Страница 9 из 22
— Ваш Сцяпан у горадзе ж ужо даўно, — сказаў сабе пад нос сакратар, выцягнуўшы з-пад скобкі і разглядаючы ўлікова-паслужную картку.
— Ну і што?
— А тут указана, у Сасноўцы.
— Алоўкам указана. Для таго ж і пішацца алоўкам, каб можна было выцерці і паправіць.
— Дык трэба выцерці і паправіць...
Сакратар адсунуў дакументы, пстрыкнуў ключыкам шуфляды, дастаў адтуль яшчэ адзін, маленькі ключык, сагнуўшыся, недзе ў глыбіні шуфляды адамкнуў яшчэ нейкую патаемную шуфлядку, выцягнуў з яе ўжо вялікі двухзубцавы ключ; не ўстаючы з месца, нібы выпадкова павярнуўшыся так, каб засланіць сабою дзверцы, адамкнуў і трошкі, на адну шчылінку, прачыніў дзверцы сейфа. Сабе на стол кінуў тоўстую кнігу з надпісам «Сасноўка», Васкевічу падаў бланкі:
— Запаўняйце.
Хутчэй Антон выйшаў з гэтага цеснага, душнага катуха, прысеўшы за «більярдныя» сталы, расклаў перад сабою, нібы ігрок карты, бланкі. У гэты момант шчоўкнулі ручкай другія дзверы, старшынёўскія, і паказаўся малады хлопец з чорным чубам, без пінжака, у светленькай кашулі з закасанымі да локцяў рукавамі — як у тых, што недзе ў кабінетах, закасаўшы рукавы, плануюць далейшы Васкевічаў лёс... Тут у кабінеце зазваніў тэлефон, і хлопец, не паспеўшы нічога сказаць, крутануўся назад.
— Старшыня слухае! Алё! Старшыня з вамі і гаворыць! — пачулася з кабінета бадзёрая добрая беларуская мова.
Васкевіч сядзеў, як заварожаны, слухаў і не верыў сваім вушам. Чаго ён ніяк не чакаў пачуць у сваіх мясцінах, а тым больш у такой установе, дык гэта чыстай мовы... Старшыня пагаварыў і выйшаў зноў у прыёмную:
— А хто вы, прабачце? Васкевіч назваўся.
— Дык я ж з тваім Сцяпанам у адным класе вучыўся! — узрадваўся малады старшыня, паціскаючы Васкевіча за плячо. Рука ў яго была досыць цвёрдая. — І матку добра ведаю! Ты ж у Мінску вучышся? Ты курыш? Хадзем, зайдзі да мяне, пакуль час ёсць...
Васкевіч, не паспеўшы адказаць ні на адно пытанне, сабраў бланкі, дакументы і пайшоў за ім. У кабінеце — прасторным, светлым, з дыванком ад парога да паліраванага, літарай «Т» стала, над якім, узяты ў прыгожую рамку, вісеў каляровы партрэт Леніна — старшыня падвёў яго да скуранога крэсла-круцёлкі, што стаяла ў кутку каля акна і служыла, відаць, асабліва важным гасцям, зноў-такі даволі моцна ўзяўшы за плячо, пасадзіў, сам падбег да стала, прынёс пачак харошых цыгарэт і попелку, на выгляд крышталёвую... Васкевіч падзякаваў і дастаў свае, а попелку, пашукаўшы вакол вачыма, паставіў сабе на калена.
— Дык ты прапісваешся? Што, заваліў экзамены? — падміргнуў старшыня, чыркаючы запальнічкай. — Акадэмічны ўзяў?
Васкевіч кіўнуў — раз хочаш, думай, што акадэмічны. Хоць ён і не дужа свабодна пачуваўся ад гэтага панібрацтва, асабліва ад «тыкання», тым не менш Лобан яму падабаўся — ды тут за адну мову можна было дараваць, што хочаш!..
Жыўчык-старшыня, вядома, пасядзець не мог, падскочыў, адчыніў фортку, зноў прабег да стала, апрануў пінжак, які вісеў на спінцы крэсла, струсіў попел з цыгарэты ў сметніцу за крэслам, вярнуўся і пакарыстаўся попелкаю на Васкевічавым калене.
— У цябе працоўная кніжка з сабою? — спытаў ён раптам.
— З сабою.
— А чаго ты яе ўзяў?
— Ну... так, проста.
— Пакажы...
Васкевіч падаў. Лобан, быццам напярод усё ведаў, разгарнуў яе якраз на месцы апошняга запісу — «отчислен за неоднократное нарушение...»; але, прачытаўшы, нават не глянуў на Васкевіча, задумліва паляпаў кніжкаю па далоні.
— Слухай, у нас ёсць для цябе праца... Бібліятэкарам. У Двароўцы ўжо тры месяцы бібліятэка зачынена. Пойдзеш? — і, не даючы Васкевічу слова сказаць, думаючы, відаць, што той пачне зараз аднеквацца, стаў пераконваць: — Ездзіць можна аўтобусам, ды і прайсці там колькі, работа лёгкая — сядзі сабе, кніжкі чытай!.. Да экзаменаў падрыхтуешся, праз год спакойна здасі і паедзеш назад у Мінск... Ну?
Васкевіч між тым і не думаў аднеквацца. Для яго гэта была б проста нягаданая, раптоўная ўдача, калі б... Ён зірнуў старшыні ў вочы — сказаць ці не? Вырашыў сказаць: і каб перастрахавацца, і каб потым, калі што якое (прыедуць яго арыштоўваць), не падстаўляць Лобана. А галоўнае, яму раптам захацелася паказаць старшыні, што ён, Васкевіч, трохі не тое, што пра яго можна падумаць.
