Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 45 из 86

Падземны параход

29.04.2011. Ідучы з тралейбуса № 23 на прыпынак аўтобуса № 10, што ў раёне станцыі метро «Інстытут культуры», здалёку чую, як з падземнага перахода, з якога з усмешкамі выходзяць людзі, вылятае нейкае вухканне. Заходжу і я пад зямлю, і, убачыўшы велізарнага хлопца, які іграе на велізарнай трубе, выходжу, усміхаючыся, на другім баку вуліцы, нашэптваючы: «На параходзе музыка іграла…»

У размове…

30.04.2011. У размове з разведзеным знаёмым, пытаючыся, ці плаціць ён алементы, забыўся слова «алементы» і замест яго сказаў: «Партыйныя ўзносы на дзіця...»

ТРАВЕНЬ

* * *

1.05.2011. Здаецца, гэта было ўчора, калі я сустракаў сваё 18­годдзе. Я тады заканчваў вучобу ў Мінскім архітэктурна­будаўнічым тэхнікуме. У мяне ўжо былі публікацыі ў «Чырвонай змене» і «ЛіМе». І наперадзе было столькі часу і праблем жыццёвых, што здавалася, ці змагу дажыць да 2000 года. І на табе! Сёння нашаму з Людмілай сыну Максіму — 18!

Валянціна Коўтун

1.05.2011. Учора ў Пінску (відаць ездзіла на сустрэчу з чытачамі) памерла Валянціна Коўтун. Так атрымалася, што ў кватэры, дзе цяпер мы жывём, да 1990 года жыла Валянціна Міхайлаўна. 7 красавіка ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла вечарына, прысвечаная яе 65­годдзю. Мы былі запрошаны з Людмілай. На жаль, па сямейных абставінах не змаглі паўдзельнічаць у святкаванні. І тады мы думалі, што яшчэ шмат разоў зможам пабыць на вечарынах Валянціны Міхайлаўны. Але, але…

Тор

1.05.2011. У кінатэатры «Rubin Plaza 3D» разам з сынам і ягонымі сябрамі паглядзеў фільм «Тор». Напачатку галоўны герой, якога завуць Тор і які жыве ў далёкай галактыцы, практычна бессмяротны: неверагодна дужы, можа лётаць і ў яго ёсць молат, які кантралюе буры. Але так здараецца, што ў адзін дзень Тора за ваяўнічасць выганяюць на Зямлю, дзе ён павінен жыць сярод людзей. Апынуўшыся на Зямлі ў пустэльні, Тор трапляе пад калёсы машыны астрафізіка Джэйн Фосцер (Наталлі Портман). А далей пайшла і паехала прыгожая паэтычная фантастыка для падлеткаў. І ўсё ж некаторымі сцэнамі яна кранала мяне да слёз...

Валянціна Коўтун і Леся Беларуска

1.05.2011. На пачатку лета 2008 года да мяне ў выдавецтва прыйшла Валянціна Коўтун і прынесла рукапіс кнігі Лесі Беларускі, у існаванне якой, дзякуючы публікацыям Валянціны Міхайлаўны, я верыў. Кнігу мы адразу запланавалі, і яна павінна была выйсці ў пачатку наступнага года. Але праз пару месяцаў у выдавецтва зноў прыйшла паэтка і сказала, што Леся Беларуска — гэта яна, і з’явіліся людзі, якія гэтае імя і творы хочуць прысвоіць, таму «кніжку трэба тэрмінова выдаць пакуль я жывая». На жаль, тэрмінова выдаць Лесю Беларуску ў нашым выдавецтве не атрымоўвалася і Валянціна Міхайлаўна рукапіс забрала. Маю просьбу нікому больш не прызнавацца, што Леся Беларуска — гэта Валянціна Коўтун, Валянціна Міхайлаўна праігнаравала і на адной з вечарын сказала, што Леся Беларуска — гэта яна. І сваім прызнаннем Валянціна Коўтун разбурыла самой жа створаны цудоўны вобраз паэткі­змагаркі, у якую ўжо многія паверылі, а я нават і «Баладу Лесі Беларускі» напісаў:

Ты ўсё стрывала, і ты ўсё змагла,

Прайшла жыццё і ўпэўнена, і прама.

Апекавала Ефрасіння Храмы,

Ты ж душы, нібы Храмы, берагла,

Таму і снег, нібы анёл, ляціць,

Цябе, заледзянелую, цалуе

За Беларусь далёкую, жывую,

Якую не клялася ты любіць,

А ўсё жыццё яе любіла ты,

Хаця і ненавідзець права мела...

