Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 48

- Але пачакайце, Генрых Браніслававіч! Вы што, сцвярджаеце, што немцы былі дабром для нашага народа і ніякіх зверстваў тут не чынілі? - узбуджана ўскочыў са свайго месца малады Скарга. - А каласальныя ахвяры, а ўсенародны партызанскі рух? Ды ў мяне наогул мазгі набакір у апошнія дні! Аказваецца, што пасля вайны ў нас, у Беларусі, больш за сто тысяч чалавек загінулі і былі рэпрэсаваныя за супраціў савецкай уладзе! І гэта толькі ў тры пасляваенныя гады! А вайна невядомая ішла ледзь не да пяцьдзясят сёмага. Жах нейкі! Цяпер вы мне кажаце, што беларускія гарады ў асноўным бамбавала нашая ж авіяцыя! Можа, і бамбавала, але ж ішла вайна!

Суразмоўца абуранага юнака, утульна ўладкаваўшыся ў зручным старадаўнім фатэлі, схаваўшы аскетычны твар у мяккі цень цьмяна-залацістага лямпавага абажура, уважліва слухаў і крыху ўсміхаўся ў акуратна падрэзаныя вусы, якія пераходзілі ў невялікую казліную бародку. Сваёй бародкай спадар быў падобны да Дзяржынскага, і падабенства гэтае больш дапамагала вальналюбіваму прафесару, чым шкодзіла.

Вячаслаў яшчэ доўга абураўся, прыводзіў доказы ў абарону сваіх перакананняў, якія ён, як і любы грамадзянін любой краіны, увабраў у сябе з завучаных школьных ды інстытуцкіх урокаў і лекцый. Напэўна, прытаміўшыся і не сустракаючы пярэчанняў з боку апанента, ён здзіўлена замоўк.

- Вы што, не слухаеце мяне? - зніякавела спытаў ён.

- Вельмі, вельмі ўважліва слухаў, бацечка! - са шпількай уставіў любімае ленінскае слоўца прафесар і з лёгкасцю ўстаў з нізкага фатэля. - Цяпер будзьце добрымі - прысядзьце вы, а я ўжо, так бы мовіць, разамну старэчыя косткі. Заседзеўся, ведаеце. Першае: бамбардзіроўкі, іх частату і колькасць бомбавылетаў можна лёгка ўдакладніць у архівах, а на першы час раю абмежавацца інтэрнэтам. У працяг гэтага ж пытання я цалкам аўтарытэтна даводжу да вашага ведама, што канчатковую кропку ў разбурэнні нашых гарадоў і замкаў паставілі бяздарныя і бязродныя архітэктары пасляваеннага часу. Гэта паводле іх прапаноў былі прынятыя савецкай уладай рашэнні аб ачыстцы беларускіх гарадоў ад неперспектыўных руінаў, і тое, што не дашчэнту разбурыла авіяцыя, узарвалі сапёры. У гарадах з амаль тысячагадовай гісторыяй засталося па пяць-дзесяць будынкаў, старэй за трыста гадоў! Ці гэта не варварства?! Немцы бурылі чужое, хоць і Саветы таксама бурылі чужое, класава чужое. Як ім, народжаным у свінарніках, было зразумець прыгажосць готыкі і позняга беларускага барока? А местачковыя недавучкі бурылі з поўнай упэўненасцю, што змогуць пабудаваць лепшыя і яшчэ больш грандыёзныя гмахі, але перад тым, як прыступіць да будаўніцтва, яны разнеслі ўсё па каліву! Бедная мая Айчына! Гады табе Гасподзь даваў на мір і будаўніцтва, а на дзясяткі гадоў насылаў войны і разбурэнні. Ды і цяпер мы ў нашай сацыялістычнай рэзервацыі жывем, у асноўным, з чужой галавы. Хвала Богу, хоць у модныя цяпер войны ў імя талерантнасці не спяшаемся лезці і моладзь сваю губіць...

