Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 79 из 86

Пяць фільмаў і жыццё

3.06.2012. Два выхадныя дні, якія былі падзмрочаны холадам і дажджом, праляцелі. І я за гэтыя два дні ў вольны час ад паходаў да бацькі праглядзеў пяць фільмаў.

Першы фільм Марка Ферэры «Я тебя люблю», які ў 1986 годзе ў Канах атрымаў «Залатую пальмавую галінку» быў пра тое, як малады чалавек, якому ўжо абрыдла празмерная ўвага з боку жанчын, знайшоў на вуліцы бралок для ключоў. Бралок не просты, а ў выглядзе сімпатычнага жаночага тварыку, які на кожны свісток гаспадара адклікаецца: «Я тебя люблю!» Праз нейкі час бралок стаў маладому чалавеку замяняць усіх ягоных палюбоўніц. Ды аднойчы здарылася бяда — малады чалавек зламаў зуб і не змог болей свістаць… Ходзячы кожны дзень да бацькі праз сквер, на сваім шляху я знаходзіў шмат якой усячыны, а вось бралка з сімпатычным жаночым тварыкам не бачыў. Ды і не патрэбны ён мне!

Фільм рэжысёра Уладзіміра Мірзоева па аповесці Андрэя Платонава «Катлаван», на жаль, не закончаны. У ім зняліся Пётр Мамонаў, Максім Суханаў і Віктар Сухарукаў. Фільм цудоўны, і я, даглядзеўшы яго да канца, сказаў: «Дурдом!»

Трэці фільм — «Чудо». Рэжысёр Аляксандр Прошкін. Гераіня фільма на вечарынцы, не дачакаўшыся свайго жаніха, запрашае на танец Мікалая Угодніка. Хапае ікону і з ёй камянее. Жыхары правінцыйнага гарадка напалоханы гэтым незвычайным здарэннем, якое абрастае чуткамі і выдумкамі… У аснову фільма пакладзены рэальныя падзеі, якія адбыліся ў Самары ў 1956 годзе і вядомыя як «Стояние Зои». Хрушчоў у фільме — самадур у капелюшы і ў бацінках, які нядаўна вылез з гразі ў князі. Словам, ёсць пра што падумаць і ўспомніць, што Бог ёсць!

Фільм рэжысёра Вячаслава Росса «Сибирь. Монамур» расказвае пра тое, як у тайзе жыве стары старавер Іван і яго сямігадовы ўнук Алёшка. Яны чакаюць бацьку хлопчыка, які два гады назад сышоў з дому і не вярнуўся. Зграя здзічэлых сабак паядае ўсё жывое, што трапіцца на іх шляху. Хлопчык сябруе з адным з гэтых сабак. Час ад часу далёкі сваяк дзядзька Юра прывозіць дзеду і ўнуку ежу. Апошнім разам, вяртаючыся дамоў ад старавера, дзядзьку з’ядаюць сабакі. У фільме хапае стрэлаў і крыві, але ён заканчваецца добра. Гледзячы на Алёшку, які ўпаў у перасохлы калодзеж і яго адтуль не змог дастаць дзед, успомніў, што і я ў сваім дзяцінстве было ўваліўся ў калодзеж. Я ў кало­дзежы прабыў паўдня, і мяне адтуль дастала мая бабуля Ганна. Хлопчыка дастаў вайсковец, і ён яго назваў «татам»…

Фільм Клода Лелуша «Железнодорожный роман» пра вядомую пісьменніцу і яе літаратурнага негра. Усё канчаецца тым, што пісьменніца канчае жыццё самагубствам, бо негр не захацеў болей працаваць на яе…

Цяпер на душы, як у кінатэатры, дзе хвілін пяць назад закончыўся фільм і гледачы пакінулі залу, а я застаўся з тым, што бачыў на экране…

* * *

5.06.2012. «Деревья, как зрелые женщины, казались тщательно напудренными» — так пачынаецца раман, рукапіс якога ў мяне сёння з’явіўся на стале…

