Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 4

Частка трэйцяя

На курган рагамі вострымі Апёрся ясны месяц. Ідзе дарогаю Музыка, Галаву на грудзі зьвесіў. Ўсіх пытаўся, можа, бачыў, Можа, чуў хто пра зладзеяў? Але вечарам апошнім Нават вецер спаў, ня веяў; Камары ў густых чаротах Не снавалі ў змроку сілаў, Нават слонка позьнім лётам Не абмыла сваіх крылаў. Толькі, сьвечку запаліўшы, Сьветлячок адзін, на дзіва, Бачыў з папараці нешта Як паўзло па сонных нівах… Яшчэ нешта бачыў вожык, Але што? — і сам ня ведаў… Распытаўся іх Музыка I пайшоў на захад сьледам. Доўга ён ішоў… Аж бачыць: Баразной ідзе Араты I зь сяўні шырокай сее Жменяй чорныя зярняты. Зацікавіўся Музыка I Аратага пытае: — Што ты робіш гэта, дзядзька? — Потам ніву засяваю… Ды пытаецца ў Музыкі, Скуль ідзе, зь якога краю. На дарогу даў у торбу Хлеба чорствага акраец. Цэлы дзень ідзе Музыка, Ізноў дзіва спатыкае: Волат горы крышыць, ломіць I з далінамі раўняе. Прывітаўся зь ім Музыка, Пра няшчасьце сваё кажа… А на гэта хлапцу Волат: — Я пайду з табою разам. Пазаву Асілка, брата, — На другім канцы разоры Ён сядзіць і днём, і ноччу, Ўе пяньковыя аборы, Каб разьвесіць свае петлі I за лета, і за восень Зьнішчыць птушак пералётных, Што пустуюць нам калосьсе. А ён хай пакліча Вяля, Што стаіць каля папару, Разганяе дратаванай Пугай статак цёмных хмараў… У запас набралі лапцяў I крануліся пад вечар У далёкую дарогу, Торбы ўскінуўшы на плечы. Падышлі да сіня мора. Мора дрэмле, серабрыцца. Толькі аднаму Музыку Ноччу месячнай ня сьпіцца. Чуе, на шляху паднебным Гусі дзікія гавораць Пра цудоўную жалейку, Пра бяду яго і гора. Што на родных яго нівах I над Нёмнам яго слаўным Не чуваць ніякіх песьняў, Не сьмяюцца людзі даўна… I задумаўся Музыка… Гусі крумкаюць-гавораць: — За трохтысячнаю хваляй Востраў ёсьць на сінім моры. Цар задумаў справіць сьвята, — Мёд па чарах паліецца, Будуць на зачараванай Там іграць-сьпяваць жалейцы… — І мяне з сабой вазьміце… — Ды ня чулі гусі крыку. Толькі збуджаная хваля Пенай пырснула ў Музыку.

Частка чацьвёртая

Да ўсходу сонца ўстаў Музыка. Ў сэрцы непакой і скруха. Хутчэй сяброў паведаміў ён Аб тым, што ў выраі падслухаў. Рашылі: трэба секчы сосны, Хутчэй зьбіваць вялікі плыт, I хоць бы леты, зімы, вёсны, I на далёкі востраў плыць! Шуміць бор цёмны, уздыхае, Кіпіць работа, звон удараў. Гатова мачта смаляная, На ёй з кашулі белы парус. I толькі збуджанае сонца Праменьні кінула над логам, — Плыт ціха па марской затоцы Крануўся ў дальнюю дарогу. Вяслуюць, але толку мала: Прачнуўся раньні вецер шэры, Насустрач гоніць вал за валам I зноў варочае на бераг. — Зацяжак плыт, — Асілак кажа, — Хай едзе Вяль адзін з Музыкам, Каб не зьмяла іх бура часам, Няхай сябе прывяжуць лыкам. А сам пайшоў на бераг з братам, Дзе леглі на пясчаны ўзгорак I проста ў твар вятроў кудлатых Дзьмуць пачалі на сіне мора. I мора грозна застагнала, I мора грозна загрымела, Як горы, ўсьпененыя хвалі Панесьлі плыт на грывах белых… Мінаюць дні, то ў моры тонуць, То зьзяюць зноў агнём зары. Глядзіць Музыка зь Вялем ў тоні I на каралы, і на рыб; На груды пэрлаў і каменьня, На вадаростаў сьвет багаты I на затопленыя лодкі Купцоў, ваякаў і піратаў. Над галавой, пад аблакамі, Арол ляціць з ахрыплым клічам: Мо’ ён спрачаецца зь вятрамі Ці ўбачыў сьвежую здабычу? Ды адлятае без абеду За вадзяныя горы-хвалі, I толькі доўга яго сьледам Глядзяць сябры — Музыка зь Вялем… Гаворыць Вяль: — Здаецца, востраў Відаць, а можа, гэта сон? Сьцяной залочанай і вострай Абнесены з усіх бакоў. Калі наблізіліся, бачаць: Зусім нязнаны край зямлі; Куды ні глянь — дамы, палацы, А ў порце — мачты, караблі. Шуміць натоўп, шуміць, сьмяецца; Па цэлым беразе пакатым Вясельле хмельнае ліецца, — Відаць, што цар спраўляе сьвята. Сядзіць сам высака на троне, Сем чалавек трымаюць бруха, Ў брыльянтах, янтарах карона Цяжкая зьехала на вуха. А слугі сьпераду і ззаду — Кругом стаяць напагатове, Каб выпаўняць цара загады. На лавах, на сталах дубовых Нямала мёду, рыбы сьвежай, Хлябоў, зьвяроў і птушак дзікіх З глыбінь Палесься, зь Белавежы… Аж не надзівіцца Музыка!.. Гаворыць цар: — Пара сягоньня Гасьцей маіх павесяліць… I вось з паклонамі да трона Падходзяць царскія паслы. — Зайграем, — кажуць яны, — тое, Што самі гукі запяюць… Аж анямеў Музыка з болю, Жалейку ўбачыўшы сваю… На цэлым беразе ўсё змоўкла; Застыла цішыня нямая. Ды не чуваць чароўных тонаў… Маўчыць жалейка, не іграе. Цар узлаваўся: — Вось дык штуку Прынесьлі мне з чужога краю! Няўжо ж ніхто ня збудзіць гукаў, Ніхто на ёй не заіграе? Маўчаць. Спусьцілі ўсе галовы, I, калі цар другі раз клікаў, Наперад у лапцях лазовых З кійком праціснуўся Музыка. Узяў жалейку і шчасьлівы Яе абцёр крысом ад пылу… На ўсе лады і пералівы Яна ў яго загаварыла: То звонам жаваранка ў жыце, То салаўіным сьвістам чулым, Трывожнай кнігаўкай ў ракіце I ў лесе шэраю зязюляй. Пазьней зайграў, як жнеі пелі, Як вецер шапацеў саломай, Сівыя хвалі Нёмну пеніў, I абарваў акордам грому… А рэха ўсё яшчэ іграла І толькі змоўкла ў нэтрах бору Тады, калі Музыка зь Вялем Дабеглі ўжо да сіня мора. Схапіўся цар: — Хутчэй вярніце, Пагоню шліце за пагоняй!.. Ды белай чайкаю ў блакіце З кашулі белы парус тоне.