Страница 9 из 27
Так каханне наша на зыходзе,
хоць яно й было такім кароткім.
Але вочы з жалем паглядаюць
У той бок, адкуль няма вяртання.
Ці то снег дарогу засцілае,
ці то мы ссівелі нечакана?
Сонечны той смак яшчэ нам сніцца,
адчуваюць рукі важкасць плоду.
Толькі мары той не паўтарыцца,
не вярнуць нязбытную нагоду.
1966
ЦІШЫНЯ
I я буду маўчаць.
Добра ісці з маўклівымі рэкамі.
Чуць шорах у цішыні.
Мо думкі?
Мо рыбы?
I рыбы і думкі нямыя?
1967
ЗІМА МАЙГО БАЦЬКІ
З дрэў, што некалі садзіў мой бацька,
Птушкі ўсе даўно паадляталі.
I на чорныя галіны іх
Толькі ўзімку зоры ападаюць.
Вось ляжаць усе яго прылады:
Барана, саха, каса і рукі,
Быццам бы няма куды пайсці,
Быццам бы няма чаму дзівіцца.
I жыццёвыя яго падзеі
Неадназначнымі засталіся —
Хто абраміць жыта ці ваду,
Хто апіша ці вясну, ці лета?
Калі добра ўслухацца, дык ноччу
Чутна, як у хлевушку за хатай
Глыбака, пакутліва ўздыхае
Верная, старэнькая рагуля.
Гэта ўсё трывожыць маю думку.
1966
ЛОСЬ
Каля крыніцы свежыя сляды,
Абгрызеныя парасткі ракіты,
Дрыжаць ад пахаў трапяткія ноздры,
I музыка сугуччаў — у вушах.
А потым на яго ссівелай шкуры
Разыдзецца скрываўленая пляма,
Уткнуцца ноздры у пясок настылы,
I згаснуць промні сонечных рагоў.
Ён мне на сконе не аддаў нічога:
Ні пахаў, ні сугуччаў, ні пачуццяў,
Якімі ён быў повен і багаты,
I засталося ўсё ў дрымучым лесе.
Здавалася —
Мяне ён перамог.
Змачыце палец у крыві гарачай,
Каб перакрэсліць каінавым знакам
Мой дужы лоб,— няхай убачыць кожны,
Што я такі звычайны, як і ўсе.
I я пайшоў з лясных зялёных нетраў,
Нібы ў астрог,
Суровы, адзінокі,
Асуджаны сабою пажыццёва.
1967
ПАМІРАЕ РАКА
Няма асноўнага пытання
Цячэ адкуль, цячэ куды.
I берагі даўно замоўклі
Ад жуды.
У глей хвастамі
Рыбы б’юць і б’юць.
Знікаюць рыбы,
Птушкі не пяюць.
Няма жанчынам дзе
Ні мыць, ні паласкаць,
Расце трава,
А хваляў не відаць.
Ой, на каго ж
Пакінула ты нас?
Я гладжу дно,
Што высахла не ў час.
Хадземце, людзі,
I раку наплачам,
Каб слёзы піць свае.
Тады мы нешта значым!
1967
ПЕРШЫ ЎСХОД СОНЦА
На верхавінах дрэў
Лісты трапечуць лёгка:
Яны ўжо бачаць,
Яны ўжо бачаць!
Спаўзаюць цені
Доўгія на захад.
Там будзе ноч.
Калі мы не праспім,
Дык дойдзем да яе.
Маўчыць імклівая вада,
Нібы мяркуе, а ці варта
Ёй выпускаць на бераг чалавека
Імклівай рыбінаю, яшчарам, лілеяй
Ці з іншым неразгаданым абліччам.
Мы нават і не ведаем напэўна,
Каторы раз такое робіцца на свеце.
1967
ДУША НАПОЎНІЛАСЯ КРЫКАМ ЖУРАЎЛЁЎ