Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 8 из 86

Сустрэнемся другім разам

26.08.2009. З аспірантам Андрэем з Адэсы ідзём па Цвярскім бульвары. Ідзём не проста так, а разглядаем дзяўчат на лавачках і, выбраўшы якую, знаёмімся. «Гэта будзе твая»,— кажа Андрэй і піхае мяне падсесці да дзяўчыны. Саджуся, а сябар ідзе далей. Пачынаю знаёміцца. Дзяўчына вучыцца ў інстытуце і будзе займацца прагнозам надвор’я. Дзяўчына то харошая, а ўжо, яшчэ не ўстаўшы, бачу, што яна вышэйшая за мяне. Прапаную схадзіць у Цэнтральны дом літаратара і папіць кавы. Згаджаецца. Устаём. Яна за мяне вышэй на цэлую галаву. Куды мне з такой! Прайшоўшы метраў дзвесце, я, нібыта раптам успомніўшы, кажу: «Чуць не забыўся зусім! Мяне ж рэктар Літінстытута чакае! Давайце сустрэнемся другім разам. Я вам патэлефаную».

У гасцях у якутак

27.08.2009. Масква. Усесаюзны семінар маладых літаратараў. Гасцініца «Орлёнок». Мяне і Леаніда Галубовіча дзве прыгожыя маладыя якуткі запрасілі ў госці. Захапіўшы пару пляшак гарэлкі, стукаемся ў нумар да дзяўчат. Дзверы адчыняюцца і да нас кідаюцца абдымацца нашы новыя знаёмыя паэты з­пад Урала. Нейкі час мы не выстаўляем гарэлку на стол, спадзеючыся, што нашы супернікі хутка сыдуць у свае нумары. Аднак хлопцы сядзяць і не думаюць нікуды ісці. Якуткі толькі ўсміхаюцца. Усё канчаецца тым, што мы дастаём пляшкі і, выпіўшы ўсю гарэлку і крыху пашумеўшы на развітанне, пакідаем якутак рускім паэтам.

Венгр і балгарын

28.08.2009. Раніцай у гаспадарчай краме з палякам Анжэем, купляючы лямпачкі, пазнаёміліся з прадаўшчыцай. Анжэй сябе прадставіў венграм, а мяне балгарынам. Дамовіліся вечарам, калі закончыцца праца, падысці да яе і правесці дахаты. Дзяўчына была вельмі сімпатычная. Яна адна, а нас двое. Што рабіць? Я купіў пляшку гарэлкі і ў абед заглянуў да Анжэя. Паабедалі так, што Анжэй заснуў, а я а палове восьмай вечара пайшоў у краму да прадаўшчыцы, каб правесці дахаты. Прыйшоўшы, адразу прызнаўся, што я ніякі не балгарын, а Анжэй ніякі не венгр. Дзяўчыну гэта не засмуціла. І вось мы ідзём каля астанкінскага мясакамбіната да прыпынку электрычкі на Мыцішчы. Цёмна. За агароджай сабакі бягуць за намі і брэшуць. Страшнавата. Прыйшоўшы на прыпынак і дачакаўшыся электрычкі, я наважыўся было ехаць з дзяўчынай, але яна мне сказала: «Са мной не едзь, бо назад не вернешся!»

Сыс і кубінскі ром

28.08.2009. Атрымалі кватэру. Купляем паціху мэблю. Дайшло да кніжных шафаў. І так атрымалася, што на пачатку 90­х у Доме літаратара нейкая фірма гандлявала кніжнымі шафамі, і мы іх там і купілі. Прывезці шафы нам дахаты ўзяліся Анатоль Сыс і Мікола Сцепаненка. Прывезлі позна вечарам. Нічога не пабілі, не папсавалі. Засядаць не было ўжо калі, таму я запытаўся: «Як вам заплаціць?» — «Грошай не трэба! Калі ёсць пляшка, дай у дарогу»,— сказаў Анатоль, і я вынес са сваіх запасаў літровую пляшку кубінскага рому. Хлопцы абрадваліся. Назаўтра сустракаю Сыса, пытаюся: «Ну як там кубінскі ром?» Сыс незадаволена махнуў рукой: «Ляснуўся! Толькі сабраліся выпіць, як у мяне выслізнула з рук пляшка і разбілася!»

Войцэх і дваццаць капеек

28.08.2009. Пад інтэрнацкімі вокнамі Літінстытута залатая восень. Стаю і любуюся. Праўда, баліць горла. Недзе прадзьмула. Трэба было б выпіць нанач якую­-небудзь таблетку ад прастуды. У мяне лякарстваў няма. Побач праходзіць паляк Войцэх. У яго ёсць усё, што ні папытайся. Падымаемся на ліфце на наш сёмы паверх. Пытаюся пра таблеткі. Кажа, каб зайшоў праз паўгадзіны. Пачакаўшы, заходжу. Войцэх у акулярах сядзіць за сталом і перабірае кучу лякарстваў. «Дай таблетку ад горла»,— прашу аднакурсніка. «Пакажы горла!» — загадвае, як доктар, Войцэх. Паказваю. «У цябе ангіны яшчэ няма. Антыбіётыкі піць рана»,— кажа Войцэх і таблетак не дае. «Дай таблетку ад горла!» — не адстаю ад паляка. «Нясі дваццаць капеек! Дам!» — нарэшце згаджаецца Войцэх падлячыць мяне. І я купіў адну таблетку за дваццаць капеек...

