Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 14 из 22



* * *

На кухнi многа белага. Белы стол, белая плiта, белы халадзiльнiк... Кафлю з празрыстым шэрым малюнкам таксама можна назваць белай. Чыста i светла на кухнi.

Жонка i муж сядзяць за сталом, перад iмi талеркi з рысам.

— Такое адчуванне, што жыву ў гумовым пакоi, а ўсе мае спробы вызвалiцца — толькi марныя ўдары ў тоўстую чорную гуму. Добра яшчэ, калi чую грукат за сцяной, а то глухата... Цi варта жыць? Цi трэба намагацца, калi не жыццё, а iснаванне ў гумовым пакоi? — пачынае гаворку муж.

— Сапраўды, гумовы смурод, якiм набрыняла рэчаiснасць. Скрозь гумовы смурод. Вар'яцтва i самагубства здаюцца ратункамi. Жыць не хочацца, — працягвае гаворку жонка.

— Можа, паспрабуем жыць наноў? Пераедзем у другi горад. Не спадабаецца — паедзем у мястэчка, куды-небудзь да мора, на поўдзень. Я ўладкуюся на пляж выратавальнiкам, цi на маяк, цi на лодачную станцыю вартаўнiком. Ты забудзеш сваю лабараторыю i радыяцыю. Я выкiну з галавы камандзiроўкi i краты. Будзем хадзiць да мора i сядзець на пяску i глядзець на прыбой. Цi пойдзем у парк, дзе можна ноччу пад лiхтаром стаяць каля белай скульптуры i чытаць. Недзе павiнна знайсцiся гармонiя, суладнасць памiж светам i намi. Можа, паспрабаваць?

— Знаёмая казала, што на ўзбярэжжы ноч пераначаваць можна толькi за тры рублi, i то калi папярэдне, за месяц цi за два, дамовiшся.

— Дамаўляйся i едзь. Табе трэба адпачыць, а то дацягнем, як мiнулым летам, да восенi, i нi ты, нi я не адпачнём.

— Так i зраблю. Паеду на Балтыку, там не так горача, як на поўднi. Не пераношу спёкi. Гэты пот, пот, пот...

На халадзiльнiку спiць малы чырвоны тэлевiзар. На шкафчыку маўчаць магнiтафон i транзiстар. Памiж iмi на стосе часопiсаў i газет свецiцца залатою тлустасцю бутэлька са сланечнiкавым алеем.

— Паедзеш адна?

— Ты ж не зможаш?!

— Знойдзеш знаёмую. Дый з грашыма туга. Нашто куплялi прыёмнiк з магнiтафонам i яшчэ тэлевiзар, калi не глядзiм i не слухаем?

— Давай прадамо, — прапаноўвае жонка.

— А можа, мне на ўсход з'ездзiць? Папрацаваць з год у лесанарыхтоўчай брыгадзе, зарабiць колькi тысяч, а потым вольным пабыць, работы пашукаць, каб без камандзiровак. Цi лепей на вялiкую будоўлю на поўнач, дзе перспектыва i маштаб. А пасля купiм дом i сад. Не. Сад я сам пасаджу. Нi градаў, нi кветнiкаў, нi кустоўя не будзе, толькi трава i яблынi з пабеленымi стваламi. Дом таксама белым пафарбуем, а дзверы i аконныя рамы — блакiтныя. Плот вакол сада зробiм кратаваным i сiнiм, а сцежкi i двор тоўчанай цэглай засыплем i бардзюр з цэглы выкладзем. Сярод яблынь абавязкова некалькi антонавак прышчэпiм. Якi водар у вераснёўскiх антонавак! Цуд, мёд, а не яблык — наш "антон". А ўзiмку сад прыгожы, графiчны, як мае краты ў светлым iнтэр'еры. За садам майстэрню паставiм. Невялiкiя заказы можна i дома рабiць. А вечарам будзем чытаць. Я, калi заходжу ў бiблiятэку, часам страх адчуваю, робiцца жахлiва, што не паспею прачытаць столькi кнiжак. А вось ад таго, што магнiтафонных стужак не праслухаю цi вiдэакасет не пагляжу, страху няма. Стэлажы пад кнiгi я зраблю сам i абавязкова са шклом, каб пыл не псаваў паперу. Можа, мне паехаць?

— Едзь. Толькi не дзеля заробку. З'ездзi, адпачнi...

— Адпачнi! Адпачнi!! Адпачнi!!!



Муж бярэ бутэльку з алеем i разбiвае аб газавую плiту.

Жаўтлявыя рагi паўзуць па слiзкiм пластыку шкафчыка i дзвярах халадзiльнiка. На столi, нiбыта зоры на небе, праяўляюцца крапкi алею, якi вокамгненна знiшчае чысцiню кухнi. Аскепкi шкла асыпаюцца на лiнолеум. Выбух узарванай бутэлькi застаецца на слыху.

Муж i жонка прыбiраюць на кухнi, шаруюць, выцiраюць, мыюць, падмятаюць, зграбаюць... Нарэшце муж перакульвае вядро над адкiдной шуфлядай смеццеправода, i вольнае шкло грукацiць у вертыкальным жалезным тунелi.

— Цяпер чыста. Мне лягчэй. Мне добра. Мне весела. Нервы! А цяпер мне спакойна, нiбыта я вырваўся з гумовага пакоя, — гаворыць муж, калi хавае парожняе вядро ў шкафчык пад адшараванай ракавiнай.

— Разумею, кажу глупства, але ты наступным разам як-небудзь папярэджвай мяне, а то я спалохалася. Можа, павячэраем? — мякка пытае жонка.