- Дзядзька, давайце толькі не будзем усё звальваць у адну кучу і так рэзка пераходзіць на сучаснасць. Мінулае - гэта мінулае, у ім трэба разбірацца, і тут без вашай дапамогі ніяк не абысціся, тут я ваш вучань. Вы і вашы папярэднікі так заблыталі гэтую гісторыю, што сам чорт нагу зломіць. Але ж тое далёкае і недалёкае мінулае вы стваралі без нас і дзеля сябе, вам яно больш зразумелае і блізкае. Вы мне даруйце, але што вам да сённяшняга дня? Цяперашняе - гэта ўжо наша мінулае, у разуменні якога, баюся, вам слова могуць і не даць. Гэта, пагадзіцеся, нам, маладым, трымаць адказ перад будучыняй за цяперашнія справы і ўчынкі...

- Ну і трымайце ў сабе, шаноўны пляменнік, свае адказы! Але тады, калі ласка, не чапляйцеся да мяне з вашымі наіўнымі дзіцячымі пытаннямі. - Прафесар, па ўсім, па-сапраўднаму пакрыўдзіўся, рэзка павярнуўся і, гучна ляснуўшы дзвярыма, пайшоў у свой кабінет.

Вінавата дрыжала ў старадаўнім крышталі цішыня і напаўняла аціхлы пакой. Вячаслаў апусціўся ў фатэль - як гумавая лялька, з якой выпусцілі паветра. Іх слоўныя сутычкі з дзядзькам даўно ўжо сталі хрэстаматыйнай спрэчкай бацькоў і дзяцей, але сёння ён відавочна перагнуў коўдру. Трэба было нешта прыдумляць і тэрмінова мірыцца са сваім любімым настаўнікам і родзічам. Пляменнік ведаў: не памірыцца сёння - з дзядзькавым шляхецкім гонарам разрыў расцягнецца на месяцы, а то і на гады. Генрых Браніслававіч са сваім родным сынам вунь ужо пяты год не размаўляе, а спрэчка пачалася з яшчэ больш бяскрыўдных слоў. Дзядзькаву крыўду можна было нейтралізаваць толькі шчырасцю. Ні падманныя слёзы, ні фармальныя прабачэнні, ні падхалімаж у гэтай справе не падыходзілі. Любую няпраўду, нават у малых дозах, дзядзька адчуваў нутром.

Вячаслаў, па-старэчы вохкаючы, выбраўся з фатэля і рашуча пайшоў да выхаду з кватэры. Цётка Ангеліна, якая чула ўсю іх размову, вызірнула з суседняга пакоя, са здзіўленнем і дакорам глянула на пляменніка.

- Вячак, ты не ўздумай цяпер уцячы, - абурана шаптала яна. - Такіх слоў яму зроду ніхто не казаў. Што гэта цябе панесла?! Я і падумаць не магла, што ты так можаш гаварыць са старэйшымі. Гэта ўсё твая невы­носная служба! Та-так! І не рабі такі выраз твару. Давай лепш прыдумвай нагоду і, не выходзячы з кватэры, ідзі мірыцца.

- Цёця, я ўсё разумею і абавязкова паміруся, вось зараз, вы толькі не хвалюйцеся. Хоць у гэтым бразганні дзвярыма і дзіцячых крыўдах, ласкавая пані, ёсць і ваша заслуга. Усё-ўсё, маўчу-маўчу і пасыпаю галаву попелам.

Адхіснуўшыся ад нейкай анучы, якой цётка спрабавала яго выцяць, Вячаслаў шмыгнуў у шырокі, застаўлены кніжнымі стэлажамі калідор. Падхапіўшы сваю сумку і прыкрываючы ёй галаву, ён павярнуўся і пранёсся паўз замерлую ад яго нечаканага манеўра цёткі, без стуку ўляцеўшы ў кабінет прафесара.