Вальдэмар і масквічка





29.08.2009. У паляка Вальдэмара ў Варшаве засталася жонка. Першы месяц ён па ёй сумаваў, а потым, калі пазнаёміўся з масквічкай, перастаў ёй пісаць лісты і званіць. Я сябраваў з Вальдэмарам, і ён мне амаль усё расказваў пра свае адносіны з рускай сяброўкай. Мне было нават неяк зайздросна, што паляк дома мае жонку, і тут яшчэ каханку завёў, а я ўсё ніяк не магу знайсці сабе пару. Вальдэмар так закахаўся, што пачаў думаць, як застацца ў Маскве. Але ж трэба неяк развесціся з жонкай. Справа вырашылася сама, калі Вальдэмар раней часу прыехаў на зімовыя вакацыі ў Варшаву і застаў жонку з каханкам. Здавалася, што на гэтым усе нечаканасці для Вальдэмара скончацца. Ды дзе там! Вярнуўшыся раней на тры дні з зімовых вакацый, шчаслівы Вальдэмар з вакзала вечарам адразу ж паехаў да масквічкі нанач, каб ёй расказаць, якая ў яго кепская жонка і што ён хутка з ёй разводзіцца. Але масквічка дома была не адна, а з нікарагуанцам Карласам...

Дэзерцір

30.08.2009. Мой аднакурснік Генадзь Суздалеў пасябраваў з адзінокай маладой жанчынай з Падмаскоўя. Яна пісала вершы, але Гена не любіў паэтэс, і таму ў яго пры знаёмстве з падобнымі асобамі была ўмова: ці ты выкідаеш з галавы тое, што ты паэтэса і мы ў тэмпе вальса рухаемся да ложка з усімі наступствамі, ці ты будзеш і далей псаваць паперу сваімі рыфмамі і мы пасля першай жа сустрэчы разбягаемся. Маша выбрала першы варыянт і пасля некалькіх начэй у нашым інтэрнаце запрасіла Суздалева да сябе дамоў. Гену аднаму ехаць было лянотна, і ён угаварыў мяне скласці яму кампанію. Не ведаю, як атрымалася: ці выпадкова, ці мой сябра дамовіўся з Машай, але ў гэты ж вечар да яе прыйшла нанач сяброўка. І вось мы сядзім учатырох на кухні і частуемся. Машына сяброўка спрабуе дагадзіць мне: то падасць кавалачак мяса, то салёны агурочак, то соку падалье. А я п’ю гарэлку не закусваючы і думаю, як бы гэта ўцячы ад сваёй залётніцы, якая мне зусім не спадабалася. І калі на дне апошняй пляшкі заставалася грам сто, я сказаў, што схаджу ў патрэбнае месца і хутка вярнуся. Схадзіўшы куды хацеў, я прашмыгнуў у пакой, у якім павінен быў застацца з сяброўкай Машы, і замкнуўся. Праз нейкі час мне грукалі ў дзверы, але я рабіў выгляд, што сплю, і нікому не адчыніў. А раніцай на кухні мы пахмяляліся ўжо ўтраіх: Гена, Маша і я.

Зарабіў

30.08.2009. У інтэрнаце Літінстытута ўкраінец Іван Царынны жыў з жонкай. І вось неяк адправіла яна мужа ў краму, каб закупіў прадуктаў на выхадныя. Іван схадзіў і купіў усё па спіску. Прынёс у пакой. І тут жонка ўгледзела, што мяса, акрамя ўсяго што кашчавае і смярдзючае, не важыць кілаграм. Накрычаўшы на Івана, выгнала яго з мясам назад у краму. Ну і пайшоў Іван у краму і таксама нарабіў там гвалту. І ўжо, збіраючыся ісці дамоў, каб больш напалохаць прадаўцоў, паказаў членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР. Падзейнічала. Прыбегла загадчыца крамы і запрасіла да сябе ў кабінет. Іван Царынны не адмовіўся пайсці і, пасля распіцця пляшкі каньяку з загадчыцай крамы і добрага сексу з ёй, вярнуўся дамоў з трыма кілаграмамі мяса.

Сваю машыну не абмінеш…

30.08.2009. Яму абрыдла жыць. І ён вырашыў атруціцца. Купіў дыхлафосу, але, калі ішоў дахаты, п’яныя падлеткі адабралі ў яго торбу з пакупкай. Прыйшоўшы дамоў, вырашыў павесіцца. Вяроўка парвалася, і ён застаўся жывым. Тады ён надумаў пайсці ў шматпавярховік і скінуцца з апошняга паверха. Але, калі ішоў да сваёй мэты, яго збіла машына. І цяпер ён ляжыць у бальніцы з паламанымі нагамі і рукамі, і яму, як ніколі, хочацца жыць…

У Яснай Паляне

30.08.2009. Восень. Ясная Паляна Льва Талстога. Ідзём у лес да магілы пісьменніка. Сцяжына ўсё вузее і вузее. І вось і месца пахавання: на абсыпаным залатым бярозавым лісцем і ігліцай ялін магільным грудку ні валуна, ні крыжа. І, каб не шыльдачка побач на дрэве, то можна было прайсці міма магілы Льва Талстога ў пошуках вялікага шыкоўнага помніка. Паклаўшы кветкі, вяртаемся назад. Нашу сцяжыну перапаўзае змяя. Празаік з Ноўгарада хапае калаціну і кідаецца забіць змяю. А паэт з Казані, схапіўшы яго за руку, крычыць: «Не забівай! Можа, гэта сам Леў Талстой паўзе!»