Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 77 из 86

Як цяжка вяртацца дамоў,

Як вусцішна робіцца ў хаце,

Калі ты дажыў да грудкоў,

Спачылі дзе бацька і маці…

Цяпер, пасля смерці мамы, і я ведаю пачуццё, якое прымусіла паэта напісаць гэтыя радкі. На жаль, і самога Анатоля Грачанікава (1938 — 1991) няма сярод нас ужо больш дваццаці гадоў, а сёлета яму 8 верасня было б яшчэ ўсяго 74…

* * *

10.05.2012. Зноў тапалёвы пух! Але ўсё непаўторна ў гэтым свеце, і для мяне сёлетні тапалёвы пух, як лютаўскі снег, калі памерла мама. І гэты снег лётае так, што аж хочацца разбіць неба…

* * *

10.05.2012. Іду да бацькі праз сквер. На лаўках там­сям сядзяць адзінокія дзяўчаты і жанчыны, а па скверы бадзяюцца п’яныя мужыкі. Узгадалася, як у Маскве мы з аспірантам Андрэем Тусічышным пасля заняткаў хадзілі па Цвярскім бульвары і знаёміліся з дзяўчатамі, якія сядзелі на лаўках…

* * *

10.05.2012. У вёсцы дома ўжо была б пасаджана бульба, калі б жыла мама…

* * *

11.05.2012. Упершыню за паўгода жыцця ў Мінску ў чужой кватэры бацька сказаў: «Мне тут добра!» — «Чаму?» — запытаўся я і пачуў: «Накормлены і ніхто не крычыць!»

У чарзе…

12.05.2012. На пошце стаяў мужчына гадоў 70. Стары смярдзеў і смярдзеў так, што паміж ім і астатнімі ў чарзе да касы было метры два. Ён адной рукой трымаў добра паношаныя штаны, бо звальваліся, а другой разлічваўся за камунальныя паслугі. Стары быў абуты ў ірваныя белыя чаравікі на босыя ногі. Расплаціўшыся, ён гучна падзякаваў касіршы і ўсім хто стаяў у чарзе пажадаў добрага здароўя і цярпення. Стары пайшоў, а ў паштовым пакойчыку застаўся ягоны смурод. Маладая жанчына, якая стаяла перада мной, прашаптала: «Відаць, былы інтэлігент…»

* * *

12.05.2012. З Лягез тэлефанавала цётка Стася. Ад яе даведаўся, што 6 мая мамінаму брату Віцю было 79 гадоў. Нядаўна, узлазячы на воз, дзядзька ўпаў і пабіў бок. Адчувае сябе не вельмі, але пасадзілі грады і бульбу. У Лягезах на сённяшні дзень жыве чатыры чалавекі…

* * *

13.05.2012. Наш Максім апошнімі днямі хадзіў на фестываль «Мельніца моды». Учора вечарам былі аб’яўлены вынікі конкурсу, на якім Максімава сяброўка з калекцыяй касцюмаў і сукенак «Шляхам ветру» (дарэчы, так называецца адна з маіх кніг) заняла другое месца, і наш Максім гэтую падзею з сябрамі адзначаў, і ўпершыню дамоў прыйшоў у 6 гадзін раніцы…

* * *

16.05.2012. Добра напісаны раман часцей за ўсё, як збудаваны замак, а напісаны верш часам, як шпакоўня, у якой, бывае, жывуць толькі вераб’і…

* * *

16.05.2012. Учора быў настрой для вершаў і ў мяне атрымаліся вось гэтыя радкі:

За сценкаю смяецца дзеўка маладая,





Сама не спіць і не дае табе заснуць

У час, калі чаромха з бэзам зацвітае

Пад небам, дзе гавораць зоркі пра вясну.

І ты не спіш і, гледзячы ў імглу начную,

Ты хочаш думаць пра Айчыны сумны лёс,

Але ты думаеш пра дзеўку маладую,

Што весела смяецца аж да слёз…

* * *

17.05.2012. Даведаўшыся, што мы рыхтуем кнігу пра трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя, нам у выдавецтва патэлефанавалі з алімпійскага камітэта Беларусі і, пачуўшы мяне, мой суразмоўца тут жа, выгукнуўшы: «О, вы гаворыце на мове!», працягнуў са мной размову па­беларуску…

* * *

17.05.2012. Прыходзіла Раіса Баравікова з просьбай перапісаць на дыск тэксты яе выдадзеных у нас кніг і асобных публікацый у зборніках: «Хачу, каб, калі што са мной здарыцца, а ў мяне ўжо ўзрост невясёлы, дзецям было меней клопатаў з маімі творамі!»