* * *

5.06.2012. Хадзіў у Музей гісторыі беларускай літаратуры. У кабінеце дырэктаркі Лідзіі Макарэвіч сустрэў Леаніда Дранько­Майсюка. 12 чэрвеня ў музеі адбудзецца прэзентацыя ягонай «Кнігі для спадарыні Эл». Дранько­Майсюк быў з вялікім чорным парасонам, як з чорнымі складзенымі крыламі…

* * *

5.06.2012. Амаль чатыры месяцы мама для бацькі была яшчэ жывой. Сёння на словы бацькі «мама наша, відаць, памерла…» я сказаў: «Памерла» і расказаў усё, як было 15 лютага, калі памерла мама. І плакаў бацька, і плакаў я…

* * *

6.06.2012. Ля царквы, як ля вогнішча, людзі…

* * *

7.06.2012. Мы з табой, як самураі, засталіся адны…

Ракаў Вячаслава Рагойшы

7.06.2012. Майму земляку Вячаславу Пятровічу Рагойшу два дні назад споўнілася 70 гадоў. З гэтай нагоды ў мяне напісаўся верш «Ракаў Вячаслава Рагойшы»:

У Ракаў не прыходзяць цягнікі.

У Ракаве былі бальшавікі

І не патрэбна ім была чыгунка,

Якая б не спаскудзіла малюнка

Старога Ракава, дзе брукаванка

Была, нібы кальчуга велікана,

Што скінуў на дарогу для каханкі,

Каб да яго прыйшла вясною рана

І ножак маладзенькіх не змачыла.

І як прыгожа ўсё было б і міла,

Калі б цягнік спыніўся і народ,

Які даўно ўжо не сляпы, як крот,





З яго пайшоў, але не на базар,

А да здзяйснення самых светлых мар

У госці да Рагойшы Вячаслава,

Дзе кожнаму заўсёды будзе лава,

Каб сесці і душою пасвятлець,

І ў думках над Айчынаю ўзляцець,

І ўбачыць з вышыні, што родны край

І быў, і ёсць наш беларускі рай,

Дзе ў цэнтры Ракаў, а над ім буслы,

Нібыта Божыя да нас паслы…

У Ракаў не прыходзяць цягнікі,

І не бяда. У Ракаве вякі

Вякуюць у касцёле і ў царкве,

У Ракаве і Беларусь жыве,

І будзе жыць…

Дзве навіны…

8.06.2012. Беларускі гісторык Захар Шыбека з’ехаў у Ізраіль. Статут ВКЛ вярнуўся на радзіму…

* * *

9.06.2012. Дробны дождж. Каля выставачнага павільёна, што на вуліцы Янкі Купалы, сцягі на флагштоках намоклі, нібы завялі…

* * *

10.06.2012. Машыны, на якіх абтрапаныя Георгіеўскія стужкі, выглядаюць, як толькі што скрадзеныя…

* * *

10.06.2012. Чорныя бліскучыя легкавікі ў высокай траве, як велізарныя жукі…

На фестывалі…

10.06.2012. Учора быў на фестывалі беларускай песні і паэзіі. Некаму, што адбывалася на свяце, спадабалася ўсё, а некаму, як паэту Міхасю Башлакову, не спадабалася, што гэта быў фестываль Фінберга і безгалосых пяюх, а не свята паэзіі Янкі Купалы…

За дваццаць хвілін, калі ў Вязынцы каля помніка Янку Купалу выступалі паэты, побач прагрукацела каля дзясятка цягнікоў…

У дзесяці кіламетрах ад Вязынкі мае Пугачы. Стараюся думаць толькі пра свята паэзіі, але ўсё роўна бачыцца пустая родная хата і трава на ганку…

Як ніколі шмат людзей з кінакамерамі. Здымаюць шмат, а пакажуць, баюся, як і раней, пару хвілін…

На новым мосціку праз рачулку, калі мы вярталіся да свайго аўтобуса, павіталіся з тутэйшымі мужыкамі, што стаялі з косамі, як купалаўскія касінеры…

Жыта каля дарогі на Маладзечна яшчэ не палягло…

Там­сям на лугах пажаўцелыя пракосы, як сцежкі ў яшчэ далёкую восень…