Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 52 из 86

Стары і галубы…

29.07.2011. Нядаўна рэдагаваў зборнік вершаў Алега Салтука. Нешта правіў, нешта адкладаў назусім убок. На самым канцы рукапісу быў верш «Стары і галубы». Глянуўшы толькі на назву і будучы ўжо стомленым ад рэдагавання, я тут жа, не чытаючы, адклаў верш. А потым, адпачыўшы, захацеў пачытаць «Старога і галубога». І пачытаў. А верш аказаўся не пра старога і блакітнага, а пра старога і галубоў…

Які ўжо раз…

30.07.2011. Які ўжо раз, едучы па шашы ў бок Ракава ці адтуль і ўгледзеўшы каля сажалак мужыкоў, кажу Людміле: «Паглядзі, можа, недзе там і Федарэнка сядзіць з вудай...»

Першыя Лысагорскія Танкаўскія чытанні

31.07.2011. З Людмілай і сябрамі суполкі «Літаратурнае прадмесце» ўдзельнічаў у першых Лысагорскіх Танкаўскіх чытаннях, якія арганізавала Аксана Спрынчан у сябе на лецішчы. Дабіраліся на электрычцы. Таццяна Пратасевіч спазнілася і, паехаўшы на маршрутным таксі, раней за нас прыехала да Аксаны. Дробны летні дождж і вогнішча з сасновых дроў давалі ўсім магчымасць уявіць сябе на беразе Нарачы. Вялікі партрэт Максіма Танка, Збор твораў і дзявятыя нумары «Полымя» (паэт амаль усё жыццё друкаваўся толькі ў вераснёўскім «Полымі») стваралі атмасферу прысутнасці самога паэта. На жаль, не ўсе, хто збіраўся выступіць, змаглі прыехаць на першыя Лысагорскія Танкаўскія чытанні, але вельмі цікава было паслухаць «Рэцэпцыю твораў Максіма Танка» (выступ Таццяны Барысюк), «Касмаграму Максіма Танка» (выступ Міколы Кандратава), «Невядомыя аўтографы Максіма Танка» (выступ Людмілы Рублеўскай). Ну а я расказаў як мяне Максім Танк прымаў у Саюз пісьменнікаў. Дзякуючы Аксане Спрынчан, у перапынках паміж дакладамі, гучалі вершы Танка. Алесь Емяльянаў іграў на гітары і спяваў. Напрыканцы чытанняў да нас далучыліся Сяргей Вераціла, Галіна Дубянецкая і Сяржук Сыс…

«ЛіМ» за 13 лютага 2004 года

31.07.2011. Палячы вогнішча на лецішчы Аксаны Спрынчан, знайшоў «ЛіМ» за 13 лютага 2004 года. І тут жа ўзгадаў, што гэта мой апошні штотыднёвік, якія я пад кіраўніцтвам Анатоля Казлова рыхтаваў да друку, бо ўжо 23 лютага быў на працы ў «Мастацкай літаратуры». Пагартаўшы «ЛіМ», я было хацеў яго спаліць, як і астатнюю кучу газет, але перадумаў: «Няхай паляжыць, можа хто яшчэ пачытае…»

Што?

31.07.2011. Хадзілі з Людай у відэацэнтр у «Сталіцы», дзе паказвалі фільм Рамана Паланскага «Што?», які быў зняты амаль сорак гадоў таму. Мне было прыемна паглядзець на маладую, наіўную аж да маразму і часта голую фіміністку. Мяне Люда не раўнавала…

ЖНІВЕНЬ

* * *

1.08. 2011. Павінны былі сёння паехаць адпачываць на Нарач, але не атрымалася. І цяпер адчуванне, нібыта адсталі ад цягніка, і ў нас у кватэры, як на вакзале…

Трава ў двары

1.08.2011. Учора ў нашым двары скасілі траву. І трава да сённяшняй раніцы была сенам. Цяпер жанчыны з ЖЭСа яе грабуць, як смецце…

Сям’я

1.08.2011. Галіна Дубянецкая і Сяржук Сыс. Яна спакойная, а ён — Сыс…

* * *

1.08.2011. Ад гарачыні першая жоўтая лістота пад бярозай скруцілася ў трубачкі і цяпер ляжыць, як недапалкі дарагіх цыгарэт з пазалачанымі фільтрамі…

Адпачынак пачаўся…





1.08.2011. Першы дзень адпачынку. З дому не выходзіў, нібыта пакараў сябе за тое, што маму не слухаўся. А мама амаль увесь дзень спіць…

У цёмным двары…

2.08.2011. Цямнее. У двары равуць, як рэзаныя, два чорныя каты, якіх ловяць старыя гаспадыні, каб занесці дамоў… Праз паўгадзіны сцямнелася, катоў амаль не чуваць, і толькі галасістыя бабулі на ўвесь двор клічуць дамоў сваіх чорных катоў, якіх не бачна ў цемры…

* * *

3.08.2011. Застудзіўся. Цяпер баляць зубы. І наш папугай Северус лётае за мной па хаце, як зачараваны доктар Айбаліт…

Нарач. Першы дзень...

