Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 22

***

13.06.2015. Ездзіў у родныя Пугачы. Адзін.

У аўтобусе было паўнютка народу. Некаторыя з катамі і сабакамі, як у вандроўным пагарэлым цырку.

У Пугачы прыехала сем чалавек. Нікога не ведаю.

Іду па вуліцы. Углядаюся ў зелень дрэў, дзе стаіць родная хата. Стаіць.

У садзе трава вырасла вышэй калена. Матылі па-над ёй, як лятаючыя кветкі.

У хаце, як на востраве, дзе яшчэ нядаўна існавала жыццё.

Схадзіў да дзядзькі Шуры. Пагаварыў, як з бацькам. Ён адзіны, хто застаўся са стрыечных бацькавых братоў.

Касіў амаль пяць гадзін. Прыходзілі нейчыя дзеці, каб паглядзець на пісьменніка.

Яблыкаў амаль не будзе, нібыта яблыні зразумелі, што нам не да яблыкаў.

Жабы ў траве. Каторая з іх зачараваная прынцэса?

Незнаёмы п’яны мужчына прайшоў каля плота. Нешта бурчэў сам сабе, успамінаючы жонку і яе маці.

Пярынка ў траве, як анёльская.

За мной у хату заляцела муха, як шпіёнка.

Вада ў кране іржавая, як паэзія пачаткоўца.

Над вёскай коршак, як гаспадар.

Зялёныя стрэлкі цыбулі паказваюць бясхмарнае неба. Паліў грады.

Пранеслася па вуліцы машына, як звар’яцелая.

Людзі чакаюць дажджу, бо няма чаго больш чакаць.

Ідучы на аўтобусны прыпынак, спыніўся каля сажалкі. Плаваюць дзікія качкі. Прыгожыя. Здаецца, прыгажэйшыя, чым тады, калі я тут з сябраміхлапчукамі лавіў рыбу.

На прыпынку сеў на лаўку, дзе мама сядзела, чакаючы мяне з горада.

Ехаў у Мінск, як на іншую планету.

***

14.06.2015. Людміле патэлефанаваў аўтар «Буквара» Анатоль Клышка і прапанаваў сустрэцца паблізу нашага дома на аўтобусным прыпынку, каб падарыць нам кніжку. Праз дзесяць хвілін Людміла вярнулася з «Новым запаветам» у перакладзе з грэцкай. Анатоль Канстанцінавіч, каб зрабіць справу, вывучыў грэцкую мову. Гамера чытаў у арыгінале. Словам, мы цяпер маем «Новы запавет» на беларускай мове.

***

14.06.2015. З цешчай, жонкай і дачкой ездзілі на Чыжоўскія могілкі. Толькі пачалі прыбіраць магілу Людмілінай бабулі Палагеі, як пачалася навальніца. Схаваліся пад дрэвы. Стаім сярод помнікаў, як помнікі пад парасонамі. Маланкі асвечваюць наваколле, гром грыміць, нібыта з неба крыжы падаюць. Праўда, было зусім не страшна. Узгадалася, што першы раз у навальніцу на могілках быў у Крывічах, куды хадзіў з бабуляй Ганнай адведаць дзеда Міхася. Мне тады было гадоў пяць. Было страшнавата. Мы з бабуляй нейкі час ад навальніцы хаваліся ў царкве. Потым, дачакаўшыся, калі стыхія крыху суцішыцца, праз дождж пайшлі дахаты. Бабуля малілася, а я паўтараў за ёй. Так і дайшлі дамоў.

Ад праліўнога дажджу штучныя кветкі на магілах сталі, як жывыя.

Прайшоўшы крокаў сто ад магілы Палагеі Максімаўны, я раптам прыпыніўся. Маю ўвагу прыцягнула яліна з абрэзанымі галінамі, якія яшчэ нядаўна прыкрывалі магілу за высокай агароджай. Гляджу, а гэта ж тут пахаваны Сцяпан Гаўрусёў. На помніку выбіты радок з яго класічнага верша: «Я вырас пад гарматнымі стваламі.»

Не даходзячы брамы, што на ўваходзе на могілкі, мы схаваліся ад дажджу ў старую альтанку. Дождж суцішыўся, і я прайшоў па алеі, разглядаючы помнікі. У метрах пяцідзесяці ад альтанкі знайшоў магілу, дзе пахаваны празаік Кастусь Тарасаў.

Едзем у таксі. Размаўляем. Звяртаючыся да Людмілы, кіроўца кажа: «Пара вам дачцэ машыну купіць і яна вас будзе вазіць туды, куды папросіце!» Пачуўшы гэта, цешча тут жа прызналася: «А я ўжо некалькі гадоў з кожнай пенсіі латарэйкі купляю!»

На Чыжоўскіх могілках былі каля дзвюх гадзін. Увесь час навальніца то заціхала, то ўзмацнялася, нібыта дакараючы нас за тое, што на Радаўніцу не былі.

***

15.06.2015. Горача. Ідзём з працы па праспекце Пераможцаў. Перад сабой у метрах дваццаці бачым, прылёгшы над фантанам, нейкі пасівелы даўгавалосы чалавек бярэ ваду, нібыта шэпчацца з ёй. «Так можа браць ваду толькі паэт ці бомж», — падумаў я, і праз міг чалавек падняўся з каленяў. Перад намі была з пачарнелым тварам жанчына, якая тут жа з пластыкавай пляшкі пачала піць, гледзячы ў неба, нібыта ўбачыўшы анёлаў.

