Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 60 из 86

На плошчы каля касцёла ў доме аптэкара XVIII стагоддзя размешчаны «Пункт охраны общественного правопорядка» і тут жа «Ритуальные товары. Памятники», а праз дарогу — крама «Водка. Вино»…

У касцёл зайшлі на некалькі хвілін. Поўна народу. Служба ішла па­польску…

Каля нашага аўтобуса на ўпрыгожаным чырвонымі лентамі кані, у паношаным сінім гарнітуры праехаў, як варанянскі Дон­Кіхот, мужчына і, усміхаючыся, памахаў нам рукой…

Ад Варнян да Гервятаў 10 кіламетраў…

На лузе мокрыя каровы і авечкі. Без пастуха…

Каля вёскі Газа ўзгадалі сектар Газа, што ў Палесціне…

Пад’ехаўшы да касцёла Святой Троіцы ў Гервятах, адна з нашых жанчын выгукнула: «Францыя!»

Служка Божы, які выйшаў з касцёла, адразу ж паклікаў нас за сабой паслухаць арган. Хвілін дзесяць гучаў арган, і ў Храме ластаўка лятала, якую, па­мойму, амаль больш ніхто акрамя мяне не ўбачыў. «Як яна будзе тут жыць? Наперадзе ж зіма?» — думаў я і слухаў «Авэ Марыя»…

У касцёле ідзе рамонт і ў ім пахне свежай фарбай, як у школе на пачатку новага навучальнага года…

* * *

9.10.2011. Ужо стала традыцыяй, што там, дзе адбылася аўтааварыя і загінулі людзі, ставіць невялічкія крыжы і класці вяночкі. Усё гэта выглядае не толькі, як смутак па загінулых, але як і напамін тым, хто любіць хуткую язду, што калі будзеш ляцець на машыне на злом галавы, то можа здарыцца так, што і па табе паставяць такі прыдарожны крыжык. Учора на Астравеччыне з акна экскурсійнага аўтобуса бачыў каля пятнаццаці мясцін, дзе загінулі людзі…

Пісьмянкова і здымкі

10.10.2011. На працу да мяне прыходзіла жонка Алеся Пісьмянкова Алена, каб расказаць пра прэзентацыю кніжкі былога лімаўца Уладзіміра Крука «На фотахвалях памяці». Падчас размовы Алена паказала мне некалькі здымкаў Алеся, якія яшчэ нідзе не друкаваліся. Сярод іх быў і здымак з Усесаюзнай нарады маладых літаратараў у Маскве, якая там праходзіла 15—21 траўня 1994 года. Гэты здымак быў зроблены мною. На ім Алесь Асташонак, Міхась Барэйша, Алесь Пісьмянкоў і Людміла Паўлікава. Хлопцаў ужо даўно няма…

Расказала Пісьмянкова

10.10.2011. Малодшы сын Пісьмянковых Лёшка вярнуўся са школы дамоў і стаў хваліцца, што сёння ў іх класе была пісьменніца Вольга Іпатава. Пісьмянкоў выслухаў сына і сказаў: «Сынок, я пісьменнік не горшы за Іпатаву...», і не паспеў Алесь Уладзіміравіч сказаць усё, што хацеў, як Лёшка заявіў: «Які ты пісьменнік! Ты ж мой бацька!..»

Абвестка

11.10.2011. Стаю на аўтобусным прыпынку і чытаю абвесткі. Самая нечаканая: «Были утеряны костюмные мужские брюки синего цвета. Просьба вернуть за возногрождениие!» — і тут жа дадзены нумар тэлефона…

* * *

12.10.2011. Паблізу з выдавецтвам, дзе працую, на праспекце Пераможцаў ужо амаль збудаваны трыццацідвухпавярховы дом і цяпер на яго садзяцца вароны, як горныя арлы…

* * *





12.10.2011. Патэлефанавала з Валожына Валянціна Гіруць­Русакевіч, каб запрасіць мяне на вечарыну, прысвечаную памяці Пятра Бітэля. 18 кастрычніка будзе дваццаць гадоў, як наш зямляк памёр і быў пахаваны ў Вішневе побач з Канстанцыяй Буйло. На жаль, не змагу паехаць, бо якраз у гэтую суботу трэба быць абавязкова ў Пугачах, дзе жыве мой бацька, якому ў мінулым месяцы споўнілася 80 гадоў…

* * *

12.10.2011. Сёння ў выдавецтва прыходзіў кітайскі паэт і перакладчык Лі Цзо з жонкай. Прапановы і планы ў яго вялікія, як Кітай…

