Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 35 из 86

Канчаецца год…

28.11.2010. Канчаецца год… І чорныя дрэвы за маім акном, як уздубыраныя галавешкі на вялікім вогнішчы нашага жыцця…

* * *

28.11.2010. На вуліцы цёмна. Жоўтыя квадраты акон, як соты, напоўненыя мёдам жыцця…

СНЕЖАНЬ

Бэла Ахмадуліна

1.12.2010. У час вучобы ў Літінстытуце некалькі разоў слухаў Бэлу Ахмадуліну на паэтычных вечарынах у ЦДЛе. Яна чытала творы, як спявала…

Натхненне і шэсць пальцаў

2.12.2010. Мастачка прынесла афармленне казак. Гляджу яго разам са сваімі супрацоўнікамі. Усе хваляць. Малюнкі сапраўды цудоўныя. І раптам бачу ў аднаго казачнага героя на руцэ шэсць пальцаў. Хачу запытацца: «Гэта памылка ці так па тэксце?», але маўчу, бо няёмка прызнацца, што казак, якія будуць у новай кніжцы, пакуль што не чытаў. І ўсё ж праз пару хвілін цікаўлюся ў прысутных: «Што намалявана не правільна?» Усе глядзяць і маўчаць. І тады кажу: «Ці бываюць людзі з шасцю пальцамі?» І чую ў адказ: «Бываюць».— «А тут намалявана правільна ці не?» — пытаюся далей. «Няправільна!» — ускрыквае мастачка, якая, калі малявала, так захапілася працай, што забылася, колькі ў людзей на руках пальцаў…

* * *

3.12.2010. Снежная роўнядзь, на якой адзінокі куст з неапалым чырвона­жоўтым лісцем, нібыта падпалены вялікі аркуш паперы…

Дома

3.12.2010. Дома халаднавата. На вуліцы марозна. На працы холадна. І ўсё ж дома добра. Дома мама…

У школу…

3.12.2010. Збіраюся ў школу на бацькоўскі сход, нібыта збіраюся ісці ўпершыню ў рэстаран. Бяру паболей грошай і думаю: «Хаця б хапіла…»

* * *

4.12.2010. Пасля начнога снегападу ў скверы на ўсіх дрэвах на ствалах і галінах прымерзлы снег. І ўсе дрэвы, як бярозы…

Сны пра Літінстытут





4.12.2010. Вельмі часта мне сняцца сны, у якіх збіраюся ехаць у Маскву на вучобу ў Літінстытут. Часам прыязджаю і хаджу па Маскве, не могучы знайсці будынак, дзе вучуся. Часам засяляюся ў інтэрнат і не хаджу з усімі на заняткі, бо чакаю, пакуль прыедзе з Мінска мая Людміла. Часам еду ў метро і не магу выйсці з цягніка. Словам, сняцца нейкія праблемы, якіх у мяне падчас вучобы і блізка не было. І ўсё бачыцца ў сне і перажываецца, як і ў жыцці. І прачнуўшыся, шкадую, што сон перарваўся на самым цікавым месцы…

Белы кот і снег

4.12.2010. З пад’езда выйшаў белы кот. Пастаяўшы нейкую хвіліну на ганку і паглядзеўшы на сумёт на лаўцы, на якой яшчэ тыдзень назад любіў падрамаць пад восеньскім сонцам, жаласна мяўкнуў і, задзёршы трубой хвост, пабег назад у пад’езд…

* * *

5.12.2010. Машыны ў двары засыпаныя снегам, як кучы смецця…

* * *

5.12.2010. Нягледзячы на мароз, нейкі мужык ужо цэлую гадзіну швэндае ў двары пад маімі вокнамі з дзіцячай каляскай. На маім месцы некаторыя ўжо б заявілі, што за імі сочаць…

* * *

6.12.2010. Ноч была доўгая і марозная. І за ноч у двары ўсе дрэвы і машыны пакрыліся шэранню, нібыта абраслі белым мохам…

