Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 1 из 2



Валянцін МАСЛЮКОЎ: «КАЛІ ЗАКВАСКІ НЯМА, НІЧОГА НЕ СТВОРЫШ»

Дата нараджэння: 22 верасня 1949 года. Творы: «Нараджэнне чараўніцы», «Час паўночы», «Бег наперадзе сябе» («Зялёная жанчына»).

«Фантастычныя» месцы працы: часопіс «Парус».

Спецыяльна для тэматычнага нумара «М» Святлана Курганава пагутарыла з фантастам, журналістам, пісьменнікам Валянцінам Маслюковым.

Што вы лічыце пачаткам сваёй творчасці?

— Першую казку я надрапаў у сем гадоў. Спроба першай публікацыі — гэта аповесць пра праблемных падлеткаў «Дзіцячы сад», мой першы дэтэктыў. Я аддаў яго ў «Нёман» у канцы 1970-х гадоў, але яго не апублікавалі, хоць два разы з'яўляліся анонсы. Аказалася, што патрэбен быў водгук міліцыі. Міліцыі чамусьці не спадабалася — у рэдакцыі сказалі: «Ай, пішы іншую». Іншую напісаць! Я гэтую напісаў, высунуўшы язык. Мне тады здавалася, што нічога болыи не напішу. А яны — іншую напісаць!

А што чыталі ў той час? Што вас так зачапіла, што паўплывала на творчасць?

— Я пачаў чытаць не асабліва рана: толькі ў школе. У школьныя гады, я памятаю, мяне жудасна палохалі зборы твораў. Мне тады зда­валася, што нармальны чалавек, нармальнае дзіця гэта не можа чытаць. Чытаў казкі, прыгодніцкія кнігі. «Нашчадка з Калькуты» — у свой час нашумелая кніга — перачытаў разоў пяць. Бацька ўжо казаў: «Выкіну, калі ты возьмеш яе зноў чытаць». I мне заўсёды быў цікавы казачны свет — свет выдумкі, мары. Я перачытаў Жуля Верна, Аляксандра Бяляева. У свой час Толкіен зрабіў на мяне вельмі моцнае ўражанне сваёй інтанацыяй, сваім светаадчуваннем — зачараваным, рамантызаваным. Вось гэта нешта глыбокае аўтарскае, чаго не хапае велізарнай колькасці паслядоўнікаў. Толкіен пісаў — і гэтым ён выказваў сябе. Менавіта гэта тады мяне вельмі ўзрушыла.

Я вучыўся на факультэце журналістыкі МДУ. I ў студэнцкія гады ў нас была такая праграма па рускай і замежнай літаратуры, што прачытаць і тое, і іншае — павесіцца. Я захапляюся дачкой, якая перачытала такія кнігі, якія я не змог адолець.

Раскажыце, як вы «звязаліся» з фантастыкай?

— Справа ў тым, што я спачатку працаваў у «Знамени юности» пасля размеркавання, а потым мяне пераманіў бюлетэнь «Рабочая смена» — маленькае выданне, пасля газеты з тыражом у 750 ты­сяч асобнікаў. Я змяніў месца працы, таму што ўжо разлічваў: мне патрэбен час, каб пісаць кнігі, а там было болыи вольна. Я туды прыйшоў у 1979 годзе, а праз 5 гадоў гэты бюлетэнь быў зроблены Усесаюзным маладзёжным часопісам «Рабочая смена», пазней перайменаваны ў часопіс «Парус», які стаў выходзіць мільённым тыражом.

У «Парусе» былі створаны фантастычныя тэматычныя нумары. Як з'явілася гэтая традыцыя?

— Спачатку з'явіліся апавяданні пра ПТВэшнікаў, потым з'явіліся фантастычныя апавяданні. Тады ў Мінску быў клуб фантастаў. Чалавек 15—20 збіраліся ў БДУ раз на тыдзень у фізічнай лабараторыі. Навуковыя работнікі тады любілі фантастыку: чыталі і самі яе пісалі. I калі мы былі яшчэ бюлетэнем, было прынята рашэнне, што мы будзем выпускаць раз на год нумар, прысвечаны фантастыцы. Тэматычныя нумары — гэта мая ідэя. I мы апублікавалі практычна ўсіх беларускіх фантастаў, якія на той час былі. Нашы аўтары: Сяргей Булыга, Сяргей Трусаў, Дрозд і Зяленскі, якія пісалі сумесна.

Менавіта ў нас пачалі друкавацца вядомыя Брайдэр і Чадовіч. Спачатку іх запрасілі пісаць фантастычную серыю апавяданняў пра ПТВэшнікаў. А потым яны апублікавалі сваё першае нашумелае апавяданне «Тэлепатычная стрэльба».

А як вы можаце ахарактарызаваць стан фантастычнай літаратуры сёння?

