Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 36

***

1.11.2015. У нашым двары перад маім акном чорны кот па дрэве ходзіць і лістота ападае на зямлю, як парваны залаты ланцуг.

***

2.11.2015. Ранкам жоўтая поўня, як рамонак, на якім уначы гадаў закаханы анёлак, плыве па нябёсным акіяне.

***

3.11.2015. Чым даўжэйшыя восеньскія вечары, тым даўжэйшым здаецца жыццё.

***

4.11.2015. Удзельнічаў у літаратурна-музычным свяце «Каласавіны», якое на Стаўбцоўшчыне ўжо 30 гадоў праводзіць Музей Якуба Коласа.

З Мінска выехалі а палове дзясятай. За горадам нас чакаў густы туман і адразу падумалася: «Вось ён белы свет.»

Акінчыцы. Непадалёку хаты, дзе нарадзіўся Якуб Колас, на дрэве буслянка. Доўга глядзелі на яе, нібыта раней ніколі не бачылі буслянак.

Музыка. Песні. Вершы. І праглянула сонца на хвіліну, нібыта паэт у небе адгарнуў фіранку на сваім акне.

Альбуць. Ідзём па мастку, а пад ім вады амаль няма. Гэта бабры перагарадзілі плацінай ручаіну.

Сяліба Коласа. Навокал лес. Адчуванне, нібыта прыйшлі ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя.

Вакол сялібы за плотам стаіць шмат вуллёў — пчаліны горад, а магчыма, і сталіца.

Збанкі на плоце. Паміж імі павуцінка. Падумалася, што гэта новы восеньскі музычны інструмент.

Дубы спакойныя. Класічныя, як творы Якуба Коласа.

Смольня. За плотам Коласавай сялібы за кустоўем Нёман. Калі суцішыцца і прыслухацца, можна пачуць цячэнне вады, як цячэнне часу.

Яблыкі яшчэ не апалі, нібы спецыяльна трымаюцца за галіны, каб было светла ў садзе ў дзень народзін Пясняра.

Туман адступіў, і светлы дзень пачаўся, як новы твор Паэта...

Разам з усімі пасадзіў дубок. Спадзяюся, што яму некалі будзе тысячу гадоў.

Мікалаеўшчына. Усклалі кветкі да помніка Якубу Коласу. Прысутнічалі мясцовыя школьнікі. Некалькі год таму іх было болей.

Па ўсім «Шляху Коласа» стаяць драўляныя скульптуры Сяргея Клешчука. Уявілася, калі нікога з людзей побач няма, яны ажываюць і жывуць сваім жыццём.

З’ездзілі на могілкі, дзе пахаваны Анатоль Грэкаў, які, будучы начальнікам аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама, шчыра клапаціўся, каб «Каласавіны» каласавалі.

Сёлятняе свята закончылася літаратурна-музычнай імпрэзай «То не музы­ка — натхненне» ў гарадскім Доме культуры горада Стоўбцы.

***

.і пройдуць сотні гадоў

і ў кожным годзе будзе лістапад

і ў кожным лістападзе

будзе лістапад Якуба Коласа

які пачаўся ў засценку Акінчыцы

у разліве залатой лістоты

як у пялёстках беларускага сонца

якое жыве ў творах Якуба Коласа

дзе родны кут заўсёды мілы

і дзе рыбакова хата

на беразе Нёмана

як на краі свету

слухае песні-жальбы





адзінокіх зорак

якія падаючы ў золата лістоты

абуджаюць сонца

што заглядваючы і ў наша аконца

і ў нашы сэрцы

асвятляе шлях у Беларусь

пра якую марыў Якуб Колас

***

5.11.2015. З дачкой Івана Навуменкі Валерыяй і Аксанай Спрынчан ездзіў у Рэчыцу на прэзентацыю пятага тома Збору твораў Івана Навуменкі.

Ідучы на вуліцу Карла Маркса, дзе жыў пісьменнік і чакаў кіроўца аўтамабіля Уладзімір, зайшоў у царкву. Зірнуў у кашалёк. Там драбяза і дзвесце тысяч адной купюрай. «Усе грошы выскраб з кашалька!» — сказала прадавачка, калі я папрасіў дзве свечкі, падаючы ёй драбязу.

Наша дарога да Рэчыцы была праз восеньскае золата.

Праз паўтары гадзіны спыніліся папіць гарбаты. Каля бензакалонкі хадзілі два сабакі. Адзін чорны, а другі руды. Чорнаму пашанцавала. Аксана аддала яму сваю канапку.

У Рэчыцы хвілін дваццаць шукалі бібліятэку, што на вуліцы Савецкай. Літаратуразнаўца Іван Штэйнер час ад часу тлумачыў нам па мабільніку, як да іх даехаць. Крыху паблукалі, але затое паглядзелі горад.

Прэзентацыю пачала загадчыца бібліятэкі Тамара Фёдараўна. Здаецца, і не шмат мы вуступалі, але незаўважна праляцелі амаль паўтары гадзіны. Прыемна было бачыць, як з любоўю землякі Івана Навуменкі адносяцца да свайго знакамітага земляка. Праўда, вуліцы Івана Навуменкі ў Рэчыцы няма.

Пасля прэзентацыі з’ездзілі на могілкі ў Гарошкаў, дзе пахаваны Анатоль Сыс. Разам з намі былі карэспандэнт раённай газеты і Іван Штэйнер. На могілках ціха і амаль усё ў залатым лісці. Могілкі, як Сысаў Храм.

