Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 14 из 23

1 красавіка

Гэты непаважны дзень добра пачаць з малітвы ў грэка-каталіцкай царкве сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў лёнданскім раёне Фінчлі; потым табе прапануюць паслухаць мэмуары (вёсачка пад Нясьвіжам, Афрыка і Монтэ-Касына) суайчыньнікі зь Беларускага дому на Pe

Road, дзе ўчора зацьвілі магноліі; потым ты выправісься падземкаю на Трафалгарскі пляц, дзе круглашчокія землякі Стывэнсана і Валтэра Скота з загарэлымі нагамі выдзьмуваюць з дудаў зусім беларускія мэлёдыі, наслухаўшыся якіх, ты недасьведчана ўваб’есься ў паб, запоўнены парачкамі дзіўных закаханых, і, не дапіўшы віна, зьбяжыш ад лёнданскіх гомасэксуалістаў да імпрэсіяністаў з Нацыянальнай галерэі, каб аддыхацца на бульварах Пісаро і згубіцца ў блакітна-зялёным натоўпе Рэнуаравых «Парасонаў», у якім цябе чакае знаёмства з расейскай прастытуткаю і мэксыканскай студэнткай з антычнай фігуркаю ў чорным трыко (як заўсёды ў тваім жыцьці, усё адбываецца з ініцыятывы жанчыны). Ты выбераш мэксыканку, зь якой цябе аб’ядноўвае аднолькава вусьцішная ангельская мова і прыкладна аднолькавы бюджэт падарожжа; грошай усё ж хапае, каб запрасіць яе ў «Salisbury», а ангельскай мовы — каб растлумачыць, што ў гэтым пабе любіў бываць з сваімі каханкамі Оскар Уайлд; яе ангельскай хапае на падазронае пытаньне, ці ня з гэтых і ты сам (абазнанасьць ў тутэйшай літаратуры можна ацаніць даволі высока), пасьля чаго ты назіраеш тэатральны ўздых палёгкі, бо здолеў растлумачыць, што — не, але гэта абсалютна ня значыць, што пасьля пінты піва і дзьвюх філіпінскіх цыгарэтаў смуглявая ручка ўжо мае права расшпільваць гузікі на тваёй зялёнай кашулі, якая памятае зусім іншыя пальцы, і працягваць сваю рызыкоўную экскурсію; ты намагаесься прадэклямаваць страфу мясцовага клясыка пра зайздроснае шчасьце мяняць стан душы гэтаксама проста, як пэні можна памяняць на шылінг (намёк застаецца незразуметым); мовы катастрафічна не хапае, аднак, прапусьціўшы неістотныя дэталі, ты павінен прызнацца, што вашае разьвітаньне нічым не нагадвала ўцёкі, бо мэксыканскія студэнткі не павінны кепска ўспамінаць мужчынаў з Рэспублікі Беларусь, асабліва тады, калі толькі што пачулі пра яе існаваньне. Шатляндцы яшчэ надзьмуваюць свае гумовыя шчокі каля Нэлсанавай калёны, і ў іхні капялюш апускае паўфунта гнуткая мурынка, падобная да нэгатыву адной жыхаркі менскіх вуліцаў, а з боку парку сьвятога Джэймза ляціць над горадам парачка качак, што нясе табе на крылах востры прыступ, напэўна, зусім беспадстаўнай рэўнасьці, ад якога можна вылечыцца толькі беларускай, а не ангельскай дозаю брэндзі, пасьля чаго найлепей вярнуцца ў галерэю і, выбраўшы ўдалы ракурс, схавацца за кансоляй на пэйзажы Констэбла, дзе пахне прывялым трыпутнікам і дзяцінствам, а таму так соладка дрэмецца, пакуль у апусьцелай залі музэйны служка ў абліччы немаладога нашчадка ямайскіх рабоў не кране цябе за руку і ня скажа, што малады чалавек стаміўся, бо прыехаў аднекуль здалёк; ты ветліва ўдакладніш — адкуль, а на пытаньне, дзе гэта, нечакана рэзка адкажаш: там, дзе ніколі не было рабства, адразу задушліва пачырванеўшы — праз сваю нетактоўнасьць і праз тое, што скарыстаўся гіпэрбалай.

Грынвіцкі мэрыдыян

Я думаў: гэта дзіцячая забава — пераступіць церазь медны пасак мэрыдыяну і апынуцца ў заходнім паўшар’і, але, зрабіўшы гэты крок, раптам зразумеў: ты засталася ва ўсходнім, і мне зрабілася страшна.

Дарога ў Полацак

Дарога ў Полацак пасьля спатканьня з табою падобная на дарогу з Эдэму ў яго ліпеньскія ваколіцы. Разгорнутая на каленях кніга: «Дзень быў блакітны, як адварот птушынага крыла...» Хіба гэта не пра нас? Мімалётны сон, шчасьлівы, як кацяня на бервяне пад дзедавай арабінай. Твае чарэшневыя вусны яшчэ блукаюць па бульварах і завулках гораду, які завецца маім целам. Чырвоны акварыюм «Ікарусу» ўвачавідкі поўніцца бурбаткамі кіслароду. Суседка ў кароткай спаднічцы з тваімі асымэтрычнымі ямачкамі на падбародку, калі ты сьмяесься з майго шапялявага блазнаваньня. Азёры сярод спадзістых пагоркаў сьведчаць: аўтобус ня зьбіўся з курсу. Знаёмы скульптар сьцьвярджае, што тут зноў завяліся ундыны, вядомыя з гістарычных крыніцаў мінулага стагодзьдзя. Ня выключана, што ў іх — ногі маёй суседкі з каленямі, як яблыкі-папяроўкі, якія я хачу накрыць сваёй расхваляванай далоняй, каб адчуць сорам перад табою, каб востра адчуць тваю ўладу, што здаецца мне сёньня найвышэйшаю формай свабоды. Табе лепей ня ведаць: безь цябе я рызыкаваў бы застацца толькі магчымасьцю самога сябе, ня ўведаўшы, як цалуюцца ундыны ў чырвоным «Ікарусе» па дарозе з Эдэму ў Полацак, па дарозе ад нас да цябе, па дарозе з прадоньня бясконцасьці ў бездань нябыту, сагрэтую чарэшневымі вуснамі, якія асьцярожна робяць салёны глыток.