* * *

12.10.2011. Апалыя кляновыя лісты, як абгорткі, у якіх былі вершы…

Уладзімір Вялікі

13.10.2011. З Германіі, дзе жыве больш дзесяці гадоў, у выдавецтва прыязджаў былы савецкі афіцэр, гісторык, а цяпер пісьменнік Уладзімір Вялікі (Яшын). Пакінуў мне пачытаць пяць кніжак, якія выдаў за свае грошы ў Расіі і Украіне. Хоча выдаць і ў нас раманы пра жыццё савецкіх людзей і салдат у ГДР. З кнігі «Клятвоотступник» даведаўся, што за амаль паўвекавую савецкую акупацыю праз нямецкую тэрыторыю прайшло каля 7 мільёнаў савецкіх салдат і афіцэраў. У розныя гады там працавала каля 400 тысяч дактароў і інжынераў, а таксама жыло каля 1 мільёна 500 тысяч членаў сям’яў вайскоўцаў. Спадзяюся, гэтая інфармацыя не самая цікавая, што змешчана ў кнігах, напісаных былым савецкім афіцэрам, які служыў у ГДР…

Кміток

13.10.2011. У маім дзяцінстве, калі ў мамы быў вясёлы настрой, яна называла мяне Кмітком. Па сённяшні дзень я не ведаў чаму, а тут раптам на працы на вочы трапіла разгорнутая кніжка «Памяць. Валожынскі раён», дзе ў спісках загінулых прачытаў: «Кміт Ганна Сямёнаўна, нарадзілася ў 1918 годзе, загінула ў вёсцы Крапіўнікі». Мая мама нарадзілася ў вёсцы Лягезы ў 1930 годзе, а праз рэчку Яршоўку якраз і знаходзяцца Крапіўнікі. І, відаць, мая мама была знаёмая з малодшым братам Ганны Кміт і таму, жывучы ў Пугачах, гледзячы на мяне, узгадвала крапіўніцкага Кмітка, на якога я быў нечым падобны…

Валерый Хахлоў

14.10.2011. Валерый Хахлоў працаваў выкладчыкам дзіцячай музычнай школы ў Валожыне. Ён актыўна супрацоўнічаў з вакальна­інструментальным ансамблем «Надзея», падбіраў рэпертуар, акампаніраваў, спяваў сам. З ім я пазнаёміўся ў 1984 годзе на пасяджэнні літаб’яднання «Рунь», якое працавала пры раённай газеце. Валерый прыйшоў спецыяльна, каб са мной напісаць на беларускай мове песню пра дарогі. Праз месяц, пакуль я пісаў, Валерый Хахлоў памёр. Кампазітару было 46 гадоў…

Уладзімір Градоўкін

14.10.2011. З паэтам Уладзімірам Градоўкіным (нарадзіўся 1 студзеня 1926 года ў вёсцы Мазурына Шумілінскага раёна) я пазнаёміўся на пачатку 80­х гадоў на пасяджэнні літаб’яднання «Рунь», на якое ён некалькі разоў прыязджаў з Івянца. У Саюз пісьменнікаў Уладзімір Градоўкін не ўступаў, бо лічыў, што паэт павінен быць вольным у жыцці і ў творчасці. Пасля сябе пакінуў пяць кніг паэзіі на рускай мове…

Уры Фінкель

14.10.2011. Гартаючы «Памяць. Валожынскі раён», даведаўся, што 8 кастрычніка споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Уры Фінкеля. У артыкуле пра пісьменніка Вячаслаў Рагойша напісаў: «Ракаўцы — землякі Уры Фінкеля — яшчэ добра памятаюць невысокага сівога дзядулю з пышнымі вусамі. Пастукваючы сваёй нязменнай кавенькай, ён хадзіў па мястэчку, распытваў у местачкоўцаў пра іх жыццё­быццё. У панядзелак, калі ў Ракаве збіраўся вялікі кірмаш, яго можна было лёгка знайсці сярод прыезджых з навакольных вёсак — ён нешта старанна запісваў у свой нататнік. Кожны ведаў, што гэта настаўнік рускай літаратуры мясцовай дзесяцігодкі, але далёка не кожны — што ён яшчэ і вядомы крытык, таленавіты літаратуразнавец, своеасаблівы белетрыст…» Уры Фінкель напісаў аўтабіяграфічную аповесць «Паўвека таму назад», прысвечаную падзеям 1905 года на Міншчыне. Урывак з гэтага твора быў надрукаваны ў «ЛіМе» 16 чэрвеня 1956 года. На жаль, аповесць цалкам не была надрукавана і яе лёс невядомы. Уры Фінкель памёр 5 снежня 1957 года…

У час абеду…

14.10.2011. Побач з працай ёсць кафэ, дзе можна паабедаць, і я туды амаль кожны дзень хаджу. Ужо месяцы два назіраю, як маладая худзенькая жанчына з гадавалым хлопчыкам у вазочку прыходзіць у кафэ і есць сама, і малога корміць. Гляджу на жанчыну з дзіцем і думаю: «Ці ёй часу няма гатаваць, ці няма на чым, ці не ўмее?»

Мінск — Пугачы

15.10.2011. З горада выязджалі амаль гадзіну. Спыняліся на трох прыпынках. Жадаючых ехаць было вельмі шмат. Кіроўца сам абілечваў пасажыраў, якія цярпліва стаялі ў чарзе. Даўней ніхто чаргі не трымаўся, і хто быў больш нахабны і здаравейшы, той і прарываўся ў аўтобус і займаў лепшае месца для паездкі...