Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 71 из 86

5.03.2012. Сёння тры гады, як мама атрымала інсульт. Бацька не разабраўся, што адбылося, і мама амаль суткі праляжала на ложку. І, каб не зайшоў вясковец, мама б ужо тады памерла, а так выклікалі «хуткую», на якой маму завезлі ў Ракаўскую бальніцу, дзе і адратавалі. Потым мама ўспамінала пра інсульт: «Раптам у вачах шуганула маланка — і я ўпала. Болей нічога не памятаю».

Свідруюць…

5.03.2012. На месцы разбуранага філфакаўскага інтэрнату пачаліся падрыхтоўчыя работы да новага будаўніцтва. Ужо два тыдні машыны свідруюць зямлю і бяруць пробы грунту. Свідруюць, нібыта шукаюць нафту…

Аньця Бельская

6.03.2012. Аньця Бельская была партызанкай. Пасля вайны працавала піянерважатай у Пугачоўскай школе, дзе вучыўся малодшы брат майго бацькі Славік. Аньця мела кніжку пра Канька­Гарбунька. І аднойчы яна дала яе пачытаць Славіку. Дома кніжку Славік чытаў услых і, слухаючы казку пра Канька­Гарбунька, бацька запомніў яе на ўсё жыццё. Аньця ж выйшла замуж у Гарадок за Гарбачоўскага, які працаваў настаўнікам у Пугачах. І сёння, слухаючы пра Канька­Гарбунька, мне ўзгадалася, як перад сном бацька часта расказваў гэтую казку мне і маім малодшым сястры і брату. Ад успаміну стала светла і сумна…

* * *

7.03.2012. Глядзеў тэлевізар. На пару хвілін задрамаў. Прыснілася мама. Светлая. Добрая. Прачнуўшыся, успомніў толькі два маміны словы: «Пішы… Запісвай…»

* * *

8.03.2012. Ніколі ў маёй сям’і ў вёсцы 8 Сакавіка не было вялікім святам, але заўсёды мы віншавалі маму. Сёлета ўпершыню мы не павіншуем маму…

* * *

9.03.2012. Неба чыстае, як шкло на іконе…

* * *

9.03.2012. Кожны вечар чытаем малітвы. Люда сваю, а я сваю. І я спакойны за маміну душу…

* * *

9.03.2012. Тры гады таму ў гэты дзень я ішоў у Ракаўскую бальніцу да мамы. Гэтак жа, як і сёння, свяціла сонца і неба было чыстым, але тады была мама, а цяпер яе няма. І я ў думках іду да мамы ў Ракаўскую бальніцу…

Па дарозе да Ракаўскай бальніцы бачу, як на возеры растае лёд і шум вады, якая цячэ пад мостам, запаўняе мне душу невыказнай самотай. І раптам мабільны тэлефон напамінае мне, што сёння працоўны дзень. Незнаёмы пытаецца пра свой рукапіс. Я прызнаюся, што яшчэ не чытаў, бо не было часу. Мужчына злуецца, і я кажу, што іду да мамы ў бальніцу і мне цяпер не да вершаў…

У палаце мама не адна. Усе бабулькі, як толькі я зайшоў, прыселі і пачалі глядзець на мяне, як на саломінку, якая раптам з’явілася на іх рацэ часу і за якую можна ўхапіцца і не патануць. Маме нядаўна ставілі кропельніцу, і яна мне паказвае руку, дзе застаўся велізарны сіняк ад уколаў. Плача. Спрабуе нешта расказаць, але ў яе не атрымоўваецца, і яна зноў плача. Побач з маміным ложкам на падаконніку стаіць букет. Мама, убачыўшы, што я гляджу на кветкі, кажа: «Салім… Салім…» І я разумею, што гэта Вовін сябра Салім прыязджаў і павіншаваў нашу маму, а мама Саліма далёка­далёка ад Беларусі…

У бальнічнай палаце змрочна. Мама, не кранаючыся нагамі падлогі, сядзіць на ложку, як на краі свету…

Мама, стоячы на каленях на бальнічным ложку, глядзіць праз акно і махае мне ўслед рукой. І мама ў аконнай раме, як на іконе…

Каля мамінага бальнічнага акна лётае голуб, як анёлак…

* * *

9.03.2012. Лета. Мне шаснаццаць. Мама прыехала ў Мінск, і я з ёй разам упершыню хаджу па крамах у пошуках абновак для мяне. Мама ў запыленых туфлях і ў паношанай куртцы, і я саромлюся мамы…

