Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 22



— Добра, добра. Не будзе больш таго "а". Што далей?

— Плюнуў я першаму ў талерку з супам.

— Плюнуў?

— Плюнуў i кажу, можаш, гавару, не есцi суп, бо яго налiвалi ўсiм нам з адной каструлi: i мне, i табе, i яму. Можаш, гавару, не есцi, бо я гэты суп ужо еў.

— I што?

— Нiчога. Усталi яны i пайшлi. Абед на стале застаўся. Потым тыдзень цi два не гаварылi са мной. А потым забылiся цi выгляд зрабiлi, што забылiся.

— Я б табе гэтага так проста не пакiнуў.

— І я б, на iх месцы, не пакiнуў. Але сiтуацыя была перакошаная: яны ўдвух, а я — адзiн. Ім няёмка, мусiць, было. Цi звязвацца не захацелi. За дурня палiчылi. Вось i мы цяпер, заклеiм надпiсы i не будзем звязвацца.

— Зараз iншая справа.

— Іншая. Іншая. Справа. Злева. Намазвай. Чаго стаiш? Думаеш? — заспяшаўся малады рабочы.

Стужка за стужкай кладзецца на сцяну. Ствараецца вiдавочны прыклад, дзе аднолькавае за аднолькавым рухаецца ў часе i прасторы, каб сцвярджаць нязменную нерухомасць. Пад адной са шпалерын знiкае Вовiн надпiс, знiкае спачатку для зроку рабочых, каб паступова сцерцiся i ў свядомасцi астатнiх. Наступная стужка хавае нахiленыя несамавiтыя лiтары, напiсаныя меншым з братоў. Аптычна перакошаны пакой марудна, але няўмольна вяртаецца ў стан роўнага, толькi што не эталоннага, куба.

Ну, што тут скажаш?

Першы вечар

— Спiш?

— Сплю!

— Спi... Толькi скажы мне, колькi можна спаць? Дзень спiш, вечар спiш i ноччу будзеш спаць. Можа, устанеш?

— ...

— Можна пайсцi да Дзiны.

— А можна i не пайсцi.

— Давай спаць.

— Дык нашто ты мяне будзiў?

— Не ведаю.

— А хто ведае?

— Я думаў, ты.

— Ён думаў!

— Мне здавалася, што ты згодзiшся пайсцi.

— Да яе не пайду.

— Прашу цябе.

— I не прасi.

— Чаму?

— Яна сама прыйдзе.

— Ты так думаеш?

— Не, я не думаю, думаеш у нас толькi ты.

— Не веру. Чаму ж яна дагэтуль не прыйшла?

— У нас цёмна, i яна думае, што нас няма.

— А дзе мы?

— Ты пра гэта ў яе спытаеш.

— Спытаю. А святло трэба было раней запалiць.

— Я ж спаў.

— Ты i пры святле можаш спаць.

— Што мне святло, я магу хадзiць i спаць.

Запальваецца святло.

У пакоi пабеленыя сцены. Фрэдзя стаiць каля дзвярэй. На iм фуфайка, джынсы i гумовыя боты. Базыль выпрастаўся на ложку. За шыбамi цемра, вадкая i густая, што нафта. На дзвярах зроблены крэйдаю надпiс. Няма нiчога больш пэўнага за часовае жыллё. На Фрэдзевым ложку ляжыць гiтара. Базыль цiха гаворыць:

— Можа, песню?

— Я ўжо сабраўся iсцi.

— А ты разбярыся. Глянь на сваю гiтару. З ёй нi адна Дзiна нi ў якое параўнанне не iдзе.

— А што будзем спяваць? — Фрэдзя расшпiльвае фуфайку. — Мо нашу?

О-ой, цi мне ох.

На балоце мох.

Хлопчык па дзяўчыначцы

Сем гадочкаў сох...

За дзвярыма галасы — мужчынскi i жаночы. Настойлiвы стук перарывае песню. Базыль крычыць, каб за дзвярыма пачулi:

— Не зачынена!

Заходзiць рыжая Дзiна, а за ёй высокi барадаты Фэлiкс.

— Добра спявалi. Я Фэлiксу казала, што вы добра спяваеце, а ён не верыў.

— Я сказаў, што трэба паслухаць. А ты адразу — не верыў.

— Сядайце, калi прыйшлi, — Фрэдзя пасоўваецца на ложку, даючы месца Дзiне.

— Ты захварэў? — Фэлiкс падыходзiць да Базыля.



— Я памёр, а ён кажа "захварэў", — Базыль ляжыць тварам да сцяны.

— Калi так, можам i пайсцi, — гаворыць Фэлiкс.

— Прыдумаў, — Базыль садзiцца на ложку. — Садзiся, Фэля. Я прыдумаў, што мы будзем рабiць.

— Што?

— Я з Дзiнай буду "хварэць", а ты, — ён кiвае на Фрэдзю, — будзеш гуляць з Фэлiксам у шашкi.

— I гэта ўсё? — Фрэдзя крывiцца.

— Усё, але генiяльна. Я ўпэўнены, што пераможа Фрэдзя.

— Адкуль столькi iмпэту? — Фэлiкс развязвае i вешае на бiла доўгi шалiк. — Ён нiколi не пераможа, i ты, Базя, гэта ведаеш.

— Фэля, ты — цынiк. Цынiкам прыйшоў, цынiкам i пойдзеш, — Базыль задаволены.

— А ты са сваiм дурнаватым аптымiзмам дагуляешся...