***

16.06.2015. Некалькі дзён таму пачаўся верш, але, як пачаўся, так і закончыўся:





Толькі ведае рыба сапраўднасць маўчання,

І вада для яе як бясконцы сусвет,

Дзе жыццё пачалося раней, чым каханне,

Што прыдумаў няшчасны тутэйшы паэт.

***

16.06.2015. Калі робіцца цяжка на душы і сумна, ратуюся ўспамінам пра сваё даўняе жаданне: кінуць-рынуць усё і з’ехаць у родную вёску, дзе стаіць пустая хата, якая яшчэ не развалілася ад адзіноты. І тады б мяне ўсе шкадавалі і г. д. Жартую! Нікуды я не паеду, бо я на гарадскім ланцугу, які голас падае праз тэлефоны, і напамінае, што я тут яшчэ некаму патрэбны...

***

16.06.2015. Тапаліны пух няўлоўны, як паэзія таполяў...

***

17.06.2025. Прашу звольніць мяне з працы ў сувязі са сканчэннем свету.

***

17.06.2015. Раніцай у выдавецтва прыходзіў Адам Глобус. Ён і Алесь Бадак успаміналі былое, а я слухаў і думаў, што і наша пакаленне напісала не толькі геніяльныя творы, але жыло і жыве цікавым жыццём. Пра нас кніжкі пісаць можна. Можна і трэба! Праўда, калі мы самі іх не напішам, то ніхто і не напіша.

З Алесем хадзілі ў Нацыянальны мастацкі музей. Пасля афіцыйнага мерапрыемства глядзелі фільм Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева пра Марка Шагала. У зале, дзе мы сядзелі, з карцін на нас паглядалі беларускія магнаты і некаторыя з іх вельмі-вельмі варожа.

Каля Музея Міхаіла Савіцкага сустрэўся з замежнікам, які запытаўся: «Как мне проехать к магазіну «ЗамОк»? Я не адразу зразумеў, што яму трэба крама «Замак», і ўсё з таго, што назоў крамы напісаны па-руску і наш «замак» чытаецца як «замОк».

***

18.06.2015. Гаварыў са Славамірам Адамовічам. Ён нядаўна вярнуўся з Нарвегіі, куды было паехаў у студзені гэтага года. Там дапісваў раман, пачатак якога ўжо друкаваўся ў «Дзеяслове». Цяпер Славамір шукае машыністку, каб зрабіць набор твора. Хоча да канца года выдаць кнігу, каб паўдзельнічаць у барацьбе за прэмію Гедройца. Славамір быў з заплечнікам, нібыта з парашу­там.

***

19.06.2015. У складзе дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі па спецыяльнасці «Літаратурная работа (рэдагаванне)» быў на абароне дыпломных прац у Інстытуце журналістыкі. Потым Уладзімір Ліпскі запрасіў мяне і Мікалая Супрановіча да сябе ў «Вясёлку» на экскурсію. Гэта не рэдакцыя, а музей дзіцячай літаратуры! Як іконы ў Храме, вісяць партрэты былых рэдактараў часопіса Васіля Віткі, Еўдакіі Лось і Анатоля Грачанікава. Гаворачы пра сучасных пісьменнікаў і даючы ім ацэнку, Уладзімір Сцяпанавіч сказаў: «Трэба глядзець не ў твар, а ў твор!»

***

20.06.2015. Бібліятэка — гэта кніжнае аліўе...

***

21.06.2015. Спачатку кветку зрываем, зразаем, а потым хочам, каб яна жыла — у ваду ставім.

***

21.06.2015. Каля пад’езда, схаваўшыся пад дрэвам ад дажджу, дзяўчына курыць, нібы цалуецца...

***

22.06.2015. Поўня, як дзьмухавец...

***

23.06.2015. Праз пару дзён светлавы дзень пачне скарачацца, а мы яшчэ і росту ягонага не паспелі ацаніць...

***

23.06.2015. Хвілін пятнаццаць размаўляў са Славамірам Адамовічам. Адзін аднаму паскардзіліся, што зрок пагоршаў. Славамір тут жа ўзгадаў, як нядаўна ў Пухавічах у прыватнага акуліста падбіраў акуляры. На ягонае пытанне: «Чаму ў мяне зрок падпсаваўся?» — мужчына адказаў: «З гадамі ў цябе валасы на галаве пасівелі? Пасівелі! Вось і зрок пасівеў...»

***

23.06.2015. Патэлефанавалі з Пугачоўскага дома культуры і паведамілі, што мяне і Людмілу запрашаюць на свята вёскі, якое адбудзецца 12 ліпеня. Калі я адказаў, што ў гэты дзень нас не будзе ў Беларусі, загадчыца Дома культуры сказала, што яна прапануе старшыні сельсавета свята перанесці на пазнейшы дзень ліпеня, калі мы з Людмілай зможам прыехаць у Пугачы...

***

24.06.2015. Зайшоў у кнігарню. Вялікая! Кніг — мора! Прадавачак болей, чым пакупнікоў. Як да сцяны плачу, падышоў да паліц з беларускімі кнігамі.