Звязаны Сыс

7.12.2010. Ганна Кандрацюк з Беластоку перадала новую кніжку «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.», у якой апісвае вандроўку з Мірай Лукша на радзіму Анатоля Сыса ў вёску Гарошкаў. Атрымаўшы кніжку, пачаў адразу чытаць. На старонцы 52 спыніўся і перачытаў вось гэтыя радкі некалькі разоў: «У момант, калі намерыліся апускаць дамавіну ў дол, пачуўся жаночы плач: «Яго там няма ўсярэдзіне!» — загаласіла сястра. І, наспуперак грамадзе, заўпарцілася, каб адкрыць труну. Публіка ўскалыхнулася, людзі крычалі, адмаўлялі. Цела даставілі ў Гарошкаў 10 траўня ў шчыльна зашрубаванай труне. Ды сама Валянціна не магла сумнявацца ў смерці Анатоля. Труп брата яна пабачыла ў яго мінскай кватэры, праз два дні пасля ягонай смерці (4 траўня 2005 г.). Раней яна была вымушана прыехаць з Брэста, каб у яе прысутнасці міліцыя зламала дзверы ў кватэру. Анатоль ляжаў мёртвы і ўжо пачарнелы ў калюжы крыві… Сам Сяргей (Сыс) не ведае, чаму паддаўся настрою. І ці не вінаватая тут кроў? Калі прыгледзецца да яго генеалагічнага дрэва, нябожчык прыходзіўся яму дзядзькам у пятым пакаленні. Сяргей рад не рад стаў тады адкручваць залатыя вінты, корпацца пры засаўках, аж упацеў. Каб пасля ўміг ахалонуць ад убачанага з­за прыпаднятай накрыўкі. «Цела ўжо пачарнела і абрасло белай шчацінай. Гэта быў страшны від. Ну, але я пазнаў яго. І сёстры пазналі. Гэта быў Анатоль, у белай кашулі з нацыянальным арнаментам». Так, гэта быў Анатоль Сыс. Па яго ў трупярню 9 траўня, каб прывезці ў Дом літаратара, ездзілі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч і я. Акрамя нас, ездзіла і сястра Анатоля Валянціна з мужам. Там жа ў трупярні Барыс і Алесь купілі ўсё патрэбнае для пахавання. І потым пры нас пачарнеламу Анатолю апранулі вышыванку і ў вялікім чорным мяшку паклалі ў труну. Касцюм паклалі пад памерлага, бо апранаць не выпадала. Перад тым, як закрыць труну, мужчына, які рыхтаваў Анатоля да пахавання, сказаў нам: «На могілках абавязкова адкрыйце труну і разрэжце бінты, якімі звязаны ў памерлага рукі і ногі. Не забудзьцеся! Толькі голымі рукамі не дакранайцеся! Нельга! Вось вам пальчаткі!», і мужчына паклаў пальчаткі ў труну. І я захваляваўся, прачытаўшы ў Ганны Кандрацюк пра пахаванне, ці не пахавалі Анатоля Сыса са звязанымі рукамі і нагамі? І таму не дзіўна, што дух Анатоля з’яўляўся і ў выглядзе матыля на вечарыне паэзіі, і ў нашай кватэры, калі ў нас начавалі Міра Лукша і Ганна Кандрацюк, ноччу абрынуў кніжкі, на якіх раніцай мы ўбачылі аркуш паперы з вершам Людмілы Рублеўскай «Памяці Анатоля Сыса». Цяпер, каб Анатоль нікога не турбаваў у гэтым свеце, трэба яму вызваліць рукі і ногі ад путаў. Для гэтага належыць, калі каго будуць хаваць у Гарошкаве, пакласці ў труну да памерлага нажніцы…

* * *

8.12.2010. Бог любіць дзяцей, дурняў і п’яніц. Я не дзіця і не п’яніца. Даводзіцца быць дурнем…

Антон Янушкевіч

11.12.2010. Патэлефанаваў Анатоль Блашчытын і паведаміў, што ўчора вечарам недзе ў гадзін дзесяць загарэлася хата Антона Янушкевіча, у якой загінуў сам гаспадар. Антон быў маім траюрадным братам. Калі я пайшоў у другі клас, Антон вярнуўся з войска. У той жа дзень я пабег да яго ў госці і ён мне падарыў сваю вайсковую шапку і некалькі значкоў, якімі я потым доўга хваліўся перад сябрамі. Антон у школе выкладаў нямецкую мову і батаніку. Часам ён сваіх вучняў вадзіў дамоў, каб паглядзець па тэлевізары фільмы пра прыроду. І калі Антон даведаўся, што я, васьмікласнік, пішу вершы, запрасіў мяне да сябе ў госці і чытаў Уладзіміра Караткевіча, гаворачы: «Вось, браток, так трэба пісаць!» І ўсё ў нас было па­брацку, па­роднаму. Потым, калі ўжо ў мяне выйшла некалькі кніжак і я вярнуўся з Літінстытута, Антон пачаў звяртацца да мяне на «вы» і мае ўсе просьбы, каб ён так болей не казаў, не дзейнічалі на яго. Нейкі час у Пугачоўскай школе Антон працаваў дырэктарам. І ўсё жыццё цікавіўся і любіў беларускую літаратуру. Антону Янушкевічу было 62 гады…

Настаўнік Антон Янушкевіч

12.12.2010. На ўроках батанікі Антона Янушкевіча было цікава. Ад яго школьнікі даведваліся не толькі як размнажаюцца інфузорыі, але і людзі. Настаўнікам Антон Мікалаевіч быў строгім, а пасля ўрокаў мог гуляць з дзецьмі ў футбол і даваць прыпаліць хлопцам цыгарэту. Памятаю, калі я закончыў школу і пачаў друкавацца ў газетах, Антон неяк паклікаў мяне да сябе, каб пачаставаць самаробным віном і паслухаць мае новыя творы. Тады ж ён зачапіўся за слова «вятрыска» ў маіх вершах і параіў мне яго радзей ужываць, бо «вятрыска» — гэта ласкавы вецер, а вецер у нас ласкавым бывае рэдка. Мы сядзелі доўга. Успаміналі сваіх сваякоў. І тады ж мне Антон паказаў, як пішацца па­англійску Шніп, разгарнуўшы замежны часопіс, у якім была публікацыя нашага брата Шуркі, які працаваў у Акадэміі навук. Антон верыў, што ёсць жыццё на іншых планетах. Папярэджваў мяне, што старая Руткевічыха — баптыстка і з ёй не трэба вадзіцца. Многія ў вёсцы Антона лічылі дзіваком, бо ён, як і я, мог адзін бадзяцца па палях і лясах, нібыта шукаючы ўчарашні дзень. Сёння Антона Янушкевіча пахавалі ў Дубровах, дзе спачываюць яго вучні, продкі і сын…