— Хлопцы, кiньце! — iх спыняе Дзiна. — Фрэдзечка будзе гуляць у шашкi i абавязкова пераможа. Праўда, Фрэдзя?

— Паспрабую, мо i атрымаецца.

Базыль дастае з-пад ложка свой чамадан i ставiць яго на папа. Фрэдзя вымае з кiшэнi фуфайкi шашкi. Фэлiкс уладкоўваецца на Базылёвым ложку. Дзiна адчыняе фортачку i закурвае цыгарэту.

Яны — Фрэдзя, Базыль, Фэлiкс i Дзiна — студэнты iнстытута. Іх паслалi на бульбу. Ім не шанцуе. Трэцi дзень iдзе дождж.

Калi не iдзе дождж, з акна можна ўбачыць возера i груды, што пазарасталi ядлоўцам. Яшчэ можна глядзець на пясчаную дарогу, што вядзе ў лес. Дарога, пэўна, не вядзе ў лес, яе праклалi ў нейкую вёску i далей. Але нiхто са студэнтаў не ведае нi назвы той вёскi, нi таго, што за ёй. Для iх дарога вядзе ў лес. А цяпер iдзе дождж i за шыбамi цемра. Дзiна стаiць спiнаю да акна, курыць i сочыць за гульнёй. Базыль падказвае хады i робiць усё, каб не даць Фэлiксу засяродзiцца. Фэлiкс робiць выгляд, што ён спакойны. Фрэдзя праводзiць дамку. Гульня заканчваецца Фрэдзевай перамогай.

— Ты не даеш мне гуляць, — Фэлiкс звяртаецца да Базыля.

— Мы табе казалi, што выйграе Фрэдзя, — Дзiна смяецца.

— Ён выйграў таму, што Базыль не дае мне думаць.

— Згуляйце яшчэ партыю, — Базыль пачынае расстаўляць шашкi.

— Давай згуляем, — прапаноўвае Фрэдзя.

— Толькi хай яны iдуць адсюль, — Фэлiкс не хавае крыўды.

— Ха, ён прыйшоў, я спаў. Ён пабудзiў мяне, сеў на мой ложак i зараз гаворыць, каб я пайшоў. А куды мне iсцi? На дождж?

— Добра, мы пойдзем у кароўнiк, — гаворыць мiнорны Фрэдзя. — Вартаўнiк спiць, святло там добрае... Пайшлi, Фэлiкс.

— Лепш з каровамi быць, чым з такiм... Прабач, Дзiна, — Фэлiкс складае шашкi.

Дзiна застаецца з Базылём. Яны сядзяць на ложках насупраць адно аднаго i маўчаць. Потым Дзiна ўстае, падыходзiць да акна i зачыняе фортачку. Хлопец засоўвае пад ложак чамадан, якi Фэлiксу i Фрэдзю быў замест стала, iдзе да дзвярэй i цiха гаворыць:

— Я патушу святло?

— Патушы, — адказвае Дзiна.

У цемры чуваць, як Базыль зачыняе дзверы на ключ.

Другi вечар

— Есцi хочаш? — пытаецца Фрэдзя ў Базыля.

— Не. Нас добра кормяць.

— I я не хачу.

— Нашто пытаць?

— Ёсць такая гульня, адзiн гаворыць, што для яго самае смачнае, а другi... Вось для цябе, што самае смачнае?

— Бананы.

— Бананы. Добра. А другi павiнен даказаць, што гэта зусiм не смачна.

— Дакажы, — Базыля зацiкавiла гульня.

— Мыла твае бананы, калi iх ясi, такое адчуванне, што поўны рот мыла набраў. Як? Будзеш гуляць?

— Дурная гульня.

— Прыдумай лепшую, — кажа Фрэдзя.

У пакоi цiха. Хлопцы ляжаць на засланых шэрымi коўдрамi ложках.

— Запалi святло, — просiць Фрэдзя.

— Нашто?

— Каб Дзiна бачыла, што мы дома.

— Дома? — перапытвае Базыль.

— Прабач, я памылiўся. Яна павiнна бачыць, што мы тут.

— А ты ўпэўнены, што яна прыйдзе? — у Базылёвых словах ёсць здзеклiвая iнтанацыя.

— Ты гэта лепш за мяне ведаеш, — Фрэдзя злуе, у яго зрэнках дрыжаць дзве, нiбыта выгравiраваныя, срэбныя лямпачкi.

— Я ведаю, але...

— "Але" на гэты раз не будзе. Думаеш, мы з Фэлiксам не здагадалiся, чаго ты так упарта i, дарэчы, няўмела дамагаўся?

— Чаго?

— Сёння ты iдзеш у кароўнiк!

— Дзiна, Дзiна, Дзiна! — спявае Базыль.

— Мне падабаецца Дзiна, — Фрэдзя гаворыць так цiха, што Базыль не чуе, i Фрэдзя паўтарае грамчэй: — Дзiна мне падабаецца.

— А ёй падабаюся я. А ты ёй зусiм не падабаешся. Прабач, што зробiш. Фэлiксу i табе падабаецца Дзiна, а той Дзiне падабаецца Базыль, а Базылю, калi шчыра, Дзiна зусiм не падабаецца. Не люблю рыжых. I калi ты хочаш, каб я пайшоў сёння ў кароўнiк гуляць з Фэлiксам у шашкi, то я так i зраблю.

Фрэдзя маўчыць. Ён ляжыць на ложку i думае, што сказаць Дзiне.