Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 17 из 23

Вуліца Ніжнепакроўская ў Полацку

Вуліца зьліваецца з абалонай, шматпавярховыя камяніцы растаюць, быццам кубікі рафінаду, міма праплываюць купецкія дамы з лавачкамі і аканіцамі, зялёная крыга вязе жарага пеўня, мы плывем сярод дзіклівых дзьвінскіх самоў і віленскага барока, вейкі ператвараюцца ў плаўнікі вачэй аўтара мэтафары, які вандраваў тут раней за нас, пад старой лодкай схаванае маё адзеньне — тады я ўпершыню пераплываў гэтую раку, ня ведаючы, што яна вынесе мяне на бераг, дзе каардынатамі будуць твой голас і твая ўсьмешка, якія даверліва плывуць побач, пэўныя, што я не прапушчу той павароткі, адкуль яшчэ ня позна вярнуцца ў сакавіцкі ранак, калі нашы душы прачнуліся ў затоцы бязгрэшнага ложка, дзе ў зарасьніку аеру драмала шэрая чапля вечнасьці.

Картаген

Бляшанка з-пад кока-колы на мініятурным саркафагу з прахам ахвяраванага Ваалу немаўляці, пазычаны ў дзіцячых кніжках сэміцкі профіль Ганібала на дробнай купюры, рэдкія фаласы калёнаў і белы прэзыдэнцкі палац (як іх цягне да вечнага!) за сотню крокаў ад капішча Тафэль — вось ты і пераканаўся: знакамітую пастанову рымскага сэнату пасьпяхова выканалі, і цяпер найлепей прысесьці на адбітую капітэль і, заплюшчыўшы вочы, паслухаць тутэйшы вецер. Замест адказу на пытаньне, чаму картагенская цывілізацыя не стварыла паэзіі і прыгожага пісьменства наогул (ці не таму былі прайграныя Пунічныя войны?), саланаваты брыз пазнаёміць цябе з уладаркаю плятынавых валасоў і амаль свойскага імя Аўшра, што ў перакладзе зь літоўскай — Заранка, зь якой можна размаўляць на мове, што ў гэтых шыротах не падасца табе чужою,— пра Вільню, Менск і містыку мужчынскіх вачэй і жаночых ножак. Тэмаў хопіць на ўсю вячэру і на перапынкі між танцамі ў дыскатэцы з падазронаю назвай «Самара», дзе каля поўначы ты будзеш адрэкамэндаваны яе немаладому каханку з Гамбургу, які будзе паблажліва сачыць за вамі, але ўжо ня здолее перашкодзіць твайму першаму афрыканскаму сну — пра цырк і сьветласкурую канатаходку, што ў страшнай высачыні ідзе над жаўтлявымі руінамі Картагену, дзеля раўнавагі трымаючы ў вуснах галінку дзікае ружы.

Нарач

У вазе на тваім стале, схаваўшыся ў букеце леташніх сухацьветаў, сьпіць жнівеньская сьпёка, якой сьніцца кранутая лёгкім загарам, стамлёная сонцам і любоўю цеплакроўная рыбіна, што лена варушыць ружовымі плаўнікамі ў смарагдавай сьвежасьці падводнага лесу, які ўзгадаецца раптам на вышыні 35 000 футаў над пашытай з брунатных і зялёных лапікаў вясковай коўдраю Шатляндыі.

Люндуш белы, кір папяловы

Учора ўвечары я адклаў прапахлы восеньню і салодкім жаночым потам рукапіс аповесьці і нечакана ўзяўся выпісваць зь сярэднявечных хронік назвы тканінаў, якія падараваў бы табе на сукенкі, гарсэты й спадніцы ў часы Берасьцейскай вуніі. На дзень анёла ты атрымала б цяжкі куфар заморскіх сувояў, і ўсё дзеля таго, каб, распаліўшы камін і адаслаўшы пахолкаў спаць, блытаючыся ў мудрагельлі гузікаў і завязак, шукаць у імбірным прыцемку спачывальні тваё маціцовае цела, якое — удваіх з душою — чакае мяне праз чатыры стагодзьдзі, пасьля палітычнага мітынгу і вулічных боек зь міліцыяй, у прадзьмутым ветрам пакоі, сагрэтым толькі камінам з імбірнай спачывальні, чыя замочная шчыліна сталася працягам вока маладога слугі — пакуль я адлічваю флярыны й талеры за фаляндыш брунатны, мухаяр гвазьдзіковы і адамашак кармазінавы. Мне яшчэ хопіць на люндуш белы, кір папяловы, аксаміт узорны, і застанецца пара манэтаў на зялёную тафту і згубленую ў дрогкім рыдване срэбную завушніцу, безь якой зусім зьмерзла чуйная ракавінка дасканалага вуха, што замест голасу хваляў ловіць мае крокі на паплямленым крывёю менскім бруку.