— Вы чыталі запіс? — спытаў ён.
— Ну і што? Я і так усё ведаў, — старшыня зноў падміргнуў яму. — Мне наш Лізун, — кінуў ён на катух, — яшчэ на тым тыдні казаў, што Васкевічавага хлопца, з Сасноўкі, выгналі за гэтае дзела (ён паказаў, як куляюць чарку)... Ды ты не перажывай! Праз год назад прымуць.
— Я не перажываю, проста...
— У нас, калі я вучыўся, таксама хлопцаў выганялі, потым зноў прымалі. Ты колькі правучыўся? Два гады? Плюс падрыхтоўчыя курсы год, так? — тры. А цяпер падлічы, колькі на цябе грошай убухалі. Каму будзе выгадна, каб ты не давучыўся? Дзяржава не такая дурная...
— Мяне выгналі ні за якае не за «гэтае дзела», — цвёрда сказаў Васкевіч, трохі любуючыся сабою ў гэты момант, — а за нацыяналізм.
Лобан зірнуў на яго — ён так і стаяў перад Васкевічам, чуць сагнуўшыся, пакурваў — і так зарагатаў, што аж у пустой прыёмнай у прыадчыненыя дзверы адбілася.
— Хто ж цяпер за гэтае выганяе?! Цяпер абы ты толькі гаварыў! Я ж гавару — і што? І паперы вяду, магу паказаць... Канечне, многія крывяцца, але нічога — перажывуць! — і такая ўпэўненасць была ў яго словах, такі, знаёмы ўжо Васкевічу, імпэт правінцыйнага падзвіжніка — змагара «за ідэю», што Антон нічога не захацеў расказваць, падумаў толькі: «Што ж, раз не верыш, тым горш можа бьщь для цябе ж».
— Я чаму і ўзрадаваўся, калі пачуў, што ты ў сакратара па-беларуску балэкаеш, і адразу сказаў сабе — гэта свой чалавек! — Лобан прытушыў недакурак, зірнуў на гадзіннік. — Карацей, ты згодзен. Давай, па-быстраму прапісвайся, зараз, у дзесяць, будзе аўтобус на горад — тым больш усе дакументы пры табе, — паедзеш у цэнтральную раённую бібліятэку...
— Пачакайце, ды я паняцця не маю, што і як! Вам жа пасля сорамна будзе...
— Не трэба тут вялікай навукі. Тут да цябе такія працавалі, што фармуляра не маглі запоўніць. Значыць, раённую бібліятэку ведаеш?
Васкевіч не ведаў. Старшыня, радуючыся, што хоць нейкае выйсце знаходзіць яго бурлівая энергія, схапіў са стала лісток, падрабязна накрэсліў, як знайсці, дзе перайсці вуліцу, стрэлкамі паказаў, як заходзіць у будынак бібліятэкі, куды павярнуць на калідоры, дзе кабінет дырэктаркі, якую завуць Валянціна Мікалаеўна... Там Васкевічу трэба будзе сказаць, што ён ад Лобана, напісаць заяву, і там яму ўсё раскажуць і пакажуць.
Ужо збіраючыся выходзіць, Васкевіч успомніў і спытаў, прыцішыўшы голас:
— Што за імя па-беларуску на О?
— А, Осіпавіч? Дык у яго так і ў метрыках, і ў пашпарце запісана. Потым, ён нам са слоўнікам даказаў, што імёны і прозвішчы не паводле правілаў пішуцца, а так, як вымаўляюцца. Хітры, разумны дзядзька! Сказаў, не збіраюся быць ні Восіпавічам, ні Ёсіпавічам, ні Язэпавічам...
«А сапраўды, — падумаў здзіўлены Васкевіч, якому хацелася казырнуць перад Лобанам сваёй назіральнасцю і заадно злавіць несімпатычнага яму сакратара на непісьменнасці. — Не пішам жа Ёфэ, або Іёныч, хоць па правілах павінны былі б...»
Не паспеў Васкевіч, прапісаўшыся, выйсці з сельсавета, як у кабінет старшыні ціха ўсунуўся сакратар, стаў у парозе, з дакорам ківаючы сівай галавою:
— Не баіцеся вы, Васільевіч... Як можна яго браць?
— А што? Ён разумны хлопец, — старшыня яўна цешыўся сваёй уладай, маладосцю, жвавасцю. — Чаго баяцца? Што кніжкі прап'е?
— Хоць бы і так. Фонд там багаты, харошы...
— А вы хіба не п'яце, Осіпавіч? — спытаў старшыня, добра ведаючы, які будзе адказ. — Калі-нікалі?
Лізун уздыхнуў і паварушыў пальцамі адзінай рукі, бьщцам адкідваў костачкі на лічыльніках.
— Дзевяць гадоў, тры месяцы і дзевятнаццаць дзён ні кроплі, — адказаў ён.
— А хочацца? — дапытваўся старшыня, ужо ў адкрытую смеючыся.
Сакратар толькі прыцмокнуў і, як і належыць старому безадказнаму служаку (ён быў на пенсіі і баяўся скарачэння), таксама ўсміхнуўся на начальніцкі смех; а сам, відаць, падумаў: «Я ж цябе, смаркача, без штаноў помню — помню, як ты яблычкі ў мяне латашыў... Радуйся, што мінуў тады маёй рукі!..»