Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 4

Частка пятая

Гаварыў Асілак брату: — Глянь, дзе хвалі пеніць шторм, Ці то грывай вал дзевяты, Ці то зломаным крылом Птушка, тонучы, махае? — Не, ня хвалі там іграюць. Не крылаты ўзмах птушыны, Гэта парус ў моры сінім!.. Кажа зноў Асілак брату. — Глянь на сонечны загар, Быццам коней ляціць статак З шумам, звонам, громам хмар. — Эх, ня хмары і ня коні Пеняць вадзяныя горы, Гэта царская пагоня Паказалася на моры!.. Стогне вецер, вые дзіка, Хвалі пеняцца на шхерах. Ужо бачаць Вяль з Музыкам Бор стары, знаёмы бераг. Яшчэ раз вяслом ударыць! Плыт ўразаецца ў пясок, Мачта хіліцца набок, Зьвесіў крыльлі мокры парус, Пырскі мора на ім зьзяюць… Вяль Музыку так гаворыць: — Мы гасьцей з-за сіня мора Безь цябе тут прывітаем. Хопіць ім сталоў-курганаў; Мёдам абнясем ліповым. Хай даруюць, калі п’яна З плеч пакоцяцца галовы Або ў скоках пад нагамі Трэснуць панцыры іх, шлемы… Ты ж ідзі далей шляхамі, Дзе над Нёмнам вербы дрэмлюць, Дзе шумяць прасторы жыта Ў залатым імглістым цьвеце. I што бачыў, раскажы ты, Перадай ўсім на жалейцы. Разышліся. Вяль з братамі Ловіць мора сіні подых, А Музыка йдзе шляхамі На сустрэчу сонца ўсходу. Вось ужо ў далінах тоне, Вось хаваецца за межы, Толькі ўсе жалейкі тоны Разьліваюцца ў бязьмежжы. А тым часам у затоку Караблі ўсё прыбываюць, I на бераг на шырокі Цар з дружынай высядае. Сам цар выступіў наперад, Кажа: — Гніцеся мне ў пояс! Сплёў густы для вас я нерат, Каб цягнуць да вадапою. Лепей самі аддавайце Мне жалейку і Музыку, А то з вашых плеч на лапці Надзяру мяккога лыка. I рагоча ўся дружына. Вяль гаворыць: — Што хваліцца! Паглядзім лепш, хто ў даліне Выстаіць ці ляжа ніцам… — Што, няўжо на вас, на гэткіх, Маёй сілы будзе мала? — I ўсе разам — цар, і войска, I паслы — зарагаталі. А пасьля пайшлі ўсе ў наступ Чорнай ненавіснай сілай. Вырваў Вяль дуб каранасты, Пояс патужыў Асілак, Волат парасправіў глечы — I сустрэліся з навалай. Пачалі мясьці і секчы — Толькі рэха застагнала. Быццам жнівам на іржышчы — Сноп на сноп — кладзецца сіла; Цэлы дзень грыміць ігрышча, Як стагі, растуць магілы. Наступае вечар сіні, Сонца ў хвалях мора тае, Позна волатаў з дружынай Разьдзяліла ноч глухая. Цар хутчэй уцёк за мора. Вяль прылёг каля кургана, Каб, як згаснуць толькі зоры, Зноў прачнуцца раным-рана. Сьпіць зямля. Смугою ліпкай, Цёплым ценем сон ліецца, Толькі часам ціхай скрыпкай Заіграе сонны вецер.

Частка шостая

Ходзіць, нукае Араты, Конь, залёгшы, цягне шчыра; I сярэбрацца нарогі Ад пяску сырога, жвіру. Часам сталь скрабне паліцу, Часам іскрай пырсьне крэмень… I хаваюцца пад дзёрнам Пікі, панцыры і шлемы, Трупы царскіх слуг, ваякаў… Колькі Вяль з братамі выбіў! Колькі сіл варожых зьнішчыў! — Ну, раўней лажыся, скіба! Зааром, забарануем, Сыпнем ядраны насевак, I запеняцца ўраджаі, Закалышуцца напевы… Толькі дзень замітусіўся, Вяль, прачнуўшыся, гаворыць: — Што за дзіва? — дзе ні глянеш — Скібы чорныя, разоры: I на захад, і на поўнач Без канца яны, бяз краю; Там, дзе бой кіпеў учора, Нават мейсца не пазнаеш… Сонца залатой пагодай Дываны жытоў абмыла. Сеў Музыка каля броду, Пад бярозаю пахілай. Думу думае маркотны: Ці жыве дзе Вяль з братамі? Можа, хмарай пералётнай Ці віхурамі-вятрамі Мые косьці іх па нівах, На прасторах на шырокіх, Дзе ўсе песьні — шум прыліву, Гул прыліву, хваляў рокат. Летучы з краёў заходніх, Воран, кружачы, гаворыць: — Ой, лягло нямала войска, Войска царскага з-за мора… I ў раку ён нешта кінуў. Паглядзеў Музыка ў тоні: Зьзяе там красою дзіўнай Камень, выдзерты з кароны… I вясёлкамі зазьзялі Воды сінія, здаецца, I зноў тоны заігралі Ў зачарованай жалейцы Ціхім шэлатам крынічным, Шумам трысьнікоў зялёных, Медным коласам пшанічным, Васільковым звонам лёну. Рэхам збуджаным, вясёлым, Даўняй казкай над калыскай… I здаецца — нівы, сёлы Нехта гукамі апырскаў… А кругом красуе лета, Вецер дрэмле ў полі роўным; Сонца сьпелаю ранетай Наліваецца над Нёмнам.