* * *

18.05.2012. Апошнім тыдням ужо каля 10 гадзін вечара проста на хаду засынаю, таму ў гэты час і кладуся спаць. Устаю, каб ісці да бацькі на кватэру, без дваццаці шэсць. Пакарміўшы бацьку, іду на працу, а з працы дамоў, каб ізноў ісці да бацькі. І так, ужо хутка сем месяцаў, кожны дзень. І каб год назад мне нехта сказаў, што я фактычна адзін буду столькі часу даглядаць бацьку, то я б не паверыў, што ў мяне на бацьку хопіць сіл і цярпення…

Федаровічы…

18.05.2012. Даведаўся ад сваяка Леаніда Жыткевіча, што мая бабуля Параска (27.06.1909—24.06.1992) у дзявоцтве мела прозвішча Федаровіч і яе бацька Андрэй быў са шляхетнага роду, які меў свой герб. Дарэчы, з гэтага ж роду быў і Вацлаў Пятровіч Федаровіч (25.09.1848—25.01.1911) вядомы ў свой час як краязнаўца, калекцыянер, член­карэспандэнт Кракаўскай АН. Нарадзіўся Вацлаў Пятровіч у Магілёве. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. З 1872 года працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. З 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Быў намеснікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Дапамагаў у раскопках археолагам, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы. Набыў у сваю калекцыю матэрыялы віцебскіх калекцыянераў Бергнера і Валковіча. У яго бібліятэцы (больш за тысячу тамоў) былі кнігі па гісторыі Беларусі і Літвы, беларускія і літоўскія выданні XVIII—XIX стагоддзяў. Свае артыкулы па гісторыі Вацлаў Федаровіч друкаваў у «Витебских губернских ведомостях». Быў складальнікам і ініцыятарам выдання літаратурна­краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912). Распрацаваў статут Беларускага вольнаэканамічнага таварыства. У 1920 годзе на базе яго калекцый арганізаваны своеасаблівы музей старажытнасцей імя В. Федаровіча, які ў 1924 годзе стаў часткай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея…

* * *

19.05.2012. Упершыню за час кватаравання вывеў бацьку на вуліцу. Пахадзілі па двары з паўгадзіны, і бацька сам захацеў у кватэру, а я ж баяўся, што назад яго і сілай не завалаку…

* * *

21.05.2012. Заходзіў Сяргей Вераціла. Пачуўшы нашу размову наконт рукапісу Верацілы, адна з супрацоўніц выдавецтва зрабіла заўвагу: «Як гэта вы, Сяргей, размаўляеце з нашым начальнікам!» Вераціла тут жа адказаў: «Гэта для вас Шніп начальнік, а для мяне паэт! І я з ім размаўляю, як з паэтам!»

* * *

22.05.2012. У кнізе «Памяць» Валожынскага раёна вычытаў: «С 17 января 1948 года открылось регулярное сообщение Минск — Ивенец и обратно. Самолеты производят перевозку пассажиров и грузов».

* * *

22.05.2012. На Валожыншчыне, у Вішневе ў 1923 годзе нарадзіўся вядомы ізраільскі палітычны і грамадскі дзеяч Шымон Перэс (Шымон Перскі). На той час у мястэчку было 149 будынкаў, у тым ліку касцёл і дзве сінагогі. Жыло 442 палякі, 428 яўрэяў і 85 беларусаў. У 1992 годзе Шымон Перэс прыязджаў у Беларусь і пабываў на сваёй радзіме — у вёсцы Вішнева. Нядаўна мастак Алесь Квяткоўскі намаляваў карціну, прысвечаную нашаму земляку і цяпер спадзяецца, што Шымон Перэс яшчэ прыедзе ў Беларусь і ацэніць ягоны твор…