Пакланіліся Анатолю і яго родным. Паглядзелі з краю могілак на лагчавіну, дзе цёк Днепр і ў якім купаўся паэт. Сумна. Але сум светлы, як лістота на бярозах, што выраслі на старым рэчышчы.

З’ездзілі да роднай хаты Анатоля Сыса. Якраз дома была ягоная сястра Тамара. Я ўжо даўно не быў у хаце, але Тамара мяне пазнала. На паліцах ста­яць кніжкі, якія купляў і чытаў Анатоль. На сценах фотаздымкі і карціны. На століках выданні, дзе друкаваліся творы Сыса і ўспаміны пра яго. Хата ператварылася ў музей Паэта.

Ліпу, што ля хаты, збіраюцца зразаць, бо вялізарнае карэнне бурыць падмурак і можа разваліць будынак.

У двары ходзяць куры і каты. Адзін чорны, а другі шэры. На яблынях сямтам яблыкі, як восеньскія ліхтарыкі.

У вялікім сшытку наведвальнікі роднай хаты Анатоля Сыса пішуць пажаданні Сысу. Многія пішуць, звяртаючыся да Анатоля, як да жывога...

Вяртаючыся ў Рэчыцу, зазірнулі ў школу, дзе вучыўся Анатоль. Якраз быў дырэктар, які, пасля таго, як Аксану і мяне карэспандэнт раёнкі прадставіў, хуценька знайшоў ключы ад школьнага музея і павёў нас на другі паверх. Праўда, даведаўшыся, хто мы, сказаў напаўжартам: «Вы б нам новыя вокны прывезлі з Мінска!»

Школьны музей сціплы. Месца для Анатоля Сыса не ў закутку. Адчуваецца, што людзі тут разумеюць, хто такі Сыс. «Мы Анатоля цэнім! Ён жа наш вучань. Некаторыя ягоныя аднакласнікі ў нашай школе працуюць!» — развітваючыся, сказаў дырэктар школы.

Вяртаючыся ў Мінск, мы з Аксанай заснулі і праспалі разам кіламетраў пяцьдзясят.

***

7.11.2015. Удалечы чорнае дрэва, як трэшчына на небакраі...

***

8.11.2015. З ліста Ван Гога брату Тэо (7 верасня 1881): «Пакахаць па-сапраўднаму — гэта ўсё адно што адкрыць новую частку свету».

***

8.11.2015. У паўзмрочнай кухні, седзячы каля акна, слухаю восеньскі дождж, як у 80-я гады мінулага стагоддзя радыё «Свабода».

***

9.11.2015. Прыходзіла бабулька. Малая, нібыта старэйшая і больш рослая сястра сямі гномікаў. З вялікім на ўсю спіну сіняга колеру заплечнікам. Здаецца, пустым. Я думаў, што вершы прынесла. Ды не! Папрасіла, каб я пацікавіўся ў Леаніда Маракова, які напісаў двухтомнік пра Мінск, ці патрэбны яму фотаздымкі 27-га, 28-га і 29-га гадоў мінулага стагоддзя. На здымках дэпутаты Мінскай губерні. Кажу, што тады ўжо была Мінская вобласць. Бабулька распавяла далей: «Так на здымках напісана! Яны знаходзяцца ў майго знаёмага калекцыянера. Патэлефануйце Маракову!» Я патэлефанаваў. Леанід зацікавіўся здымкамі. Завяршаючы размову, прапанаваў яму даць творы ў зборнік пра каханне. Мая госця, пачуўшы гэта, узрадавалася: «Калі Маракоў нічога не дасць, я вам прынясу колькі захочаце вершаў і прозы з макулатуры! На беларускай, на літоўскай, на польскай мовах! Бамжы здаюць, а я захоўваю!»

***

10.11.2015. Стаю на мосце над Свіслаччу. Пада мною не вада цячэ, а наш час.

***

10.11.2015. Нейкі час хацеў бы пражыць у Амстэрдаме не таму, што там ёсць квартал чырвоных ліхтароў, а таму, што там жыў Ван Гог. Я хадзіў бы па вуліцах і па вулках старога горада. Глядзеў бы ў ваду каналаў і ўспамінаў свае Пугачы, дзе ў маім дзяцінстве летам у агародах раслі сланечнікі, і я не ведаў, што іх у свой час геніяльна маляваў Ван Гог.

***

11.11.2015. Сёння ў многа якіх краінах адзначаецца Дзень памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Больш за 800 тысяч беларусаў былі мабілізаваныя ў царскае войска, 70 тысяч з іх загінулі на франтах. Звыш 2 мільёнаў насельнікаў Беларусі сталі вымушанымі ўцекачамі, 400 тысяч так і не вярнуліся з эвакуацыі. Колькасць тых, хто загінуў і паўміраў ад хвароб, сярод мірнага насельніцтва перавысіла 60 тысяч. У 1916 годзе каля мястэчка Крэва загінуў мой прадзед Янка Шніп, улан царскай арміі. Яму было пяцьдзясят. Без гаспадара засталася сям’я — жонка (Крыстына Андрэеўна 1885 года нараджэння) і дзеці — Юзя (майго бацькі бацька, нарадзіўся ў 1911 годзе), Янка (1914 года нараджэння) і Зенька (нарадзілася ў 1915 годзе).