Страница 2 из 2
— Яшчэ якія-небудзь дадатковыя матэрыялы распрацоўвалі?
— Больш за тое, у мяне напісана генеалогія князёў. Яе пісаў больш для сябе. Усё гэта ў асноўным не спатрэбілася, але адсылкі да яе ёсць. Чытач можа i не заўважыць іх, але так, мне здаецца, ствараецца адчуванне нейкай аб'ёмнасці свету. Генеалогію я прадумаў яшчэ на ранняй стадыі, калі быўу роспачы, калі гатовы быў займацца чым заўгодна, абы не пісаць. Хоць гэта таксама досыць моташны занятак — складаць нешта дадатковае.
— А кажуць, што лёгка займацца тым, што табе сапраўды даспадобы
— Усё роўна пісаць вельмі цяжка. Цяжка ствараць новае. Творчасць — гэта стварэнне з нічога. А камбінаваць з напісанага іншымі або напісанага табой раней —лёгка. Чаму так лёгка пісаць працяг любой добрай кнігі? Таму што свет створаны. Я б мог пісаць працяг «Нараджэння чараўніцы» хоць да канца жыцця, бо далей толькі складай: пабеглі туды, пабеглі сюды, адбылося тое, адбылося сёе.
— Гэта нашмат лягчэй, чым ствараць з нуля. Але такі падыход адбіваецца на якасці тэксту.
— Так, i вы ж самі бачыце, што адбываецца цяпер зусімі гэтымі серыяламі. Патрабуюць выдаўцы, аўтар гоніцца за поспехам — ён пад ціскам. I атрымліваецца, што атрымліваецца. Таленавітая пісьменніца Роўлінг напісала выдатную кнігу. Першую, другую, трэцюю. Я лічу, што гэта залаты фонд сусветнай дзіцячай літаратуры. Але ціск поспеху, ціск выдавецтва — і канчаецца ўсё вельмі слабай кнігай у параўнанні з першай. Калі б гэта была не Роўлінг, гэта б ніхто не чытаў. Там велізарнае нагрувашчванне недарэчнасцяў: і на бытавым узроўні, і на ўзроўні сюжэтным. Вось куды гэта: узімку героі жывуць у палатцы. Чаму атрымліваюцца такія рэчы? Таму што чалавек не верыць у тое, што піша. Чаму першая кніга атрымалася такая магутная? Першую кнігу яна напісала крывёю. Пісьменніцтва было для яе быццам аддушынай.
Джорж Марцін — магутны пісьменнік, але ў яго тое самае: першая кніга цыкла «Песня лёду i полымя» — ну проста выдатная. У першай кнізе, пры ўсіх умоўнасцях ёсць адчуванне сапраўднасці. Але потым засталіся ўсе ранейшыя ўмоўнасці, ды вось адчування сапраўднасці — няма. Усё падганяецца пад сітуацыю. Чым адрозніваецца літаратура ад белетрыстыкі? У літаратуры характары дыктуюць сітуацыю, а ў белетрыстыцы пад сітуацыю падбіраюцца характары. I серыял. Вы глядзелі?
— Так, і ён зроблены вельмі добрасумленна. У стваральнікаў атрымліваецца перадаць патрэбную атмасферу, настрой. На мой погляд.
— Гэта бясспрэчна. Але я паглядзеў апошні сезон: гэта ўсё ўжо было. Яны ходзяць па адным i тым жа. Ужо даўно было зразумела, што да чаго прыйшло i як трэба рабіць развязку, а яны ўсё працягваюць, працягваюць i працягваюць — чыстая камерцыя.
Калі б гэты свет застаўся на ўзроўні першай, другой кнігі, без паўтораў i расцяжэння, тады б «Песня лёду i полымя» існавала як Літаратура ў будучыні. А так застанецца кінафактам. Усё роўна пісьменнік — вельмі таленавіты чалавек. Гэта велізарная праца, якая ў мяне выклікае павагу.
— Мяне як чытача палохаюць велічэзныя паліцы адной i той жа серыі. Палохае аб'ём. Гэтыя цыклы чытаюцца па меры выхаду лёгка, а калі яны скончаны i манументальна стаяць у бібліятэцы або ў кнігарні, дакранацца да іх няма ніякага жадання. У большасці выпадкаў.
— Палохае не аб'ём. Аб'ём эпапеі «Вайна і мір» нікога не палохае. Аб'ём «Жана Крыстофа» нікога не палохае. Аб'ём «Ціхага Дона» нікога не палохае. А палохае тое, што ведаеш: там слабы тэкст, спачатку добры, а потым слабы. Можна і паўтарацца, але рабіць гэта з высокай якасцю. Толькі, як правіла, паўтор — гэта тое ж самае, толькі горш.
— I напрыканцы: ці складана быць пісьменнікам? Хоць вы ўжо, здаецца, i адказалі...
— Якія б ні былі веды, пісьменнік не можа нічога напісаць з таго, што ён сам не разумее і не адчувае ў сабе. Вось, як Дастаеўскі — ён разумее кожнага: ён і атэіст, і той, хто верыць. Калі б ён быў толькі вернікам, ён бы ніколі не напісаў гэтую кнігу, «Злачынства і пакаранне». Аён быўадначасова вернікам і атэістам, разумееце? Ён насяліў твор рознымі людзьмі. I кожны з іх — Дастаеўскі. Яго закваска. Калі гэтай закваскі няма, нічога не створыш.