Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 22 из 23

Прадзіва Сьвятой Дзевы

Адкрываю канвэрт з страхам: а раптам твой ліст станецца лубянай старонкаю палімпсэсту альбо глінянай таблічкаю з вусенямі няўцямных герогліфаў, але папера разгортваецца ў тонкі лісток срэбра і зьвініць крышталёвым рэхам твайго наструнена-адданага цела, а гаўбец мякка адрываецца ад сьцяны і плыве праз грызайль імжыстага гораду ў трымклівую верасовую вусьціш, навылёт прашытую срэбнымі ніткамі, якія ты называла прадзівам Сьвятое Дзевы.

Партыя ў більярд

У тую ноч мы гулялі ў більярд. Дагаралі ў каміне рэшткі мінулага дня; дымок ня пахнуў нічым — напэўна таму, што ад раніцы да вечару мы так і не сустрэліся. Я засяродзіўся на карамболях, а ты з грацыяй марцовае коткі раптам выцягнулася на зялёным сукне ўва ўсёй раскошы юнага віялянчэльнага цела і, узмахнуўшы вейкамі, прапанавала лічыць, што гэта — поплаў з матылькамі і смолкамі. Мілавіца зазірала ў вакно, пазіруючы астраномам і не здагадваючыся, што тваё ўлоньне пахне слуцкімі бэрамі. А калі стаміўся камін, калі адсьпявала віялянчэль, і сьцішыліся ў люзах блакітныя мятлушкі, ты санліва сказала, што твая душа заначуе ў маёй... Мы прачнуліся ў розных ложках, каб здрыгануцца ад холаду, каб выпіць ранішнюю каву з тваёй срэбнай сьлязінкаю, каб праз стагодзьдзе ўспомніць наш більярд у вандроўцы па іншым часе. Хто прыдумаў, што ўсё праходзіць, нават тое, што праходзіць праз сэрца?

У Англіі

У Англіі ёсьць каралева і ветлівыя палісмэны. У Англіі жывуць шэрыя вавёркі і гарадзкія лісіцы. У Англіі смачныя пірагі з ныркамі. У Англіі ёсьць магіла Карла Маркса, якую можна заслаць газэтай «Советская Б.» і выпіць, каб капіталісты ўсіх краінаў зьядналіся. У Англіі растуць магноліі, а на сьняданак бываюць сьвежыя суніцы. Але ў Англіі няма цябе, і твайго зьлёгку санлівага позірку, і тэлефонаў з тваім голасам. У Англіі няма прэзыдэнта і Таварыства ангельскай мовы імя Ўільяма Шэксьпіра. У Англіі няма плаўленых сыркоў і бурштынавага напою «Крыжачок». Але ў Англіі няма і цябе, і тваіх нестандартных ножак, і адважнай фрызуркі, што марыць зусім не пра грабеньчыкі. У Англіі ёсьць магчымасьць застацца і піць каву на Пікадылі, стаць сваім сярод галубоў Трафалгарскага пляцу і паіць «Гінэсам» знаёмую лісіцу ў раёне Фінчлі. Але ў Англіі няма цябе, і твайго шэпціку, сатканага з самых пяшчотных і самых грубых слоў, што казычуць вуха пёркамі дзівосных фантазій. А таму я купляю для нас зь лісіцай пляшку ірляндзкага лікёру, і мы абыходзімся бяз закусі. Лісіцы ня плачуць, толькі даверліва глядзяць у вочы. Пад белымі скаламі Дуўру нецярпліва чакае паром, дзе я вып’ю за тое, што пада мною свойскі Ля-Манш, які рыфмуецца з словам «наш», а тады накіруюся ў WC, каб, пабыўшы алегорыяй крыніцы, учыніць дэфлярацыю цнатліва белай ангельскай сьцяны. Аднак гэта ўжо зробяць да мяне. О, жывы подых радзімага кантынэнту! На ім няма Англіі, але ёсьць ты, і дзесьці за Францыяй і Галяндыяй, за Бэрлінам і Варшавай, за Івацэвічамі й Койданавам ты стаіш ля вакна з келіхам у тонкай цёплай руцэ і чуеш, як родны памежнік кажа мне: «Здравствуйте!»

Абдымаючы цябе

Абдымаючы цябе, я думаю пра ненапісаны раман, густыя зарасьнікі чарнавікоў, таленавітыя ножкі знаёмай карэктаркі, якая пазнала сябе ў адной з гераіняў... Абдымаючы цябе, я згадваю лілеі на возеры Люхава пад Полацкам, свае адлюстраваньні ў парыскіх лужынах, кавярню з адзіным сталом у каталёнскай вёсцы, дзе Сальвадор Далі праездам пазбавіў нявіннасьці юную пастушку... Абдымаючы цябе, я смакую густое каліфарнійскае віно, палахлівую пэрлінку твайго ўлоньня, Міжземнае мора ў Барсэлёне й пад Фамагустаю, дзе Атэла душыў Дэздэмону... Абдымаючы цябе, я заўсёды ўяўляю іншых жанчын — тое, як буду абдымаць іх, і ўсё астатняе, што малюе мая цыганская фантазія... Але — вось дзіва! — абдымаючы іншых жанчын, я ніколі не ўспамінаю Сальвадора Далі, ня думаю пра карэктуры і карэктарак, не смакую пяшчотных ракавінак і не ўяўляю іншых жанчын. Абдымаючы іншых жанчын, я думаю толькі пра тое, каб хутчэй усё скончылася — каб зноў абняць цябе.