— Справа ў тым, што ў сучаснай рускай і беларускай літаратуры не існуе агульнага інтарэсу і ўзаемных зносін. Агульная культурная прастора ўяўляе сабой не адзінае цэлае, а нешта мазаічнае. Калі ты свой у адной маленькай групе, то ты там геній, калі чужы, то... I гэта ўсё вельмі кепска. Але гэта сучасны стан грамадства.



А што можна сказаць датычна сучаснай беларускай фантастыкі?

— Я баюся, што апошнія раманы не назаву. Я цяпер нічога не чытаю, акрамя таго, што трэба па рабоце, проста таму што няма часу. Напэўна, вы ведаеце, што ў нас самы вядомы аўтар — Вольга Грамыка. Калісьці я нейкія кнігі яе чытаў. I я адзначу, што ў адмысловым захапленні ад рамана Сяргея Булыгі «Чужая карона». Лічу, што гэта майстэрская рэч, годны твор — маляўнічы, вобразны, яркі. Шкада, што яго ў нас не ведаюць.

Калі ён настолькі добры, чаму яго ў нас не ведаюць?

— 3 адной прычыны: ён апублікаваны ў Маскве на рускай мове. Калі б твор з'явіўся на бела­рускай, адразу б стаў класікай. Адназначна, таму што іншых такіх рэчаў проста няма. У Расіі кніга даўно разышлася i мела там рэзананс, наколькі я ведаю. Але я гляджу аптымістычна: раз гэтая рэч існуе — то яна ўжо нікуды не дзенецца.

Хацелася пагаварыць i пра вашу творчасць. Самы вядомы твор — «Нараджэнне чараўніцы». Раскажыце, як пачалі работу над ім?

— Быццам наогул выпадкова. Я скончыў гістарычны раман, які мне вельмі цяжка даўся, напісаў раман «Таямніцы перапіскі». А потым я вырашыў, што добра было б адпачыць, напісаць што-небудзь лёгкае.

Вырашыў, што напішу невялікую казку: у кнізе не павінна быць больш чым дзвесце старонак.

Але калі я стаў складаць сюжэт, то зразумеў, што нічога не атрымліваецца: усё здавалася занадта банальным. Увогуле, пачаў пісаць з прыблізным планам. I аказалася, я вельмі моцна пракалоўся, таму што калі ты пішаш, і ў цябе няма дакладнага сюжэта, то цябе развозіць.

Напісаў першыя восем старонак, а потым — раз і ўсё: далей тэкст не ідзе. Такі балючы стан. Я адчуў, што ўсё гэта банальна, дрэнна. I я вярнуўся да пачатку — усё перарабіў. У мяне зусім памяняўся Юлій, характар быццам перавярнуўся на 180 градусаў.

Як першыя два гады я пісаў — успомніць страшна, паўтарыць немагчыма. Увесь гэты час я пісаў у суцэльным адчаі, з поўным прадчуваннем правалу, з думкай, што гэта нікуды не падыходзіць, нічога не атрымаецца, нікому не трэба. Пісаў толькі на пачуцці адказнасці: узяўся — трэба давесці да канца. А калі я ўжо пераваліў праз сярэдзіну і ўбачыў, што атрымліваецца, то ўсё пайшло хутчэй, весялей. Ужо не было таго адчування духаты, калі не ведаеш, да чаго ты прыйдзеш.

Першая частка дастаткова моцна вылучаецца. Як вы можаце гэта пракаментаваць?

— Першая кніга — гэта наогул толькі экспазіцыя. Яна адрозніваецца па інтанацыі ад наступных, больш размераная, больш плаўная, больш настраёвая. У гэтым i задача літаратуры — яна павінна ствараць нейкае светаадчуванне, каб ты існаваў у ім, каб ты ў гэта верыў, каб ты гэтым жыў. Пісьменнік без чытача на самай справе не існуе. Любы пісьменнік можа адбыцца толькі ў чытача, кожны чытач адначасова яшчэ і суаўтар. А пісьменнік яшчэ i чытач, таму што калі працуе над тэкстам, то глядзіць на яго і чытацкімі вачамі. У вынікуўсё так мудра гел i ста змешваецца...

На форзацы кнігі «Нараджэнню чараўніцы» ёсць карта. Як i навошта вы яе распрацоўвалі?

— Мне патрэбна была карта, каб зразумець, хто куды пайшоў, дзе хто знаходзіцца і іншае. Кар­та, якую я аддаў мастаку, адрозніваецца ад той, што выйшла ў выніку на форзацы кнігі, таму што ў мяне была больш падрабязная, рабочая версія. Ілюстратар зрабіў абагульненую і мастацкую. I так, я ёю карыстаўся ў працэсе. А як інакш? Трэба ведаць, дзе поўнач, дзе поўдзень. Як толькі ты пачынаеш дапускаць нейкія адвольнасці, усе гэта адразу заўважаюць.