Генрых Браніслававіч, які сядзеў за працоўным сталом з разгорнутай кнігай, падняў галаву.

- Дзядзечка, родненькі, ратуйце! Цётка мяне лупцуе за маю дурату. Глупства я, вядома, нёс - каюся. Вы можаце яшчэ доўга на мяне крыў- дзіцца і нават забараніць на парог ступаць гэтага дома, ваша воля, але толькі пасля маленькай кансультацыі.

Вячаслаў падышоў да старадаўняга стала, расшпіліў сумку і выклаў перад зніякавелым ад ягонай рашучасці сваяком пажоўклы ад часу аркуш складзенага напалам дакумента. Тоўстая старадаўняя папера ў цёмных разводах, пацёртая на згінах, выглядала таямніча і павінна была прыадчыніць дзверцы да дзядзькавага сэрца, якія некалькі хвілінаў назад з такім грукатам зачыніліся.

- Паганец, хто ж цябе навучыў так абыходзіцца з падобнымі дакументамі! - Прафесар асцярожна разгарнуў ліст. - Божа! Адкуль гэта ў цябе? Ты хоць ведаеш, што гэта за дакумент? - Ён працягнуў руку да вялікай, апраўленай у срэбра, лупы.

Вячаслаў зразумеў, што на яго больш не крыўдуюць.

7

Стальмаху сніўся іх фрайлагер. Дурны нейкі сон, дзе ўсё змяшалася ў незразумелую фантастычную кашу. Рэальныя твары рэальных аднакашнікаў, выкладчыкаў, немцаў з адміністрацыі, а побач з імі нейкія агідныя пачвары са страшнымі галовамі і голымі целамі звычайных людзей. Яны хадзілі вакол, крывілі морды, але ніхто іх не бачыў, акрамя Зміцера. Стальмах спрабаваў схапіць каго-небудзь са сваіх таварышаў па службе за рукаў мундзіра, але рука, адчуваючы грубую калючасць салдацкага сукна, правальвалася ў густы кісельны туман. А вось здані, ці чорт ведае хто, былі цалкам рэальныя, яны з дакорам хіталі галовамі, пагражалі кулакамі і брудна лаяліся. Раптам адзін з іх падышоў да Змітра і з размаху даў яму ў вуха.

Прачнуўся Стальмах ад болю ў руцэ, якой што ёсць сілы лупіў па даўно не беленай трубе астылай печкі-ляжанкі.

«Што за херня мне сніцца?!» Мацюкаючыся, ён пацягнуў на сябе коўдру. У яшчэ па-зімняму цёмнай хаце рабілася прахалодна. Дзесьці збоку ў цемры ў тры галасы храплі паліцэйскія, якія прыехалі з ім. Рэшткі кашмару павольна адпускалі яго, вяртаючы да не менш кашмарнай рэальнасці.

Інспектарская паездка спецыяльнага ўпаўнаважанага гэбіцкамісарыята па справах моладзевай палітыкі Вайсрутэніі ў Навагрудскі і Нясвіжскі паветы праходзіла ў штодзённым рэжыме. Каб не звязвацца з запраўкай аўтамабіля, яго пакінулі ў двары мясцовага аддзялення СД, пераселі ў зручныя, лёгкія вазкі, якія, як ні дзіўна, яшчэ ўмелі рабіць мясцовыя майстры, і паехалі па навакольных сёлах і хутарах. Моладзь у вёсках яшчэ заставалася. Ні немцы, ні партызаны, ні акаўцы так і не змаглі загнаць усю беларускую моладзь у шэрагі сваіх прыхільнікаў і расцягнуць яе па рабочых брыгадах, лясных атрадах і вайсковых аддзелах. Хлопцы і дзяўчаты ў гэтых заходніх раёнах жадалі трымацца сваёй гаспадаркі і на павабныя абяцанкі глядзелі коса, а ў лес прывыклі хадзіць толькі па грыбы. Тады моладзь сталі зганяць сілай.