Паэзія — зняможанае цела,





Якое не пакінуў дух святы,—

Была з табой і жыць натхняла ўсіх

І верыць, што і гэта ўзвея пройдзе,

І застанецца кветкамі на лёдзе

Калючы дрот з крывёй сяброў тваіх,

Бо ты стрывала ўсё і ўсё змагла,

Прайшла жыццё і ўпэўнена, і прама.

Апекавала Ефрасіння Храмы,

Ты ж душы, нібы Храмы, берагла...

Учора і сёння

2.05.2011. Учора сыну споўнілася 18 гадоў. А сёння яму з самага ранку прынеслі павестку ў ваенкамат «для уточнения учетных данных»…

Радаўніца

3.05.2011. На Радаўніцу звычайна бывае сонечна. І сёння ў 11 гадзін пасвятлела, нібыта нашы продкі паглядзелі з неба на нас…

Вазоны і грады

4.05.2011. Гэты тыдзень наша выдавецтва не працуе, і ўсім супрацоўнікам выпала па дзесяць дзён выхадных. У нас у кожным пакоі шмат вазонаў, якія трэба, хоць зрэдку, паліваць. І, каб вазоны не пасохлі, я прапанаваў жанчынам, каб яны пакінулі ў прыёмнай ключы, а я ў вольны час падыду і палью іх расліны. Сёння хадзіў у выдавецтва. Паліваючы вазоны, узгадалася школьная практыка, калі ў час летніх канікул трэба было тыдзень пахадзіць у школу і паліваць грады. Часцей за ўсё грады я паліваў адзін…

Аднаму страшна…

4.05.2011. Патэлефанаваў сябрук. Пагаварылі пра жыццё-­быццё. Сябрук узгадаў Янку Сіпакова: «Як ён там цяпер ляжыць у зямлі? Аднаму ж, відаць, страшна?»

Градуснік

9.05.2011. Пяты дзень як хварэю. Сёння прачнуўся ў сем гадзін. Захацеў памераць тэмпературу, а градусніка няма — на тумбачцы ляжыць пусты футлярчык. Стаў шукаць. Усё перабраў, што можна. Няма. І, калі сеў адпачыць, раптам адчуў, што градуснік у мяне пад адзеннем на спіне. Шчасце маё, што спаў на баку і не варочаўся пасля таго, як паклаў градуснік пад паху…

Кожнаму сваё

11.05.2011. Іна Фралова ўдзельнічала ў літаратурным конкурсе, што праводзіў Фрунзенскі раён Мінска. Журы конкурсу прызнала яе пераможцай. З Інай мы добра знаёмыя, і яна, атрымаўшы ўзнагароду, прыслала мне па электроннай пошце гісторыю, што адбылася з ёй у час урачыстасцяў: «Мне за конкурс далі гадзіннік з лагатыпам Фрунзенскага раёна, грамату ўручала рэдактар «Маладосці» (паэтычны раздзел) — маладзенькая дзяўчынка. А людзі на лавачках у мяне пыталіся: «Што далі?» Кажу: «Гадзіннік!!!» І паказваю — во, вялікі!!! А яны: «А, г...». А са мной ішлі мае сябры, бацюшка (святар) і матушка. Святар кажа тым людзям: «Дык што вы хацелі, каб ёй літр гарэлкі далі?» Усе паляглі са смеху».

Іна, ветэран і «васпітанная»

11.05.2011. У Дзень Перамогі Іна вярталася дахаты на метро. І так атрымалася, што яна села побач з ветэранам вайны, які быў вельмі падобны да Інінага памерлага дзеда. Людзі ў добрым настроі, якія былі побач з ветэранам, усю дарогу яго амаль цалавалі. Іне таксама захацелася што­-небудзь добрае зрабіць старому і, распытаўшыся, дзе ён жыве, прапанавала яму бясплатна пасля метро падвезці на машыне да самай хаты. Стары не адмовіўся, і Іна патэлефанавала мужу, каб ён пад’ехаў да станцыі «Каменная горка». Размову з ветэранам чула пажылая жанчына, якая хутка падала свой голас: «Куды вы паедзіце з ёй! Яна можа аказацца бандыткай!» — «Што вы кажыце, як хворая!» — абурылася Іна. «Я очань васпітанная жэншчына, а вы мяне называеце бальной!» — усхапілася цётка і пачала агітаваць ветэрана, каб ён дахаты дабіраўся на аўтобусе, і ў старога хутка прапала жаданне, каб яго падвезлі. «Што я знасілую дзеда, ці што?» — пакрыўджана сказала Іна і выйшла з цягніка, які спыніўся…