзеля яго ж i трэба трымаць напагатове кашулю з даўжэзнымi рукавамi.

* * *

Медыцына — найпапулярнейшая ў ХХ стагоддзi форма рэлiгii.

* * *

Лекi нараджаюць хваробы.

* * *

Слабыя душой, на думку Вавенарга, упэўненыя, што разбурэнне — верная прыкмета смеласцi i магутнасцi. Так яно i ёсць, але слабыя i моцныя духам тут нi пры чым.

* * *

Мiр — кароткая пярэрва памiж войнамi, прысвечаная пераўзбраенню i рэформам у армii.

* * *

Хто ведае, можа, менавiта страсцям абавязаны розум самымi блiскучымi сваiмi заваёвамi, — пакеплiвае са стоiкаў i аскетаў Вавенарг. Можа i так, толькi словазлучэнне "заваёвы розуму" выдае акупанта, якi ўвесь час прамалёўваецца ў постацi маралiста Вавенарга.