— Давай вячэраць, — муж садзiцца за стол.

* * *

Кi-гi, кi-гi, кi-гi!.. Электрабудзiльнiк падае голас.

Гарката зубной пасты застаецца да першага глытка кавы. Кухонны гадзiннiк толькi тое i робiць, што нагадвае пра спазненне. Спружына ў дзвярах пад'езда рыпiць пранiзлiва i жаласна. Йi-i-i. На прыпынку цямнее натоўп. Твары сонныя i злосныя. Тралейбусы падыходзяць адзiн за адным. Усё разлiчваецца да драбнiц — крок управа цi ўлева, i ты не апынешся насупраць дзвярэй, i ты не паспееш заняць месца, а будзеш стаяць, i цябе пачнуць папiхаць з прабачэннямi i моўчкi. Чэсь уладкоўваецца ля акна. Доўгiя, ажно ў два тралейбусныя прыпынкi, заводскiя карпусы цягнуцца за шклом. Ранiцай у тралейбусах не жартуюць, а сварацца, жартуюць вечарам, да якога яшчэ далёка. Чэсь не слухае сваркi, ён сядзiць, ён едзе на работу, ён чытае падрыхтаваныя звечара газетныя ранiшнiя навiны. Перасадка зацягваецца — перапоўненыя аўтобусы не спыняюцца. Вымушаны перакур. Недапалак разам з навiнамi ляцiць у сметнiцу. Дзяжурны пятак знiкае ў шчылiне. Непрыемнае адчуванне, што аўтамат у метро не спрацуе, з'есць пятак i ўдарыць па каленях чорнымi загародкамi. Гумовыя парэнчы i прыступкi эскалатара паўзуць не сiнхронна, гэта абнадзейвае, што век робатаў яшчэ не скора. У вагоне насупраць Чэся сядзяць студэнткi i чытаюць адзiн на дзвюх канспект. Чэсь сыходзiць разам са студэнткамi. Пасажыры накiроўваюцца пад арку. Чэсь падыходзiць да калоны i прыхiнаецца спiнай да мармуру.

* * *

Ён узляцеў у метро. Спачатку прыйшло адчуванне, што ён можа ўзняцца над запалiраванай мiльёнамi падэшваў цэментавай платформай. Ён паспрабаваў адарвацца ад плоскасцi, i ў яго атрымалася. Мужчына ўзлятаў марудна, цяжка i незаўважна для людзей. Ён узняўся пад самую столь, раскiнуў рукi i... Завiс паралельна пабеленым панелям. Цела не чулася лёгкiм, наадварот, яно нiбы налiлося волавам. Здатнасць пераадольваць прыцягненне далася праз пакутлiвую страту пластычнасцi, праз халодны страх пераўвасаблення. Шоргат, бразгат, грукi, шэпты злiлiся ў манатонны гул, ацiхлi, знiклi. Колеры пашарэлi, выцвiлi. Запанаваў дальтанiзм. Электрычкi прыбывалi i адыходзiлi. Пасажыры запаўнялi вагоны i спяшалiся да эскалатараў. Нiхто не спыняўся, усе беглi, iшлi, спяшалiся. Нават i тыя, што чакалi на платформе, спяшалiся: хутчэй-хутчэй працягваць свой рух па гарызанталi. Мужчына сачыў мiтусню з абыякавым спакоем на твары. Ён быў вышэй. Яму захацелася ўзняцца яшчэ вышэй, працяць панелi i жвiр, працяць глебу i асфальт i ўзлятаць. Ён дакрануўся да столi, на далонi засталася пабелка. Пад тонкiм пластом мелу быў непрабiвальны бетон. Мужчына апусцiўся долу, на тое самае месца, з якога ўзлятаў, i назаўсёды, ён упэўнены, згубiў, страцiў, знiшчыў сваю здольнасць уздымацца, сваю сiлу пераадольваць прыцягненне. Была радасць, што ён лётаў, хай у метро, хай толькi раз за жыццё, але ён узняўся.

* * *

Мармур прыемна халодзiць спiну i супакойвае. Чэсь разглядае свае рукi — рукi працоўнага чалавека. З метро, праз другiя скразнякi, праз падземны пераход, паўз рабочую сталоўку i кулiнарыю, паўз малочны бар, мiма каруселяў i пясочнiцы, да прахадной. Клаксан на дарожным знаку падбухторвае выгукнуць на ўсю моц дзiцячае "Бi-бi-бi-i-i!". Паказваецца пропуск. Фортка шчоўкае за спiнай. Работа пачынаецца.

Заказ

Стома. Адчуваю страшэнную змучанасць. Больш за суткi не спаць i атынкоўваць — гэта ўжо не для мяне. Раней даязджаў дадому, i толькi тады стома навальвалася i я засынаў, зараз не паспяваю пераступiць парог аўтастанцыi, як на мяне пачынае цiснуць нябачны цяжар. Пратрымацца б яшчэ з гадзiну. У аўтобусе можна паспаць. Нашто я звязваюся з манументальным мастацтвам? Нашто мне рыштаваннi, кельмы, цёркi, тынк? Фiзiчная праца, залежнасць ад такiх матэрыялаў, як жвiр i вада, вярчэнне бетонамяшалкi — яны забiваюць мастака. Пасля дзённiкавы запiс не магу зрабiць: папера страчвае матэрыяльнасць, калi думаю пра вапну i цэмент. Праца скончана, заказ выкананы. Больш нiякiх залатых гор, нiякiх дамоў. Кнiжная графiка дае нармалёвы заробак, нi табе гатэльных ручнiкоў, нi рэстаранных сняданкаў. Як жа я змучыўся, здарожыўся...