4.08.2011. На Маскоўскі аўтавакзал на таксі з Людмілай ехалі моўчкі (Максім наогул паехаў на метро), нібыта пасварыліся. Замест чаканага камфартабельнага аўтобуса, які быў абяцаны пры куплі самых дарагіх білетаў (40 тысяч) на Нарач, на прыпынку нас чакала звычайная маршрутка. Пасажыраў набралася 12 чалавек, з якіх два казахі і два лысыя п’яніцы. Казахі ўсю дарогу баяліся праехаць Мядзел, а п’яніцы пілі гарэлку, запіваючы мінералкай, і прыставалі да дзяўчыны, якая сядзела паперадзе іх. Першы прыпынак быў у Ільі. Гледзячы расклад, прыклеены каля білетнай касы, стары з нашай маршруткі сказаў мне: «А я ў Красным працаваў...» — «Там побач Ракуцёўшчына, дзе некалькі месяцаў жыў Максім Багдановіч...» — дадаў я. «Так...» — працягнуў стары размову, якая тут жа перарвалася, бо нас паклікалі ехаць далей. На прыпынку ў Мядзелі выйшлі казахі. І як толькі наша маршрутка скранулася з месца, больш шабутны п’яніца закрычаў: «Стойце! Казахаў забыліся!» — «Яны прыехалі!» — паведаміў шафёр. «Ага! Паглядзіце, казахі ўжо пад дрэвам моляцца! Відаць, да нас хутка Назарбаеў прыедзе!» — дадаў спакайнейшы п’яніца. У курортны пасёлак Нарач заехалі за дзве з паловай гадзіны. Гаспадыня кватэры, дзе мы сабраліся адпачываць, сустрэла нас на прыпынку. Жыллё нам спадабалася. Пераапрануўшыся і перакусіўшы, пайшлі да Нарачы, каля якой Максім прапанаваў паглядзець санаторый «Нарачанскі бераг», дзе мы адпачывалі восем гадоў таму. Падышоўшы да санаторыя, нібыта трапілі ў 2003 год — каля будынка на лавачках інтэлігентныя старыя, побач каля іх бегаюць шустрыя дзеці і стаіць гіпсавы Ленін. На танцпляцоўцы расійская папса, якую мы чулі і ў 2003 годзе. Дзяўчаткі танцуюць, а хлопцы глядзяць, старэйшыя кураць. Нічога новага. У кватэру вярнуліся, калі ўжо сцямнела...

Нарач. Другі дзень...

5.08.2011. Пакуль Люда і Максім спалі, зрабіўшы сняданак, схадзіў у краму. Купіў алею за 17 700, які ў Мінску каштуе 13 тысяч. Усё астатняе, здаецца, не даражэйшае...

З дому выйшлі ў 12 гадзін. Пайшлі па беразе Нарачы. Прыпыніліся каля старых пісьменніцкіх лецішчаў. Праходзячы каля нас, пажылы мужчына сказаў: «Гэта дачы нашых пісьменнікаў: Лынькова, Куляшова і Танка...»

Ужо другі дзень бачу на Нарачы човен пад белым ветразем. Адчуванне, нібыта на чоўне няма людзей...

Малькі ў чыстай вадзе каля берага, як брудныя льдзінкі...

Каля аддзялення «Беларусбанка» цэлы дзень чарга. У чарзе адныя і тыя ж людзі — скупляюць валюту. Праз дарогу каля будынка, дзе пахаронныя паслугі, лавачкі таксама не пустуюць — тут спыняюцца маршруткі з новымі адпачываючымі, якім прапануюцца кватэры, а я напачатку, гледзячы на кучу людзей, падумаў, што нехта памёр...

На пляжах стаяць знакі з папярэджаннем, што нельга карміць качак і лебедзяў. А гэтых птушак і не бачна...

Усе баяцца купацца, бо ў вадзе, кажуць, ёсць нейкая зараза ад птушак. Але многія купаюцца...

Нарач. Трэці дзень...

6.08.2011. Сніўся Анатоль Сыс. Ён мне чытаў свае новыя вершы. Казаў, каб пасылаў усіх падалей, хто будзе вучыць, як жыць...

Разбудзіў тэлефонны званок ад мастака Алеся Квяткоўскага. Ён цяпер з жонкай у сяброў у Вілейцы. Пахваліўся, што амаль усю ноч спявалі песні на вершы Сыса, Адамовіча, Рублеўскай і мае...

З акна праз дарогу бачу, як на сваю будоўлю на новенькай машыне прыехаў мужчына гадоў сарака. Фундамент ужо зроблены, а каля яго навернуты кучы пяску і цэглы. Па­гаспадарску пахадзіўшы па будоўлі, мужчына сеў у машыну і паехаў...