Страница 15 из 18
пустэльна-чорныя,
I сцёгны, што калыхаліся мерна і мякка...
Ах! Неба — глыба блакіту — рухнула пад ногі,
I сонца — граната ручная — вясёлкай
пырснула ў вочы —
А крылцы, два ветразі, вецер, хапаючы
да знямогі,
Неслі Дзеда хартамі па слядах дзявочых.
Пёр! Быў гэта ні марш, ні бег, ні хада,
Толькі танец семнаццаці год у цвеце,
Толькі плыўны парыў адбівала вада,
Проста кажучы: нешта незвычаннае ў свеце.
Улёг Дзед за дзяўчынай — заняло ажно
дых бегуну! —
Ссушаных кіламетраў кінуў за плечы ці мала,
А катрынка конная мелодыі са сну
Па зямлі, па вадзе, па небе снавала —
Дзед — Бабка: адлегласць Амерыка — Гдыня,
Памножаная на буру, імглу, нуду і памрокі —
А адлегласць Дзед — дзяўчына
На пяць,
на чатыры,
на тры,
два крокі!
О сэрца, што за прутамі рэбраў дрыжыць
як птах,
О дыханне, што лашчыць, о запал,
што палам вые.
І о... на жаль — сямідзесяці гадоў жах!
I о... на жаль — валасы сівыя!
Дзяўчына прыстоіла: залп чорных вачэй
без жалю!
Паранены рукі раскінуў — аж іскры з вачэй —
А дзяўчына ўпала яму на грудзі, як мальва...
«Мацней прытуляй, цалуй гарачэй!»
Дык гэта ж дзень белы, дык гэта ж мястэчка!
...Водзван плыве ад ветру,
Вітаючы песеньку, што танцуе над рэчкай:
«Вырасла ў полі белая кветка...»
Сон — не сон? Байка пакропленая?
Успамін позні?
(Валасы... пэўна, вецер, што над галавой
заплакаў...)
Ліхаманка трапічная ад афрыканскага позірку?
Свет напачатку? Зноў жыццё да смаку?
З-пад цяжару пяцідзесяці гадоў светла
Мелодыя маладосць выграбала —
«Вырасла ў полі белая кветка...»
Ой, грала катрынка, грала!
I дзяўчына прызналася ўрэшце яму са слязамі
ў вачах:
«Я твая адзіная, ад пачатку свету царую.
Маю сукню з чорнага паркалю́. Па начах
Вяжу шыдэлкам світэры, вышываю іх і цырую.
Шмат гадоў я хавала ў кубел безупынку
Да касцёла палову дарогі на потым, употай,
Аж перамаглі ўспаміны пра маладую дзяўчынку
У нядзелю, якая дрыжала зелянінай і пазалотай —
I ў схоўню палезла. А дрыжала рука невыносна,
Калі дарогу няздзейсненую і дрымотны час
Тут, на грудзях, пад блузкай хавала зайздросна,
Каб сваю маладосць перажыць яшчэ раз.
Далей ужо ведаеш: мы мелі палову дарогі —
Ты павярнуў — а ўва мне быццам кветка распусцілася зноў!
Маладосць крыніцай прабілася, мяне панеслі ногі
У кіламетры, назбіраныя за пяцьдзесят гадоў...
Два і два — чатыры, шэсць і шэсць —
і дванаццаць ёсць —
Беглі гадзіны, памножаныя на кіламетры звітыя,
А з кожным здабыткам гасне бабчына маладосць —
Дзеда цягне катрынка — а Бабулю світэры.
Забыліся пра пацалункі, абдымкі, слёз узбліскі
(Вечар мачаў хадулі брудныя ў сажалцы шэрай).
Цяжкі зварот да дому — і дарога не блізкая —
Ногі іхнія грузлі ў пяску і валакліся
ў траве сшэрхлай.
Былі ўжо амаль на палове дарогі,
Калі ўпаў на галовы ім птах начны, як жар,—
I — ад старасці, пакуты, трывогі
Дзеда і Бабу... хапіў удар!
Далей лягчэйшай была задача,
Бо, як ведаеце, меў крылцы Дзед,
Бабка (напачатку было зазначана)
Шыдэлкі мела, на якіх магла пнуцца ў свет.
У амурчыкаў ператварыліся ўдваіх спакваля,
Адна з шыдэлкамі, другі меў крылцы нянаскія —
Кірунак: неба, ну і voilá!
Дзве дзюркі ў носе, і скончана казка.