…Мне хутка пяцьдзясят. Мама пасля інсульту жыве ў мяне. Апрануўшы маму ў што ёсць у яе, выводжу на вуліцу. І, узяўшы маму пад руку, іду з мамай, як з каралевай…





Бацька і міліцыя

9.03.2012. Вярнуўшыся з войска, бацька пайшоў у Радашковічы, каб стаць на вайсковы ўлік. Там яго ўгаварылі быць міліцыянерам у Чысьці з перспектывай працы ў Маладзечне. Вечарам бацька вярнуўся дамоў. Бабуля Параска, убачыўшы сына ў форме міліцыянера, адразу ж закрычала: «Не хапала нам тут паліцыянтаў! Заўтра ж раніцай пойдзеш і здасі гэтае барахло!» І назаўтра бацька пайшоў у Радашковічы і здаў назад міліцэйскую форму…

* * *

12.03.2012. Прыходжу да бацькі. Бацька сядзіць цёпла апрануты, трымаючыся за колік, з якім яго прывезлі з вёскі. Не паспяваю запытацца, куды гэта сабраўся, як чую: «Звадзі ты мяне ў Амерыку! Тут па радыё ўсё гавораць і гавораць пра Амерыку, а я там ні разу не быў!»

* * *

13.03.2012. Амаль кожную раніцу, калі прыходжу да бацькі, чую: «Ты там каня напаі! Дай два вядры вады і каб не халодная была!» Відаць, бацька думае, што я прыязджаю да яго на кані і, як ён у свой час, працую на ферме падвозчыкам кармоў…

* * *

14.03.2012. Здаецца, гэта было ўчора, калі мама, жывучы ў нас, чакала мяне з працы. Цяпер дома мяне чакае мамін партрэт…

* * *

15.03.2012. Раніцай бацька даў мне заданне: «Купі дзесяць мяшкоў цэменту. Будзем рабіць склеп. Пара абжывацца ў горадзе!» — «А дзе будзем капаць?» — пацікавіўся я. «У двары! Там не будзе зацякаць вада. А тут пад вокнамі балота стаіць!» — адказаў бацька і нагадаў, што трэба купіць дзесяць мяшкоў цэменту…

* * *

16.03.2012. Не магу супакоіцца ад пытання: «Чаму ўчора на вечарыне памяці Янкі Сіпакова не было анікога з родных?» Тое, што яны займаюцца бізнесам і вельмі занятыя — гэта не прычына…

* * *

17.03.2012. У вёсцы ў нашу пустуючую хату ўжо нехта лазіў. У шафах узламаны дзверцы. Бачна, што злодзей шукаў і выбіраў, што яму ўкрасці, няспешна, не раскідваючы рэчы, як у час ператрусу…

Навошта бібліятэкі?

18.03.2012. У інтэрв’ю Людміле Рублеўскай вядомы расійскі пісьменнік, літаратурны крытык і загадчык аддзела культуры «Российской газеты» Павел Басінскі (дарэчы, мы з ім адначасова вучыліся ў Літінстытуце) сказаў: «У Амерыцы ў любым гарадку ёсць шыкарная бібліятэка. Чытачоў няма, а бібліятэка ёсць. Ведаеце, чаму? Таму што ў Амерыцы лічаць, што бібліятэка — гэта фундамент дэмакратыі. У бібліятэцы ўсе роўныя, таму што могуць усе атрымаць любую кніжку, любую газету, любую інфармацыю пра свет…»

* * *

18.03.2012. У мяне праз тыдзень дзень народзінаў, але ўжо ўчора мастак Алесь Квяткоўскі мяне павіншаваў і падарыў карціну, якую напісаў паводле майго верша: «Неба — гэта возера святла, на дне якога занесеная ветрам жоўтая лістота з райскага саду…» Сёння Алесь прыходзіў паглядзець, куды ягоны падарунак я прыладзіў…

Пытанне…

18.03.2012. Ідучы да бацькі на кватэру, каля крамы, дзе прадаюцца моцныя напоі, прачытаў пытанне, напісанае на асфальце рознакаляровай крэйдай: «Мама, ты любіш мяне?»

Не ведаю…

18.03.2012. Хутка будзе пяць месяцаў, як я з лыжкі кармлю бацьку. Сёння ён быў нейкі не такі, як звычайна, і называў мяне Славікам. І я запытаўся: «Скажы, як мяне завуць?» — «Не ведаю…» — адказаў бацька. На пытанне: «Хто я для цябе?» — бацька таксама сказаў: «Не ведаю…» І ўзгадалася, што, калі я нарадзіўся, бацька хацеў назваць Славікам, але мама назвала мяне Віцем, і я стаў Віцем...